ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Журналістыка без цыгарэты і чаркі. Можна жыць!

Ремесло

Пра якія толькі прафесійныя сакрэты не пісала Mediakritika.by, але яшчэ ніводнага разу, здаецца, не было згадана пра банальны і разам з тым магутны чыннік журналісцкага поспеху — здаровы лад жыцця.

Вось адпосціліся калегі ў фэйсбуку фоткамі з летняга адпачынку: мора, бронза загару і ўсё такое — а цяпер шмат хто замуруе сябе да наступнага лета ў пракураны офіс і будзе рэгулярна здымаць галаўны боль цытрамонам.

Ёсць у нашым цэху і добрыя спартовыя традыцыі, але іх вобмаль. І калі хтосьці дае выспятка мячу толькі зрэдзьчас, напрыклад на футбольным турніры памяці Юрыя Шырокага, то дыхалкі звычайна стае на пяць хвілін, ды і траўма — тут як тут.

Пасля такога подзвігу гады ў рады чалавек месяц кульгае і стогне — аздаравіўся, называецца.

Тых жа, хто ўвогуле баіцца стадыёна як чорт крыжа, злачынна запускае сваё здароўе, мой калега Юрый Вельтнер, які даўно размяняў сёмы дзясятак, жартаўліва-грэбліва называе “гнілушкамі”.

Сам ён, стары турыст і футбаліст, адзін з тых рэдактараў-тытанаў, на якіх трымаецца БелаПАН, дасць фору многім маладым і на футбольнай паляне, і ў працы. Шкада, што такіх прыкладаў у нашым асяроддзі мала.

 

Падступныя допінгі

Так, у журналіста ненармаваны працоўны дзень, частыя вандроўкі. Карацей, для рэгулярнай фізкультуры рэжым не самы спрыяльны.

І шмат хто выбірае сабе дзеля бадзёрасці тытунь, а дзеля расслабону — алкаголь. Каму-кольвек з творчай моладзі цыгарэта ў адной руцэ, а фужэр у другой, мусіць, нават здаюцца рамантычнымі атрыбутамі прафесійнага іміджу.

Нікацін сапраўды падвышае адрэналін і стымулюе працу мозга. Быў час, калі я сам выпальваў па паўтара пачка за дзень. Здавалася, без зацяжкі не прыдумаеш добры загаловак, фінальную фразу.

Але ж тытунь — падступная атрута. Расплачвацца даводзіцца галаўным болем, кашлем, сядае дыхалка (праз нейкі час ужо да тралейбуса падбегчы — праблема), узрастае рызыка самых кепскіх хвароб. У раёне саракагоддзя я вырашыў завязаць — і не шкадую. Хаця напачатку без тытуню, прызнаюся, пісалася значна цяжэй.

Алкаголь камусьці дапамагае адключыцца, а хтосьці куляе чарку і дзеля натхнення. Але ў мяне перад вачыма занадта шмат трагічных лёсаў тых калег, якія не здолелі своечасова спыніцца.

 

Плюсы сабачай працы

Журналіст мусіць мець добры фізічны, псіхічны рэсурс, каб у патрэбныя моманты максімальна канцэнтравацца: лавіць кожнае слова важнага суразмоўцы, весці рэпартаж у жывым эфіры, раней за канкурэнтаў выдаваць на сайт гарачы каментар.

Сённяшняя анлайнавая эпоха патрабуе, як той алімпійскі дэвіз: хутчэй, вышэй, мацней!

З аднаго боку, праца ў нас, так, сабачая. Але той жа рваны яе рытм, на які традыцыйна наракаюць журналісты, можна разглядаць і як падарунак лёсу. Раз-пораз узнікаюць форткі.

Пры гэтым шмат у якіх рэдакцыях рэжым ліберальны, цябе не змушаюць праціраць штаны/спадніцу толькі дзеля парадку. У гэтым сэнсе журналіст значна шчаслівейшы, чым офісны планктон ці рабацяга пры канвееры.

Акрамя таго, цяпер, калі з любога мядзведжага кута можна даслаць ці нават самому выставіць на сайт артыкул праз інтэрнэт, усё болей народу працуе ў дыстанцыйным рэжыме. І разумнае рэдакцыйнае начальства толькі заахвочвае такі метад. Галоўнае — давай вынік, плынь кантэнту. А рэжым дня будуй сам, як табе зручней.

Адбываецца нейкая важная падзея — так, іншым разам і 12-14 гадзін мусіш адбарабаніць у рэжыме нон-стоп, але ж калі сёння інфармацыйны штыль — лепей прабавіць вольную часіну не за куфлем піва, а на стадыёне.

Прадбачу пярэчанні — пра адпрацоўку, ранішнія брыфінгі, камандзіроўкі і г.д. Згодны: ідэальнага рэжыму працы ў журналіста ніколі не будзе. Экстрым, перагрузкі, нацягнутыя нервы — гэтага ў нашай прафесіі не пазбегнеш.

Але тым болей актуальнай ёсць задача забяспечваць сабе здаровы лад жыцця тут і цяпер. Іначай вы проста не здолееце цягнуць гэты гуж, спаліце сябе.

 

Гэта ж элементарна, Ватсан!

Як чалавек, што ўжо шмат гадоў рэгулярна (гадзіну-паўтары некалькі разоў на тыдзень) займаецца фізкультурай, дазволю сабе некалькі канкрэтных парад тым калегам, якія толькі яшчэ задумваюцца над неабходнасцю здаровага ладу жыцця.

1. Рабіце хаця б простыя практыкаванні, але рэгулярна

Не абавязкова траціць грошы на модныя трэнажоры, заняткі ў адмысловых групах. Тым болей што там часта трэба падвязвацца да раскладу.

Усё можна зрабіць танна і сярдзіта. Гімнастычная палка, гантэлі, эспандар, гіра — набору гэтых простых снарадаў, якія не займаюць зашмат месца нават у аднапакаёўцы, цалкам дастаткова, каб даваць сваім мускулам добрую ўсебаковую нагрузку.

Можна ўсталяваць у кватэры турнік — недарагія мадэлі прадаюцца ў спорттаварах, патрэбны толькі дрыль; перакладзіна пад столлю ў калідоры нікому не замінае.

Нарэшце, у кожнага ў кватэры ёсць падлога, ад якой можна адціскацца і на якой добра рабіць цэлы каскад практыкаванняў для прэса, спіны.

З іншых даступных варыянтаў: ровар, ролікі, плаванне. Праўда, калі вы не морж, то зімой на плаванне трэба хадзіць у басейн, а гэта адлегласць і затраты. А вось рабіць прабежкі на свежым паветры можна круглы год. Цяжка бегаць — хай стане заменай шпаркая хада (яшчэ і здаравей для хрыбетніка).

2. Скарыстоўвайце школьны стадыён

Сёння ў сеціве да халеры розных метадычак, як трэніравацца. Урэшце, нават выкананне элементарных махаў-прыседаў, засвоеных яшчэ на школьных уроках фізкультуры, дае заўважны плён.

Дарэчы, амаль са стопрацэнтнай імавернасцю ў радыусе пяці хвілін хады ад вашага дому ёсць школьны стадыён. Бегавая дарожка, брусы, перакладзіна, шведская сценка — гэтага дабра хопіць з гакам, каб праз гадзіну прыпаўзці дахаты ўшчэнт змардаваным.

Зрэшты, не трэба з сябе здзекавацца. Вы ж не рыхтуецеся да перамогі на Алімпіядзе. Разумна дазуйце нагрузку, каб спорт быў у кайф, дарыў адчуванне мускульнай радасці.

Калі ж увянчаць заняткі кантрастным душам — то як мінімум гадзіну вы будзеце пад дадатковым цялесным кайфам: цела спявае. І радкі складваюцца ў матэрыял ўдвая хутчэй.

3. Адсыпайцеся

Калі давялося ўначы рабіць нейкі артыкул ці быць у дарозе, то я стараюся найперш адаспацца.

Без гэтага ты шмат не напрацуеш. Ды і на стадыён выходзіць нявыспаным не раю. Калі робіш практыкаванні з хворай галавой — гэта хутчэй што на шкоду. Лепей пазаймацца даўжэй на наступны дзень.

Увогуле перапынкі ў занятках непазбежныя: доўгія вандроўкі, хваробы выбіваюць з каляіны. Пасля працяглай паўзы тонус зніжаецца, мускулы пратэстуюць, суставы скрыгочуць. Узнікае спакуса паслаць гэту чортаву фізкультуру да д’ябла: ну колькі можна мучыць свае старыя косці?

Але сцісніце зубы і аднаўляйце па каліву фізічную форму. Іначай да ператварэння ў “гнілушку” адзін крок.

Дарэчы, іншым разам не варта надта слухаць дактароў: яны ў масе сваёй мысляць катэгорыямі пігулак.

4. Хадзіце ў лазню

Парылка адразу здымае стрэс, дае казачную рэлаксацыю. А цяпер усё болей лазняў з басейнамі, так што вось вам яшчэ і трэніроўка.

Галоўнае, каб візіт у лазню не ператвараўся ў алкагольныя пасядзелкі а-ля “Іронія лёсу”.

А вось сагнаць лазняй вагу вам наўрад ці ўдасца. Калі і выйдзе літр поту, то неўзабаве страта кампенсуецца двума куфлямі квасу.

Іншая рэч, што фізкультура сама па сабе спальвае багата калорый: праз пэўны час пуза рассмокчацца без усялякіх дыет.

Гэта яшчэ адна перавага рэгулярных фізічных практыкаванняў: вы можаце ў прынцыпе не надта абмяжоўваць сябе што да любімых страў. Хаця ў абжорства не ўлягайце ў кожным разе.

 

* * *

Іншым разам думаю: мо яшчэ і таму зашмат зласлівасці ў нашых медыях, што аўтары — знервававаныя, затузаныя, сядзяць на розных допінгах (я сабе з усіх пакінуў толькі моцную ранішнюю каву) — карацей, ахвяры дысгарманічнага ладу жыцця.

Вось сапраўды ж: у здаровым целе — здаровы дух. Калі чалавек імкнецца гарманізаваць свае фізічную і духоўную асновы, то і погляд на жыццё ў яго становіцца болей ураўнаважаны, аптымістычны.

І вашы матэрыялы тады, нават калі пісаць даводзіцца пра балючае, змрочнае, будуць напаўняцца пазітыўнай, светлай энергетыкай.

Тым жа, хто не ўяўляе сабе творчага працэсу без цыгарэты і чаркі, кажу з досведам: можна жыць!

Фота Вольгі Кляшчук і Цімоха Класкоўскага

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (3 оценок)
распечатать Обсудить в: