ОБ АВТОРЕ

Журналіст-фрылансер.

Скончыла “Школу маладога журналіста” у Гродне (2006) і Кіеве (2008), а таксама факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта (2011).

Пераможца конкурса Фестывалю моладзевай журналістыкі “Твой стыль” (2009, 2012) і “Вольнага слова” (2014).

Супрацоўнічала з шэрагам беларускіх выданняў: “Наша ніва”, “Новая Эўропа”, “Туризм и отдых”, Naviny.by і інш.

Атрымлівае юрыдычную адукацыю ў БДУ.

Вы здесь

Адзін дзень у The Guardian

Кожная раніца ў рэдакцыі The Guardian пачынаецца з планёркі. На ўтульных жоўтых канапах рассажваецца кіраўніцтва і рэдактары аддзелаў, за імі на крэслах, а часам і на падлозе размяшчаюцца журналісты, аглядальнікі і калумністы. Мадэратар агульнай планёркі – галоўны рэдактар або ягоныя намеснікі. Пасля кароткага агляду мінулага нумару (што было паспяхова зроблена, а на што дарма не звярнулі ўвагу)  каротка акрэсліваюцца найважнейшыя падзеі для будучага выпуску. Пазней на асобных планёрках рэпарцёраў, аналітыкаў ці калумністаў тэматыка будзе разглядацца больш дэталёва.

Кожную раніцу да журналістаў The Guardian на планёрку прыходзіць запрошаны госць-эксперт, які цягам 40 хвілін адказвае на пытанні. Ім можа быць палітык, чыноўнік, банкір ці іншая значная персона. На такіх сустрэчах прысутнічаюць усе журналісты, незалежна ад іх асноўнай спецыфікі. Лічыцца, што культурны аглядальнік таксама павінен разумець, што адбываецца на фінансавым рынку.

Асабіста мяне ўразіла сустрэча з топ-мэнэджарам Royal Bank of Scotland: кампанія неўдала ўклала інвестыцыі ў будаўніцтва, і цяпер многія кліенты засталіся без дэпазітаў. Разам з тым, бонусы кіраўніцтва банка засталіся ранейшымі, што відавочна раздражняе ўкладчыкаў. Крытычныя пытанні – а іншых на сустрэчы і не гучала – мог задаць любы ўдзельнік дыскусіі. Па  ўсім было бачна, што банкіру не падабаюцца нязручныя пытанні, але на кожнае з іх ён адказаў. І ні разу не прамовіў “Без каментарыяў”.

Пасля агульнай планёркі журналісты разыходзяцца па сваіх аддзелах. Варта адзначыць, што агульны штат (з улікам замежных прадстаўніцтваў) карэспандэнтаў The Guardian – 700 чалавек.

На планёрках аддзелаў таксама падводзяцца вынікі мінулага дня і абмяркоўваюцца бягучыя тэмы. Адзін з супрацоўнікаў прадастаўляе кароткі агляд падзеяў, пасля таго вызначаецца, за якую тэму варта брацца і з якім акцэнтам. Парады журналісту даюць усе ягоныя калегі, не толькі рэдактар аддзела.

На планёрцы, на якой прысутнічала я, найбольш абмяркоўвалася вынясенне прысуду параалімпійцу Оскару Пісторыюсу з ЮАР, які забіў сваю дзяўчыну. Таксама шмат шуму нарабілі заявы Ватыкана пра гомасэксуалізм і разводы. А вось тэма перамоваў Пуціна і Парашэнкі ў Мілане па газавым пытанні, што ў беларускіх медыя асвятлялася дастаткова падрабязна, для брытанскіх рэдактараў падалося менш цікавай ідэяй для асобнага вялікага артыкулу.

Аддзел навінаў падзяляе інфармацыю на рэгіянальную і міжнародную. Яшчэ да пачатку планёркі адказны рэдактар наносіць на макет найбольш важныя падзеі. Лонг-ліст карэктуецца пасля абмеркавання з калегамі. І хоць The Guardian часта асацуюецца з сур’ёзнасцю і аналітыкай, і тут журналісты вымушаныя пісаць, напрыклад, пра дэфіцыт гарбузоў да Хэлоўіна, таму што такія гісторыі добра чытаюцца і прадаюцца.

The Guardian мае выдатную рэпутацыю ва ўсім свеце, але перад ёю, як перад любой газетай, зараз стаіць пытанне, як развівацца ў сучасным лічбавым свеце. Штогод наклад выдання скарачаецца на 10%, таму журналісты ўсё большы акцэнт робяць на мультымедыйныя праекты. Мяркуецца, што да 2021 года, калі выданне адзначыць 200-годдзе, давядзецца вярнуцца да штотыднёвага выхаду, з чаго калісьці і пачыналася гісторыя газеты The Manchester Guardian.

Змены дыктуе не толькі бясплатны кантэнт у інтэрнэце, з якім цяжка канкураваць друкаванаму выданню, але і новыя формы рэкламы. Онлайн дае неабсяжныя прасторы, газета абмежаваная палосамі.

Восем год таму ў рэдакцыі запрацаваў аддзел мультымедыя. Сёння ў офісе некалькі сучасных студыі, у тым ліку для арганізацыі круглых сталоў і запісу канцэртаў. Аднак асноўная праца відэааддзела – сюжэты на 3-4 хвіліны. У месяц відэаканал The Guardian мае каля 10 млн. праглядаў.

Каб захаваць чытача, газета ўвесь час імкнецца пытаць пра ягоныя інтарэсы. Заснаваны клуб The Guardian, удзельнікі якога могуць прысутнічаць на дыскусіях і прэзентацыях холдынга. У модным лонданскім квартале Shoreditch у Guardian Coffee можна выпіць каву, перакусіць і пачытаць любімую газету – друкаваную ці электронную на планшэце, якія замацаваныя на сталах.Апроч таго, супрацоўнікі газеты актыўна падтрымліваюць дыскусіі з чытачамі ў сацыяльных сетках і супрацоўнічаюць з грамадзянскімі журналістамі.

Оценить материал:
4
Средняя: 4 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: