ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Як быць у курсе і не патануць у інтэрнэце

Ремесло

Сёння нярэдка назіраеш, як калега, утаропіўшыся ў свой планшэт ці смартфон, прапускае жывыя сюжэты ў сябе пад носам.

Бясспрэчна, сучасны журналіст, нават калі працуе ў традыцыйнай прэсе, мусіць пачувацца ў інтэрнэце як рыба ў вадзе.

Тыя калегі, што захраслі ў афлайнавай эры, выглядаюць дыназаўрамі. Калі чалавек ледзьве ўмее знаходзіць тры сайты і зусім адсутнічае у сацсетках, ён апрыёры прайграе ў прафесійным плане, бо пазней даведваецца пра цікавосткі, збядняе сябе што да тэхнічных магчымасцяў камунікацыі.

Але небяспечнай выглядае і іншая крайнасць — калі журналіст падсядае на сеціва, калі без дозы гэтага наркотыку ні на што не здатны. Гадзіна без кампа, без вайфаю — і ў чалавека ўжо ломка, ён у паніцы: нічога не ведаю, няма пра што пісаць. Карацей, усё прапала, шэф!

Праз такую залежнасць ладная частка калег марнуе на сядзенне ў нэце (і асабліва ў сацыяльных сетках) недаравальна шмат часу.

Акрамя таго, у перманентнай пагоні за сеціўным мэйнстрымам, на канвееры копіпасту ды рэрайтынгу хто-кольвек зусім перастае думаць сваёй галавой, генераваць арыгінальныя тэмы, рабіць уласныя, нестандартныя высновы.

Так што трэба шукаць залатую сярэдзіну. А каб лягчэй было яе намацаць, прапаную некалькі сваіх парад.

 

Засвойце: сапраўдных навін мала

Гэта ілюзія, нібыта цяпер штохвіліну адбываецца нешта важнае. Прааналізуйце стужку практычна любога агенцтва: 95% заметак — груба кажучы, шлак. Трохі пераробленыя прэс-рэлізы, піяраўскія заявы палітыкаў, банальная хроніка крыміналу, здарэнняў (мяняюцца толькі акалічнасці: хто каго якім прадметам…).

Пры гэтым лічаныя рэсурсы самі здабываюць інфу, генеруюць арыгінальны кантэнт. На гэтыя зярняткі прагна накідаецца зграя копіпастараў — і пайшла пісаць губерня. Перажоўваюць адно і тое пад рознымі крыклівымі загалоўкамі.

Так што вучыцеся аддзяляць зярняты ад шалупіння. Для эканоміі часу, каб не шастаць па сайтах, раю карыстацца RSS-рыдарамі. Там усё — канцэнтравана, у адным флаконе. Пры пэўным досведзе дастаткова імгненнага погляду на загаловак, каб ацаніць, ці варта чытаць далей.

 

Ведайце подбіўку, прадбачце

Нават калі вы проста рэгулярна праглядаеце календары дат і падзей, сочыце за анонсамі, то ўжо ў значнай ступені ўяўляеце каркас навін у наступныя дні.

Сенсацыі ж часта высмоктваюцца з пальца праз невуцтва, слабую арыентацыю ў тэме. Памятаеце гвалт, што нібыта ў Мытным звязе забаранілі карункавыя жаночыя трусы? І колькі пры гэтым было дасціпнага, як здавалася аўтарам-верхаглядам, сцёбу на тэму аголенай натуры. Усё аказалася пустазвонствам, бо тэмай не валодалі ды і не хацелі ў яе ўлазіць.

А колькі было ляманту, што Лукашэнка вось-вось увядзе прыгоннае права! А як разляцелася па сайтах качка, што ўсе расійскія знішчальнікі нібыта пакінулі Беларусь! Адзін напіша, пачуўшы звон, а дзясяткі падхопліваюць.

Каб не станавіцца ахвярай ажыятажу і не сядаць у галёш, трэба трохі займацца самаадукацыяй, шчыльна кантактаваць з экспертамі, мець нефармальныя крыніцы ў розных установах ды суполках, што дазволіць элементарна секчы фішку ў сваёй тэматыцы.

Тады будзеш з лёту вызначаць гучна пададзеную лухту, фэйкі. Спакойна глядзець на нейкі чарговы брыфінг з “эпахальнымі” заявамі, чарговую ініцыятыву тых ці ншых структур, ведаючы, што за імі не стаіць нічога, акрамя патрэбы прапіярыцца.

Не перагружайце сябе чытаннем бульварных “бомбаў”, патэтычных дэкларацый — гэта збольшага пустэча.

 

Падсілкоўвайцеся інфой ад калег

У любым СМІ ёсць працаўнікі, якія паводле свайго амплуа мусяць пільна маніторыць рэсурсы, трымаць у галаве важныя падзеі, што маюць адбыцца. Напрыклад, гэта дзяжурныя рэдактары. Кантакт з імі дазваляе зэканоміць час.

Я, у прыватнасці, раз-пораз выходжу на сувязь з рэдактарамі стужкі навін БелаПАН, інтэрнэт-рэсурсу Naviny.by: ці адбылося сёння штосьці сапраўды важнае? Робячы каментар па ходу падзеі, можна нават папрасіць, каб табе неадкладна сігналізавалі пра важныя навіны сюжэту.

Любы рэпарцёр, які прыбягае ў ньюсрум з задання, прыносіць у дзюбе не толькі два абзацы для стужкі, але і шмат цікавых закулісных драбніц. Гэтыя рэчы дапамагаюць арыентавацца ў схаваных спружынах падзей лепей, чым публічныя заявы датычных да сюжэту асоб.

 

Выкарыстоўвайце сацыяльныя сеткі прагматычна

Фэйсбук ці твітар таксама можа, канечне, хутка арыентаваць журналіста, падказваць яму тэмы. Але прыгледзьцеся: у сацыяльных сетках збольшага перажоўваюць навіны з “нармальных” СМІ (ну, і посцяць коцікаў).

Прычым калі ў саміх прафесійных медыях інфа раскладзена па палічках, то ў фэйсбуку стужка паведамленняў выглядае як пальцам піханая кілбаса.

Плынь паведамленняў там фармуецца хаатычна, суб’ектыўна, у ёй багата спасылак на ўсялякія левыя, маргінальныя крыніцы, упадабаныя аўтарам статусу толькі таму, што трактоўкі адпавядаюць яго ўласнай карціне свету.

Звыш таго, у фэйсбуках зашкальваюць эмоцыі, віруюць пустыя халівары. У апошнія журналісту, на маю думку, у большасці выпадкаў не варта ўлазіць: чым марнаваць час на спробы нешта давесці аднаму — скажам далікатна — цвердалобаму апаненту, лепей напішыце моцны артыкул на шырокую публіку.

Маё перакананне: сацыяльныя сеткі найперш каштоўныя для журналіста як інструмент назірання за асобамі, характарамі, пазіцыямі. Ну, і як сродак прамоцыі сваіх матэрыялаў. Інфармацыйныя ж нагоды болей зручна вывуджваць з RSS-плыняў.

 

Уключайце ўласныя мазгі

Абавязкова пакідайце час для спакойнага маніторынгу профільнай праблематыкі, каб узбройвацца веданнем прадмета на перспектыву. Таксама практыкуйце афлайнавыя сеансы роздуму над той ці іншай тэмай.

Не торгайцеся, пабыўшы гадзіну без ноўта ці планшэта. Калі сапраўды здарылася нешта надзвычайнае, то вас знойдуць.

А можа, наадварот, за гэту гадзіну ў вашай галаве выспее такі арыгінальны твор, што ўжо ён будзе весці рэй у заўтрашнім рэйтынгу топавых тэм.

Многія медыі ды аўтары пакутуюць не столькі ад інфармацыйнага голаду, колькі ад дэфіцыту арыгінальнага мыслення, няўмення асэнсаваць сувязі паміж агульнавядомымі фактамі.

Ніводзін наварочаны дэвайс не заменіць уласных глуздоў. І на кані будзе той журналіст, які ўкладаецца ў самаадукацыю, развівае свой крэатыўны пачатак.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: