Вы здесь

Дзве рэчаіснасці адной краіны

У лістападзе тэлеканалы па-ранейшаму грэбавалі пазначэннем крыніцаў інфармацыі, парушаючы стандарт верагоднасці інфармацыі і пазбаўляючы гледачоў магчымасці даведацца, адкуль журналістам сталі вядомымі тыя ці іншыя факты. “Беларусь 1” пераважна транслявала голас чынавенства,  ОНТ камбінавала дыскурс “простага чалавека” з дыскурсам ўлады, будуючы матэрыялы вакол героя, а “Белсат” выдаваў у эфір фальшывыя стэндапы.

 

Агульная характарыстыка парушэнняў прафесійных стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат»

На ўсіх трох тэлеканалах маніторынг выявіў парушэнні прафесійных стандартаў балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад меркаванняў, верагоднасці, дакладнасці і аператыўнасці ў падачы інфармацыі.

Матэрыялаў з прыкметамі замоўленасці (або цэнзуры) на тыдні з 10 па 14 лістапада зафіксавана на тэлеканале ОНТ – 57%, “Беларусь 1” – 56%, на “Белсаце” – 29%.

Замоўленасць палітычных сюжэтаў на дзяржканалах пераважна працавала ў кірунку пазітыўнай прамоцыі дзеянняў улады. Перад усім гэта тычылася пазначэня агульнай значнасці дзейнасьці нашай краіны (а па сутнасьці – яе кіраўніцтва, якое тут і гуляе за Беларусь): “Беларусь этот призыв не просто услышала, но и сделала весомые шаги, чтобы стать одной из первых на этом пути. Впечатляюще для присутствующих звучит и статистика, подтверждающая результаты работы” (Беларусь 1, 12.11.2014). “Рождаемость в стране растёт заметно быстрее, чем возводятся новые детские сады. Проблема не осталась без внимания и в правительстве, как результат – упрощение законодательства”. (ОНТ, 10.11.2014). “Беларусь практически становится западными воротами для зарубежного бизнеса: иностранный инвестор получает принципиально новую и масштабную возможность - работать не только на пространстве Беларуси, но и на чрезвычайно емком 180-миллионном потребительском рынке”. (Беларусь 1, 14.11.2014). І нават “Совет министров приготовил для беларусов новогодние каникулы” (Беларусь 1, 12.11.2014).

Масштабныя расповеды пра працоўныя сустрэчы кіраўніка дзяржавы ды планавыя паседжанні (“Беларусь 1” і ОНТ, 11.11.2014, 13.11.2014, 14.11.2014) ствараюць эфект татальнага прэзідэнцкага кантроля над усімі сацяльнымі працэсамі. Але гэтым разам найбольш істотнай сталася тэма, паводле выразу “Белсату”, “памяркоўнага разносу”. “Сегодня годовой экзамен по экономике сдавали на высшем уровне. Члены правительства в полном составе доложили Президенту Беларуси, с какими результатами заканчивают этот год и с какими прогнозами вступают в следующий. До начала заседания обстановка пока непринужденная. Но по лицам видно: разговор будет долгий и серьезный” (Беларусь 1, 11.11.2014), “впрочем, Президент предложил правительству сконцентрироваться не на том, что сделано и получилось, а на упущенных возможностях” (ОНТ 11.11.2014), “с первых же минут Александр Лукашенко поднимает тему бесхозяйственности. После озвученных фактов не просто держать ответ” (“Беларусь 1”, 14.11.2014).

“Белсат” адрэагаваў з той самай інфармацыйнай нагоды, але з негатыўным акцэнтам: “Патрымаць яшчэ кулямёты цяпер мараць чальцы кабінета міністраў”, “кіраўнік краіны здзівіў іх заяваю пра патрэбу замены прысутных “больш баяздольнай камандай”. Урад рапартаваў пра поспехі, але дакладна на кіраўніка краіны ўражання не зрабіў” (абедзьве цытаты – “Белсат”, 12.11.2014).

На “Белсаце” інакш выглядае і агульная карціна беларускай рэчаіснасці: “Змену ўмоваў кантракту пры дапамозе закону ўчорашнім днём можна параўнаць з махлярствам з боку ўладаў, якое наўрад ці заахвоціць замежныя банкі да пашырэння супрацы з беларускім дзяржсектарам, а тое, што ўлады на гэта ўсё ж такі ідуць, сведчыць пра тое, што сродкаў у сёлетнім бюджэце засталося крытычна мала”. (Белсат, 13.11.2014).

Замоўныя матэрыялы на тэмы замежжа амаль не прысутнічалі на дзяржканалах. Адзіным выключэннем стаўся сюжэт на ОНТ пра ўкраінскія праблемы з валютай: “чуть ли не каждый день украинская валюта обновляет исторические минимумы. В стране не прекращается погоня за долларом”, “Оборот на чёрном рынке – миллиарды. В то время как в обменниках Украины доллары и евро сейчас купить невозможно. В банки их попросту не завозят [] И паника среди населения продолжает нарастать” (абедзьве цытаты – ОНТ, 12.11.2014).

У той самы дзень тэматычна аналягічны сюжэт зрабіў і “Белсат” – але пра Беларусь: “Валюта ізноў у попыце. Насельніцтва масава скупляе замежныя грашовыя сродкі. Бліжэй да новага года ўжо традыцыйна расце недавер да беларускага рубля і страх перад дэвальвацыяй”, “усё больш грамадзяне нашай краіны недавяраюць фінансавай палітыцы ўладаў і баяцца за свае зберажэнні ў беларускіх рублях” (абедзьве цытаты – Белсат, 12.11.2014).

Сярод замежных блокаў на “Белсаце”, як і раней, пераважала ўкраінская тэма. Але на гэтым тыдні справаздачы з месца падзеяў дапоўніліся матэрыяламі з акцэнтам на антырасійскую эўра-салідарнасць: “сігналы з зямлі, паветра і вады. АБСЕ і НАТО фіксуюць узмоцненую актыўнасць расейскага войска на мяжы з Украінаю”, “Кіеў валодае дакладнымі звесткамі пра колькасць сцягнутых сродкаў і дзеліцца імі з усім светам” (абедзьве цытаты – “Белсат”, 13.11.2014), “усе часцей мы чуем пра парушэнне Расеяй паветранай прасторы краінаў НАТО; Усе гэта прымушае краіны Еўропы прымаць стратэгічныя рашэнні”, “рашэнні ваеннага часу, але пауль без баявых дзеянняў - фактычна ў Еўропе ствараецца кааліцыя супрацьстаяння расейскай агрэсіі”. (абедзьве - Белсат, 14.11.2014). Рыторыка падводак да матэрыялаў была адпаведнай: “Пакуль Украіна спрабуе вырвацца з абдымкаў мядзьведзя, Малдова стала на крок бліжэй да Эўропы” (Белсат, 13.11.2014).

Што да непалітычных сюжэтаў на замову, яны тычыліся перад усім лакальных культурных падзеяў: удзелу Беларусі ў дзіцячым “Еўрабачанні” і адборачных рэгіянальных праглядаў на “Славянскі базар” (Беларусь 1), адукацыйных курсаў “Дыджэі Адраджэньня” (Белсат). Адметнай рысай гэтых сюжэтаў быў выключны пазытыў: Порядок выступлений определился накануне на церемонии открытия песенного конкурса, где юных артистов принимали как именитых исполнителей. В субботу всей страной болеем за нашу Надежду!” (Беларусь 1, 10.11.2014), “Як быць грамадскім лідарам? Гэтаму можна навучыцца і вас ахвотна навучаць як праводзіць шоў, віктарыны, акцыі, ладзіць уласныя праекты. Курсы «Дыджэі Адраджэння» ганарацца сваімі выпускнікамі і запрашаюць навічкоў” (Белсат, 12.11.2014).

Сітуацыя з парушэннем тэлеканаламі прафесійных стандартаў выглядае наступным чынам.

У лістападзе спіс хібаў узначальвае парушэнне стандарту верагоднасці інфармацыі. Найбольшыя адсоткі зафіксаваныя ў матэрыялах тэлеканала ОНТ – 86% ад усіх матэрыялаў, што выйшлі ў эфір вечаровых навінаў. Колькасць матэрыялаў з аналагічнымі парушэннямі на канале “Беларусь 1” склала 77%, на “Белсаце” – 72%.

Як адзначалася ў выніках папярэдніх маніторынгаў, асноўная праблема сюжэтаў, дзе зафіксаванае парушэнне гэтага стандарта – адсутнасць канкрэтнага пазначэння крыніцаў інфармацыі: “в правительстве не скрывают: Беларусь переживает не лучшие времена вместе с основными торговыми партнерами”, “эксперты сходятся во мнении: при такой ситуации в стране и мире прогноз – дело неблагодарное” (абедзьве цытаты – ОНТ, 10.11.2014), “до сих пор сотни людей задают один и тот же вопрос: почему взрослый и обеспеченный мужчина решился встать на путь безумца? Ответ, видимо, смогут дать уже следователи (Беларусь 1, 10.11.2014), “эксперты позицию президента несомненно разделяют” (Беларусь 1, 12.11.2014), “сотрудники гродненской прокуратуры уверены: лучшая профилактика и борьба с незаконным оборотом наркотиков сегодня – уголовная ответственность” (ОНТ, 12.11.2014), “Еўропа бачыць гэта як знак таго, што Беларусь не чуе заклікаў да адмены смяротнага пакарання” (Белсат, 13.11.2014), і г.д. у фармаце "дэпутаты прадугледзелі", "праваабаронцы мяркуюць", "літоўскія спецслужбы лічаць" і г.д.

Акрамя хібаў з персаніфікацыяй крыніцаў інфармацыі, ёсць таксама і праблема іх поўнай адсутнасці: факты прэзентуюцца гледачу наўпрост, увогуле без пазначэння, адкуль тэлеканалу гэта стала вядома. Напрыклад, "сегодня стало известно о поддержке еще одной инициативы Беларуси на высоком уровне" (Беларусь 1, 12.11.2014), “данный проект уже назвали технологией будущего.Проект уникальный для Европы” (Беларусь 1, 13.11.2014), “коровы уже научились становиться в очередь к роботу: техника встречает их каждые 8 часов. Благодаря такому подходу количество молока на комплексе увеличилось ровно в два раза” (Беларусь 1, 13.11.2014), “для этих парней утро началось с приветливого "Рота, подъем!". (Беларусь 1, 14.10.2014), “чтобы экономика стала менее зависимой от пары-тройки промышленных гигантов, создают новые предприятия. В 2014 году их на рынок вышло под 500. Это 7000 рабочих мест. Но говорить о солидных суммах отдачи пока не приходится” (ОНТ, 10.11.2014), “прычыны такой сітуацыі і ды спосабы развязання існым праблемаў вядомыя ўжо даўно, пра неабходнасць рэформаў кажуць не толькі ўрадоўцы” (Белсат, 11.11.2014), “галоўнае патрабаванне Масквы да Менску – даць рассельгаснагляду магчымасць кантраляваць пастаўкі мяса, якія ідуць ад нас у расею. Гэтыя патрабаванні усходні сусед падмацоўвае дзеяннямі, якія усё больш нагадваюць гандлевую вайну” (Белсат, 11.11.2014).

Найбольшы адсотак парушэння стандарта балансу думак на тыдні маніторынгу выявіўся на тэлеканале “Белсат” – 79% матэрыялаў бракуе разнабаковасці ў падачы інфармацыі. З аналагічнай хібай на ОНТ зафіксаваныя 73%, а на «Беларусь 1» – 60% ад усіх матэрыялаў, якія выйшлі ў эфір на кожным з тэлеканалаў.

Разглядаючы тэлевізійныя сюжэты з гэтага ракурсу, можна заўважыць пэўныя тэндэнцыі ў тым, каму дае слова кожны з тэлеканалаў. Так, “Беларусь 1” – гэта пераважна голас чынавенства розных рангаў. “Народ” на тэлеканале прысутнічае пераважна як катэгорыя, а не персаналіі. Пры гэтым, варта адзначыць, што на тыдні маніторынгу “голас народа” на “Беларусь 1” у параўнанні з папярэднімі дадзенымі быў чутны досыць актыўна – “новы сэзон” у армію, крымінальная хроніка і масавыя забаўляльныя мерапрыемствы (пераможцы “дажынак” і патэнцыйныя ўдзельнікі фэстывалю “Славянскі базар”). ОНТ камбінуе дыскурс “простага чалавека” з дыскурсам ўлады, будуючы матэрыялы вакол героя. “Белсат” на гэтым тле выглядае каналам экспертаў – як прафесійных, так і “з народа”. Бо менавіта такая камбінацыя ёсць частым варыянтам, які мусіць дэманстраваць баланс думак і меркаванняў. Пры гэтым, vox populi вылучаецца разнастайнасцю, чаго нельга сказаць пра кола прафесійных экспертаў – яно досыць вузкае. Напрыклад, на тыдні той самы эксперт з’яўляўся ў матэрыялах аднаго журналіста двойчы.

Парушэнні стандарту паўнаты інфармацыі назіраліся ў 68% матэрыялах тэлеканалу ОНТ, 62% - тэлеканала “Беларусь 1” і 55% - “Белсата”.

Агульная тэндэнцыя захоўваецца: як адзначалася ў папярэдніх маніторынгах, гэта – хібы з вычарпальнасцю інфармавання (што адбылося і як гэта разумець? – на гэтыя пытанні няма адказу ў сюжэтах), а таксама перанасычанасць інфармацыяй (два-тры сюжэты ў адным).

Стандарт аддзялення фактаў ад думак быў парушаны ў 70% матэрыялаў тэлеканала ОНТ, са згаданым парушэннем у эфір тэлеканала “Белсат” выйшлі 62% матэрыялаў, на “Беларусь 1” – 49% .

Парушэнні гэтага стандарту маюць свае асаблівасці ў залежнасці ад медыюма. Каротка гэта можна акрэсліць так: сацыяльна-нарматыўна-камандны vs. прыватна-эмацыянальнага вектара. Як праз дзяржаўныя каналы, такі і праз недзяржаўны Белсат прамаўляюць пэўныя супольнасці: на дзяржаўных – гэта голас гаспадара і абывацель (як транслятар нерэфлексіўна засвоеных стэрэатыпаў), на “Белсаце” – гэта, умоўна кажучы, голас гета (трансляцыя схемаў нязгоды і змагання з рэжымам) плюс асоба (ангажаваная супраць улады і глабальна “за Еўропу”).

Хібы з аддзяленням фактаў ад думак вызначаюцца на дзяржаўных каналах ў сюжэтах на розныя тэмы: “тема подкупила новизной: до этого детали документа на широкую публику не оглашались. А ведь сегодня действительно было о чем поговорить (Беларусь 1, 10.11.2014), “ведь не исключено, что через какое-то время эти, сегодня новые, редакции вновь потребуют доработки. И это абсолютно нормально: мир вокруг меняется, и разрешать возникающие вопросы нужно, работая на опережение” (Беларусь 1, 10.11.2014), “уж чему точно нет места в генплане, так это наркопритонам” (Беларусь 1, 12.11.2014), “точные сроки не назывались, но то, что разговор с местными властями предстоит серьезный, было очевидно” (БТ 14.11.2014), “Цифры-итоги за три квартала 2014 года – это смесь обнадёживающих показателей с не самыми радужными”(ОНТ, 10.11.2014), “Кулинарные недели пока прижились только в столице, но Минск готов делиться опытом и с регионами. Ведь белорусское гостеприимство немыслимо без щедро накрытого стола” (ОНТ 12.11), “В столичном музее кино завершился показ документальной ленты о самой желанной актрисе середины уже прошлого века. Увидеть по-настоящему уникальные кадры из семейного архива французской дивы смогли лишь 50 человек. Столько вместил зал. Однако не стоит печалиться. 13 ноября – дополнительная премьера в минском кинотеатре «Победа»” (ОНТ, 10.11.2014).

Журналісты і вядоўца тэлеканалу “Белсат” працягваюць разглядаць навінавы эфір як пляцоўку для дэманстрацыі ўласнай суб’ектыўнасці: “Парушэнне правоў, звальненні, затрыманні, пагрозы - інструменты, якімі улады беларусі ўдала працуюць вось ужо 2 дзесяткі гадоў. Але гэтым разам, як кажуць, найшла каса на камень: супраць дзяржаўнай машыны выступаюць прынцыповыя прафсаюзныя актывісты, якія не жадаюць праглынуць чарговы прававы здзек. Але без падтрымання і салідарнасці кожнага з нас перамагчы ім будзе няпроста” (Белсат, 10.11.2014), “чарговая справаздача ўрада прайшла паводле добра вядомага сцэнару: з аднаго боку заклапочаны сытуацыяй у краіне прзыдэнт, з другога - чыноўнікі, якія ў чарговы раз правалілі план, такія выступы незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў у беларусі выпадковымі назваць не даводзіцца” (Белсат, 11.11.2014), “цяпер, у часы скарачэння ўсяго сацыяльнага ў нашай краіне, гомельскі вадаканал пастанавіў, што агульнадаступнасці вады трэба пакласці канец” (Белсат, 11.11.2014), “Ураджай сабралі, але ён нам не па кішэні” (Белсат, 13.11.2014), “Перспектывы  - самыя горшыя. Немагчымасць забясспечыць кантроль расейска-украінскай мяжы толькі пагаршае сітуацыю і спрыяе працягу баявых дзеянняў” (Белсат, 13.11.2014), “надвор'е ў Горадні нібы яснае, але моўныя курсы растуць, як грыбы пасля дажджу” (Белсат 14.11).

42% – у такой колькасці сюжэтаў назіраліся парушэнні стандарту дакладнасці інфармацыі на тэлеканале “Беларусь 1”. На ОНТ і «Белсат» гэты паказчык склаў па 41%.

Спектр парушэнняў гэтага стандарту вагаецца ад пашкоджання сэнсаў у выніку лагічных хібаў да гіпербалізацыі (як варыянт – драматызацыі, што выяўляецца ў наданні фактам псіхаэмацыянальнай афарбоўкі) фактатаў. Найбольш характэрныя прыклады: “моля о помощи, люди сообщали несколько минут назад неуправляемая "ауди" протаранила сразу 6 машин. Судя по этим кадрам, можно предположить - она была запредельной(Беларусь 1, 10.11. 2014), “в Беларуси зарегистрировано более 200 предприятий с участием британского капитала. Их число совсем скоро пополнит и Тим Макинтош: в столичном регионе он готов построить завод по производству водоочистного оборудования” (Беларусь 1, 14.11.2014), “ленты, признанные на "Лістападзе", ждет гарантированный успех. Так, победитель "Лістапада" 2013 года драма "Ида" номинирована на премию "Оскар". По итогам мирового проката фильм стал одним из самых успешных в истории польского кино” (Беларусь 1, 14.11.2014), “программа 21-ого «Лiстападзiка» побила все рекорды по национальному разнообразию картин. Поэтому доехать до церемонии награждения и забрать свои призы смогли не все победители” (ОНТ, 11.11.2014), “национальные блюда появились во всех без исключения ресторанах и кафе, а в некоторых даже начали проводить недели белорусской кухни” (ОНТ, 12.11.2014), “шпіёны спецслужбаў менску адсочваюць дзейнасць беларускай апазіцыі ды прасоўваюць інтарэсы ўладаў у літоўскім асяродку” (Белсат, 11.11. 2014), “пакуль жа вайское кіраўніцтва не спраўджвае гэтую інфармацыю і не пакідае надзеі, што саміт Е-20 і ЭЗ дапамогуць спыніць расею” (Белсат, 14.11.2014), “вышэйшая адукацыя ў Беларусі стала масавай і ў разуменні большасьці – абавязковай” (Белсат, 14.11.2014)

Акрамя гэта, у сюжэтах тэлеканала “Белсат” заўважаныя хібы з візуальным матэрыялам: напрыклад, часткай відэашэрага сюжэта пра тое, што ЦВК Беларусі не прызнае выбары ў ДНР і ЛНР, стаўся сцэнічны выступ невядомага калектыва дзяўчын у какошніках у кампаніі аніматара ў строі мядзьведзя; рэпартаж пра літоўскія падзеі ілюстраваўся здымкамі Варшавы, пра якую ў сюжэце ніяк не ўзгадвалася і г.д. Таксама ў матэрыялах “Белсата” часам можна назіраць фальшывыя стэндапы, якія, толькі імітуюць знаходжанне журналіста на месцы падзеяў.

Брак аператыўнай падачы інфармацыі на тыдні з 10 па 14 лістапада назіраўся ў 28% матэрыялаў, што вышлі ў эфір тэлеканала «Белсат», на ОНТ 24% тэмаў і падзеяў былі асветленыя са спазненнем, на “Беларусь 1” – 21%.

Акрамя ранейшых хібаў (агляд культурных падзеяў на “Белсаце” і замежных і эканамічных на “Беларусь 1”), гэты тыдзень маніторынгу адзначаны наступнымі момантамі:

- І “Беларусь 1”, і “Белсат” падалі інфармацыю пра закалоты падчас Маршу незалежнасці ў Варшаве за спазненнем на дзень. Калі ў адносінах да “Беларусь 1” сітуацыю можна патлумачыць тым, што ў стужцы агенцыі БЕЛТА навіна з’явілася таксама на наступны дзень, то маўчанне “Белсата” выглядае незразумелым.

- І “Беларусь 1”, і “Белсат” сінхронна спрацавалі ў плане сюжэтаў-каментароў да Аляксандра Лукашэнкі з ўрадам, што адбылася напярэдадні. Сюжэты, якія заяўлялся як аналітычныя, на справе звяліся да ідэалагічнага (з чакана супрацьлеглымі сэнсавымі мэсыджамі) постскрыптума.

Акрамя гэтага, Белсат 11 лістапада даў інфармацыю пра меркаванне Лідзіі Ярмошынай з нагоды выбараў у ДНР і ЛНР, якія адбыліся 2 лістапада.

Таксама ў эфір выйшлі шэраг ахранічных сюжэтаў, не прывязаных да нейкай канкрэтнай інфармацыйнай нагоды: пра прадмет “абарона айчыны” ў школах Чарнігава, пра ліквідацыю калонак у Гомельскай вобласці (абодва – Белсат, 10 і 11.11.2014 адпаведна), пра рэзкае падзенне курса грыўны і валютныю паніку ва Ўкраіне (ОНТ, 12.11.2014).

 

Зводная табліца парушэнняў стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат»

  Парушэнне стандартаў «Беларусь 1» ОНТ «Белсат» Заўвагі
1. Матэрыялы з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры 55%41 (з 73) 57%21 (з 37) 29%17 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
  1.1. Матэрыялы з прыкметамі палітычнай замоўленасці (альбо цэнзуры) 30 18 11 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.1. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу 0 0 10  Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.2. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу 29 18  0 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.3. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю 0 0 1 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.4. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю 0 0 1 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.2. Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці ці рэкламы 12** 5** 2** Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.3. Замоўныя матэрыялы на тэмы замежжа 0 2 6** Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
2. Матэрыялы з парушэннямі стандарту балансу думак 60%44 (з 73) 73%27 (з 37) 79%46 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
3. Матэрыялы з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі 62%45 (з 73) 68%25 (з 37) 55%32 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
4. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак 49%36 (з 73) 70%26 (з 37) 62%36 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
5. Матэрыялы з парушэннямі стандарту верагоднасці інфармацыі 77%56 (з 73) 86%32 (з 37) 72%42 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
6. Матэрыялы з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі 31%73 (з 42) 41%15 (з 37) 41%24 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
7. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі 21%15 (з 73) 24%9 (з 37) 28%16 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

 

Ключавыя грамадска-палітычныя тэмы, пададзеныя каналамі ў матэрыялах з прыкметамі замоўленасці (цэнзуры)

10 лістапада, панядзелак

Асноўным сюжэтам дня на тэлеканалае “Беларусь 1” было паседжанне дэпутатаў, якія адзінагалосна прынялі ў першым чытанні закон аб альтэрнатыўнай вайсковой службе. Матэрыял пададзены без каментароў экспертаў і тых, каго гэты закон непасрэдна тычыцца – патэнцыйных прызыўнікоў. Акрамя дысбалансу думак, у ім зафісаваныя парушэнні стандартаў паўнаты інфармацыі, яе даставернасці і дакладнасці, а таксама аддзялення фактаў ад думак.

На ОНТ першая тэма дня – бюджэт-2015. У сюжэце няма каментароў экспертаў, парушаюцца стандарты паўнаты, даставернасці і дакладнасці інфармацыі. Аўтар матэрыялу выказвае меркаванне і дае ацэнкі.

Першыя тэма на “Белсаце” – галадоўка звольненых супрацоўнікаў БЗТДіА. У сюжэце зафіксаваныя парушэнні стандартаў верагоднасці і дакладнасці, паўнаты інфармацыі. І вядоўца, і аўтар матэрыялу дазвалялі сабе даваць ацэнкі і рабіць высновы.

 

11 лістапада, аўторак

На дзяржаўных каналах асноўны сюжэт выпускаў вечаровых навінаў – справаздача ўрада і Нацбанка Аляксандру Лукашэнку. І “Беларусь 1”, і ОНТ зрабілі з гэтай нагоды сюжэты ў фармаце справаздачы, пабудаванай пераважна на сінхронах кіраўніка дзяржавы і іншых дзеючых асобаў. Матэрыялам бракуе адпаведнасці стандартам балансу думак (высноваў, ацэнак), аддзялення фактаў ад думак, а таксама даставернасці і дакладнасці. Ім была адведзеная значная частка эфірнага часу – на “Беларусь 1” сюжэт цягнуўся 22 хв., на ОНТ - 22 хв. 42 с. (працягласць праграмы “Наши новости” звычайна складае 25 хв.; у гэты дзень у эфір вышла яшчэ 3 сюжэты).

Гэтая ж тэма сталася галоўнай і на “Белсаце”. Яна была вырашаная ў супрацьлеглым (калі параўноўваць з дзяржаўнымі каналамі) ракурсе – дзеянні і заявы кіраўніка дзяржавы рэпрэзентаваліся негатыўна. Сюжэт утрымлівае парушэнні стандартаў балансу думак, даставернасці, дакладнасці, аддзялення фактаў ад думак.

 

12 лістапада, серада

На “Беларусь 1” першы матэрыял – пра міжнародную канферэнцыю ЮНІСЭФ на тэму абароны правоў дзяцей, што праходзіла ў Мінску. Сюжэт парушае стандарты даставернасці, дакладнасці, паўнаты інфармацыі, аддзялення фактаў ад думак. Былі хібы і з балансам думак -  сытуацыю ў пазітыўным ключы каментавалі толькі ўдзельнікі, не было экспертнай ацэнкі. Акрамя гэтага, тэлеканал на наступны дзень зрабіў яшчэ адзін матэрыял з той самай нагоды, змяніўшы акцэнт з падзеі на яе ідэалягічны эфект – галоўны мэсыдж “беларуская мадэль абароны правоў дзіцяці можа стать прыкладам для пераймання”. Па аналагічнай схеме – сюжэт з працягам – была рэалізаваная і яшчэ адна тэма – справаздача ўрада прэзідэнту. 12 лістапада канал “Беларусь 1” даў у эфір каментары.

Адной з асноўных тэмаў дня на ОНТ быў матэрыял пра рэзкае падзенне курса грыўны. Гэта быў адзіны зварот да ўкраінскай тэматыкі ў вечаровых навінах на канале за ўвесь тыдзень і вырашаны ён з парушэннем стандартаў даставернасці, дакладнасці, паўнаты інфармацыі. У сюжэце ігнаруецца баланс думак, а таксама сама інфармацыйная нагода – абвал грыўны – не была зафісаваная ў стужках навінавых агенцыяў. Аўтар матэрыяла таксама робіць ацэнкі і выказвае суб’ектыўныя меркаванні, чым парушае стандарт аддзялення фактаў ад думак.

На “Белсаце” інфармацыйны вечар стартаваў з сюжэта пра ўчорашнюю сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з урадам. Гэта другі матэрыял “Белсату” на гэтую тэму (аналагічная сітуацыя была зафіксаваная і на тэлеканале “Беларусь 1”, калі на наступны пасля падзеі дзень у эфіры з’явіліся каментары, што ў выніку пераўтварыліся ў яшчэ адзін сюжэт з дамінаваннем сінхронаў кіраўніка дзяржавы).  У матэрыяле, акрамя хібаў у аператыўнасці, зафіксаваныя парушэнні стандартаў балансу думак, а таксама паўнаты, даставернасці і дакладнасці інфарацыі. Таксама аўтар сюжэту не аддзяляў фактаў ад думак, рабіў суб’ектыўныя высновы і даваў неабгрунтаваныя ацэнкі.

 

13 лістапада, чацвер

Канал “Беларусь 1” распачаў інфармацыйны вечар інфармацыяй пра тое, хто – згодна з праектам указа, які прадставілі Лукашэнку, - можа прэтэндаваць на арэнднае жытло. Эксперты слова ў матэрыяле ня маюць, што указвае на парушэнне стандарту баланса думак. У матэрыяле парушаны стандарт даставернасці і паўнаты інфармацыі. Аўтар сюжэту дапускае суб’ектыўныя цверджанні і ацэнкі. Таксама ў матэрыяле назірацца адсутнасць балансу думак – прамаўляе толькі кіраўнік дзяржавы.

Асноўная тэма выпуска на ОНТ – звароты грамадзян у дзяржаўныя органы па розных пытаннях. У сюжэце назіраецца парушэне стандартаў паўнаты інфармацыі, аддзялення фактаў ад думак, даставернасці і дакладнасці інфармацыі.  

Матэрыял пра сітуацыю ва Ўкраіне  і ролю ў гэтым Расіі  стаўся галоўнай навіной на “Белсаце”. У сюжэце зафіксаваныя парушэнні стандарту баланса думак, паўнаты, даставернасці і дакладнасці падачы інфармацыі.  Вядоўца дае ацэнкі, аўтар матэрыялу выказвае суб’ектыўныя меркаванні, робіць высновы, чым парушаюць стандарт аддзялення фактаў ад думак.

 

14 лістапада, пятніца

Асноўнай тэмай – як па факту з’яўлення ў эфіры, так і па працягласці – для тэлеканалаў “Беларусь 1” і ОНТ быў працоўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Гародню. Сюжэты (адзін на “Беларусь 1” і 2 на ОНТ) выключна пазітыўна прэзентавалі кіраўніка дзяржавы. Сюжэты будаваліся пераважна на сінхронах кіраўніка дзяржавы. Аўтары матэрыялаў парушалі прынцып аддзялення фактаў ад думак, стандарты даставернасці і дакладнасці, баланса думак. Пад гэтыя сюжэты была адведзеная значная колькасць эфірнага часу – 25 хв. на “Беларусь 1” і 24 хв. 58 с. (17 хв. 59 с. + 6 хв. 57 с.) на ОНТ, дзе, акрамя гэтай тэмы, хапіла месца толькі аднаму сюжэту – закрыццю кінафэстываля “Лістапад”.

Сюжэтам з элементамі замоўленасці на телеканале “Белсат” стаўся матэрыял пра манеўры НАТО ў Літве, у якім зафіксаваныя парушэнні стандартаў балансу думак, аддзялення фактаў ад бумак, даставернасці і дакладнасці інфармацыі.

 

Замоўчаная тэлеканаламі грамадска важная інфармацыя

Выбар замоўчаных тэмаў рабіўся на падставе аналізу стужкі навінаў двух галоўных інфармацыйных агенцтваў Беларусі: БелаПАН і БелТА.

Каналы

10-14 лістапада 2014 г.

колькасць замоўчаных тэмаў

«Белсат»

19

«Беларусь 1»

21

ОНТ

29

 

10 лістапада, панядзелак

Сітуацыя вакол акцыі пратэсту супраць звальнення з БЗТДіА ў Бабруйску (сюжэт разгортваўся ўвесь тыдзень) – не было на каналах “Беларусь 1” і ОНТ.

Мінгарсавет зацвердзіў Андрэя Шорца на пасадзе старшыні Мінгарвыканкама – не было на “Белсаце” і “Беларусь 1”.

Памер генерал Валер Фралоў – не было на тэлеканалах “Беларусь 1” і ОНТ.

Грамадзянін Літвы затрыманы за шпіянаж на карысць Беларусі – не было на тэлеканалах “Беларусь 1” і ОНТ.

У Мінску праходзіць кінафэст "Лістапад" (сюжэт разгортваўся ўвесь тыдзень) – не было на “Белсаце”.

У Мінску стартаваў фэст урбаністыкі – не было на ніводным з тэлеканалаў.

Афіцыйных прыбыткаў ня маюць амаль 7% працаздольнага насельніцтва Беларусі – не было на ніводным з тэлеканалаў.

Дзіцячае Еўрабачанне: беларуская дэлегацыя прыехала на Мальту – не было на ОНТ і Белсаце.

11 лістапада, аўторак

ЦВК Украіны абвясціла афіцыйныя вынікі выбараў па партыйных спісах – не было на ОНТ.

У мінскім псіханеўралагічным інтэрнаце для старых і інвалідаў адкрыецца новы корпус на 250 месцаў – не было на ніводным з тэлеканалаў.

У Мінску адкрыўся Беларускі тыдзень модыBelarus Fashion Week – не было на ОНТ і тэлеканале “Белсат”.

Беларусы змогуць 90 дзён знаходзіцца на тэрыторыі Расіі без пастаноўкі на міграцыйны ўлік – не было на тэлеканалах ОНТ і “Белсат”.

Інфляцыя у Беларусі з пачатку года склала 14,8% - не было на “Беларусь 1” і ОНТ.

Мінздраў Беларуса дазваляе аптэкам адпускаць лекі па рэцэптам з ветэрынарных клінік – не было на ніводным з тэлеканалаў.

12 лістапада, серада

Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб супрацоўніцтве з СНД – не было на тэлеканалах ОНТ і “Белсат”.

Мінгарвыканкам заявіў пра гатоўнасць разгледзець усе варыянты рэканструкцыі раёна Асмалоўка ў Мінску – не было на ніводным з тэлеканалаў.

У Мінску адкрылася выстава "Сума Сумарум" сталічнай галерэі "Шостая лінія" – не было на тэлеканалах “Беларусь 1” і ОНТ.

У Мінску пачаў працу бесплатны клуб беларускай мовы "МоваTUT" – не было на “Беларусь 1” і ОНТ.

Украінскі ўрад зацвердзіў пагадненне з Беларуссю аб дэмаркацыі мяжы – не было на ніводным з тэлеканалаў.

Закалоты ў Варшаве на Маршы незалежнасці – не было на ОНТ.

Сельская гаспадарка Беларусі згубіла з-за дэвальвацыі расійскага рубля каля $160 млн – на было на “Беларусь 1” і ОНТ.

13 лістапада, чацвер

У Мінску адкрылася міжнародная канферэнцыя па праблемах смяротнай кары – не было на тэлеканалах “Беларусь 1” і ОНТ.

У Літве завяршылі расследаванне справы аб штурме тэлецэнтра ў Вільнюсе, сярод падазроных ёсць беларусы – не было на тэлеканалах “Беларусь 1” і ОНТ.

Да поўнага адключэння аналагавага тэлевяшчання ў Беларусі засталося менш за паўгода – не было на каналах ОНТ і “Белсат”.

У 2015 годзе Польшча плануе адкрыць восем візавых цэнтраў у Беларусі – не было на “Беларусь 1”  і ОНТ.

Розніца ў сярэдняй зарплаце мужчын і жанчын у Беларусі складае прыблізна 25% - не было на ніводным з тэлеканалаў.

У Ісламабадзе адкрытае беларускае пасольства – не было на тэлеканалах ОНТ і “Белсат”.

14 лістапада, пятніца

Нацбанк абмежаваў даходы топ-менеджараў банкаў – не было на ніводным з тэлеканалаў.

Тэлефон гарачай лініі для пацярпелых ад дамашняга насілля стаў даступны для абанентаў усіх мабільных аператараў – не было на тэлеканалах “Беларусь 1” і ОНТ.

Юрася Беленькага будуць судзіць за парушэнні ў арганізацыі акцый "Дзяды" – не было на ніводным з тэлеканалаў.

У Беларусі пачалася адпраўка ў войскі грамадзян, прызваных на тэрміновую ваенную службу – не было на ОНТ і “Белсаце”.

У Гомелі адбудзецца адкрыццё новага праекта Руслана Вашкевіча — інтэракцыі "Ідзі і глядзі" – не было на ніводным з тэлеканалаў.

Гран-пры XXI кінафестывалю "Лістапад" атрымаў украінскі фільм "Племя" Міраслава Слабашпіцкага – не было на тэлеканале “Белсат”.

 

Маніторынг закрануў 168 матэрыялаў[1], якія выйшлі ў эфір выніковых вечаровых выпускаў навінаў з панядзелка па пятніцу на дзяржаўных тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ і  недзяржаўным тэлеканале «Белсат».

Аб’екты маніторынгу сталіся выніковыя выпускі навінаў на трох згаданых беларускіх тэлеканалах. Штомесяц метадам выпадковай выбаркі прызначаецца адзін тыдзень, цягам якога будзе праводзіцца маніторынг. Прадстаўленыя вынікі тычацца вечаровых навінаў, што былі ў эфіры з 10 па 14 лістапада 2014 года. За гэты час на тэлеканале “Беларусь 1” у праграме “Панарама” выйшлі 73 матэрыялы, на ОНТ у “Наших новостях” – 37, на “Белсаце” ў “Аб’ектыве” – 58.

Маніторынг складаецца з трох частак: 1) маніторынгу матэрыялаў, што маюць прыкметы замоўленасці, цэнзуры альбо прапаганды; 2) маніторынгу замоўчаных тэмаў у выпусках навінаў; 3) маніторынгу адпаведнасці стандартам інфармацыйнай журналістыкі.

Для маніторынгу няважна, якія абставіны (прычыны) прывялі да згаданых парушэнняў у выпусках тэлевізійных навінаў: ці гэта цэнзура з боку ўладаў, ці самацэнзура журналістаў, ці нізкі прафесійны ўзровень. Сутнасць праблемы палягае ў тым, што глядач атрымлівае перадузятую інфармацыю, то бок створаную на карысць аднаго з бакоў. Да таго ж яго пазбаўляюць адэкватнага разумення падзеяў і працэсаў, што адбываюцца ў краіне.

 

[1] За адзінку бралася паведамленне, якое мела пэўна вызначаны пачатак і заканчэнне. Выключэнне складалі дайджэст міжнародных навінаў і эканамічная праграма “В курсе” (телеканал “Беларусь 1), якія складаліся з некалькіх кароткіх паведамленняў  – яны лічыліся за адзін матэрыял. 

 

Оценить материал:
3
Средняя: 3 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: