ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

У Байнэце адбылася рэпетыцыя вэб-апакаліпсісу

Бываюць выпадкі, калі дакладнасць твайго прагнозу не радуе. “Беларускім уладам стане прасцей глушыць зубастыя сайты” — так назваў я свой артыкул на Naviny.by па гарачых слядах імкліва працягнутых праз Нацыянальны сход паправак у закон аб СМІ.

Праз лічаныя дні сайт Naviny.by быў заблакаваны, як і яшчэ шэраг дыскамфортных для ўлад рэсурсаў (БелаПАН, “Белорусский партизан”, “Хартыя”, Udf.by, 21.by, “Салідарнасць”, Zautra.by). Увечары 22 снежня стаў недаступны з Беларусі (калі не ўжываць ананімайзер) сайт “Радыё Рацыя”.

 

Палітычна падкаваныя хакеры

Новы закон пачне дзейнічаць толькі з 1 студзеня. І афіцыйна ўладамі закрыты толькі Onliner.by за цэннікі ў валюце. Што да іншых рэсурсаў, то справа падаецца так, нібыта нейкая злая сіла зладзіла на іх DDOS-атакі ці напусціла нейкую падобную халеру.

Адметна, аднак, што ўсе гэтыя вэб-крыніцы адзначыліся непрыемнымі для ўлад нататкамі, рэпартажамі ды каментарамі з нагоды жорсткіх захадаў дзяржавы, скіраваных на прадухіленне валютнай катастрофы. За што рэдактары шэрагу рэсурсаў трохі раней былі выкліканы на суровую размову ў Міністэрства інфармацыі.

У прыватнасці, як стала вядома, у якасці прыкладу дэструктыўнай журналістыкі падчас той выхаваўчай размовы фігураваў мой артыкул “Беларускі “народзец” плаціць збор за палітычны інфантылізм”, што з’явіўся на “Навінах” у дзень “гібрыднай дэвальвацыі” і шырока разышоўся па сеціве.

Так што імпэт ананімных хакераў (каторыя выяўляюць велізарную настойлівасць і нейтралізуюць спробы выйсці з-пад блакавання) дзіўным чынам супаў з раздражненнем вялікага начальства, якое, мяркуючы па ўсім, надта баіцца фінансавага абвалу напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

Раней таямнічыя хакеры з іх дзівоснай абазнанасцю ў “палітыцы партыі ды ўраду” нязменна шчыравалі ў фінальнай фазе выбарчых кампаній, прыцэльна кладучы тыя рэсурсы, што асвятлялі падзеі “як ёсць”, а не “як трэба”.

 

Нацыянальны інтарэс будзе трактаваць чыноўнік

Ну а з 1 студзеня сайты стане магчыма блакаваць цалкам на законных падставах. Але ж сам закон крывы, падступны.

І рэч не толькі ў тым, што сайты пастаўлены на адну роўніцу з традыцыйнымі СМІ (за выключэннем рэгістрацыі), што дае магчымасць ужываць супраць іх увесь той рэпрэсіўны арсенал, які ўжо адпрацаваны на афлайнавай прэсе.

Д’ябал хаваецца яшчэ і ў дэталях. Так, у ранейшай рэдакцыі закона аб СМІ забараняўся, у прыватнасці, распаўсюд інфармацыі, скіраванай на прапаганду вайны, гвалту, жорсткасці, экстрэмісцкай дзейнасці. Цяпер гэты падпункт артыкула 38 перайначаны і забараняе таксама распаўсюд “іншай інфармацыі, распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.

Гэта трактоўка цалкам развязвае рукі чыноўнікам, бо вызначаць “шкоду” будуць яны (а закон дазваляе блакаваць сайты нават без суда). Прычым, заўважце, гаворка не пра дэзу ці паклёп. Шкоднай рыхтуюцца прызнаваць менавіта інфармацыю, то бок напісаную журналістам праўду, калі яна акажацца не пад нос вялікай шышцы.

Фактычна гэта ў адным духу з сумна вядомым крымінальным артыкулам пра “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”. А калі глядзець глыбей у гісторыю, то згадваецца “антысавецкая агітацыя”.

Зрэшцы, з таго часу норавы памякчэлі. Цяпер забіваюць толькі сайты.

 

Усё адно атрымліваецца аўтамат Калашнікава

У свой час высокае беларускае начальства, не надта прасунутае што да інфармацыйных тэхналогій, праспала паўставанне Байнэту.

Папяровую прэсу, тэлебачанне ды радыё зацуглялі яшчэ напачатку прэзідэнцкай эры (рэшту недзяржаўных газет загналі на маргінэс), а вось незалежныя вэб-рэсурсы да пары да часу заставаліся пляцоўкамі адноснай свабоды выказвання.

Першым званочкам стаў указ № 60, прыняты напачатку 2010 года (заўважце, года прэзідэнцкіх выбараў). Тады, дарэчы, улада мусіла змякчыць пэўныя палажэнні, бо зліты ў інтэрнэт праект дакумента — зусім адыёзны, з рэгістрацыяй нават скрыняў электроннай пошты — выклікаў хвалю пратэстаў вэб-грамадскасці.

Гэтым разам папраўкі ў закон аб СМІ былі пракручаныя праз парламент у рэжыме спецаперацыі — імкліва ды цішком. Тэкст праекта не паказвалі нават акрэдытаваным пры Палаце прадстаўнікоў журналістам. А БАЖ прадынамілі з абяцаным грамадскім абмеркаваннем.

Нарада ў Мінінфарме ў мінулую суботу, калі рэдактарам пагражалі, што за няправільнае з гледзішча чыноўнікаў асвятленне вострых тэм могуць уляпіць адразу два папярэджанні (пасля чаго сайт можна блакаваць на законных падставах), не пакідае ілюзій наконт мэты заканадаўчых навацый.

Зрэшты, і так толькі наіўняк мог паверыць, што яны прымаюцца дзеля зручнасці блогераў, якія цяпер тэарэтычна могуць акрэдытавацца.

Што б ні мянялі беларускія ўлады ў медыйным заканадаўстве, атрымліваецца, як у старым анекдоце, аўтамат Калашнікава.

Дарэчы, уважлівае чытанне паправак паказала, што сайт могуць забаніць нават без папярэджанняў, калі нейкую інфу вызначаць як забароненую.

 

Нервы? Тэставы запуск?

Карацей, улады ліквідавалі тое, што з іх гледзішча было лакунамі ў медыйным заканадаўстве. Метады нейтралізацыі “нячэснай” афлайнавай прэсы перанеслі на анлайн.

Цяперашняе блакаванне сайтаў нагадвае зачыстку газет у снежні 2005 года, калі іх выкідалі з сістэмы распаўсюду перад прэзідэнцкімі выбарамі, прызначанымі на сакавік 2006-га.

Нядаўняе маланкавае прыняццё паправак у закон аб СМІ аналітыкі таксама адразу звязалі з прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года. Але ж да іх, паводле афіцыйнай версіі, яшчэ амаль што 11 месяцаў. Дзеля чаго такі рэжым абваранай кошкі?

Падзеі апошніх дзён паказваюць: магчыма, гэтая паспешлівасць прадыктаваная імклівым пагаршэннем фінансавай сітуацыі. Улады рыхтаваліся да непапулярных захадаў і паклапаціліся пра тое, каб негатыўная інфармацыйная хваля была мінімізаваная.

Але захады давялося рабіць, нават не дацягнуўшы да новага года, калі папраўкі набудуць моц.

І калі ўявіць, што раздрукоўкі крытычных матэрыялаў з незалежных сайтаў ляглі на вялікі начальніцкі стол, мог быць проста эмацыйны выбух: глушыць нягоднікаў, што “сеюць паніку”, неадкладна!

Зрэшты, абмяркоўваецца і версія пра халодны разлік: інструментарый, падрыхтаваны дзеля сітуацыі асаблівай палітычнай ды фінансава-эканамічнай турбулентнасці, запусцілі пакуль што ў тэставым рэжыме. Працуе!

 

Нашто тонкія хады, калі можна абухом?

Далейшая палітыка палітычнага рэжыму ў дачыненні да вэб-рэсурсаў будзе залежаць ад вастрыні фінансава-эканамічнага крызісу. Дакладней, паводле змаўчання гэтая палітыка адназначна варожая. Але ступень жорсткасці можа вар’іравацца.

Дапускаю, што на нейкім этапе неўпадабаным сайтам дадуць трохі аддыхацца. Ды паглядзяць, ці зразумелі яны намёк: пішыце выключна з арыенцірам на афіцыйную інфармацыю і да т.п. Усё ж палохаць Еўропу татальным глушэннем палітычнага Байнэту не зусім камільфо, калі хочацца дамагчыся ад заходнікаў зняцця санкцый ды паболей грошай.

Такім чынам, вэб-рэдакцыі, што легальна працуюць у Беларусі, будуць падштурхнутыя да яшчэ большай самацэнзуры.

Ну а супраць тых, хто намёк не зразумее, ужывуць блакаванне ўжо на законнай падставе.

Можна прадбачыць, што частка журналістаў не захоча адно што пераказваць БЕЛТА, рабіць бяззубыя матэрыялы, прыхарошваць рэчаіснасць. Іх штурхаюць на шлях падпольнай працы.

Цалкам заглушыць сайты, калі серверы па-за межамі Беларусі, не ўдасца. Палітызаваная публіка хутка навучыцца абыходзіць перашкоды (так за савецкім часам лавілі праз трэск глушылак “варожыя галасы”), а сам кантэнт такіх медый стане толькі вастрэйшы.

Так што і з гэтага гледзішча ўлады, спрабуючы заглушыць вэб-журналістыку ў краіне, дзейнічаюць недальнабачна. Але, ведаючы іх стыль, чакаць тонкіх хадоў не выпадае. Нашто, калі можна абухом?

У гэтыя дні мы ўбачылі ў мініяцюры тое, што можа чакаць увесь патэнцыйна крамольны Байнэт у фінальнай фазе выбараў-2015 (і далей па меры неабходнасці). Рэпетыцыя беларускага вэб-апакаліпсісу адбылася.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: