ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Спадар Дракахруст, дык вы за белых ці за чырвоных?

В фокусе

Калі журналіст выдае кнігу блогаў — гэта ўжо феномен. “Сем худых гадоў” — так называецца зборнік палітычнага аглядальніка “Радыё Свабода” Юрыя Дракахруста, прэзентаваны 3 снежня на сядзібе БНФ у Мінску.

Вядомае выслоўе, што газета жыве адзін дзень. Так, у прынцыпе, можна сказаць пра ўсю журналістыку. Нават класічныя артыкулы хутка старэюць, назаўтра ты б напісаў пра тое самае зусім іначай; блогі ж для многіх аўтараў увогуле, так бы мовіць, жанр другога гатунку, гэтакая плынь свядомасці, калі дзеля хуткапісу, экспрэсіі моманту даруюцца паспешлівасць ды неахайнасць думкі.

Але гэта — не пра Юрыя Дракахруста, матэматыка паводле адукацыі, які выбудоўвае кожную думку, як формулу, выпісвае кожную фразу, бы выразае па камені.

Яму, паводле ўласнага прызнання, імпануе крэда Спінозы: “Не плакаць, не смяяцца, не ненавідзець, але разумець”.

У выніку высвятляецца, што многія ягоныя рэчы цалкам актуальныя і праз год, і праз два, і праз тры. Бо аўтар зазірнуў далей і асэнсаваў праблему глыбей, чым многія з нашай пішучай браціі, якая вечна спяшаецца “адстраляцца па тэме”, “замалаціць” або “спіхнуць” матэрыял.

“Чытаючы прэсу, бачыш, што ў ёй пануе міфалогія”, — зазначыў на прэзентацыі “Сямі худых гадоў” сацыёлаг Сяргей Нікалюк. На ягоную думку, Дракахруст — адзін з нямногіх, хто разбурае гэтыя міфы.

Канечне, калі ты не адпеты халтуршчык, то заўжды хочацца стварыць нешта болей мудрагелістае, чым гаспадарчае мыла. Адкараскацца ад маніхейскай схемы, што відавочна не адпавядае складаным, дыялектычна супярэчлівым рэаліям.

Але тут для журналістаў, аналітыкаў, што працуюць у незалежных медыях, узнікае яшчэ і праблема ціску асяроддзя. Умоўна кажучы, апазіцыйнае асяроддзе часта таксама пачынае дзяўбці, калі ты не ідзеш у мэйнстрыме.

Юры Дракахруст, як падкрэсліў на вечарыне палітолаг Валер Карбалевіч (на здымку злева), адметны тым, што “выказвае перпендыкулярныя думкі” і “не баіцца апынуцца ў меншасці”.

Мне ж згадваецца выраз Анатоля Франса, што самая рэдкая мужнасць — гэта мужнасць думкі. Да творчасці Юрыя Дракахруста гэтыя словы цалкам можна дапасаваць.

Кніга “Сем худых гадоў”, 48-я з серыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе”, у нечым эксперыментальная, бо ў ёй сабраны менавіта анлайнавыя тэксты — 63 блогі, якія публікаваліся на svaboda.org ад 2008 да 2014 года.

Прычым яны змешчаны яшчэ і з хвастом каментаў (сярод якіх багата кпінаў ды наўпроставых абвінавачанняў у здрадзе святым ідэалам), а таксама пазнейшымі аўтарскімі рэзюмэ пад рубрыкай “Хто меў рацыю”.

Дарэчы, як падлічыў кіраўнік беларускай службы “Радыё Свабода” Аляксандр Лукашук, 21 раз меў рацыю аўтар, 8 —апаненты, у 34 выпадках “вынік яшчэ невядомы ці невядома, што лічыць вынікам”.

Па праўдзе кажучы, тэксты Дракахруста хоць і лёгкія стылістычна, але цяжкія праз канцэнтрацыю сэнсаў, іх не прабяжыш па дыяганалі. Даводзіцца перачытваць нейкія фразы ці нават лезці ў даведнікі. А сёння ж усе спяшаюцца, на такое грунтоўнае чытво бракуе часу ці яно ўлом.

Таму, магчыма, у гэтых рэчаў меней паклоннікаў, чым у папсовай публіцыстыкі, дзе ўсё як на далоні: ваяры Святла супраць злачыннага рэжыму. І “аналіз” таксама элементарны: ва ўсім вінаваты гэты самы злачынны рэжым. А як жа іначай? Хто думае іначай, той, пэўна, сам агент рэжыму…

Сапраўды, па каментах да блогаў Дракахруста можна зрабіць выснову, што яны раздражняюць аматараў простых адказаў, чорна-белых палітычных схем. Гэтыя аматары ні па першым, ні па другім, а часам нават і па апошнім абзацы не могуць прасекчы: дык за каго ж аўтар, за белых ці за чырвоных?

Аўтар жа ламае стэрэатыпы, прымушае ўключаць мазгі. Аўтар падае праблемы дыялектычна і — во жах! — з варыянтамі развіцця падзей, прычым уключна з варыянтамі апакрыфічнымі.

Сам Юрый ў адным з тэкстаў тлумачыць, чаму ён не гоніць папсу, а грузіць чытача, стварае яму дыскамфорт: “Калі лічыць, што ўлада трымаецца не адно на штыхах і не пераважна на іх, то тыя, хто хоча пераменаў, будуць думаць, як пазбавіць уладу гэтай падтрымкі, будуць імкнуцца зразумець, якія патрэбы гэтая ўлада задавальняе і якім інтарэсам адпавядае, імкнуцца спасьцігнуць праўду гэтай улады і яе прыхільнікаў, каб перасягнуць яе. Ну а калі лічыць, што ўвесь народ супраць дыктатара, толькі ўсе баяцца, што ўся справа ў АМАПе і ў БТ (ну і яшчэ ў клятых маскалях — але гэта на аматараў, вольная праграма), то, зразумела, асабліва інтэлектуальна напружвацца не выпадае. Можна нават на кружэлку ці на “лічбу” запісаць, каб арганізм не стамляць, і круціць гэтыя мантры кожны раз пры нагодзе”.

Шчыра кажучы, шмат каму цвердзіць палітычныя мантры акурат падабаецца болей, чым напружваць шэрае рэчыва. І, натуральна, далёка не ўсіх чытачоў Дракахруст паварочвае ў сваю веру. Глыбокая, бескампрамісная аналітыка пэўнай частцы сённяшняй палітызаванай публікі не патрэбная, гэты аўтар для яе “занадта разумны”.

І для мяне гэта яшчэ адно сведчанне, што цудаў у нашай гісторыі не будзе. Немагчымы скачок з дыктатуры ў царства свабоды, які мроіцца аматарам прымітыўных палітычных схем. Наперадзе доўгі пакручасты шлях.

Патрэбен час, каб сфармаваўся пласт свядомых грамадзян. Каб вырас значны сярэдні клас, які мае патрэбу ў якасных медыях, якасных артыкулах, каб прымаць узважаныя самастойныя рашэнні.

Юрый Дракахруст у гэтым сэнсе прапануе тэксты навырост. Ён імкнецца, паводле ўласнага прызнання, “праз мільгаценне падзей убачыць нейкія вечныя беларускія сэнсы”.

Ну што ж, у такім разе яму, адрозна ад многіх калег, заўжды ёсць пра што пісаць.

Фота аўтара

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: