ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Не закопвайце аўтараў у брацкіх магілах!

Ремесло

Маладога аўтара Вадзіма Мажэйку зрабілі… інфарматарам. Не, вы не пра тое падумалі. Я вяду гаворку пра пастанову Камісіі па этыцы БАЖ, у якой, на маю думку, змяшалі боб з гарохам.

Мажэйка, які піша артыкулы на культурніцкія тэмы для Naviny.by, звярнуўся ў камісію з крыўдай на тое, што ягоныя аналітычныя матэрыялы два інтэрнэт-рэсурсы — сайт газеты “Светлогорский бизнес” ды “Хартыя” — скопіпасцілі без подпісу аўтара (ды і яшчэ са спасылкай толькі на галоўную старонку Naviny.by).

 

Ні халеры сабе “за выключэннем”!

У пастанове камісіі ад 19 верасня 2014 года багата адсылак да журналісцкіх кодэксаў. У прыватнасці, цытуецца “Этычны кодэкс журналістаў і выдаўцоў Літвы”: “Журналіст абавязаны ўказваць крыніцы сваёй інфармацыі. Для гэтага ён павінен заручыцца згодай інфарматара на раскрыццё яго імя. Калі крыніца інфармацыі просіць не раскрываць яго імя, журналіст абавязаны задаволіць яго просьбу”.

Пасля цытавання кодэксаў робіцца выснова, што “падстаў для крытыкі ў дадзеным выпадку няшмат. За выключэннем таго (тут і далей вылучана мною. — А.К.), што і “Светлогорский бизнес”, і “Хартыя’97”, перадрукаваўшы тэкст практычна без змен і не ўнёсшы наогул ніякай дадатковай інфармацыі, чамусьці прыбралі з тэксту прозвішча аўтара і, спасылаючыся на крыніцу інфармацыі, назвалі толькі галоўную старонку Naviny.by, на якой ні самога матэрыялу, ні аўтара ўжо няма”.

Ні халеры сабе “за выключэннем”! Дык у гэтым жа ўся соль. Праз гэта Мажэйка і апелюе!

 

Змяшалі боб з гарохам

Але давайце раскладзем пытанне па палічках без эмоцый. Пачнем з таго, што “інфарматар”, “крыніца інфармацыі журналіста” — гэта зусім з іншай оперы. Маюцца на ўвазе тыя, хто злівае інфу аўтару нейкага матэрыялу, расследавання. Іначай кажучы, гэта тычыцца сітуацый, калі журналіст сам піша тэкст на падставе гутарак, напрыклад, з нейкімі інсайдарамі.

Выкарыстанне фрагментаў чужых матэрыялаў, цытаванне — гэта таксама іншыя выпадкі. Як і рэрайтынг. Хоць увогуле я стаўлюся да яго скептычна, мяркую, што гэта нейкая недажурналістыка, але, тым не меней, рэрайтар хаця б перайначвае падачу сюжэту, дадае нешта ад сябе.

Да казусу Мажэйкі пералічанае вышэй не мае дачынення. Бо ён ніякі не інфарматар, не крыніца, нават не ахвяра рэрайтынгу, а паўнапраўны аўтар, чый твор банальна перадралі.

Зрэшты, не зусім ад “а” да “я”. Па-майстэрску, прыцэльна адсечана менавіта ягонае прозвішча. Плюс — маскаванне, скажэнне спасылкі на першакрыніцу (гіперлінк не выводзіць на старонку з адпаведным артыкулам, а ў выпадку “Хартыі” яшчэ і топіцца ў тэксце).

І вожыку зразумела, для чаго такія рэчы найчасцей робяцца. Тут не проста няўважлівасць вэб-рэдактара ці непавага да аўтара. Тут прадуманая палітыка.

Большасць інтэрнэт-рэсурсаў пакутуе на недахват уласнага кантэнту. І калі даваць перадрукі сумленна (напрыклад, выносіць наверх ці пад тэкст прозвішчы аўтараў ды карэктныя спасылкі), то чытачам хутка стане відавочна, што кароль голы, свайго змесціва на сайце практычна няма.

Ужываючы ж такія вось “хітрыя” прыёмчыкі, чужы кантэнт маскуюць пад свой. І гэта працуе. Мала хто з чытачоў падсякае, адкуль узяты матэрыял, бальшыня схільная запісваць яго ў актыў таго рэсурсу, які насамрэч толькі ўжыў дзве камбінацыі клавішаў — Ctrl+C ды Ctrl+V. Пры далейшым копіпасце спасылаюцца ўжо не на першакрыніцу, а на таго, хто раней перадрукаваў.

Не аднойчы адсочваў такую метамарфозу на прыкладзе ўласных матэрыялаў. Ланцуг з двух-трох перадрукаў — і на выхадзе ўжо нібыта не твой твор, а прадукт нейкіх спрытнюгаў.

І таму прыватны казус Мажэйкі — нагода, каб ставіць рубам пытанне пра эпідэмію гэтага хітрамудрага копіпасту, які паразітуе на сапраўднай, арыгінальнай журналістыцы. Вось насамрэч глабальнае этычнае пытанне сённяшняй медыясферы. Але яго камісія не прыкмеціла.

 

Слана і не прыкмецілі

Увогуле ж прынцыповая хіба гэтай пастановы ў тым, што адказ шукалі толькі ў розных этычных кодэксах. Але ж ёсць яшчэ і заканадаўства. Між тым закон аб аўтарскім праве і сумежных правах абараняе, у прыватнасці, права аўтарства, права на імя, права на недатыкальнасць твора.

Калі казаць сваімі словамі, то сэнс гэтых параграфаў у тым, што пры перадруках прозвішча аўтара жалезна трэба захоўваць. Яшчэ болей: многія рэдакцыі патрабуюць, каб усе перадрукі ўзгадняліся з імі (на гэта, праўда, копіпастары плююць яшчэ болей цынічна).

І калі Мажэйка звярнуўся не ў суд, а ў камісію па этыцы, гэта зусім не азначае, што чыста прававы аспект пытання ў вердыкце можна ігнараваць.

Карацей, выснова камісіі пра “не зусім карэктную практыку выкарыстання спасылак” на двух згаданых рэсурсах выглядае вялай і недакладнай.

Казус Мажэйкі, з майго гледзішча (падмацаванага кансультацыяй з юрыстам) — акурат той выпадак, калі трэба наўпрост, катэгарычна заяўляць пра парушэнне аўтарскіх правоў.

Тым болей што праблема наспела і пераспела.

 

Нахабству няма мяжы?

Памятаю, некалькі гадоў таму я спытаў кіраўніка аднаго інтэрнэт-рэсурсу: чаму выкідаеце прозвішча пры перадруку маіх артыкулаў? І ведаеце што пачуў: мы падпісваем толькі аўтарскую журналістыку!

Уяўляеце ступень нахабства? Мала таго што выкарыстоўваюць мой твор не спытаўшы, дык яшчэ і вырашаюць, ці варты я подпісу пад ім!

Праўда, у выніку я даціснуў: перадрукі Класкоўскага сталі падпісваць. А вось імёны многіх маіх маладзейшых калег па-ранейшаму хаваюць у брацкай магіле безыменных, “абезгалоўленых” копіпастаў.

Зразумела, калі, напрыклад, Віктар Шэндэровіч вядзе блог на сайце “Эха Москвы”, то наўрад ці каму ўзбрыдзе ў галаву даваць перадрук ягонага тэксту адтуль без подпісу, са спасылкай “як паведамляецца на сайце “Эха Москвы”…”. Бо ўся фішка, увесь смак у тым, што гэта аўтарскі погляд Шэндэровіча. Тое ж тычыцца і нашых мэтраў — Святланы Калінкінай, Віктара Марціновіча, Валера Карбалевіча... Тут спрацоўвае вага імені.

Але ж у творчай моладзі абсалютна такія самыя правы, як і ў мэтраў. Мо годзе дыскрымінацыі?

Што радуе ў пастанове, якую я тут раздраконіў, дык гэта прапанова на наступным з’ездзе ўнесці дапаўненне ў Кодэкс прафесійнай этыкі БАЖ: “Матэрыялы, перадрукаваныя з іншых сродкаў масавай інфармацыі, павінны мець подпіс аўтара i адпаведныя спасылкі…” — і далей расшыфроўка.

Адзінае што некаторыя могуць зразумець так: да з’езду БАЖ можна копіпасціць ранейшым варварскім спосабам. Добра было б такіх аматараў расчараваць. І не толькі развагамі пра закон ды этыку, а мо нават і парачкай судовых працэсаў.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: