ОБ АВТОРЕ

Постоянный корреспондент Mediakritika.by.

Журналист-фрилансер. SMM'щик.

Экс-редактор ныне замороженного проекта 'Belarusian News Photos'.

В 2014 году окончил Институт журналистики БГУ.

Член БАЖ

Вы здесь

«Трэба імкнуцца зрабіць сваю працу разнастайней і весялей»

Интервью

Мediakritika.by працягвае публікацыю серыі інтэрв'ю з прызёрамі конкурса Belarus Press Photo'14.

Мілана Харытонава — фотажурналіст-фрылансер з Брэста. Сёлета яе серыя здымкаў з Міжнароднага турніру сярод юніёраў па скачках у ваду «Brest Open» заняла трэцяе месца ў катэгорыі «Спорт».

- Мілана, распавядзі, калі ласка, што гэта былі за спаборніцтвы?

- Гэта быў міжнародны турнір па скачках у ваду. Да нас прыехалі дзеці з усёй Беларусі, а таксама Германіі і Расіі — больш за 60 чалавек. У нас такога ўзроўню турнір увогуле праводзіўся ўпершыню, бо такі від спорту як скачкі ў ваду ў Берасці толькі развіваецца. Да нядаўняга часу не было нават адмысловага басейна.

- Ці цяжка было акрэдытавацца?

- Акрэдытавацца на спаборніцтвы было не цяжка. Увогуле мясцовы палац водных відаў спорту адкрыты для журналістаў. Звычайна ніякай адмысловай акрэдытацыі не праводзіцца і асвятляць спаборніцтвы і па плаванні, і па скачках прыходзяць калегі з незалежных СМІ. Я ж здымала гэты турнір для БелаПАН і з арганізатарамі спаборніцтваў была знаёмая, бо здымала да гэтага мясцовыя дзіцячыя спаборніцтвы па скачках у ваду за "Кубак Карлсана" і "Кубак Віняпыха".

- Шмат тваіх здымкаў былі зроблены з вышкі, адкуль скокалі маладыя людзі. У басейне магла трапіць куды заўгодна?

- Я лёгка дамовілася, каб здымаць з вышкі. Адзінае што мяне папрасілі не падыходзіць надта блізка да дзетак самых малодшых узростаў, каб яны не перахваляваліся. Бо шмат для каго з іх гэта былі першыя спаборніцтвы такога ўзроўню.

 

ПРА ЗДЫМКІ З-ПАД ВАДЫ

«Літаральна за тыдзень да турніру «Brest Open» я здымала спаборніцтвы за "Кубак Віняпыха" і вырашыла паспрабаваць нешта новае – здымкі з-пад вады.  Гэта было не патрабаванне рэдакцыі, а маёй ініцыятывай. Я лічу, што пастаянна трэба імкнуцца зрабіць сваю працу лепей, разнастайней і весялей. А весела на гэтых здымках было ўсім: і мне, і суддзям спаборніцтваў, што можа ўпершыню назіралі такога крэйзі-рэпарцёра, і малым было весела. Яны пад час перапынкаў цікавіліся працэсам маёй працы і вынікамі.

Людзі, якія потым бачылі гэтыя здымкі, пыталіся: я была сама пад вадой ці ў басейне ёсць адмыловае акенца куды могуць залезць фотажурналісты? Насамрэч усё было вельмі банальна: я на каленках на ўскрайку басейна стаю ў не самым прыстойным выглядзе, рукі ў басейне амаль па плечы ў вадзе і там, пад вадой, я трымаю здымач і навобмацак здымаю. На размінцы паглядзела, куды звычайна лятуць спартоўцы, выставіла фокус уручную. А потым біла серыямі, бо ад некаторых удзельнікаў пад вадой столькі бурбалак, што і саміх спартоўцаў ужо не відаць.

Рашэнне здымаць з-пад вады было спантанным, калі я за два дні да падзеі проста зразумела, што здымаю нешта ўсё адное і тое ж. І шукаць недзе прафесійны бокс для падводных здымкаў ужо проста не было часу. У тутэйшых маіх калегаў такіх прыладаў няма. Таму давялося рызыкнуць і зрабіць падводны фотабокс самастойна. У ЖЧ я нават падрябязна распісала,  як гэта было зроблена.

Але не раю нікому паўтараць такія эксперыменты, бо, хоць здымач у маім прыстасаванні быў сухі, ў сярэдзіне збіраўся кандэнсат – у самім басейне вільготнасць шалёная. Карацей, пасля шэрагу такіх рэпартажаў «накрыўся» мой здымач. Давялося адправіць яго ў Менск, дзе той рамантавалі ледзь не год, бо дзве платы мянялі, а частку аднаўлялі.

Вядома, калі працуеш на СМІ, надвор'е выбіраць не можаш. Трапляла гэтая камера і пад дождж, і  снег, і з марозу ў памяшканне... Рознае было, але той басейн стаў апошняй кропляй.

- У Belarus Press Photo'14 заняла прызавое месца гэтая серыя ў чорна-белым варыянце. Ці ад пачатку так здымала?

- Здымала рэпартаж у колеры. Усё ж такі асноўная задача ў мяне была – зрабіць здымкі для БелаПАН, туды патрэбныя каляровыя фатаграфіі. А калі дасылала на конкурс перавяла ў ЧБ. Мне ўвогуле падабаецца спорт у ЧБ, калі разглядзець сутнасць не замінае рознакаляровая вопратка. Нават у сябе ў ФБ я выкладала некаторыя здымкі водных відаў спорту (з іншых спаборніцтваў) таксама ў ЧБ варыянце.

Фоты Міланы Харытонавай

 

Гл. таксама:

«Неужели так до сих пор живут люди?!»

 «Парализованная девушка при мне начала двигаться» 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: