ОБ АВТОРЕ

Журналіст.

Навучалася ў ЕГУ па спецыяльнасці "Масавыя камунікацыі і журналістыка".

Працяглы час супрацоўнічала з рознымі беларускімі няўрадавымі арганізацыямі і ініцыятывамі, пісала пра грамадскую актыўнасць і грамадзянскую супольнасць, працавала прэс-сакратаром Асамблеі НДА.

Сябра БАЖ.

Вы здесь

Падыйсці да героя «Бліжэй, чым блізка»

В фокусе

27 снежня ў крэатыўнай прасторы ЦЭХ адбылося ўрачыстае адкрыццё супольнага праекта беларускіх фатографаў, якія цягам паўгода высвятлялі, што можа быць бліжэй за позірк, дотык, пацалунак ці малітву.

Выстава мае на мэце паказаць, як блізка можна падыйсці да свайго героя, каб пабачыць не толькі эмоцыі, але і ягонае жыццё, і дзе сканчваецца мяжа «Бліжэй, чым блізка».  Зазірнулі бліжэй беларускія фатографы ў хвалюючыя іх праблемы: жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пошукі зніклых, самагонаварэнне па-беларуску, смяротнае пакаранне, тайскі бокс, футбол для невідушчых ды шэраг іншых тэм.

11 беларускіх фотажурналістаў, вядомых і пачаткоўцаў, стварылі ў межах агульнага навучальнага курса трынаццаць праектаў пад кіраўніцтвам фотарэдактара Андрэя Паліканава («Русский репортер») і фатографаў Юрыя Козырава («Time», «Noor») ды Таццяны Плотнікавай («Русский репортер»). Адметна, што «Бліжэй, чым блізка» - гэта ўжо другі паўгадовы навучальны курс пад кіраўніцтвам расійскіх фатографаў. Па выніках першага з’явілася фотавыстава «Працэс».

У часе прэзентацыі фотапраекту «Бліжэй, чым блізка» удзельнікі і выкладчыкі дзякавалі адно адному за атрыманы новы досвед і пераасэнсаванне сябе ў прафесіі.

Андрэй Паліканаў застаўся вельмі задаволены вынікамі паўгадовай працы ў межах праекта:

- Беларускія фотажурналісты адназначна ў трэндзе! Проста трэба, каб да іх прыязджалі калегі ў трэндзе з іншых краін і распавядалі пра тое, што апроч выканання задання рэдакцыі ёсць яшчэ крыху іншае – больш глыбокае, цікавае і складанае, што робіцца для сябе. Даведвацца пра жыццё трэба для сябе, часам нават насуперак рэдакцыі. У заходніх краінах гэта праблема была вырашана. У нейкі час стала зразумела, што творчыя людзі могуць прыносіць свае працы больш глыбокія за адзін здымак на паласу, праз якія таксама можна прывабліваць чытача і прыцягваць увагу да праблемы. У Беларусі ж проста ніхто такога не казаў фатографам. Яны бачылі фотапраекты, якія выкрываюць розныя аспекты жыцця, глыбока, кранальна, але яны не разумелі аднаго – яны могуць таксама такое рабіць. Іншая справа – не так шмат платформаў, якія хочуць змяшчаць доўгатэрміновыя праекты, на хуткія і аператыўныя, але такое адбываецца ва ўсім свеце праз крызіс у прафесіі. Некаторыя здаюцца, іншыя ідуць да канца.

Для куратара праекта Юліі Дарашкевіч вельмі важна, «што сёлятні праект аб’яднаў не толькі вядомых фатографаў і зорак, але стаў стартавай пляцоўкай для абсалютна новых, невядомых большасці беларускай аўдыторыі, чые імёны мы яшчэ не раз пачуем не толькі ў Беларусі, але і на міжнародных конкурсах»Паводле Юліі, раней у Беларусі былі адзінкавыя рэпартажныя здымкі, якія жылі на старонках газет адзін дзень. Сёння ж з’явіўся шэраг фатографаў, якія здымаюць доўгатэрміновыя праекты, працуюць над тэмамі і даследваннямі па некалькі год. Яны збліжаюцца са сваімі героямі, перажываюць разам з імі, а па выніку нярэдка становяцца сябрамі. Фатографу часам даводзіцца быць і псіхолагам. Прыкладам, у такой складанай тэме, якую закрануў Сяргей Балай – жыццё маці ахвяраў злачынцаў і асуджаных на смяротнае пакаранне.

Фотарэдактара «Русского Репортера» Андрэя Паліканава ўразілі працы беларускіх калег, якія паказалі яму Беларусь з розных бакоў з уласцівымі адметнасцямі і адрозненнямі:

- Усе гісторыі фотапраекта – гэта гісторыі пра людзей, а кожны чалавек – гэта сапраўдны Космас, і даведвацца пра яго вельмі цікава. Немагчыма зрабіць варты і каштоўны праект, які можа паўплываць і на аўтара, і на героя, і на грамадства, калі ты не станеш практычна ценем свайго героя, не станеш блізкім з ім. Хтосьці з фатографаў будзе надалей выкарыстоўваць такі прыём, хтосьці не. Ведаеце, ёсць журналісты, якія пасля гутаркі ці здымак героя сядаюць у цягнік і адразу ж забываюць і больш ніколі не вяртаюцца да гэтай гісторыі. А некаторыя журналісты будуць памятаць сваіх герояў, будуць нават званіць ім і запытваць, ці ёсць грошы на хлеб. Мы хацелі, каб атрымалася па выніку праекта менавіта сапраўднае спачуванне і збліжэнне.

Адзін з удзельнікаў курса Уладзь Грыдзін распавёў, што яму і надалей хочацца здымаць глыбокія і працяглыя фотапраекты, якія патрабуюць пранікнення да героя, сяброўства з ім і эмацыйнага паразумення. «Натуральна, такія фотарэпартажы займаюць нашмат болей часу, каб атрымаць патрэбныя кадры. Сёння ў Беларусі найбольш запатрабаваныя хуткія рэпартажы – дзень альбо два. За такі час глыбокага і пранікнёнага не атрымаецца», - заўважыў фатограф. 

Юлія Дарашкевіч паведаміла, што пасля невялікага адпачынку ад працы над курсам і выставай, арганізатары плануюць абвесціць трэці набор на практычны курс, каб адкрываць новыя імёны ў беларускай фотажурналістыцы.  Паводле яе словаў, адным з вынікаў навучальных курсаў стала фармаванне фатаграфічнай супольнасці ў Беларусі:

- Кожны ўдзельнік здымаў свой уласны фотапраект, аднак за гэтыя паўгоды яны сапраўды зжыліся. Пад кіраўніцтвам куратараў фатографы сваімі сіламі зрабілі выставу: ад друку здымкаў да іх развешвання на сценах. Гэта абсалютна новы досвед для большасці ўдзельнікаў праекта. Я спадзяся, што ўсе яны застануцца сябрамі і будуць выказваць салідарнасць адно з адным

Удзельнікі выставы: Уладзь Грыдзін, Аляксандра Салдатава, Сяргей Гудзілін, Дзяніс Дзюба, Людміла Пагодзіна, Надзея Бужан, Юлія Ваўчок, Максім Сарычаў, Зміцер Кужалькоў, Даша Сапранецкая, Сяргей Балай.

Выстава будзе працаваць да 27 студзеня 2015 года, штодзённа з 10.00 да 22.00. Адрас: г. Мінск, пр-т. Незалежнасці, 58, корпус 6 (праход праз вул. П. Броўкі), левы пад'езд, 2 паверх.

Кошт квітка: 25 тыс. руб.

Фота з афіцыйнай старонкі падзеі ў Facebook

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: