“З цікавасцю і, часам, з зайздрасцю сачу за правіламі, якімі кіруеццца ў сваёй прафесійнай дзейнасці маладая беларуская журналістыка. Я нават трохі здзівіўся, калі мне прапанавалі распавесці пра свае правілы. Ці ж могуць, падумаў я, быць карыснымі правілы, дакладней, прынцыпы, што павырасталі з рэаліяў, якія зараз не існуюць? Ці існуюць у той частцы журналістыкі, якую і журналістыкай назваць нельга. І ўсё ж спадзяюся, што і мой досвед будзе карысным. Адное што паспрабую – правесці рысу паміж правіламі прафесійных паводзінаў журналіста і правіламі ўласна журналісцкай творчасці. Паміж імі, безумоўна, існуе непарыўная сувязь. Але я ўсё ж засяроджуся на творчасці. Бо менавіта ў ёй сучаснай журналістыцы, асабліва сецівай, бракуе, на мой погляд, прафесійнасці. А іншым разам нават элементарнай пісьменнасці”.
Не здеквацца над жыццём
Прасцей – не намагацца ўціснуць рэальнае жыццё у загадзя прыгатаваную схему, у свае асабістыя ўяўленні, якім той ці іншы парадак жыцця павінен быць. То бок вывучаць жыццё і вучыцца ў яго.
Прасцей – не пісаць пра тое, чаго сам не ведаеш.
Яшчэ прасцей – не выдумляць.
Гэтым правілам, дзякуй Богу і больш дасведчанаму сябру, я кіруюся ад самай першай, так бы мовіць, пробы пяра, што адбылася ў 1961 годзе. Мне, тады студэнту 3 курса гістфака БДУ, газета “Чырвоная змена” прапанавала параўнаць жыццё амерыканскага і савецкага юнакоў. Пра амерыканца, вядома, я ведаў нашмат больш, нават пра тое, што ён Джон… Карацей кажучы, на адной старонцы газеты ўсё было пра Джона, на другой пра Івана, сапраўднага хлопца, які працаваў на заводзе імя Кастрычніцкай рэвалюцыі… З якім гонарам і нават асалодай я ўспрымаў віншаванні! Пакуль адзін старэйшы за мяне сябра не апусціў на зямлю: “Ніколі не пішы пра тое, чаго не ведаеш!” Дасюль памятаю, як твар накрыла чырвоная хваля сораму. Вось з таго сораму і нарадзілася гэта правіла.
Трымаць форму
Пад формай я маю на ўвазе тое, што калісьці звалося жанрам. Калісьці, таму што гэта паняцце, на мой погляд, з журналістыкі амаль знікла. Дакладней, у гэтай сферы пануюць убогасць, неахайнасць і блытаніна: артыкул чамусьці лічыцца нарысам, звычайная інфармацыя – рэпартажам, да слова знятая з дыктафона гутарка – інтэрвью, прымітыўная замалёўка прэтэндуе ледзь не на эсэ… Выбар жанра – вельмі складаны працэс, наўпрост залежыць ад тэмы, фактуры, пакінутага рэдакцыяй месца, калі гэта тычыцца папяровага выдання… Найпершая для мяне творчая праблема і безумоўнае правіла – выбраць дакладны жанр і прытрымлівацца ягоных законаў. Высокапрафесійны журналіст, на мой погляд, проста абавязаны валодаць рознымі жанрамі, а не хавацца, у лепшым выпадку, за так званай “сінтэтычнасцю”. Журналістыка – не літаратура…
“Апранаць” думкі
А вось гэта правіла якраз тычыцца літаратуры. То бок валодання мастацкімі сродкамі – сюжэтам, вобразнасцю, метафарай… Калі майму бацьку, аднаму са старэйшых беларускіх журналістаў, не падабаўся той ці іншы матэрыял, ён выказваўся так: “Голыя думкі”. Я згодны з ім – “голыя думкі” не чапляюць чытача. Размова не толькі пра публіцыстычныя жанры, якія лічацца найбольш блізкімі да літаратуры. Нават звычайная інфармацыя будзе нашмат цікавейшая, калі яе “апрануць”, да прыкладу, у метафарыстычны загаловак. Дарэчы, аб загалоўках. Што да мяне, дык я ўвогуле не пачынаю пісаць, пакуль не нарадзіўся загаловак, у якім засяроджваецца асноўная думка. Такое, так бы мовіць, падправіла.
І яшчэ адно. Чытаю зараз кніжку “Время несбывшихся надежд” – пра беларускую журналістыку 90-х гадоў. Зачапіла выказванне Сяргея Дубаўца, выдатнага журналіста і публіцыста. “На практыцы, - гаворыць ён, - я засвоіў два простыя, на першы погляд, пастулаты. Як аўтар, ты мусіш дбаць, каб тое, што ты сказаў, успрымалася іншымі так, як ты пра гэта падумаў. Абсалютна дакладна і менавіта так. Ніякіх “пашыральных” сэнсаў і тлумачэнняў быць не павінна”. Наконт “тлумачэнняў” я згодны. А вось наконт сэнсаў… Калі пад “іншымі” разумець шараговага чытача, то я прытрымліваюся свайго правіла: пакідаць чытачу месца для ўласных думак.
Не, не існуе ў журналісцкай творчасці нейкіх абмежаваных правілаў. Усе яны звязаны паміж сабой, вынікаюць адно з аднаго… То бок не тры іх. І нават не трыццаць тры…
Фота Вячаслава ДУБІНКІ