Вы здесь

«В одну телегу впрячь неможно коня и трепетную лань»

Амерыканскі шпіён слямзіў у Савецкім Саюзе планы найнавейшага савецкага самалёта-знішчальніка. І пераслаў у Штаты. Там на іхняй падставе на ваенным заводзе сабралі дзеючую мадэль. Атрымаўся... паравоз.

Амерыканцы пішуць свайму шпіёну: «што ж ты, нягоднік, нам прыслаў? У нас жа паравоз атрымаўся!» А той ім – а вы дробнымі літарамі ўнізе старонкі надпіс чыталі? Ну дык прачытайце! Тыя бяруць планы, а там пад зорачкай дробным мачкам напісана: «да ідэалу давесці напільнікам».

Навошта пачынаць быццам бы сур'ёзны тэкст з анекдота? Бо гэта дастаткова адэкватная метафара таго нечаканага меандру на украінскім накірунку беларускай знешняй палітыкі, сведкамі якога мы зараз з'яўляемся. І калі эканамічная складовая візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў была цалкам прагназавальная – не да жыру, быць бы жыву – то заява пра стварэнне супольнага украінска-беларускага тэлеканалу, як кажуць, усіх павергла.

Тымчасам, як неаднаразова казалі мне ў гэтым годзе кіеўскія калегі з медыяколаў, украінскі бок у размовах рознага ўзроўню з прадстаўнікамі ўладаў у Менску падымаў тэму рэтрансляцыі хаця б аднаго ўкраінскага тэлеканалу ў Беларусі. Адказ дагэтуль быў толькі адзін – поўнае маўчанне. І вось – колькасць неспадзявана перарасла ў якасць. Ды яшчэ ў якую якасць!

Толькі я б перасцерагаў аптымістаў на ўкраінскім баку ад святкавання ідэалагічнай перамогі. Бо словы, якія прагучалі з вуснаў кіраўніка беларускай дзяржавы, дастаткова моцна могуць змяніць яе рэальны змест. Лукашэнка сказаў пра стварэнне супольнага каналу – а не рэтрансляцыі ўкраінскага жыўцом. Вось тут сабака і парыўся.

Усе вельмі добра памятаюць часы газавых войнаў паміж Расеяй і Беларуссю – расейскія прапагандысцкія фільмы «Крёстный батька» і іже с німі. Як тады выглядалі навіны ў рэтрансляваных тады на тэрыторыю Беларусі расейскіх федэральных каналах? Нярэдка можна было на пачатку выпуску пабачыць заяўку тэмы пра расейска-беларускія дачыненні – а ў сярэдзіне замест сюжэту... пяць хвілін рэкламы пасярод выпуску навінаў. Іншыя ж тэмы заставаліся некранутымі.

Беларускія ж дзяржаўныя медыі ў тыя часы татальна прайгравалі вайну за мазгі ўласнага народу добра натасканым расейскім прапагандыстам. Зараз сітуацыя ў нацыянальным медыяполі яшчэ больш сумная. Дазволеныя ўласнымі ручкамі беларускага ўраду ўнутрыкраінныя казламутанты расейскіх федэральных прапагандысцскіх рупараў прывялі да таго, што больш за 60 адсоткаў маіх суайчыннікаў радасна вапіяшэ «Крымнаш!» – Чый – наш? Мы хто ўвогуле? Можа яшчэ украінцы нам менш браты, чым расейцы? Паводле кіраўніка беларускай дзяржавы, як бачым, не.

Падаецца, свядомасць прайгранай інфавайны за «власть над умами» пакрысе пачала даходзіць і да беларускага жырафа. Вось толькі вырашаць гэтую праблему ўлада выразна мае намер традыцыйным для яе арсеналам сродкаў – веернымі блакіроўкамі апазіцыйных сайтаў з мэтаю запалохвання і стварэннем недарэчных інфармацыйных гібрыдаў.

Я перакананы, што ашалеўшым ад кандовага БТ беларусам і такі гібрыд украінскага грамадскага (Першы нацыянальны) і беларускага дзяржаўнага (Першы антынацыянальны) будзе нейкі час за шчасце. Але няхай украінцы нават не думаюць, што ён будзе даносіць да нас усю праўду пра іхнюю краіну. Праўда там – як паказвае вышэй згаданая практыка – будзе старанна дазаванай і выбарачнай. А насустрач унутры гэтага ж каналу будзе дзейнічаць вектар менскай «застабільнай» інфармацыйнай закладкі – у той частцы супольнага каналу, якая будзе аддадзеная пад вяшчанне з Менску.

Ну але я ўсё ж такі крыху цешуся як прадстаўнік забароненага ў Беларусі тэлеканалу «Белсат» – бо аказваецца столькі год мы займаліся менавіта тым, што Лукашэнка зараз назваў правам беларусаў на плюралізм інфармацыі.

Услухайцеся, шаноўныя суайчыннікі і сумедыйнікі ў кожнае слова гэтай цытаты – проста ж золата! «Мы даўно казалі пра тое, што беларусы маюць права ведаць розныя пункты гледжання...» Пайду прасаваць гальштук і шнуркі для магчымага заўтрашняга выкліку ў беларускі МЗС, дзе мне ўрачыста падаруюць ключы ад афіцыйнага менскага офісу нашага тэлеканалу – бо ж адну справу з Лукашэнкам робім, як аказваецца!

Міхась ЯНЧУК адмыслова для Mediakritika.by

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: