ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Прыслепіліся да інтэрв’ю як п’яны да плота

Мой папярэдні артыкул — “Кашмар журналіста: “Пакажыце мне інтэрв’ю перад друкам” — справакаваў дыскусію на самой Mediakritika.by і ў фэйсбуку.

І калі я, у прыватнасці, пакпіў з зануд, што вывучаюць пад лупай кожны радок аддадзенага на ўзгадненне тэксту, то маю ўвагу звярнулі на іншы бок медаля: без кантролю журналіст можа так нахамутаць, так перакруціць словы суразмоўцы (не зразумеўшы ці “дзеля прыгажосці”), што таму застанецца толькі праваліцца ад сораму пад зямлю.

Мушу згадзіцца: такая праблема ёсць. Таму і практыка візавання класічных, назавем іх так, інтэрв’ю, у нас даволі пашыраная.

Але ёсць і яшчэ адзін аспект тэмы. Ці не злоўжываюць у прынцыпе нашы медыі і журналісты гэтым жанрам класічнага інтэрв’ю?

Маё перакананне: не проста перагінаюць. Некаторыя прыслепіліся да гэтага жанру як п’яны да плота. І, адпаведна, скоўваюць сябе, бо візаванне адымае час, а іншым разам і псуе жывую аснову гутаркі, засушвае яе.

Ды і ўвогуле інтэрв’ю — зусім не ідэальны спосаб раскрыць складаную, супярэчлівую тэму. Ужо таму, што гэта погляд аднаго чалавека, хай сабе і разумнага.

 

Хай эксперт думае, у яго галава вялікая

Дарэчы, у заходніх медыях, напрыклад амерыканскіх, публікацыі па схеме “пытанні — адказы” сустракаюцца значна радзей. Там болей пашыраная практыка, калі журналіст скарыстоўвае лапідарны пераказ слоў нейкага ньюсмейкера ці каментатара, умантаваны ў аўтарскі тэкст (рэпартаж, артыкул).

Іначай кажучы, з гутаркі бярэцца толькі квінтэсэнцыя, тое, што сапраўды працуе на тэму.

Усё проста, за выключэннем таго, што трэба ж яшчэ напісаць гэты паўнавартасны рэпартаж ці артыкул. А дзеля гэтага трэба самому ўгрызціся ў тэму, раскласці яе па палічках. Часта трэба адарваць мяккае месца ад офіснага крэсла ды пабываць на месцы падзеі. Перагутарыць сам-насам нават не з адным, а з шэрагам людзей (чые словы мо і ўвогуле не ўвойдуць у матэрыял, але дапамогуць аўтару падсекчы фішку).

Але ж уключаць мазгі, некуды перціся — улом, таму стаўка робіцца на тое, што тэму выцягне, паднясе на талерачцы эксперт, якога дастаткова зацугляць праз мабільнік ці скайп.

 

Дыктафон бярэ ў палон

Звыш таго, нашы журналісты капітальна падселі на дыктафон.

Добра памятаю, як гэты цуд тэхнічнага прагрэсу ўварваўся ў айчынную прафесійную практыку на мяжы 90-х.

Пасля эпохі нататнікаў, якія ліхаманкава запаўняліся крамзолямі (я сам сапсаваў такім чынам каліграфічны ў школьныя часы почырк), маленькая скрыначка, што бездакорна фіксуе словы суразмоўцы, здалася панацэяй. Націснуў кнопачку — і, лічы, інтэрв’ю (дакладней, ганарар за яго) у цябе ў кішэні.

У выніку набрала моц цэлая плынь журналістыкі, якую я называю дыктафоннай. Гэта калі на паласу ці сайт вывальваецца бясконцы нудны матэрыял-кішка, у якім сутнасць праблемы размытая шматслоўем, перапевамі на розны лад адной і той жа думкі, а нярэдка і зацікаўленасцю суразмоўцы затушаваць нявыгадныя для яго моманты ці банальна прапіярыцца.

У кожным разе проста зняты з дыктафона тэкст — гэта яшчэ не інтэрв’ю, а толькі сыравіна.

Нават калі пытанні дасціпныя, у дзясятку (што бывае далёка не заўсёды), вы не знойдзеце чалавека, які б гаварыў бездакорнымі літаратурна пабудаванымі фразамі — без агаворак, паўтораў, недакладных выразаў. Ды і ўвогуле ў вуснай мовы — свае законы, свая стылістыка (рваны рытм, інверсіі, пропускі, якія кампенсуюцца невербальнымі сродкамі камунікацыі, і г.д.)

Карацей, даслоўны тэкст амаль што заўсёды даводзіцца чысціць. І вось тут узнікае поле для супярэчнасцяў. У журналіста свой густ, у яго суразмоўцы — свой. Тое, што першаму здаецца пазбаўленнем ад баласту, паляпшэннем стылю, другі можа расцаніць як выразанне прынцыповых момантаў ды скажэнне.

 

Дзе мяжа між праўкай і гламурам?

Увогуле дазволю сабе правакатыўную думку: паколькі праца над класічным інтэрв’ю ў большасці выпадкаў улучае ў сябе нейкае літаратурнае прычэсванне арыгінальных выказванняў, то дэ-факта мае месца пэўны гвалт над дакументальнасцю, калі хочаце — момант фальсіфікацыі першаасновы.

У выніку паўстае няпростая калізія: дзе мяжа паміж дапушчальнай праўкай ды лакаваннем, гламурнай белетрызацыяй?

Мяне торгаюць не толькі сырыя, але і занадта гладкія інтэрв’ю. Ну не веру, не веру, што такімі да агіды правільнымі фразамі можа барабаніць нармальны жывы чалавек!

Такія тэксты выклікаюць асацыяцыю з адфоташопленымі гламурнымі партрэтамі палітыкаў ці музычных зорак — без адзінай зморшчынкі, з белымі як снег зубамі.

І яшчэ: наколькі капрызным у сэнсе вычыткі акажацца новы суразмоўца — гэта для журналіста латарэя.

У кожным разе, калі ад пачатку праанансавана, што робіцца менавіта класічнае інтэрв’ю, вы становіцеся ў пэўным сэнсе закладнікам суразмоўцы. Бо калі вы ўжо прапанавалі гэты жанр, што ёсць супольнай творчасцю, то на паўдарозе пасылаць падалей фактычнага суаўтара, які раптам упёрся рогам ці пагнаў не ў той стэп, — неяк не камільфо.

 

Жанраў жа навалам

Выйсце элементарнае — не чапляцца за жанр інтэрв’ю як тапелец за саломінку. Свет на ім клінам не сышоўся. Часцей уключайце мазгі, даследуйце тэму самастойна, рабіце паўнавартасны ўласны матэрыял з выкарыстаннем нечых меркаванняў роўна ў той ступені, у якой вам гэта трэба.

Чым даваць сумную гутарку, напрыклад, з дырэктарам нейкага музея, зрабіце з яго фотарэпартаж, аздобце кароткімі меркаваннямі наведнікаў (можна і відэа зафугаваць).

Замест гутаркі з палітолагам-міжнароднікам, перасыпанай адмысловымі тэрмінамі, лепей напісаць артыкул з уласным даследаваннем гарачай праблемы, а ў ім скарыстаць сціслыя рэмаркі таго ж эксперта.

Такі падыход практычна здымае пытанне ўзгаднення, такое вострае для класічнага інтэрв’ю. Мала хто патрабуе, каб яму накіроўвалі на візу два радкі.

 

Кадры насамрэч вырашаюць усё

Пытанне, аднак, упіраецца ў кваліфікацыю журналісцкіх кадраў. Добры рэпартаж вымагае назіральнасці, лёгкага пяра, крэатыву; для артыкула, акрамя творчага патэнцыялу, трэба мець яшчэ і грунтоўную базу ведаў.

Інтэрв’ю ж шмат каму здаецца прасцейшым жанрам: падрыхтаваў нізку пытанняў кшталту “а што вы думаеце з нагоды…” (далей ідзе пераказ гарачай навіны) — і запісвай сабе адказы.

А калі эксперт лагодны, рахманы, то на ім увогуле можна ваду вазіць: прымусіць, напрыклад, каб яшчэ і сам набраў адказы ў скайпе. Во лафа: мэтр за цябе ўсё робіць, трэба толькі свой подпіс унізе паставіць: гутарыў такі і такі.

Але насамрэч інтэрв’ю — адзін з найскладанейшых жанраў. Каб разгаварыць суразмоўцу, раскрыць тэму, трэба таксама працаваць творча, нестандартна і мець добры грунт ведаў па адпаведнай праблематыцы.

Іначай жа выходзяць бледныя, анемічныя, расцягнутыя тэксты, ад якіх чытачам ні горача ні холадна. Хай вы хоць сто разоў узгаднілі ўсё да апошняй коскі.

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: