ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Грымучая сумесь “Нашай нівы”: порна, гвалт і лыжачка русафобіі

Халіварам вакол публікацыі анекдота пра згвалтаванне беларусам маскоўскай порназоркі сайт nn.by, трэба думаць, добра ўзняў паказчыкі наведвання. Але ці ўсе сродкі добрыя дзеля гэтага?

 

“Ржачка” без межаў?

Калі нейкі час таму НН пачала дрэйф ад выдання элітарнага, гэтакага рупара нацыянальна свядомай інтэлігенцыі, да выдання масавага (“пачала жаўцець”, як казалі многія), асабіста я надта не пераймаўся. Бо і масавыя, бульварныя медыі могуць быць па-свойму якаснымі, калі робяцца прафесійна і датрымліваюць пэўную планку.

Яшчэ болей, уважаю за заслугу НН тое, што яна паказала: не абавязкова змагацца за беларушчыну з каменным тварам ды сувора сцятымі вуснамі — можна прасоўваць яе крэатыўна, нестандартна, з доляй свавольства, калі хочаце.

Але СМІ адрозніваюцца ад блогаў, сацыяльных сетак тым, што так ці іначай “фільтруюць базар”. Сёння, калі хто заўгодна можа запосціць любое глупства, любую дэзу, паклёп ці пошласць на цэлы свет, яшчэ болей запатрабаванай становіцца місія медыяў як крыніц, што працуюць з плынямі інфармацыі ды меркаванняў прафесійна, адказна. А менавіта: робяць селекцыю (не блытаць з цэнзурай), вылучаюць галоўнае, асэнсоўваюць, трактуюць, расстаўляюць акцэнты.

І гэта вымагае ацэнкі, у тым ліку і маральнай, эстэтычнай, нарэшце прававой, усяго таго, што прыплывае ў рэдакцыю. Іначай у вас будзе сметніца, а не выданне.

Ёсць рэч, якая называецца рэдакцыйнай палітыкай. Прыстойная рэдакцыйная палітыка не дазваляе пад маркай свабоды слова друкаваць тое, што кепска пахне; карыстацца дзеля падвышэння продажаў (прыцягвання пстрыкаў на сайт) метадам накідання пэўнай субстанцыі на вентылятар.

Калі разглядаць падвышэнне наведвання сайта як самамэту, то рэдакцыя НН дамагаецца яе бліскуча. Але кепска, калі гэта робіцца праз расцярушванне прафесійнай маралі.

Аргумент кшталту: няма забароненых тэм для анекдотаў — хібны. Ёсць жарты недарэчныя, дурныя. Расійскі акцёр Парэчанкаў таксама вунь спрабуе аджартавацца, пастраляўшы (нібыта халастымі) па ўкраінцах: маўляў, цяпер баюся відэлец у рукі браць, бо і ім можна шкоду зрабіць.

Абрагатацца можна, праўда? Давайце складаць анекдоты пра кіназорку, відэлец і данбаскую мясарубку. Класная будзе ржачка.

 

 

Не чыркаць запалкай ля бочкі з міжэтнічным порахам

Цікава, а калі б, крый божа, мела месца згвалтаванне украінкі ці беларускі расійцамі, НН гумарыла б аналагічным чынам? Штосьці мне падказвае: наўрад ці. Атрымліваецца, што рэдакцыя хоцькі-няхоцькі дала падставы для попрокаў у латэнтнай русафобіі.

Увогуле, дакладу я вам, міжнацыянальная тэматыка найменей пасуе для выскаляння. У гісторыі не раз так было: пачыналася з кпінаў, здзекаў — канчалася разнёй, войнамі.

Зноў жа: адна рэч, калі нейкі сумнеўны анекдот распавядаецца на кухні, у курылцы, іншая — калі выносіцца ў медыі. Канечне, мяжа між дасціпным і пошлым ў пэўнай ступені суб’ектыўная, але яна ёсць. Друкуючы тыя ці іншыя ўзоры гумару, выданне дэманструе і свой узровень.

І “кейс порназоркі” — гэта, мяркую, той выпадак, калі рэдакцыі здрадзіла пачуццё густу, прафесійнай этыкі. Ды і палітычнае пачуццё, калі хочаце.

Глядзіце, што атрымалася. Высілкамі рэдакцыі была згатавана грымучая сумесь: гвалт, порна ды міжнацыянальная праблематыка.

Па-першае, “гумар” звязалі з канкрэтным выпадкам, калі, як можна меркаваць, адбылося цяжкае злачынства. Ні ў якім крымінальным кодэксе не напісана, што порнаакторак можна гвалтаваць і за гэта нічога не будзе. Аргументы “так ёй і трэба” — пячорныя. Пад катэгорыю “так ім і трэба” пры пэўных перакананнях лёгка можна падвесці якую заўгодна неўпадабаную групу — геяў, габрэяў, палітычных праціўнікаў рэжыму (што і адбывалася не раз у гісторыі).

Па-другое, можна быць практычна на 100% упэўненым, што ўдзельнікі гэтай крымінальнай гісторыі не разважалі ў катэгорыях міжнацыянальных дачыненняў. Ці скажам так: у меркаваным злачынстве не мелася міжэтнічнага падтэксту.

Гэты матыў быў прыўнесены ў тэму адным з чытацкіх каментаў. Што не дзіўна, бо нацыянальнае/міжнацыянальнае ёсць профільнай праблематыкай НН і аўдыторыя ў выдання/сайта адпаведная.

Але што адбываецца далей? Далей рэдакцыя падхоплівае гэты камент, выцягвае яго ў рубрыку “Анекдоты”. То бок робіць селекцыю, правакуе інтарэс, ставіць акцэнт. І такім чынам, на мой погляд, апускае ніжэй за плінтус важную, далікатную праблематыку.

Я маю на ўвазе як тэму міжнацыянальных дачыненняў увогуле, так і абвостраную сёння ў звязку з украінскімі падзеямі тэму экспансіі “рускага свету” і, адпаведна, абароны ад яго.

У нашым выпадку гэту праблематыку рэдакцыя штучна прышпіліла да сюжэту, асэнсаванне ды ацэнка якога вымагаюць зусім іншай шкалы.

Калі хочаце, гэта апашленне, дыскрэдытацыя таго нацыянальнага дыскурсу, якім заўжды вызначалася “Наша ніва”. Для антыподаў беларушчыны гэта лішняя падстава пакпіць: вось ён, дзікунскі ўзровень “свядомых”!

Калі ж разгарэўся халівар, рэдакцыя НН вынесла на галасаванне пытанне, ці варта здымаць анекдот. І гэты крок таксама спрэчны.

Па-першае, дэдлайн галасавання не пазначаны, то бок пад гэтай маркай публікацыю можна трымаць як заўгодна доўга.

Па-другое — ў пытаннях прафесійнай этыкі не варта хавацца за такія псеўдаплебісцыты. Гэта адказнасць самой рэдакцыі.

 

Трэба выбудоўваць медыйную самарэгуляцыю

На момант, калі я пішу гэтыя радкі, прапорцыя за/супраць у той галасаванцы выглядае як 38:54. Я б не іграраваў гэтыя 38% людзей, што адмоўна паставіліся да публікацыі анекдоту. Па іх матывацыі можна меркаваць, што гэта не ворагі НН, а тыя акурат, каму неабыякавая рэпутацыя выдання. Ім крыўдна, што пад легендарным брэндам друкуюцца нізкапробныя рэчы.

Між тым кіраўніцтва НН педалюе ў сацыяльных сетках матыў уласнай крыўды. Маўляў, дзеля звядзення рахункаў некаторыя нават нацкоўваюць на нас Міністэрства інфармацыі, каб дало папярэджанне (хаця ў тым фэйсбучным допісу калегі пасыл быў іншы).

Канечне, сённяшні Мінінфарм, завостраны пад рэпрэсіўныя функцыі, на ролю маральнага рэгулятара не пасуе. Але тым самым толькі актуалізуецца пытанне пра сістэму медыйнай самарэгуляцыі.

Яна добра працуе ў шэрагу дэмакратычных краін. За эталон уважаюць Швецыю, дзе ёсць Рада прэсы (складаецца з трох прадстаўнікоў грамадскасці і трох — журналісцкай супольнасці). Вердыкты гэтых аўтарытэтаў звычайна маюць толькі маральны характар (хаця практыкуюцца і штрафы). Але праца гэтай інстытуцыі выразна дысцыплінуе медыі, дапамагае трымаць планку іх адказнасці, прафесійнай этыкі.

У нас у гэтым сэнсе конь не валяўся. Новым выклікам для прафесійнай этыкі стаў інтэрнэт. Між іншым, журналісцкія супольнасці шэрагу дэмакратычных краін выпрацавалі даволі жорсткія правілы мадэравання форумаў. Пры ўсёй павазе да свабоды выказвання там змагаюцца з абразамі, мовай нянавісці.

У нас жа на хамства, ксенафобію і да т.п. часта гатовы заплюшчыць вочы дзеля большага наведвання рэсурсу. Форумы шэрагу вэб-СМІ нагадваюць вялікія кучы гною.

Магчыма, правобразам айчыннага органа самарэгуляцыі недзяржаўных СМІ магла б стаць камісія па этыцы БАЖ. Апошнія пару гадоў яе дзейнасць заўважна актывізавалася, але для паўставання сапраўды аўтарытэтнай, эфектыўнай інстытуцыі яшчэ працаваць ды працаваць.

У кожным разе без выбудоўвання сістэмы медыйнай самарэгуляцыі нашаму цэху не абысціся. Іначай айчынная журналістыка рызыкуе ператварыцца ў суцэльны анекдот.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: