ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Як пратараніць мазгі загалоўкам

Ремесло

Аўтамабіль дзюбнуўся ў іншую машыну ці ў слуп — ну хто накінецца на такую банальшчыну? А вось “пратараніў слуп” — ужо гучыць! Так думаюць аўтары ды рэдактары — і лепяць, лепяць крыклівыя загалоўкі, не зазіраючы ў слоўнікі.

“У Мінску на праспекце Незалежнасці грузавік пратараніў слуп (фота)” — паведамляе загаловак на сайце “Еўрарадыё”. Між тым на фота бачна, што МАЗ, тыцнуўшыся ў перашкоду, банальна яе паваліў сваёй масай.

Пратараніць — гэта, паводле слоўнікаў, прабіць наскрозь, звычайна таранам. Сёння медыі зацягалі, дэвальвавалі кідкае слоўца, ужываючы яго ў выпадках, калі ні пра якія скразныя прабоіны вострым прадметам няма і гаворкі. Калі механічная гаргара наязджае на слуп, то можа яго змяць, паваліць, скрышыць, але ніяк не пратараніць.

У той самы дзень на тым жа сайце “Еўрарадыё” з’явілася яшчэ два матэрыялы з гэтым жа хвосткім дзеясловам:

Кіроўца Сitroen, які пратараніў бетонную апору, быў п’яны (відэа)

У Мінску кіроўца на “Маздзе” пратараніў службовыя аўтамабілі міліцыі

Калі паглядзець на фота з матэрыялу пра “Сітраен”, што нібыта пратараніў апору, то відавочна, што тая стаіць як стаяла, а вось саму машыну разарвала. У другім выпадку некалькі машын памятыя, але не болей за тое.

Ну і якія тут тараны? Што прадзіраўлена, прабіта наскрозь?

 

Экзатычная Lada і брутальны вадзіла пад мянушкай Сitroёn

Дарэчы, калі ўжо аналізаваць тыя загалоўкі пра дарожныя здарэнні па поўнай праграме, то не зразумела, чаму “Сітраен” напісалі лацінкай, у той час як “Мазду” — кірыліцай.

Асабіста я — за тое, каб замежныя брэнды дзе толькі можна (то бок за выключэннем рэкламы, вузкаспецыяльных тэкстаў) даваць нашымі літарамі.

Па-першае, чым меней варварызмаў, тым лепей. Па-другое, тады аўтаматычна вырашаецца пытанне скланення, бо наша мова вымагае казаць “кіроўца “Сітраена”, ужываць марку машыны ў родным склоне. А калі “кіроўца Сitroen”, то гэта глядзіцца як прозвішча ці мянушка нейкага вадзілы-замежніка.

Дарэчы, калі ўжо строга трымацца мовы арыгінала — французскай, то трэба пісаць Сitroёn. Але нашто ўвогуле ў такіх выпадках лезці ў гушчар чужых моў? Тады трэба і кітайскія брэнды іерогліфамі пісаць! Так нядоўга дакаціцца да фантасмагорыі, апісанай ў новай антыўтопіі Віктара Марціновіча “Мова”.

Зазначу, што напісанымі лацінкай маркамі аўто найболей пярэсцяць тэксты Тut.by. На мой густ чытача-гуманітара гэта выглядае дзікавата. Асабліва калі робяць нескланяльнай рускую “Ладу”:

Россия: грабитель не смог сбежать из-за заглохшей Lada

Між іншым, у першакрыніцы, на расійскім сайце “Ладу” напісалі кірыліцай.

Не трэба быць Шэрлакам Холмсам, каб дапяць, што тутбаеўскі перавод расійскай маркі на лацініцу звязаны з камерцыйным момантам, бо адпаведная гіперспасылка выводзіць на каталог аўтамабіляў ВАЗ.

Камерцыя камерцыяй, але мне шкада мовы.

Зрэшты, ў напісанні аўтабрэндаў на Тut.by можна хаця б адсачыць нейкі матыў і паслядоўнасць. На большасці ж рэсурсаў, уключна са згаданым “Еўрарадыё”, падазраю, ніякай палітыкі няма. Як напісалася, так і напісалася.

Скрозь бачыш, як у матэрыялах аднаго і таго ж СМІ па-рознаму робяцца скарачэнні (млн. і млн — дарэчы, правільны другі варыянт), пануе разнабой ва ўжыванні двукоссяў, вялікіх літар, напісанні ініцыялаў і г.д.

Між тым салідныя медыі, напрыклад маскоўскія, маюць адпаведныя памяткі, і кожны навічок іх вывучае. Гэта — рэдакцыйная культура, такім чынам датрымліваецца адзіны стыль рэсурсу.

 

У Беларусі “расстрэльваюць” на кожным кроку

Увогуле ж — кашмар, дзе мы жывем! Які тут астравок стабільнасці? Апошнім часам у нас на кожным кроку не толькі тараняць, але і расстрэльваюць.

Вось загаловак на Udf.by:

Вооруженный грабитель расстрелял продавца в магазине в Орше

З тэксту ж вынікае, што рабаўнік толькі стрэліў небараку ў нагу. Таксама не мёд, але ж — далёка не расстрэл.

А вось зноў сайт “Еўрарадыё”:

Нецвярозы мужчына расстраляў з пнеўматычнага пісталета трактар

Цяжка ўявіць сабе ўвогуле, як можна расстраляць (то бок зрашаціць) жалезную гаргару з караткаствольнай пнеўматыкі. З самога ж паведамлення можна зрабіць выснову, што быў толькі адзін стрэл у лабавое шкло. Ну, так, смальнуў, пекануў, але ж не расстраляў!

З тае ж оперы — загаловак на “Белорусском партизане”:

За попытку вызвать “скорую” жителя Вилейки расстреляли

Насамрэч былі два стрэлы з пнеўматыкі на глебе побытавага канфлікту, пасля чаго “расстраляны” патэлефанаваў са скаргай у міліцыю, а тая ўзбудзіла крымінальную справу паводле артыкула аб хуліганстве (!). Зноў жа: пацярпець ад нападу хулігана — рэч малапрыемная, але гэта далёка не тое, што робяць са смяротнікамі ў сумна вядомым мінскім следчым ізалятары № 1.

 

Дык як сустрэлі Лукашэнку ў Малдове?

Так, гіпербала — цалкам “легітымны” літаратурны прыём, які часта ўжываюць і журналісты. І ўсё ж зашмат выпадкаў, калі пачуццё меры падводзіць рэдакцыю. Вось сайт nn.by паведамляе:

Лукашэнку ў Малдове сустракалі воклічам: «Ты хто такі? Давай да пабачэння» ВІДЭА

Дарэчы, я адмыслова пакінуў двукоссі-елачкі, як на згаданым сайце, каб зазначыць — яны чужыя, не беларускія. У беларускім тэксце мусяць ужывацца лапкі. 

А самае галоўнае — якой велічыні, вы думаеце, быў натоўп, што скандаваў ганебны для высокага госця слоган? Дык вось, гэта зрабіў роўна адзін чалавек (праўда, аддамо належнае, з “мацюгальнікам”).

Але ж, мусіць, карцела стварыць ілюзію, што аўтарытарнага кіраўніка Беларусі сустрэла ў штыкі ледзь ці не ўся Малдова! Хоць насамрэч тамтэйшыя фермеры, вінаробы, начальнікі былі на сёмым небе ад шчасця, што Мінск наважыўся скупіць іх слівы, яблыкі ды алкаголь ва ўмовах расійскага эмбарга.

Аднак гэта ўжо сумны аб’ектывізм. А мы ж хочам эфектна высмейваць рэжым ды ягонага правадыра. І трэба сказаць, часта ёсць за што (сам гэтым грашу). Але вось у гэтым канкрэтным выпадку жаданне падаць учынак адзіночкі як масавую абструкцыю выглядае па-дзіцячаму.

Тое ж тычыцца і штучнай драматызацыі непалітычных тэм. Мы раз-пораз рвем глотку на роўным месцы: таран! расстрэл! Хоць насамрэч пад крыклівым загалоўкам — банальны міліцэйскі прэс-рэліз, кшталту: легкавік дзюбнуўся ў слуп.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: