ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Супраць беларускай прэсы разгарнулі гібрыдную вайну

Вестка пра тое, што друкарня адмовілася рабіць наклад “СН+”, спарадзіла горкую іронію: што, і на друкарскія машыны адбылася DDoS-атака?

Нагадаю, што ўлады не ўзялі на сябе адказнасць за блакаванне шэрагу грамадска-палітычных рэсурсаў пасля сваіх драконаўскіх захадаў у валютнай сферы 19 снежня. Правайдэр жа адгаварыўся тым, што на яго абсталяванне адбылася DDoS-атака.

У тым жа духу: паламалася абсталяванне — патлумачыў 24 снежня “Нашай ніве” казус з накладам “СН+” намеснік дырэктара мінскай прыватнай друкарні “Плутас-маркет” Ігар Вішнеўскі.

Са свайго боку, галоўны рэдактар “СН+” Васіль Зданюк у гутарцы са мной паведаміў: рэдакцыі ўвогуле не патлумачылі, чаму не надрукавалі наклад.

З яго слоў, гэты нумар “ужо прапаў”, цяпер трэба рабіць захады, каб хоць надрукаваць наступны пасля выхадных, бо і наконт яго няма пэўнасці.

На думку Зданюка, “тут працуе страх пэўных чыноўнікаў, якія ў сваю чаргу ціснуць на тэхнічных выканаўцаў”.

Запомнім гэта слова: страх.

Нешчаслівыя снежні

Увогуле, калі зрабіць рэтраспекцыю, то снежань — чорны месяц для беларускай прэсы.

Акурат 20 гадоў таму, у снежні 1994 года, выйшлі з белымі плямамі найбуйнейшыя нацыянальныя выданні, якія меліся надрукаваць даклад апазіцыйнага дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэнні маладога тады прэзідэнта Лукашэнкі. Праз нейкі час пачнецца “адстрэл” рэдактараў.

Дарэчы, менавіта тады меў месца першы і апошні выпадак пакаяння высокага чыноўніка. Начальнік упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Фядута ўзяў на сябе адказнасць за тыя белыя плямы ды сышоў у адстаўку.

Потым будзе шмат рэпрэсій, але ніхто не пасыпле галаву попелам. Яшчэ болей, супраць недзяржаўных медый пачнуць практыкаваць своеасаблівую гібрыдную вайну.

Як вядома, адметнасць такой вайны — у камбінаванні адкрытых ды патаемных дзеянняў, шырокім выкарыстанні дыверсій і правакацый пры дэманстратыўным вымыванні рук: гэта не мы, а чорт ведае хто.

Цяпер гібрыдныя войны акурат у модзе. Вось і ў нашай сітуацыі шкодзяць “нячэснай” прэсе нібыта нейкія патаемныя сілы: мусіць, падсыпаюць пяску ў друкарскія машыны ды праз спартовы інтарэс прафесійна “кладуць” сайты.

Пазовы на вялікія сумы за нібыта дыфамацыю ад прыватных персон, прэсінг у выглядзе прыдзірлівых праверак рэдакцый як суб’ектаў гаспадарання (пальцы можна загінаць і далей) — гэта таксама элементы той самай гібрыднай вайны супраць недзяржаўнай прэсы, калі ідэалагічная вертыкаль нібыта ўбаку.

Што ж да нешчаслівага месяца, то менавіта ў снежні 2005 года, незадоўга да чарговых прэзідэнцкіх выбараў, у незалежнай беларускай медыясферы абмаляваліся абрысы афлайнавага апакаліпсісу: з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду былі выкінуты каля двух дзясяткаў перыёдыкаў. Нейкія з іх не выжылі, асобныя ж дасюль мусяць даходзіць да чытача саматужнымі шляхамі.

Нарэшце, сёлетні снежань адзначаны рэпетыцыяй вэб-апакаліпсісу ў Байнэце — працяглым, жорсткім блакаваннем шэрагу грамадска-палітычных сайтаў, якія далі непрыемныя для ўладаў паведамленні ды каментары з нагоды нядаўняй “чорнай пятніцы” (ці, як выказаўся адзін з аўтараў, сарамлівай дэвальвацыі).

На запыты рэдакцый ды БАЖа водгуку з інстанцый пакуль што няма. Наверсе робяць выгляд, што яны — ніякім бокам да развязанай гэтымі днямі чарговай гібрыднай вайны супраць медый.

Шчыт і меч

Але і ў гібрыднай вайне з яе брыдкімі прыёмамі на кожнае дзеянне можна знайсці супрацьдзеянне. Пачалося спрадвечнае спаборніцтва шчыта ды мяча.

За лічаныя дні амаль што ўсе забаненыя сайты ў той ці іншай ступені выслізнулі з-пад блакавання. На нейкія можна зайсці праз ананімайзер, камусьці дапамагае люстэрка на замежным серверы.

Адзначым таксама, што палітызаваная беларуская публіка рэзка падвысіла веды пра абыходныя шляхі доступу да забароненага плода. І ў фэйсбуку ўчарашнія чайнікі дзеляцца досведам кшталту: а ты зайдзі праз “Оперу” ў рэжыме “турба”.

Таму ў працяглай перспектыве гэтая гібрыдная вайна малаперспектыўная для ініцыятараў. Аднак варта чакаць, што на піку фінансавых забурэнняў ды электаральных кампаній крамольныя рэсурсы будуць глушыць з асаблівым імпэтам, ужываючы, так бы мовіць, дывановае бамбаванне.

І не дзіўна будзе, калі нейкія рэдакцыі, наматаўшы на вус урокі гэтага чорнага снежня, таксама загадзя паклапоцяцца пра “бомбасховішчы”, “запасныя аэрадромы” ды “зброю адплаты”.

Увогуле ж, як вы разумееце, снежаньскія наезды, як ранейшыя, так і цяперашні, — каляндарная выпадковасць. Заканамернасць жа тут іншая — палітычная.

Створаная ў краіне сістэма пачынае біць люстэркі, калі гаспадарам кабінетаў становіцца страшна за наседжаныя крэслы на грэбні выбарчай кампаніі ці ў прадчуванні фінансавага катаклізму.

Як я СССР разваліў

Што ж да нарады ў Міністэрстве інфармацыі ў мінулую суботу, калі рэдактараў вучылі, як “правільна”, у дзяржаўным духу асвятляць валютны крызіс (прыкладам жа дэструктыўнай журналістыкі выстаўлялі мой артыкул “Беларускі “народзец” плаціць збор за палітычны інфантылізм”, перадрукаваны шмат якімі рэсурсамі з Naviny.by), то гэта стала дзівам хіба што для маладзейшых.

А біты газетны воўк Іосіф Сярэдзіч, які любіць іншым разам падкрэсліць, што яго “Народная воля” перажыла ўжо не аднаго міністра інфармацыі, адразу правёў паралель з колішнімі нарадамі ў ЦК КПБ.

Дарэчы, хто не ведае: ЦК КПБ месціўся на Карла Маркса, 38, там, дзе цяпер прэзідэнцкая адміністрацыя.

Мне таксама давялося трапляць туды на нарады, калі рэдагаваў моладзевую газету “Знамя юности” за часамі гарбачоўскай перабудовы. Партыйныя бонзы драконілі “несвядомых” рэдактараў у такім самым духу: друкуеце дэструктыўныя матэрыялы, разгойдваеце лодку, развальваеце краіну!

Хоць насамрэч гэта калапсавала сістэма, якая не здолела адказаць на выклікі часу. Сістэма, якую зрабілі неканкурэнтаздольнай самі гэтыя бонзы.

Яны крычалі, а ў вачах чытаўся страх. Небеспадстаўны: неўзабаве таталітарная звышдзяржава, збудаваная, здавалася, на вякі, трэснула, як гнілы кавун.

Цяпер — тыя ж крыкі, тыя ж сутаргавыя спробы заткнуць рот — і той жа страх. І цяперашняя гібрыдная вайна супраць неўпадабаных СМІ — таксама прыкмета страху: баяцца адказнасці, замятаюць сляды.

Што ж, хай баяцца яны. Нам баяцца няма чаго.

І калі нехта думае, што Класкоўскі сваімі артыкуламі развальвае беларускія фінансы, то з гонарам магу адказаць: у такім разе ведайце, што я і Савецкі Саюз разваліў. 

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: