Вы здесь

Інтэрв’ю: Журналістыка загіне, калі будзе прытрымлівацца правілаў прэсы эпохі друкаванага станка

Интервью

Сёлета ў Беларусі стартаваў новы праект нефармальнай адукацыі Еўрапейскі каледж Liberal arts. Адна з ягоных выкладчыкаў,  кандыдат гістарычных навук Марына Сакалова, расказала Mediakritika.by пра свой курс «Сацыяльная гісторыя інтэрнэта», канцэпцыю каледжа і чаму ў Беларусі няма глабальнай сеткі Інтэрнэт.

 

Прыходзьце, хто захоча

Адрозненне Еўрапейскага каледжа ад таго ж Лятучага ўніверсітэта прынцыповае. Па-першае Лятучы ўніверсітэт — гэта такое вырашэнне праблем Беларусі, гледзячы з Беларусі на свет. Еўрапейскі каледж, болей касмапалітычны, у тым сэнсе, што дух вее, дзе хоча. Па-дургое, каледж арыентаваны на працу са студэнтамі і на індывідуальную працу з кожным, а Лятучы ўніверсітэт — гэта ўніверсітэт выкладчыка, дзе ён сябе дарыць аўдыторыі.  Трэці момант заключаецца ў тым, што склад груп ў Лятучым універсітэце не нармаваны, сёння да цябе прыйшлі тры чалавекі, заўтра — дзесяць. У каледжы ўсё ж такі пастаянны склад студэнтаў, групы. Ну, і змест навучання, курсы — розныя. У нас няма канкрэтнай мэтавай аўдыторыі. З большага курс разлічаны на студэнтаў, ну а далей могуць прыходзіць, хто захоча.

 

Як будуць выглядаць заняткі

Мне вельмі цікавыя навыкі групавой працы. Гэта толькі падаецца, што разам лягчэй. А арганізаваць працу такім чынам, каб тры-чатыры чалавекі, ці нават два, напісалі адзін тэкст, гэтаму таксама трэба вучыць. Будуць практычныя ці семінарскія заняткі. Вось дарэчы яшчэ адзін дэфект нашай сістэмы адукацыі: у нас не вучаць зусім навыкам аргументацыі, нефармальнай логіцы. Гэтыя практычныя заняткі я буду выкарыстоўваць для таго, каб гэтым навыкам аргументацыі навучыць: канкрэтна сфармуляваць мэты, пабудаваць аргументы, аб чым трэба спрачацца, аб чым ня трэба.

 

Трэба ведаць гісторыю глабальнай сеткі

Мой курс пра тое, што Інтэрнэт –  гэта гістарычная з’ява, з’ява сама па сябе важная, якая ўплывае на сацыяльнае жыццё, на эканоміку. Інтэрнэт – гэта пэўная экалагічная сістэма (тэлекамунікацыі, пратаколы, сервісы, прававое рэгуляване, карыстальнікі). Вельмі цікавы феномен.

Першыя распрацоўкі ўзніклі ў амерыканскіх вайскоўцаў. Але рабілі гэта навукоўцы, шмат з якіх удзельнічалі ў руху за грамадзянскія правы ў ЗША. І вось гэтыя дзве рэчы, падавалась бы несумяшчальныя, у выніку рэалізаваліся ў тое, што мы бачым з вамі цяпер. Інтэрнэт у адрозненні ад усіх іншых тэхналогій, гэта не проста тэхналогія, гэта ўяўленне пэўных людзей аб тым, як трэба жыць.

Так сфарміравалася тое, што зараз глабальная  інтэрнэт-супольнасць імкнецца абараніць - адкрытая глабальная сетка. Зараз існуе сур’ёзная пагроза, што ў нас можа быць не глабальная сетка, а шмат ізаляваных нацыянальных інтэрнэтаў. І вельмі важна, як будуць паводзіць сябе у гэтай барацьбе інтэрнэт-карыстальнікі. Бо інтэрнэт функцыянуе такім чынам: уся гэтак званая «улада», у прынцыпе, сканцэнтравана на канцах, не ў цэнтры, то бок у інфармаваных канцавых карыстальнікаў.

Калі не ведаць гісторыю, як гэта ўсё развівалася, то будзе атрымлівацца як з гісторыяй з клавіятурай друкаванай машынкі. Тая раскладка, якой мы карыстаемся, яна ж не самая зручная, гэта проста так атрымалася, што запусцілі такі варыянт, а мяняць назад было дорага. Таму мы і жывем з гэтай клавіатурай. Гэта аб пытанні, як тэхналогіі вызначаюць нашае існаванне.

Вось коратка аб тым, пра што курс. Іншымі словамі, студэнт пасля сканчэння курса будзе мець агульнае ўяўленне пра функцыянаванне і кіраванне  інтэрнэту, яго гісторыю, праблемы сучасных дыскусій, якія зараз ідуць на глабальным узроўні.

 

У Беларусі няма Інтэрнету

Інтэрнэт у нас па-ранейшаму разглядаецца як тэхналагічны сродак, тэлефон плюс пошта+тэлевізар, ці нешта накшталт гэтага.

У Беларусі няма інтэрнэту. Як яго не было, так і няма зараз. Няма сістэматычных разважанняў аб тым, як кіруецца інтэрнэт, што нам рабіць. Не ў тым сэнсе, што рабіць калі Белтэлекам у чарговы раз заблакаваў доступ. А ў тым сэнсе, як увогуле экасістэма працуе, што ў свеце адбываецца. Сетка ж глабальная. Мы адстаем нават ад Расіі ў гэтым плане. Мы абсалютна выключаныя з глабальнага дыскурса. Успрымаем гэта як тыя малпачкі, якіх навучылі палкай даставаць садавіны, вось мы іх і дастаем. Радуемся яшчэ, канешне, што лягчэй даставаць.

 

Раздражняе слова Байнэт

Праблема цэнзуры ў нас выглядае так, а ў Францыі інакш, бо там цэнзура галоўным чынам звязаная з аўтарскімі правамі. Адзінае, што сапраўды адрознівае Рэспубліку Беларусь гэта тое, што ў нас карыстальнікі абсалютна не мысляць у глабальным кантэксце. Што мяне яшчэ больш радражняе гэта слова — Байнэт. Гэта жахліва. Ёсць увогуле Агнэт? Франкнэт? А Рунэт і Байнэт ёсць. Гэта глабальная сетка, у каторай няма нацыянальных межаў, а мы іх узялі і пабудавалі. Прычым нас ніхто не прымушаў.

І дзе вось увогуле Байнэт? Калі я грамадзянка Беларусі, жыву ў Ісландыі, гляджу рэсурсы аўстралійскія, гэта Байнэт? А калі я амерыканская гарамадзянінка і чытаю Хартыю, гэта Байнэт? Хартыя ўвогуле не ў дамене “.by”. Як яны ўвогуле будуюць гэтыя межы? Гэтая няздольнасць мысліць глабальна, гэта канешне проста ўражвае. Тут вось у нас сацыяльныя сеткавыя сервісы, і Онлайнер і Тутбай і ўсё, і на гэтым жыццё скончваецца. Неяк трэба ў космас глядзець перыядычна.

 

Глабальных праблемаў хапае

Інтэрнэт актуалізуе вельмі шмат праблемаў, якія падаюцца вырашанымі. Напрыклад, мяжа паміж публічным і прыватным. У звычайным жыцці я прыйшла дадому і замкнула дзверы. А ў анлайн дзе гэтая мяжа?

А пытанні юрысдыкцыі. Мы звыкліся, што вось – нашыя нацыянальныя межы, вось –нацыянальнае заканадаўства. А як у глабальнай сетцы?

Вельмі яшчэ цікавая гісторыя па апошнім рашэнні Еўрапейскага суда (грамадзянін Гішпаніі Марыо Костейа Гансалес звярнуўся ў суд з патрабаваннем выдаліць з інтэрнэту інфармацыю пра ягоныя пазыкі ў мясцовай газеце, апублікаванай ў 1998 годзе — заўв. аўтара). Усе кажуць, гэта права быць забытым. Гэта не права быць забытым, права быць неіндэксаваным Гуглам, бо тэкст на старонцы газеты застаўся.

А свабода доступа да інфармацыі? Канечне вельмі зручна, калі я шукаю кавярню, і Гугл ці Яндэкс ужо ведаюць, што я ў Менску і паказваюць мне менскія ўстановы. А калі гэта тычыцца інфармацыі? Я часта шукаю розную інфармацыю і алгарытмы пашукавікоў ужо палічылі, якая інфармацыя мне патрэбна. Я, напрыклад, з задавальненнем чытаю інфармацыю ліберальных газет, і пры пошуку, яны мне выдаюць выключна ліберальныя газеты, кансерватыўныя не даюць. Гэта азначае, што я ў дыялогу сам на сам. У мяне кансерватараў няма. Ці гэта свабода інфармацыі?

Праблема бяспекі і свабоды анлайн. Тут баланса быць ня можа. Ня можа быць аднолькавая колькасць і свабоды, і бяспекі. Бо калі я свабодны, значыцца я павінен разумець, што вакол небяспека, і я сам мушу яе адольваць. Калі я шукаю бяспеку, я павінен выдатна разумець, што я здаю частку сваёй свабоды. Просты прыклад: спам-фільтры, хаця тут хутчэй не бяспека, а зручнасць. Мы ня хочам чытаць спам. Але з іншага боку функцыю вызначаць, што нам чытаць і што не чытаць, мы аддаем спам-фільтру. У мяне ёсць знаёмы, які свядома адмовіўся ад спам-фільтраў і кажа: «Я буду сам чытаць усё, затое я буду сам абіраць, што чытаць, а што не».

Праблема з hate speech у інтэрнэце. Як яе абмяжоўваць і ці трэба яе абмяжоўваць? Лепшы адказ на гэтае пытанне, каторы я чула, гэта тое, што лепшая абарона ад hate speech – выхаванне людзей, таму што каменты анлайн народжаныя не інтэрнэтам, а аффлайнавай культурай. Некаторыя ўвогуле кажуць, што мадэратары форумаў мусяць несці адказнасць, ці ўладальнікі рэсурсу ці нават правайдеры, што дапусцілі hate speech. З майго пункту гледжання кантроль мусіць быць у карыстальнікаў. Зходзячы з таго, што наша свабода ў нашых руках, а бяспека ў чужых, то лепей так.

 

Што будзе з журналістыкай

Як паказвае мой досвед, з прафесійнай журналістыкай нічога не здарыцца. Прафесійных журналістаў вучаць разумець грамадскасць, то бок не тое, што мне цікава, а тое, што ўяўляе сабой грамадскі інтарэс. Па-другое, правы, якія маюць журналісты. Усё ж такі акрэдытаваныя журналісты могуць атрымаць больш інфармацыі. Журналіст, які займаецца пэўнай праблематыкай, арыентуецца ў ёй лепей. Прафесійныя журналісты могуць стаць у гэтай сітуацыі такімі стуктуратарамі навінавай прасторы. Ясна, што за межамі будуць існаваць блогі, маргінальныя рэчы.

Таксама аналітычныя тэксты, напісаныя журналістамі, яны ж нікуды не падзенуцца. Хутчэй за ўсё адбудуцца змены ўпрафесійным  навучанні журналістаў, будуць расшыряцца магчымасці, новыя навыкі. Магу сказаць па сябе, блогі я чытаю вельмі рэдка, у мяне ў твітары  BBC, New York Times, New Yorker, Gazeta Wyborcza і г.д. і гэтыя два радкі мне даюць ўяўленне пра тое, што адбываецца.

У маім твітары амаль няма індывідаў, таму што ў мяне няма часу чытаць увесь гэты шлак, хто што пабачыў. Я, канешне, упускаю дэталі, каторыя маглі бы быць для мяне цікавымі.

Журналістыка загіне, калі яна будзе прытрымлівацца правілаў прэсы эпохі друкаванага станка. Што мне не хапае ў нас, гэта гіперспасылак. Калі цытуюць часта нейкі артыкул, даюць спасылку не на артыкул, а на сайт, дзе ён быў апублікаваны. Мяне гэта жахліва раздражняе, бо мне працаваць трэба, у мяне няма часу капацца на гэтым сайце.

Яшчэ журналістыка ўпускае адукацыйныя магчымасці, таму што вельмі мала гіперспасылак, слоўніка. Калі грамадзяне чытаюць слова «стагнацыя», ці яны ўсе добра ўяўляюць што гэта такое? Ясна, што журналіст не можа даваць тлумачэнне кожнаму слову, але для гэта і існуюць гіперспасылкі. Чаму імі не карыстацца? Яшчэ ў нас вельмі мала перакладаюць. Не ўсе ж могуць чытаць па-англійску ці па-нямецку. Чаму не рабіць такі якасны дайджэст з гіперспасылкамі і тлумачэннямі краінавага кантэксту. Гэта можна ж такога напрыдумваць! А ў нас неяк так уныла. Ніводнае беларускае анлайнавае выданне не дае ўяўлення аб тым, што адбываецца ў свеце. Вось напрыклад, кажуць, трэба прасоўваць беларускую мову. Дык трэба пісаць аб тым па-беларуску, аб чым па-руску не пішуць.

 

Трэба арыентавацца на нішы

Ёсць такая кніга «Доўгі хвост. Новая мадэль вядзення бізнэса», напісаная Крысам Андэрсанам, прадпрымальнікам і куратарам штогадовай канферэнцыі TED. Андэрсан паказаў, што ўсе мейнстрымавыя выданні BBC, New Yorker і іншыя забіраюць толькі 20% прыбытку анлайн-выданняў. А астатняе — гэта так званы «доўгі хвост». То бок асноўныя прыбыткі ад рэкламы павінны ісці менавіта на нішавыя выданні.

Чаму, напрыклад, не раслумачыць рэкламадаўцам, што міжнародныя навіны чытаюць людзі, каторыя ездзяць па ўсім свеце, і тады турагенцыі будуць размяшчаць там рэкламу? Бо туды, куды ідуць чытаць вясёлыя навіны безграшовыя хіпстары, не варта даваць такую рэкламу, яны не набудуць кватэру. А вось людзі, якія чытаюць міжнародныя навіны, у іх шмат грошай, яны купяць кватэру на Канарах, паедуць турыстамі ў Ісландыю.

Інтэрнэт — гэта не тое месца, дзе трэба зарабляць за кошт натоўпа. А менавіта за кошт нішаў. Калі ёсць анлайнавае мейнстрымавае выданне, то можна і стварыць адгалінаванні. Гэта ж не патрабуе нейкіх дадатковых друкаваных магчымасцяў. Проста пасадзіць аднаго чалавека, каторы чытае па-англійску, аднаго, каторы чытае па-нямецку, па-француску, па-польску. Агулам чатыры чалавекі. Чатыры заробкі.

Наста Рэзнікава адмыслова для Mediakritika.by

Оценить материал:
3
Средняя: 2.5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: