ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Ну, і на чорта ты столькі напісаў?

Ремесло

Ёсць такі стары анекдот пра абывацеля, які здзіўляўся: кожны дзень — роўна столькі навін, што яны займаюць акурат газетны нумар.

За гэтым гумарам — нябачныя свету слёзы тытанічнай кагорты рэдактараў. Адзін з перманентных галаўных боляў для іх — занадта вялікія матэрыялы. “Газета не гумавая!” — хто не чуў гэта ад рэдакцыйнага начальства.

Зрэшты, калі нехта здае артыкул з уздыхам “Атрымалася зашмат!”, то ў большасці выпадкаў гэта дылетант або пачатковец. Журналіст са стажам можа напісаць горай ці лепей, але ён, як правіла, выдрэсіраваны ў сэнсе аб’ёму.

Хаця і дасведчаным прафесіяналам датрыманне фармату даецца няпроста. Кожны раз, як бярэшся за новую тэму, тэкст, сволач, паўзе, бы цеста з рондаля.

Змаганне з залішнім аб’ёмам тэксту мае сваю методыку, якую можна выкласці у выглядзе простых, але эфектыўных парад.

 

Рабіце адбор сыравіны

Звычайная рэч, калі ў працэсе шчыравання над тэмай сыравіны для матэрыялу аказваецца аж занадта.

Аўтар прагугліў, што пра гэта пісалі раней, пабыў на месцы падзей, пагутарыў з паўтузінам звязаных з сюжэтам персон, памацаў артэфакты, прагартаў дакументы — і цяпер галава пухне ад перабору фактуры, уражанняў ды супярэчлівых меркаванняў.

Пачаткоўцу цісне на псіхіку страх нешта выпусціць з-пад увагі. Таму ён падстрахоўваецца: уваб’ю ў тэкст яшчэ і гэты факт, працытую яшчэ і гэтага эксперта для паўнаты карціны.

Зрэшты, перанасычэннем сваіх тэкстаў нярэдка грашаць і занадта ўжо вялікія спецыялісты ў пэўнай галіне: яны накручваюць нюансы, кожны з якіх падаецца масцітаму адмыслоўцу прынцыповым, хаця масавы чытач гэтыя драбніцы ўсё адно не прасячэ. Такім аўтарам варта цярпліва нагадваць пра розніцу між дысертацыяй і артыкулам для масавага выдання.

Карацей, першая універсальная парада: не імкніцеся ўтоўпіць у матэрыял усё, што згрэблі ў кучу. Ад пачатку настройвайцеся на жорсткую селекцыю інгрэдыентаў. Усё сырэйшае, слабейшае, другараднае — убок!

 

Дазуйце цытаванне

Дыктафон — і памочнік, і вораг журналіста. Часта па ходу працы над тэмай на гэту машынку запісваюць столькі, што адно каб зняць тэкст, трэба дзень праседзець. А шэф раве, што матэрыял мусіў быць здадзены яшчэ ўчора.

За выключэннем рэдкіх выпадкаў кшталту эксклюзіўнага інтэрв’ю з маладаступным віпам, здымаць з дыктафона гутарку ад “а” да “я” мне падаецца злачынным марнаваннем часу.

Раю заўжды паралельна канспектаваць сказанае ў нататніку. Такім чынам вы адразу фіксуеце самае важнае.

Тады з дыктафона можна здымаць толькі асобныя фрагменты. А іншым разам і ўвогуле дастаткова будзе менавіта занатаваных ключавых выказванняў. Значную эканомію месца дае пры гэтым камбінаванне цытат з пераказам тэзаў суразмоўцы.

 

Вастрыце стыль

Некаторым маладым аўтарам здаецца, што пісаць кароткімі зразумелымі фразамі — гэта неяк несалідна. І каб выглядаць майстром слова, трэба накруціць паболей квяцістых пасажаў.

Насамрэч майстар піша акурат сцісла і ёміста, не гоніцца за белетрыстычнымі фінціклюшкамі, што нагадваюць ляпныя аздобы старой архітэктуры на былым Ленінскім праспекце Мінска.

Веданне асноў стылістыкі і літаратурнага рэдагавання дапамагае чысціць свае тэксты ад плеаназмаў, наваротаў канцыляршчыны і штампаў, якія толькі загрувашчваюць матэрыял, нічога не дадаючы па сутнасці.

Добрым дапаможнікам ёсць тэксты мэтраў: глядзіце на іх прафесійным вокам, заўважайце, за кошт чаго дасягаецца пераканаўчы лаканізм, пераймайце афарыстычную манеру пісьма.

У прыватнасці, трапны вобраз, жывая дэталь можа замяніць тры абзацы нудных разваг.

Нарэшце, калі балванка матэрыялу ўжо гатовая, дапамагае і механічнае скарачэнне. У такім выпадку, паводле Роя Пітэра Кларка з Інстытута Пойнтэра, варта спачатку рэзаць па-буйному, а ўжо потым па дробязі.

Увогуле ж паверце старым цынікам-рэдактарам: няма шэдэўру, які нельга было б падрэзаць.

 

Абагульняйце

Тэксты распаўзаюцца, калі журналіст не прывучаны ўключаць мазгі, рабіць самастойныя высновы. Тады застаецца разлічваць, што тэма будзе ахоплена за кошт нанізвання фактуры ды масіву экспертных меркаванняў.

У выніку ж матэрыял атрымліваецца не толькі расцягнутым, але і невыразным, бо ў мешаніне фактаў і думак патанае квінтэсэнцыя.

Ніводзін тэкст не будзе паўнавартасным, калі сам аўтар не асэнсуе сутнасць таго, пра што піша. Калі ж ён падсек фішку, ўзняўся на ўзровень знаўца праблемы, то можа значна сціснуць аб’ём тэксту за кошт рэмарак-абагульненняў. Чым разводзіць антымоніі, лепей стрэліць у дзясятку адной фразай-рэзюмэ.

Між тым у некаторых рэдакцыях дасюль трымаюцца хібнай думкі, што на сайт, адрозна ад газеты, можна ставіць тэкст любога памеру. Іншым разам менавіта так задавальняюць амбіцыі надакучлівых аўтараў, якія не ўмеюць пісаць коратка.

Насамрэч жа ў сеціве праз спецыфіку чытацкага ўспрымання матэрыял мусіць быць яшчэ карацейшым, чым у газеце.

Дарэчы, вэб-журналістыка дае выдатны інструмент — гіперспасылкі, якія дазваляюць сціскаць бэкграунд. Не лянуйцеся іх расстаўляць, але і не перагінайце кій.

 

Умейце ставіць кропку

Безумоўна, у артыкуле важна адлюстраваць плюралізм думак, абмаляваць праблему з розных бакоў.

Разам з тым, колькі людзей — столькі і меркаванняў. Таму адбірайце найболей прынцыповыя і аргументаваныя. Іншым разам дастаткова праілюстраваць роскід думак двума палярнымі поглядамі, а пра нюансы, паўтоны сцісла сказаць ад сябе.

Нарэшце, гэта наіўная ілюзія, што адным артыкулам можна падвесці рысу пад нейкім пытаннем, расставіць усе кропкі над і. Такое не пад сілу нават манаграфіі, шматтомнаму даследаванню. Рэальнае жыццё заўжды болей складанае, шматаблічнае, чым яго адлюстраванне, а галоўнае — яно ні на імгненне не спыняецца. І ўжо назаўтра ваша тэма абрасце новымі нюансамі.

Таму старайцеся схапіць галоўнае на сённяшні момант і спакойна стаўце кропку, усведамляючы, што да сюжэту давядзецца вяртацца яшчэ не раз — і вам, і іншым аўтарам.

Чытач жа таксама складае сваё ўяўленне пра нейкую падзею ці праблему з цэлай плыні публікацый і спакойна ставіцца да таго, што ваш асобна ўзяты тэкст — толькі адзін з ракурсаў тэмы. Іншая рэч, што гэта для вас не індульгенцыя на голы суб’ектывізм.

 

* * *

Увогуле журналіст тым і адрозніваецца ад блогера, анархічнага пісакі ў сацыяльных сетках, што ўмее трымаць фармат і па магчымасці адэкватна адлюстроўваць рэчаіснасць.

Менавіта гэтыя якасці і даюць упэўненасць, што журналістыка як рамяство выжыве ў эпоху, калі глабальны распаўсюд тэкстаў перастаў быць цэхавай прывілеяй, звёўся да ўмення націскаць клавішы.

Ляпаць па клавіятуры любы можа. Зрабіць жа з 800 слоў закончаны твор — гэта і ёсць прафесійная журналістыка.

Оценить материал:
4
Средняя: 4 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: