ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Каліцеся, Гуляеў з Падбярэзскім, дзе вашы камісарскія маўзеры!

Пастановай наконт анекдота пра згвалтаванне беларусам маскоўскай порназоркі камісія па этыцы БАЖ наклікала на сябе ў сацыяльных сетках багата ўсялякіх метафар.

Яна, нагадаю, знайшла ў той публікацыі на сайце nn.by парушэнне прафесійных ды этычных стандартаў журналістыкі. Дык вось, у звязку з гэтым вердыктам камісію параўналі і з парткамам, і са святой інквізіцыяй. Пакпілі: дык што, цяпер і анекдоты пра чукчу трэба забараніць?

На закіды ўжо адрэагаваў старшыня камісіі Анатоль Гуляеў. Аднак і мне карціць уваткнуць свае тры грашы, па магчымасці абстрагаваўшыся ад канкрэтнага “кейса порназоркі”.

 

Адкуль растуць ногі ў анекдотаў пра “чурак нярускіх”

Але спачатку ўсё ж колькі слоў пра канкрэтыку. Анекдоты забараніць немагчыма ўвогуле, згаданая ж камісія апрыёры нічога не забараняе, яе рашэнні маюць толькі рэкамендацыйны характар.

Дарэчы, таму, у прыватнасці, і параўнанне з парткамам кульгае. Пакласці на стол партбілет за савецкім часам азначала самае малое канец кар’еры, так ламаліся многія лёсы. Самай жа страшнай карай у арсенале камісіі ёсць публічная вымова сябру (і толькі сябру!) БАЖ. І я не памятаю, каб нават так кагосьці каралі.

Што ж да анекдотаў пра чукчу (як і пра каўказцаў, жыхароў Цэнтральнай Азіі — “патрэбнае” ўпісаць), то на кухні, вядома, кожны можа распавядаць, што хоча. Аднак нават не ў кожнай кухоннай кампаніі яны пойдуць на ўра.

Дарэчы, вы не задумваліся, адкуль растуць ногі ў безлічы хохмаў пра адсталых, дурнаватых “нярускіх”, жыхароў “нацыянальных ускраін” адной былой імперыі? Ці не ёсць такія жартачкі латэнтнай культывацыяй вялікадзяржаўнага шавінізму на побытавым узроўні?

Той, хто ўважае за дасціпны гумар анекдоты пра розных “чурак”, не ўсведамляе, што ў яго мазгах сядзіць дэ-факта імперская матрыца.

А потым мы дзівімся, чаму агрэсія Масквы на постсавецкай прасторы знаходзіць такую падтрымку і ў расійскім, і нават у беларускім грамадстве.

Ва ўсякім разе, прыстойнае выданне (друкаванае, анлайнавае — без розніцы) анекдотаў з расісцкім, ксенафобным падтэкстам змяшчаць не мусіць адназначна.

І сэнс рашэнняў камісіі па этыцы БАЖ, ці тычацца яны апублікаваных у СМІ анекдотаў, ці любога іншага кантэнту, у тым, што задаецца нейкая рамка для прафесіяналаў і тых, хто цягнецца да прафесійнага ўзроўню.

Можаце гэту рамку ігнараваць — але тады і рэпутацыя ў вас будзе адпаведная.

Зрэшты, асабліва ў сённяшняй сітуацыі, калі ўчарашнія “савецкія народы-браты” сталі ваяваць між сабой, за няўдалы анекдот на міжнацыянальную тэму выданне можа нарвацца і на сур’ёзныя непрыемнасці, у прыватнасці, юрыдычнага кшталту.

 

Не камандаваць, а даваць рамку стандартаў

Сярод закідаў на адрас камісіі па этыцы БАЖ былі і такія, што тычыліся яе легітымнасці. Чаму, маўляў, некія людзі пішуць пастановы пра ўсю прэсу? Ці ўвогуле: хто такі БАЖ, каб камандаваць, як нам рабіць свой рэсурс?

Дык вось, па-першае, ніхто не камандуе. Па-другое, сябры камісіі — як мінімум не самазванцы. Яны абіраюцца на з’ездзе БАЖ. Што да самой гэтай арганізацыі, то можна выстаўляць ёй тыя ці іншыя прэтэнзіі, але факт тое, што болей масавай, аўтарытэтнай структуры, чым БАЖ, у беларускіх незалежных журналістаў няма.

Нарэшце, паводле палажэння аб камісіі, яна “можа выказваць меркаванні з нагоды матэрыялаў і канфліктных сітуацый, аўтарамі і ўдзельнікамі якіх не з’яўляюцца сябры БАЖ”.

Так што камісія не перавысіла свае паўнамоцтвы, калі, напрыклад, разглядала “кейс Зянона Пазьняка”.

Іншая рэч, што калі нехта ўпрэцца рогам: вы мне не ўказ, — то камісія сапраўды не дасць рады. Ці мо я чаго не ведаю? Каліцеся, Гуляеў ды Падбярэзскі, дзе вашы камісарскія маўзеры, якіх усе так баяцца?

Нігілізм жа асобных крытыкаў (плявалі мы на вашы кодэксы!) нагадвае мне пазіцыю беларускіх уладаў: а хто такія гэтыя заходнікі, каб вучыць нас дэмакратыі?

БАЖ — гэта прафесійная супольнасць, якая напрацавала пэўныя этычныя стандарты што да медыйнай працы, гэтаксама як Захад напрацаваў дэмакратычныя стандарты. Можаце на іх начхаць, але тады цяжка казаць пра вашу цывілізаванасць.

 

Можаце апгрэйдзіць і камісію, і кодэкс

Колькі б ні ламалі мы дзіды ў сацыяльных сетках, а ёсць патрэба мець у медыйных пытаннях трацейскага суддзю. Кожнае рашэнне адпаведнай інстытуцыі — гэта прэцэдэнт, арыенцір, пэўная растаноўка кропак над “і”. Хоць і мае чыста маральную вагу.

Для мяне было паказальна, калі блогер Яўген Ліпковіч, каторы сам можа размазаць па сцяне ў фэйсбуку каго заўгодна, летась, калі яго зачапіла публікацыя Tut.by, апеляваў менавіта да камісіі па этыцы БАЖ. І камісія, дарэчы, стала на бок Ліпковіча.

Так што пытанне, хутчэй, у тым, каб у нашай медыйнай (і шырэй — грамадзянскай) супольнасці выпрацаваўся нейкі дастаткова шырокі кансэнсус: вось, ёсць такая грамадская інстытуцыя, да меркавання якой мы прыслухоўваемся.

Тэарэтычна можна, вядома, стварыць з нуля нейкую новую камісію такога кшталту, але ці варта вынаходзіць ровар? Мо лепей развіваць механізм самарэгулявання нашых недзяржаўных СМІ менавіта на грунце ўжо створанай інстытуцыі?

Яна далёка не ідэальная, я сам нядаўна крытыкаваў адно яе рашэнне за недакладныя, на мой погляд, акцэнты. Некаторыя ў фэйсбуку ўвогуле закідаюць: а суддзі хто?

Як па мне, дык там паважаныя людзі, але ж — калі ласка, можаце прагаласаваць на з’ездзе БАЖ за іншы склад. Дарэчы, не думаю, што праца там на грамадскіх пачатках — такі ўжо мёд.

А яшчэ для лепшай працы камісіі варта было б зрабіць апгрэйд Кодэксу журналісцкай этыкі БАЖ, найперш з улікам этычных выклікаў анлайну. Прыём прапаноў, дарэчы, абвешчаны, так што — наперад!

 

Лепей самарэгуляванне, чым дзяржаўная сякера

Любая прафесія вымагае сваёй маралі (якая, натуральна, грунтуецца на агульначалавечай). Уявіце сабе хірурга, які скажа: ды чхаць мне на клятву Гіпакрата, я творчая асоба, і калі адрэжу каму не тое, дык гэта яго праблемы! А між тым кепскі журналіст можа нашкодзіць горай за кепскага доктара.

Сваю этыку мусіць мець і бізнес. Вас жа абурае, калі пад бліскучай абгорткай упіндзюраць гнілы тавар. А калі падсоўваюць гнілы медыяпрадукт — гэта хіба нармальна?

На жаль, сёння, у эпоху інтэрнэту, сацыяльных сетак, размылася мяжа між блогерствам і прафесійнай журналістыкай. Дасведчаныя профі, што перасцерагаюць ад злоўжывання свабодай выказвання, здаюцца каму-кольвек проста старымі буркунамі.

Зрэшты, можна зразумець, чаму любая згадка пра медыйнае рэгуляванне выклікае скрыгат зубоў у шмат каго з беларускай пішучай браціі. Цяперашняя аўтарытарная дзяржава пад гэтай маркай паслядоўна стварала механізмы (рэгістрацыя, акрэдытацыя і да т.п.), каб ямчэй наязджаць на неўпадабаныя медыі, трымаць іх у чорным целе.

Маючы траўматычны досвед дзяржаўных рэпрэсій у сферы СМІ, частка нашай медыйнай (і шырэй — сеціўнай) супольнасці адкідае на аўтамаце любую размову пра самарэгуляванне ў гэтай галіне, асацыюючы яго з пакараннем, заціскам свабоды выказвання.

Праз савецкую мінуўшчыну ды наступны аўтарытарызм у нас проста няма досведу здаровага самарэгулявання — ні ў медыйнай, ні ў іншых сферах. Між тым у сталых дэмакратыях трывала засвоілі тое, што многім нашым змагарам за лепшую будучыню не зусім зразумела: свабода махаць кулакамі (у тым ліку і вербальна) канчаецца ля чужога носа.

Я ўжо не аднойчы згадваў пра досвед Швецыі, дзе Рада ў пытаннях прэсы існуе без каліва сто гадоў — з 1916-га. Падобныя інстытуцыі створаны ў шмат якіх краінах развітай дэмакратыі.

Там свабода выказвання ідзе поруч з дзейсным самарэгуляваннем. Што, зазначу, ёсць значна лепшым варыянтам, чым айчынны Мінінфарм з яго цяжкай шчарбатай сякерай.

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: