ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Кашмар журналіста: “Пакажыце мне інтэрв’ю перад друкам”

Ремесло

Рэдка які трэнінг абыходзіцца без, здавалася б, наіўнага пытання каго-небудзь з маладых калег: а ці мушу я паказваць інтэрв’ю суразмоўцу?

Па ходу нярэдка згадваецца жахлівая асабістая гісторыя хаджэння па пакутах у связку з такім узгадненнем.

Журналісты ціха ненавідзяць зануд, што пачынаюць пад лупай вывучаць кожны радок, тыднямі трымаць тэкст на візаванні, а то і перапісваць, каб было “прыгажэй”.

 

Як абысці юрыдычныя пасткі?

Насамрэч пытанне аб узгадненні (візаванні) інтэрв’ю зусім не дзіцячае. З прававога гледзішча яно вельмі складанае, зазначыў у каментары для Mediakritika.by юрыст, намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец: “У законе аб СМІ наўпрост на гэты конт нічога не гаворыцца, але тут можа працаваць закон аб аўтарскім праве і сумежных правах”.

Сапраўды, у другім законе замацавана паняцце суаўтарства ў выпадках, калі твор ёсць вынікам “супольнай творчай працы” двух ці некалькіх асоб.

Такая фармулёўка пакідае вялікі люфт для трактоўкі. Нехта, адказаўшы на журналісцкія пытанні (тым болей пісьмова), можа заявіць: дык гэта ж наш супольны твор, таму без маёй згоды не друкаваць! А мо дадасць, што і ганарар не грэх падзяліць. І круціся тады як хочаш. Бо ў выпадку судовага разбору такі букваед, бадай, мае шанец выйграць.

Іншая рэч, што да такога практычна не даходзіць, бо тыя, з кім мае справу ў падобных выпадках медыйны працаўнік, — народ збольшага адэкватны. “У звычайных, так бы мовіць, выпадках аўтарам інтэрв’ю лічыцца журналіст”, — канстатуе Бастунец.

Але пра падступныя моманты заканадаўства, ускосна звязанага з падрыхтоўкай інтэрв’ю, варта, ва ўсякім разе, добра памятаць, каб не трапіць як шчупак у нерат.

Найлепшы жа метад тут — выбудоўваць давяральныя дачыненні з суразмоўцамі. Не ўсё вымяраецца юрыдычнымі катэгорыямі, шмат што вызначаецца этыкай, прафесіяналізмам.

 

Каб не разбэсціць суразмоўцу

Такім чынам, журналістыка — жывое мастацтва, у тым ліку і мастацтва кантактаў. Калі ты ўмееш знайсці падыход, выклікаць давер, карэктна падаеш словы суразмоўцаў, не “падстаўляеш” іх, то можаш з вялікай доляй упэўненасці разлічваць, што і яны не стануць гарадзіць апрыёрныя ўмовы, закочваць скандалы, псаваць табе кроў.

На думку Андрэя Бастунца, узгадняць інтэрв’ю варта толькі тады, калі аўтар не ўпэўнены, што дакладна адлюстраваў сэнс выказванняў суразмоўцы. “Ну і, вядома, у тых выпадках, калі журналіст паабяцаў паказаць”, — дадае эксперт.

А што рабіць, калі суразмоўца сам просіць паказаць тэкст? Закона, які б наўпрост абавязваў журналіста даваць інтэрв’ю на ўзгадненне, у нас няма. Так што праблема, на мой погляд, знаходзіцца на скрыжаванні пытанняў этыкі, псіхалогіі дачыненняў журналіста з суразмоўцамі, рэдакцыйнай палітыкі.

Калі вы пакажаце тэкст, каб не ствараць напружання ў дачыненнях, то нічога страшнага ў гэтым, натуральна, не будзе. Але вы рызыкуеце разбэсціць суразмоўцу. Наступным разам ён, магчыма, стане ужо не прасіць, а патрабаваць.

Яшчэ горай, калі такі персанаж акажацца перфекцыяністам і ўсталюе завядзёнку пастфактум “паляпшаць” свае выказванні з гледзішча асабістага густу. Капец рэдакцыйнаму графіку, мільёнам вашых нервовых клетак. Так што ўзважвайце!

Адназначна ж, падкрэслівае Бастунец, журналіст не мусіць узгадняць інтэрв’ю, калі гэта забаронена статутам рэдакцыі, іншымі падобнымі карпаратыўнымі дакументамі.

Адмовіўшы ва ўзгадненні інтэрв’ю, вы, вядома ж, рызыкуеце з некім пасварыцца. Але раю ставіцца да гэтага па-філасофску: датрыманне любога прынцыпу цягне за сабой пэўныя выдаткі.

Урэшце, няма ліха без дабра: калі нейкі капрызны фрукт перастане даваць вам каментары, то адным галаўным болем меней.

 

Браць жыўцом

Звычайна рэдакцыі даюць на візу тэксты ў асабліва адказных выпадках, калі згадзіўся на гутарку дзяржаўны дзеяч ці, напрыклад, кіраўнік дыпламатычнай місіі. Тут адна недакладная фармулёўка (памылка перакладу, скажам) можа спарадзіць міжнародны канфлікт.

Іншым разам пытанні могуць запатрабаваць у пісьмовым выглядзе і пісьмова ж даць адказы. З аднаго боку, гэта спрашчае жыццё журналісту, з іншага — матэрыял, як правіла, атрымліваецца безнадзейна засушаным, мёртвым.

У БелаПАНе, напрыклад, у падобных выпадках ужываюць камбінаваны падыход: пісьмовыя адказы дапушчальныя як нейкая балванка будучага матэрыялу, але разам з тым карэспандэнт бярэ тую важную персону і жыўцом, ладзіць дыялог вочы ў вочы. Гэта дапамагае насыціць тэкст яскравымі момантамі, зламаць схему банальнай самасправаздачы міністра ці амбасадара, калі хочаце — справакаваць візаві на нестандартныя, вострыя выказванні.

Увогуле ж, паводле маіх назіранняў, беларускія рэдакцыі часцей, чым заходнія, страхуюцца, аддаючы інтэрв’ю на візаванне. Тут, бадай, адбіваецца спецыфіка палітычнай сістэмы: каб не патрапіць пад раздачу.

Шэраг аўтарытэтных замежных выданняў прынцыпова не ўзгадняюць інтэрв’ю (пару гадоў таму цвёрда вырашылі трымацца такога прынцыпу ў “Нью-Йорк таймс”).

За кошт гэтага трымаецца марка, падкрэсліваецца незалежнасць і, у рэшце рэшт, павышаецца аператыўнасць. Не згодны — калі ласка, судзіся, але нас голымі рукамі не возьмеш!

 

Быць трошкі псіхолагам

Паводле змаўчання тут вядзецца пра жанр класічнага інтэрв’ю: урэзка, пытанні, адказы. Палітычны аглядальнік тыднёвіка “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі ў каментары для Mediakritika.by сказаў, што разглядае такія інтэрв’ю “як жанр, у якім два аўтары”, і таму звычайна іх узгадняе.

Але ж часта журналіст выкарыстоўвае мікраінтэрв’ю толькі як элементы нейкага свайго матэрыялу. Напрыклад, эксперт выказвае сціслае меркаванне па праблеме, якую вы аналізуеце ў сваім артыкуле.

Менавіта так у гэтым маім артыкуле скарыстаны меркаванні Андрэя Бастунца, Паўлюка Быкоўскага. Фактычна я таксама зладзіў з імі інтэрв’ю. Трэба мець на ўвазе, што гэтым тэрмінам абазначаецца не толькі жанр, але і метад збору інфармацыі.

У выніку пасля гутаркі ў ваш тэкст можа увайсці толькі некалькі фраз ці нават некалькі слоў суразмоўцы. Ці трэба іх узгадняць?

Быкоўскі кажа, што ў такіх выпадках прымае рашэнне, зважаючы на некалькі акалічнасцяў. У прыватнасці, паказвае адпаведны фрагмент тэксту, калі эксперт пра гэта папросіць. А таксама, кажа журналіст, “калі не разумею нейкую спецыфіку”.

Карацей кажучы, тут можна лічыць актуальнымі, бадай, усе тыя самыя парады, што тычацца праблемы візавання класічнага поўнафарматнага інтэрв’ю.

Я таксама ўзгадняю мікракаментары ў тых выпадках, калі маю сумнеў, што адэкватна падаю сэнс меркаванняў суразмоўцы.

Не выпадкова тут вядзецца менавіта пра сэнс, а не стопрацэнтнае цытаванне. Яно можа заняць зашмат месца і аказацца расплывістым (сцісла фармуляваць думкі экспромтам цяжка нават эксперту).

Ніхто не забараняе журналісту даваць каментар у пераказе. Гэта дапамагае трымаць фармат. Іншая рэч, што пераказ вымагае дадатковага напружання вашых мазгавых звілін і павышае вашу адказнасць: трэба сфармуляваць прасцей, карацей і разам з тым не сказіць.

Такія дасведчаныя калегі, як Генадзь Кеснер, раяць спалучаць цытаванне з пераказам. Я таксама найчасцей выкарыстоўваю гэты камбінаваны варыянт.

Такім чынам, праблема, ці варта паказваць суразмоўцу тэкст інтэрв’ю, хоць і няпростая, але не ёсць нейкім праклёнам для журналіста. Вядома, калі ён працуе акуратна, прафесійна і ўмее быць трошкі псіхолагам.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: