Вы здесь

Маніторынг: відавочнае ці неверагоднае?

У тыдзень маніторынгу для ўсіх трох тэлеканалаў былі характэрныя парушэнні прафесійных стандартаў балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад меркаванняў, верагоднасці, дакладнасці і аператыўнасці.

 

Агульная характарыстыка парушэнняў прафесійных стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат»

З 8 па 12 верасня ў выпусках навінаў на «Беларусь 1»  больш за палову матэрыялаў выйшлі з прыкметамі палітычнай замовы ці цэнзуры – 54%, на ОНТ – 51%, на «Белсаце» - 26%.

Замоўныя палітычныя сюжэты на дзяржканалах традыцыйна адлюстроўваюць дзейнасць уладаў і сілавых структур. Пазбаўленыя праблемнасці і рэальнай інфармацыйнай значнасці, яны дзейнічаюць як маркеры “рытуальнай прысутнасці” ўлады ў полі грамадскай увагі.

У гэтым катэксце разгорнутые сюжэты пра візіты прэзыдэнта на гарбарнае прадпрыемства ў  Гатава (“Беларусь 1” і ОНТ, 09.09.2014) ды жывёлагадоўчыя комплексы (“Беларусь 1” і ОНТ, 12.09.2014) не асвятляюць праблемы, а дэманструюць іх адсутнасць - бо ўсё пад кантролем.

Сюды ж трапляюць звесткі пра міжнародныя візіты і пазітыўныя сюжэты пра беларускіх лётчыкаў (“Беларусь 1” і ОНТ, 10.09.2014), ракетчыкаў (ОНТ, 11.09.2014), ратаўнікоў-пераможцаў міжнародных спаборніцтваў (ОНТ, 10 верасня) і міліцыянтаў (“Беларусь 1” і ОНТ, 10.09.2014).

Прыкметы замоўленасці былі характэрныя для сюжэтаў антыамерыканскай накіраванасці. Так, да знешне аб’ектыўнага сюжэта пра гадавіну трагедыі 11 верасня ў ЗША была дададзеная звышкрытычная кода: “Спустя десятилетие Афганистан по-прежнему остается рассадником терроризма. Восьмилетняя оккупация Ирака закончилась выводом иностранного контингента, после чего в стране воцарился политический хаос, грозящий распадом государства на части. Воспользовавшись этим, четверть территории Ирака сегодня контролируют исламские радикалы из террористической организации ИГИЛ. Как и в начале двухтысячных, США вновь наносят бомбовые удары по территории Ирака и сколачивают международную коалицию для борьбы все с тем же международным терроризмом” (ОНТ, 11.09.2014).

У той самы выпуск “Наших новостей” трапіў і матэрыял супраць замежных (перад усім - амерыканскіх) аналітычных цэнтраў. Выснова сюжэту была такая: “Аналитических центров становится больше, и если раньше фабрики мысли штамповали универсальные критерии стабильности, демократии, прав и свобод, всеобщего благополучия, то сегодня появляется альтернатива, а значит - широкие возможности для объективных оценок” (ОНТ, 11.09.2014).

Частка непалітычных матэрыялаў дзяржаўных каналаў выгладала, як рэклама або карпаратыўная замова. Менавіта, так прагучалі сюжэты пра прэзентацыю новых дывайсаў фірмы Apple (“Беларусь 1”, 09.09.2014), сядзібу агратурызму (“Беларусь 1” і ОНТ, 10.09.2014), кавярня хуткага харчавання “Колобки” (ОНТ, 11.09.2014), вытворчасць валенкаў (“Беларусь 1”, 11.09.2014).

У выпадку “Белсата” можна казаць пра прынцыповую антылукашэнкаўскую і антыўладную арыентацыю. Сюжэты перыядычна ператвараюцца ў дэманстрацыю асабістых прыхільнасцяў журналістаў і вядоўцаў, што прыніжае якасць матэрыялу і спрыяе ангажаванасці ягонай падачы.  І ў навінавай праграме робяцца магчымымі выказванні накшталт: “Часам здаецца, што шукаць логіку ў дзеях уладаў Беларусі марна. Пакуль Крапівенскае поле пад Воршай атачылі полчышча міліцыянтаў … у Заслаўі паставілі помнік князю Ізяславу” (“Белсат”, 08.09.2014) “Здзіўляцца беларусафобству ў краіне, якую знішчалі то нацысты, то камуністы, не выпадае. Мільёны загубленых жыццяў, вынішчаная эліта - усё гэта ўплывае на развіцце Беларусі нават сёння” (“Белсат”, 11.09.2014).

 

Найбольшыя адсоткі парушэнняў зафіксаваныя ў трох катэгорыях:

1. Стандарт паўнаты інфармацыі - “Беларусь 1” і”Белсат” парушылі яго ў 70% матэрыялаў, ОНТ – у 69%.

Гэты стандарт парушаецца каналамі спецыфічным чынам.

З аднаго боку, матэрыялы не даюць вычарпальную інфармацыю пра падзею ці праблему і пакідае гледача з пытаннем “што адбылося і як гэта разумець?” Добрай ілюстрацый браку ўсебаковай і ўцямнай падачы інфармацыі  можа быць тыднёвае асвятленне ОНТ  украінскіх падзеяў, якія можна апісаць цытатай з аднаго сюжэта: “Стороны конфликта на юго-востоке Украины заявляют, что в целом режим прекращения огня соблюдается, но сообщения о новых вспышках боевых действий на информационных лентах появляются регулярно. Под огнем снова населенные пункты Донбасса, минные снаряды рвутся прямо в жилых кварталах…” (ОНТ, 10.09.2014)

З другога боку, адбываецца зваротны працэс – тэксты фармату “два сюжэты ў адным”. Альбо нават “тры сюжэты ў адным”. Так, матэрыял “Белсату” пра падробны пармезан (”Белсат”, 11.09.2014), трасфармуецца ў расповед пра візіты расейцаў у Беларусь па прадукты і завяршаецца высновамі пра Беларусь як стратэгічны пляцдарм Расеі. Аналагічная тэматычная перанасычанасць прасочваецца на дзяржканалах - збольшага, у справаздачах аб дзеяннях Аляксандра Лукашэнкі.

Такія прыёмы ў пабудове матэрыялу “дэцэнтруе” свядомасць глядача і фактычна нівэлюе сэнс канкрэтнага паведамлення.

Сустракаюцца матэрыялы, у якіх надахоп фактуры выглядае фільтрам зместу, адсякаючы “другаснае”. Напрыклад, на афіцыйным паседжанні прэзыдэнт распавядае пра дзяржаўнае  арэнднае жытло і патрабуе сумленнага размеркавання (“Беларусь 1” і ОНТ, 08.09.2014)- сюжэт працуе як рэклямны ролік улады, але глядач так і не даведаўся: куды і да каго звяртацца па таннае жытло?

Паўната паведамлення губляецца таксама ў выпадках, калі частка інфармацыі  для канала з’яўляецца непажаданай. Cюжэт пра афіцыйны візыт міжведамаснай дэлегацыі ўраду ЗША ў Беларусь у версіі дзяржаўных каналаў “згубіў” праблему палітзняволеных, акцэнтаваўшы ўвагу на падтрымцы ЗША “миротворческих усилий Минска” (ОНТ) і магчымасці развіцця двухбаковых адносінаў (“Беларусь 1”), а ў “белсатаўскім” - толькі на ёй - праблеме палітзняволеных - і засяродзіўся (усе сюжэты выйшлі ў эфір - 11.09.2014).

 

2. Стандарт верагоднасці інфармацыі найбольш парушаўся на ОНТ (65% ад усіх матэрыялаў, якія выйшлі ў эфір вечаровых навінаў). Колькасць матэрыялаў з такімі парушэннямі на канале “Беларусь 1” склала 63%, на “Белсаце” – 58%.

Журналісты дзяржканалаў часцей за ўсё спасылаліся на ананімныя крыніцы: “ситуация квалифицируется”, “по мнению экспертов”, “в Великобритании опасаются”,  “в главном ведомстве утверждают”, “местные жители сообщают”, ”по оценкам международных специалистов” і г.д.

Падобныя спасылкі прысутнічалі і ў сюжэтах “Белсату”: “па меркаваннях некаторых экспертаў”, “адмыслоўцы раюць”, “Вашынгтон жадае”, “заяўляюць міжнародныя даследнікі”, “паводле інфармацыі з украінскага боку”, “па непадцверджанай інфармацыі….”

 

3. Стандарт балансу думак - на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ зафіксавана роўная колькасць матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя парушэнні падобнага кшталту, – па 61%. Крыху меньш на «Белсаце» - 58% ад усіх матэрыялаў, якія выйшлі ў эфір.

Баланс думак на дзяржаўных каналах існуе толькі па-за межамі палітычнага і сацыяльнага поля і фактычна працуе у фармаце цэнзурнага фільтра. Так, у сюжэце пра будаўніцтва дзяржаўнага арэнднага жытла на абодвух дзяржаўных каналах не знайшлося месца для каментароў незалежных экспертаў (БТ і ОНТ, 08.09.2014). Візыт прэзідэнта на гарбарнае прадпрыемства з прамовамі аб накірунках яе рэфармавання не атрымалі вербальнай альтэрнатывы (БТ і ОНТ, 09.09.2014).

У сюжэце пра айчынны фастфуд не знайшлося месца ні экспертнай адзнацы ягонай карысці, ні водгукам спажыўцоў (акрамя, уласна, аўтара сюжэта) (ОНТ, 11.09.2014). Старанна замоўчваюцца і “непажаданыя” старонкі гісторыі: 500-гадовы юбілей бітвы пад Воршай увогуле не згадваецца на дзяржаўных каналах, а матэрыял пра адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар загінуўшых ў 1944-47 гг. міліцыянтах распавядаецца, як яны “вели практически настоящую войну с бывшими полицаями, немецкими пособниками и частями, оставшимися в глубоком тылу” (ОНТ, 10.09.2014), без альтэрнатыўнага пункту гледжання на той праблемны пэрыяд беларускай гісторыі.

Для “Белсату” таксама характэрныя падобныя парушэнні гэтага стандарту, але ў дыяметральна супрацьлеглым ракурсе: на тэлеканале практычна адсутнічае “голас улады”. Наяўнасць прамоваў Аляксандра Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў улады рознага рангу мінімальна (асабліва ў параўнанні з дзяржаўнымі каналамі). Нават у выпадках, калі гэта тэхнічна магчыма, іншы бок не мае слова.

Напрыклад, у сюжэце пра звальненне настаўніцы па палітычным матывам адсутнічае пазыцыя кіраўніцтва школы, імі ад першай асобы не агучана матывацыя звальнення (“Белсат”, 09.09.2014). Сюжэт пра бітву пад Воршай атрымаў толькі “правільны” каментар (“Белсат”, 08.09.2014). Пазіцыя грамадзянаў, якія не падзяляюць погляд на гэтую падзею як “слаўную дату беларускай гісторыі”, увогуле не агучвалася. У сюжэт пра рэферэндум ў Шатландыі не трапілі тыя, хто супраць аддзялення ад Вялікабрытаніі (“Белсат”, 08.09.2014).

Усе з трох тэлеканалаў на тыдні маніторынгу прадэманстравалі прыкладна роўныя ў адсоткавым вымярэнні парушэнні стандарту аддзялення фактаў ад думак: па 48% матэрыялаў са згаданым парушэннем выпусцілі у эфір каналы «Беларусь 1» і «Белсат», 43% - ОНТ.

На дзяржканалах парушэнне гэтага стандарту часцей за ўсё сустракалася ў праўладных матэрыялах з прыкметамі палітычнай ангажаванасці. Так, з нагоды візыта прэзідэнта на гарбарнае прадпрыемства, карэспандэнт нечакана заўважае “всгда есть вероятность выгодного предложения”  (ОНТ, 09.09.2014). Узнагароджанне прэзідэнтам кіраўнікоў хакейнага чэмпіянату атрымала аптымістычны фінал: Поддержка государства и Президента лично позволили провести чемпионат на самом высоком уровне. И главное, большинство из объектов, возведенных к хоккейному форуму, будет работать на белорусов” (“Беларусь 1”, 11.09.2014). Аўтар сюжэта пра палёты вайсковых самалётаў заўважае: “То, что во всем мире считается высшим пилотажем, для летчиков Беларуси – стандартное требование”. (ОНТ, 10.09.2014). “Все вдруг поняли”, “даже косметологи просят больше полезных бактерий”, “Евросоюз потихоньку переходит на органику” - такія канструкцыі сустракаюцца ў матэрыяле ОНТ з нагоды адкрыцця Цэнтра аналітычных і геннаінжынерных даследванняў  (ОНТ, 09.09.2014), а карэспандэнт “Беларусь 1” у сюжэце на аналагічую тэму сцвярджае:  “Не исключено, что позже эти продукты начнут продавать в том числе и за рубеж” (“Беларусь 1”, 09.09.2014).

У матэрыялах «Белсата» сітуацыя складаецца іншым чынам: аўтары ды рэдактары працуюць у якасці экспертаў альбо публіцыстаў, дазваляя сабе жорсткія высновы альбо лірычныя адхіленьні ад тэмы: “Падабенства беларускай ды кітайскай эканомікі ў тым, што яны арыентаваныя не на сваіх грамадзян, а на колькасныя паказнікі” (“Белсат”, сюжэт аб эканамічным кангрэсе ў Кітаі, 11.09.2014),  “Для Расіі Беларусь – не толькі крыніца пармезану, але і стратэгічная тэрыторыя ў вайне з верагодным праціўнікам” (“Белсат”, 11.09.2014).

У сюжэце пра акцыю “кулінарнай” салідарнасці з Украінай раптам з’яўляецца лірычны фінал:  “Галоўнае ж, вядома, не грошы і нават не боршч. Важна быць побач з тымі, каму сёння цяжка як ніколі. А салідарнасць, нават калі яна і сімвалічная, можа зрабіць шмат і для таго, хто ў патрэбе, і для таго, хто дапамагае” (“Белсат”, 10.09.2014).

Журналісты нібыта “дапрацоўваюць” недасканалую інфармацыйную карцінку. У навінавай праграме на “Белсаце” перадузятасць інфармацыі стабільна падвышаюць дыскурсіўныя практыкі вядоўцы: ангажаваныя падводкі і адводкі (“намагаецца крэтывіць і беларуская апазіцыя”, “Беларусь стала буйным экспарцёрам спрадвечна беларускіх асьміногаў і крэветак”, “Дык ці верыць насамрэч у расейска-ўкраінскі мір хоць нехта?”, “І яшчэ адна смерць на сумленні дзяржавы”), а таксама спецыфічная манера пачынаць эфір: напрыклад, 8 верасня першае, што пачулі гледачы “Белсата”: “Тэрарысты! Расейскія тэрарысты спынілі (магчыма, толькі часова) абмен палоннымі. Вось такія гарачыя навіны з Данбасу ў нашым інфармацыйным падсумаванні”. У выпуску праграмы асобнага матэрыяла з гэтай нагоды не было.

Парушэнні стандарту дакладнасці інфармацыі зафіксаваныя ў 41% матэрыялаў ОНТ, 31% - сюжэтаў, што выйшлі на канале «Беларусь 1». На тэлеканале «Беларусь 1» у тыдзень маніторынгу быў 31% такіх матэрыялаў, на «Белсаце» - 24%.

У межах маніторынгу “Белсат” вылучыўся адмысловым сюжэтам з грубым парушэннем дакладнасці інфармацыі. Так, матэрыял пра загінулага ва Ўкраіне расейскага кантрактніка будуецца на “неправеранай інфарацыі” (пра што адкрыта кажуць ў эфіры): “Ва Ўкраіну ён трапіў, як і пераважная большасьць маладых расейцаў. Паводле сяброў загінулага, брыгадзе сказалі, што іх адпраўляюць у камандзіроўку на вучэнні. Па непацвержданай інфармацыі, баявая машына, у якой знаходзіўся хлопец, была падбітая, а сам Вячаслаў памер ад раненняў”. “Па інфармацыі з украінскага боку, за час канфлікту загінула ня менш за 2000 байцоў з расейскага боку. Колькі іх насамрэч, наўраці нехта ведае” (“Белсат”, 09.09.2014).

Таксама дапускаліся цверджанні, што аварыю ў Гродне кіроўца здзейсніў “пад спайсам” (“Белсат”, 09.09.2014), калі праваахоўныя органы толькі выказвалі верагоднасць гэтага. Больш за тое, у працяг тэмы быў зроблены матэрыял аб шкодзе ужывання гэтага наркатычнага рэчыва.

Найбольшыя хібы з аператыўнай падачай інфармацыі на тыдні з 8 па 12 верасня выявіліся ў тэлеканала «Белсат» - 24% тэмаў і падзеяў не было асветлена ў той самы дзень, калі яны былі актуальныя. На ОНТ гэты паказчык склаў 16%, на «Беларусь 1» - 13%.

Найбольш грубыя парушэнні “Белсату”: паведамленне пра смерць расейскага кантрактніка, што адбылася 29 жніўня, паведамілі 9 верасня - з рэмаркай, што “на жаль, такая інфармацыя з’яўляецца кожны дзень”  (“Белсат”, 09.09.2014). Зняволены забіў сябе “год таму“, але гэта стала вядома толькі “толькі зараз” (“Белсат”, 10.09.2014) (прычым, не удакладняецца ці гэта канал пра гэта даведаўся са спазненнем, ці інфармацыя не была даступная увогуле) Хранічна спазняецца культурная хроніка: сюжэты з’яўляюцца праз дзень пасля падзеяў.

Дзяржаўныя каналы ў плане апэратыўнасці выглядаюць лепш - сюжэтаў гадовай даўніны на іх не было. Найбольшая дыстанцыя паміж падзеяй і сюжэтам склала чатыры дні (ОНТ, 08.09.2014, “Беларусь против Белорусии” - сюжэт пра тое, што беларус атрымаў рэакцыю суда на сваю позву супраць расійскіх инфармацыйных агенцыяў з’явіўся на іншых рэсурсах 4 верасня).

 

Ключавыя грамадска-палітычныя тэмы, пададзеныя каналамі ў матэрыялах з прыкметамі замоўленасці (цэнзуры)

 

8 верасня, панядзелак

Асноўным сюжэтам дня на тэлеканалах “Беларусь 1” і ОНТ стала нарада, якую правёў Аляксандр Лукашэнка па пытаннях дзяржаўнага арэнднага жытла. “Беларусь 1” падаў матэрыял у звыклым для сябе фармаце справаздачы, пабудаванай пераважна на сінхронах кіраўніка дзяржавы. Сюжэт не змяшчаў каментароў экспертаў, а таксама не рэпрэзэнтаваў меркаванне патэнцыйных арэндатараў. Акрамя хібаў з балансам думак, у матэрыяле зафіксананыя парушэнні ў аддзяленні фактаў ад думак і стандарту даставернасьці, паўнаты інфармацыі.

Матэрыял канала ОНТ на гэтым тле адрозніваўся большай збалансавансцю думак (акрамя Аляксандра Лукашэнкі, слова дадзена “простаму чалавеку”, які ўжо засяліўся ў арэндны дом), але ўтрымліваў хібы з дакладнасцю і даставернасцю інфармацыі, аддзяленнем фактаў ад думак, паўнатой пададзенай інфармацыі.

Адной з галоўных тэмаў на “Белсаце” сталася 500-годдзе бітвы пад Воршай. У сюжэце зафіксаваны відавочны дысбаланс думак і парушэнне стандарту аддзялення фактаў ад думак. І вядоўца, і аўтар матэрыяла дазвалялі сабе выказваць уласнае меркаванне.

 

9 верасня, аўторак

“Беларусь 1” і ОНТ першым сюжэтам далі справаздачу працоўнага візіта Аляксандра Лукашэнкі на гарбарнае прадпрыемства ў Гатаве. Сюжэтам адводзіцца значная колькасьць часу ў эфірнай сетцы (на “Беларусь 1” - 13 хв. 16 с., на ОНТ - 12 хв. 33 с). У абодвух матэрыялах зафіксаваныя парушэнні стандарту даставернасці, дакладнасці. Аўтары не аддзяляюць факты ад думак, дапускаюць выказванне ўласных меркаванняў і/або карыстаюць дэкларатыўныя заявы, не падмацаваныя крыніцамі. Ёсць парушэнні балансу думак - з той розніцай,  што “Беларусь 1” дэманструе ягоную адсутнасць (матэрыял пабудаваны пераважна на сінхронах кіраўніка дзяржавы),  а ОНТ - ягоную імітацыю (спроба надаць афіцыйнай хроніцы “чалавечы твар” – у дадзеным сюжэце рэпрэзэнтавана меркаванне супрацоўніцы завода).

Галоўны матэрыял выпуску на “Белсаце” - “Следства: “боінг” збілі”. Матэрыял з нагоды абнародвання справаздачы нідэрландскіх экспертаў па катастрофе самалёта “Малазійскіх авіялініяў” ўтрымлівае парушэнні балансу думак, даставернасці, дакладнасці, аддзялення фактаў ад думак. Вядоўца ў размове з экспертам выказвае суб’ектыўнае дапушчэнне аб віне Расіі ў катастрофе, што ніяк не пацверджана экспертамі (“Нідэрланскія следчыя ўстрамліваюцца ад таго, каб назваць вінаватым расейскі бок. На вашу думку, чаму? Няўжо ёсць іншыя версіі? Магчыма, іншыя вінаватыя? Альбо гэта Расея?”).

 

10 верасня, серада

“Беларусь 1” і ОНТ прапанавалі ў якасці асноўнай тэмы дня – вучэбныя пасадкі самалётаў на трасе Мінск-Магілёў. Сюжэты парушалі стандарты даставернасці, дакладнасці, аддзялення фактаў ад думак. Былі хібы і з балансам думак -  прамаўлялі толькі вайскоўцы, якія і праводзілі вучэнні. Іх дзейнасць была прадстаўлена ў пазітыўным ракурсе.

Адной з тэмаў, што тычылася асвятлення падзеяў у краіне на “Белсаце”, стаўся матэрыял пра справы зніклых палітыкаў. У ім былі парушаныя стандарты балансу думак, паўнаты, даставернасці і дакладнасці, а таксама аддзялення фактаў ад думак.

 

11 верасня, чацьвер

“Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды” – гэтая тэма сталася галоўным на каналах “Беларусь 1” і ОНТ. Сюжэты выключна пазітыўна і кампліментарна прэзэнтуюць дзейнасць суб’ектаў рэпартажу. У матэрыялах парушаецца стандарт даставернасці. Аўтары дапускаюць суб’ектыўныя цверджанні, парушаючы стандарт аддзялення фактаў ад думак.

Матэрыял “Зроблена не ў Беларусі” цяжка аднесці да навінавага матэрыялу - з-за досыць іранічнай падачы слаба структураванага разнапланавага матэрыялу. У сюжэце зафіксаваныя парушэнні стандарту баланса думак, паўнаты і даставернасці. Сюжэт змяшчае элементы памфлета (“Смаката!”, “А Крамлю ўсё мала”, “Беларусь стала буйным экспарцёрам спрадвечна беларускіх асьміногаў і крэветак”), што падмацоўваецца і падводкай ад вядучага з абвінавачваннем улады ”сінявокай”  ў “перайначванні і перакручванні”.

 

12 верасня, пятніца

Тэлеканалы “Беларусь 1” і ОНТ пачалі вечаровыя выпускі навінаў з матэрыяла ў фармаце справаздачы – Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрымства “ЖодзінаАграПлемЭліта” і выказаўся па шэрагу пытанняў, датычных жывёлагадоўлі. Сюжэты выключна пазітыўна прэзентавалі кіраўніка дзяржавы, будаваліся на ягоных сінхронах, у іх адсутнічалі меркаванні незалежных экспэртаў. Аўтары матэрыялаў парушалі прынцып аддзялення фактаў ад думак, стандарты даставернасці. Пад гэтыя сюжэты была адведзеная значная колькасць эфірнага часу - 13 хв. 18 с. на “Беларусь 1” і 11 хв. 31 с. на ОНТ.

Телеканал “Белсат” звяртаецца да тэмы праблемаў польскамоўнага навучання на Гарадзеншчыне - у пэрспектыве навучанне можа весціся па-расейску. Акрамя таго, што сюжэт утрымлівае парушэнні стандартаў баланса думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад думак, у яго дадаткова ўведзеная праблема атрымання “адукацыі на роднай мове”.

 

Замоўчаная тэлеканаламі грамадска важная інфармацыя

Выбар замоўчаных тэмаў рабіўся на падставе аналізу стужкі навінаў двух галоўных інфармацыйных агенцтваў Беларусі: БелаПАН і БелТА.

Каналы

8-12 верасня 2014 г.

колькасць замоўчаных тэмаў

«Белсат»

12

«Беларусь 1»

16

ОНТ

21

 

8 верасня, панядзелак

500-годдзе бітвы пад Воршай – не было на каналах Беларусь 1 і ОНТ

Бацька Мікалая Статкевіча атрымаў ліст з пагрозамі – не было на ніводным тэлеканале (“Белсат” даў навіну на наступны дзень, 9 верасня)

Арт-праект Zabor вярнуўся ў Мінск (адкрыццё выставы) – не было на канале ОНТ, канал “Беларусь 1” даў інфармацыю 10 верасня, “Белсат” – 11 верасня.

У Беларусі з 17 верасня пражытачны мінімум будзе разлічвацца па-новаму – не было на ОНТ і “Белсаце”, “Беларусь 1” даў інфармацыю 9 верасня ў тэматычным эканамічным блоке.

Прадстаўніца АБСЕ па пытання свабоды СМІ Дуня Міятовіч 15-16 верасня наведае Мінск з афіцыйным візітам – не было на ніводным тэлеканале

У Мінску з вакна шостага паверху выпала 6-гадовая дзяўчынка – не было на ніводным з тэлеканалаў

9 верасня, аўторак

У Мінску на 9,8% падвышаныя тарыфы на паслугі ЖКГ для насельніцтва – не было на тэлеканалах “Беларусь 1” і ОНТ

Польскі прэм'ер Дональд Туск падаў у адстаўку – не было на тэлеканалах “Беларусь 1” і ОНТ

У Баку прайшла чацьвертая нефармальная сустрэча кіраўніков МЗС краін-удзельніц праграмы ЕС "Усходняе партнерства" – не было на “Белсаце”.

10 верасня, серада

Новы фармат працоўных кніжак уводзіцца ў Беларусі – не было на тэлеканале ОНТ, тэлеканал “Беларусь 1” даў інфармацыю 11 верасня ў тэматычным эканамічным блоке, “Белсат” - 12 верасня

Дзярждэп ЗША: Перашкодай на шляху супрацоўніцтва з Беларуссю застаецца пытанне палітзняволеных – не было на тэлеканалах “Беларусь 1” і ОНТ

Са Змітра Дашкевіч зняты прывентыўны нагляд – не было на ніводным з тэлеканалаў

11 верасня, чацьвер

Гадавіна тэракту ў ЗША – не было на ОНТ

У Мінску прэзентаваны альтэрнатыўная спаваздача ў Раду па правах чалавека ААН аб свабодзе ассацыяцый ў Беларусі, які падрыхтавалі прадстаўнікі НДА – не было на ніводным з тэлеканалаў

Міністр ЖКГ: Насельніцтва кампенсуе толькі каля чвэрці рэальных расходаў на жыллёва-камунальныя паслугі – не было на ніводным з тэлеканалаў

ЕБРР выдзяляе "МТБанку" 5 млн. Даляраў на падтрымку малога бізнэса ў Беларусі – не было на ніводным з тэлеканалаў

Затрыманы актывіст Павел Вінаградаў – не было на “Беларусь 1” і ОНТ, “Белсат” даў інфармацыю 12  верасня

12 верасня, пятніца

ЕС і ЗША ўвялі новыя санкцыі ў дачыненьні да Расіі – не было на ОНТ (на “Беларусь 1” у рэжыме ўзгадкі у агульным сюжэце пра сітуацыю ва Ўкраіне)

Павел Вінаградаў асуджаны на 15 сутак і атрымаў штрафы – не было на “Беларусь 1” і ОНТ

З'езд БНФ перанесены на месяц з-за немагчымасці знайсці памяшканне – не было на ніводным з тэлеканалаў

Прысяга маладых супрацоўнікаў Следчага камітэта: 3 гады ад стварэння структуры, якая мусіла зрабіць следства ў Беларусі незалежным – не было на “Белсаце”

Навучэнцы сярэдней школы Магілева просяць Мікалая Лукашэнку дапамагчы добраўпарадкаваць тэрыторыю каля школы – не было на ніводным з тэлеканалаў.

Дамову аб адмене візавага рэжыма паміж Беларусьсю і Ізраілем падпішуць у Мінску 19 верасня – не было на ніводным з тэлеканалаў.

 

  Парушэнне стандартаў «Беларусь 1» ОНТ «Белсат» Заўвагі
1. Матэрыялы з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры 54%
36 (з 67)
51%
25 (з 49)
26%
13 (з 50)
Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
  1.1. Матэрыялы з прыкметамі палітычнай замоўленасці (альбо цэнзуры) 26 15 10 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.1. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу 0 0 8 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.2. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу 24 15 0 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.3. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю 0 0 0 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.4. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю 0 0 0 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.2. Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці ці рэкламы 7 4 2 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.3. Замоўныя матэрыялы на тэмы замежжа 0 2 1 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
2. Матэрыялы з парушэннямі стандарту балансу думак 61%
41 (з 67)
61%
30 (з 49)
58%
29 (з 50)
Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
3. Матэрыялы з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі 70%
47 (з 67)
69%
34 (з 49)
70%
35 (з 50)
Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
4. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак 48%
32 (з 67)
43%
21 (з 49)
48%
24 (з 50)
Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
5. Матэрыялы з парушэннямі стандарту верагоднасці інфармацыі 63%
42 (з 67)
65%
32 (з 49)
58%
29 (з 50)
Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
6. Матэрыялы з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі 31%
21 (з 67)
41%
20 (з 49)
24%
12 (з 50)
Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
7. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі 13%
9 (з 67)
16%
8 (з 49)
24%
12 (з 50)
Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

ДАВЕДКА

Падчас маніторынгу дэтальны разбор закрануў 166 матэрыялаў[1], якія выйшлі ў эфір выніковых вечаровых выпускаў навінаў у будзённыя дні з панядзелка па пятніцу на трох беларускіх каналах: двух дзяржаўных («Беларусь 1» і ОНТ) і адным недзяржаўным («Белсат»).

Аб’ектамі маніторынгу з’яўляюцца выніковыя выпускі навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат». Штомесяц метадам выпадковай выбаркі прызначаецца адзін тыдзень, цягам якога будзе праводзіцца маніторынг. Прадстаўленыя вынікі тычацца вечаровых навінаў, што былі ў эфіры з 8 па 12 верасня 2014 года – “Панорама” (“Беларусь 1”), «Наши новости» (ОНТ) і “Аб’ектыў” (“Белсат”). За гэты час на тэлеканале “Беларусь 1” выйшла 67 матэрыялаў, на ОНТ – 49, на “Белсаце” – 50.

Маніторынг складаецца з трох частак: 1) маніторынгу матэрыялаў, што маюць прыкметы замоўленасці, цэнзуры альбо прапаганды; 2) маніторынгу замоўчаных тэмаў у выпусках навінаў; 3) маніторынгу адпаведнасці стандартам інфармацыйнай журналістыкі.

Для маніторынгу няважна, якія абставіны (прычыны) прывялі да згаданых парушэнняў у выпусках тэлевізійных навінаў: ці гэта цэнзура з боку ўладаў, ці самацэнзура журналістаў, ці нізкі прафесійны ўзровень. Сутнасць праблемы палягае ў тым, што глядач атрымлівае перадузятую інфармацыю, то бок створаную на карысць аднаго з бакоў. Да таго ж яго пазбаўляюць адэкватнага разумення падзеяў і працэсаў, што адбываюцца ў краіне.

 

 

 




[1] За адзінку бралася паведамленне, якое мела пэўна вызначаны пачатак і заканчэнне. Выключэнне складалі дайджэст міжнародных навінаў і эканамічная праграма “В курсе” (телеканал “Беларусь 1), якія складаліся з некалькіх кароткіх паведамленняў  – яны лічыліся за адзін матэрыял. 

 

 

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: