Вы здесь

Дзяржканалы транслююць імперсаніфікаваны голас улады, “Белсат” гуляе ў “свайго хлопца з гета”

Маніторынг выпускаў навінаў тэлеканалаў «Беларусь 1», ОНТ, «Белсат», што былі ў эфіры з 15 па 20 снежня.

Дзяржаўныя каналы на працягу тыдня звыкла дэманстравалі палітычную вагу кіраўніка дзяржавы, але гэтым разам дыскурс заўважна радыкалізаваўся. “Белсат” у сваіх сюжэтах чакана праблематызуе рэчаіснасць і ролю беларускіх уладаў у наяўных працэсах…

 

Агульная характарыстыка парушэнняў прафесійных стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат»

Парушэнні прафесійных стандартаў балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад меркаванняў, верагоднасці, дакладнасці і аператыўнасці ў падачы інфармацыі былі характэрныя для ўсіх трох тэлеканалаў.

На тыдні з 15 па 20 снежня на тэлеканале ОНТ выяўлена 75% матэрыялаў з прыкметамі замоўленасці (або цэнзуры) ад агульнай колькасці, што выйшлі ў эфір. На  “Беларусь 1” - 60%, на “Белсаце” – 43%.

У параўнанні з вынікамі мінулага маніторынга можна адначыць падвышэнне адсоткаў “праблемных” матэрыялаў з азначанай катэгорыі. Прычынай гэтага маглі стацца падзеі ў краіне, што адбыліся ў пазначаны прамежак часу. Дэкрэт №5  “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і працаўнікоў арганізацыяў” і ўвядзенне 30% збору на пакупку валюты - асноўныя стрэс-фактары, што абвастрылі - у патэтычны ці крытычны бок - манеру прэзентацыі ўлады (пры поўнай адсутнасці апазыцыі як суб’екта інфармацыйнага поля). Адметнай рысай згаданых падзеяў стала таксама іх медыйная “шматсерыйнасць”: на тры дні расцягнуўся сюжэт пра закрыццё камерцыйных крамаў (ОНТ і “Беларусь 1” 15 і 17.12.2014, “Белсат” 16.12.2014), праблемы з валютай абмяркоўваліся два дні (усе каналы, 19-20.12.2014) а дэкрэт №5 распрацоўвалі ўвесь тыдзень (ОНТ і “Беларусь 1”, 15 і  17-20.12.2014).  Таксама ў сюжэтах выкарыстоўвалася аднолькавыя рыторыка і сэнсавыя блок - меры нацбанка рашучыя і эфектыўныя, кепскія кіраўнікі і супрацоўнікі пасля дэкрэта ў крэсле не затрымаюцца і г.д.

Дзяржаўныя каналы на працягу тыдня звыкла дэманстравалі палітычную вагу кіраўніка дзяржавы, але гэтым разам дыскурс заўважна радыкалізаваўся: "все, кто пришли сегодня в кабинет к Президенту, первый свой серьезный экзамен выдержали. Александр Лукашенко поставил свою подпись под документами о назначениях, но пообещал: спрос будет жесткий. (...) Местной вертикали Президент советует нагружаться на полную катушку" (“Беларусь 1”, 15.12.2014),  "Александр Лукашенко сменил формат назначений, не ограничившись лишь словами напутствий. Буквально каждый кандидат доложил о ситуации на предыдущем месте работы" (ОНТ, 15.12.2014), "пожалуй, эта среда в рабочем графике Президента претендует стать самой щедрой на улыбки. Вручение государственных наград - одна из наиболее приятных обязанностей на посту Главы государства. (...) Скрыть волнение было сложно не только дамам. Голос дрожал и у сильных мужчин." (“Беларусь 1”, 17.12.2014).

Яшчэ больш выразна на дзяржаўных каналах прагучала тэма дамінуючай прыстунасьці дзяржструктураў ва ўсіх сферах жыцця: "Первыми в кабинет к президенту зашли представители местной вертикали. Люди, на которых лежит особая ответственность - они представляют власть. Ошибка в их работе бумерангом летит на всю вертикаль и президента" (“Беларусь 1”, 15.12.2014); "Дальнейшую судьбу контрафактной или возможно контрабандной продукции будет решать экономический суд. Такая судьба ждет все товары, которые перемещаются через границу вне закона" (“Беларусь 1”, 16.12.2014); “Кроме усиленного контроля на границе, сотрудники таможни и других уполномоченных органов отслеживают и ситуацию внутри страны. Задача – не допустить реэкспорта санкционных товаров в Российскую Федерацию” (ОНТ, 16.12.2014); "«Могилёвхимволокну» надо принимать экстренные меры по снижению себестоимости продукции и учиться продавать. А оценку действий ответственных лиц, которые руководили ходом проекта, в ближайшее время даст прокуратура” (ОНТ, 17.12)

Адмысловым блокам прайшла тэма пра дабрачынную перадкалядную дзейнасць чыноўнікаў: "Всем юным артистам было оказано внимание и вручены сладкие подарки. Еще одним сюрпризом от министерства стала материальная помощь - деньги уже перечислены на счет детского дома" (“Беларусь 1”, 17.12.2014); “Даже на своем празднике, где выбирают лучшего, волонтеры Белорусского союза молодежи продолжают делать добро. (...) Все пожелания, обещают организаторы благотворительного марафона, обязательно сбудутся. Ни один маленький белорус не останется без внимания и подарков" (“Беларусь 1”, 15.12.2014).

Дзеянні ўладаў у крытычнай сітуацыі былі рэпрэзентаваныя дзяржаўнымі каналамі ў стваральным ключы:  “Производители и продавцы – не все, но некоторые – решили перестраховаться и срочно начали пересчитывать цены по уже другому курсу. Противостоять слишком предприимчивым предпринимателям решили в правительстве. (...) Постановление правительства должно утихомирить массовую ценовую истерию. А главную защиту от таких мер в итоге получит покупатель: в канун рождественских и новогодних праздников на повышение цен осмелится лишь самый опрометчивый торговец" (ОНТ, 20.12.2014).

“Белсат” у сваіх сюжэтах чакана праблематызуе рэчаіснасць і ролю беларускіх уладаў у наяўных працэсах: "Надзвычайнае становішча фактычна ўведзена сёння на валютным рынку Беларусі”, “Сёння хуткі шлях уніз пачынае беларуская валюта. На гэткім фоне, а таксама з нагоды будучых прэзідэнцкіх выбараў афіцыйны Менск шукае сяброў з глыбокімі кішэнямі" (абедзве цытаты - “Белсат”, 19.12.2014); "Пасля учорашняй элегантнай дэвальвацыі, якая дэ-юрэ ёсць толькі камісіяй на куплю замежнай валюты ў 30%, настрой у беларусаў далёка несвяточны. Ды і чэргаў у многіх крамах няма, бо яны проста закрыты" (“Белсат”, 20.12.2014); "Ведай каток свой куток” - падаецца, менавіта гэтым прынцыпам кіруюцца ўлады Беларусі, калі  не ў першыню спрабуюць загнаць інтэрнэт-мэдыі ў заканадаўчыя межы" (Белсат 17.12.2014); "Грамадская ініцыятыва ў любым праяўленні - страшны сон уладаў Беларусі. Слугі народу розных рангаў баяцца як агню нават не палітычных акцыяў. Бадай, толькі гэтым можна патлумачыць адмову ў просьбе неабыякавых да роднага гораду людзей”, “Асаблівасці нацыянальнага кіравання застаюцца нязменнымі апошнія дзесяцігоддзі" (абедзве цытаты - “Белсат”, 16.12.2014).

Што да замежнай тэматыкі, то да сітуацыі ва Ўкраіне дадаўся крызіс у Расіі - на тыдні маніторынгу гэтыя сюжэты былі асноўныя.

Пры гэтым, на дзяржаўных каналах за ўвесь тыдзень зьявіўся толькі адзін рэпартаж пра ўласна падзеі ва Ўкраіне - як рыхтуюцца да Новага года ў Кіеве (ОНТ, 20.12.2014). Тэма Ўкраіны пераважна ішла ў звязцы з артыкуляцыяй міратворчай місіі беларускай дзяржавы: “Конфликтующие стороны внимательно наблюдают друг за другом и ждут встречных предложений. В том числе и о дате новых минских переговоров. Как и ранее, Беларусь в любой момент готова предоставить площадку для такой встречи” (ОНТ, 16.12.2014).

Расейскі крызіс таксама не разглядаецца дзяржаўнымі каналамі як нагода для асобнага сюжэту, адно як кантэкст для дзеянняў беларускіх уладаў.

На “Белсаце” ж Украіна і Расія сталіся на тыдні маніторынгу актыўнымі ньюсмэйкерамі - сюжэты з нагоды бягучых працэсаў з’яўляліся у эфіры з панядзелка па пятніцу. Пры гэтым, украінскія матэрыялы падаваліся пераважна ў фармаце справаздачы (“што там зараз адбываецца?”), расейскія ж былі сканцэнтраваныя на эканамічны калапс і санкцыі. Пазыцыю канала датычна гэтых сюжэтаў можна характэрызаваць як адпаведна пра-украінскую і анты-пуцінскую.

Што тычыцца непалітычных сюжэтаў на замову, то ў адзначаны перыяд яны часткова адлюстроўвалі палітычныя абставіны: сюжэты на “Беларусь 1” (15 і 17.12.2014) і ОНТ (15.12.2014) пра праверкі дзяржкантролю у крамах і супермаркетах распавядалі выключна пра несумленных “прыватнікаў” (назвы большасці крамаў не прагаворваліся ў сюжэтах наўпрост, але прысутнічалі ў візуальным шэрагу). “Белсат”, у сваю чаргу, шукаў падставы праверак у тым, што крамы належаць расейцам (“Белсат”, 16.12.2014). У плане іміджавай рэкламы лідарам выявіўся канал ОНТ: пазітыўны сюжэт пра хатнюю дастаўку сеткавай крамы “Еўраопт” (17.12.2014), два сюжэты пра дабрачынную дзейнасьць прадстаўніцтва “Газпрому” (19-20.12.2014).

Што і як з прафесійных стандартаў парушалі тэлеканалы на кантрольным тыдні?

Калі параўноваць з лістападаўскім маніторынгам, “тройка лідараў” засталася нязменнай: найбольш праблемаў у матэрыялаў, што трапілі ў эфір на тыдні маніторынгу, было з адпаведнасцю тром стандартам – верагоднасці, балансу думак і паўнаты інфармацыі. Яны парушаліся у палове ці больш сюжэтаў.

Разгледзім падрабязней:

1. Стандарт даставернасці інфармацыі праігнараваны ў 80% матэрыялаў тэлеканала “Беларусь 1”. У эфір канала “Белсат” патрапіла 75% сюжэтаў з аналагічнай праблемай, на ОНТ - 72%.

Як адзначалася ў выніках папярэдніх маніторынгаў, асноўная праблема сюжэтаў, дзе зафіксаванае парушэнне гэтага стандарта - адсутнасць канкрэтнага пазначэння крыніцаў інфармацыі. А часам і адсутнасць крыніц як такіх: факты падаюцца факт, без пазначэння, адкуль (не кажучы ўжо ад каго) атрыманая інфармацыя: "В главной кузнице белорусских топ-менеджеров уверены: декрет в первую очередь поможет бороться с неорганизованностью и неисполнительностью управленцев” (“Беларусь 1”, 15.12.2014), “По статистике о кресле руководителя мечтает каждый второй подчиненный" (“Беларусь 1”, 17.12.2014), "Эффект от принятия этого документа, а он вступил в силу в декабре, уже оценила потребительская часть населения" (“Беларусь 1”, 17.12.2014), “На заводе недоумевают, почему белорусские предприятия упорно продолжают упаковывать свою продукцию в импортную плёнку ПВХ, которая по причине токсичности уже не используется во многих странах" (ОНТ, 17.12.2014), "Свести на нет подобные или какие-либо другие негативные ситуации на производстве призван декрет №5 подписанный президентом. Сейчас его активно обсуждают руководители, работники и юристы. Эксперты сходятся во мнении: ответственных людей новые нормы не напугают" (ОНТ, 17.12), “На заводе уверены, что за нанопродуктами будущее, и Беларусь в этой пищевой гонке вооружений уже в лидерах" (ОНТ, 20.12), "Ну і ўсе з нецярплівасцю чакаюць прамовы новага презідэнта еўрапейскай рады Дональда Туска, які ўпершэню старшынюе на саміце. Шмат каму, у тым ліку і журналістам, хочацца даведацца, ці ўдалося палітыку падвысіць узровень сваёй англійскай, як ён паабяцаў адразу пасля абрання" (“Белсат”, 18.12.2014), "Калі тоне вялкі карабель, лепш быць падалей, - каб не зацягнула. У Беларусі прагучаў заклік перастаць маліцца на Расію" (“Белсат”, 19.12.2014), "У КДБ паведамляюць, што браканьеры застрэлілі прынамсі 4 ласёў. Мясцовыя ж ведаюць: забітай жывёлы нашмат больш" (“Белсат”, 20.12.2014)

Асобны момант - пазначаныя непазначаныя крыніцы: "По некоторым данным, захватчика ликвидировали" (ОНТ, 15.12.2014), "Многим в покупке отказали. Эта информация, что называется, из первых уст: её нам предоставил на условиях анонимности источник из администрации магазинов сети. Он же подтвердил, что людей пускают в торговый зал по очереди" (ОНТ, 20.12.2014)

Падобны падыход стварае ілюзію інфарматыўнасці, але цалкам пазбаўляе ад адказнасці за змест паведамлення.

2. Стандарт балансу думак не вытрымліваецца ў 80% сюжэтаў тэлеканала ОНТ. Брак разнабаковасці ў падачы інфармацыі выявіўся ў 77% матэрыялаў тэлеканала “Белсат” і 67% «Беларусь 1».

Большасць матэрыялаў дзяржаўных каналаў падаюцца з пункту гледжання ўлады: прамаўляюць пераважна яе прадстаўнікі (дзейнасць кіраўніка дзяржавы спрэс базуецца на афіцыйнай хроніцы). Пры гэтым можна канстатаваць крытычны недахоп экспертаў і народа як суб’ектаў маўлення - на “Беларусь 1” у большай ступені, на ОНТ - у меншай (плюс больш “чалавечы”  агульны дыскурс). На дзяржканалах не былі заўважаныя ні незалежныя эксперты, ні грамадзяне, што крытычна ставяцца да ўлады і яе дзеянняў.  У “Белсата” сітуацыя ў гэтым плане іншая: у сюжэтах улада пераважна маўчыць, выступаючы як агульная катэгорыя, крыніца праблемаў для Беларусі і беларусаў (ад пагрозы дэвальвацыі да вышыні бардзюраў).

Захоўваецца праблема як з ратацыяй экспертаў, так і іх адпаведнасцю. Напрыклад, на тыдні маніторынгу ўсе матэрыялы, датычныя эканамічных падзеяў каментаваў той самы спецыяліст, а саміт у Брусэлі - журналістка ўкраінскага каналу “1+1”.

3. Стандарт паўнаты інфармацыі парушаўся ў 74% матэрыялах тэлеканалу ОНТ, 64% - тэлеканала “Беларусь 1” і 50% - “Белсата”.

Агульная тэндэнцыя захоўваецца: як адзначалася ў папярэдніх маніторынгах, гэта – хібы з вычарпальнасцю інфармавання (што адбылося і як гэта разумець? – на гэтыя пытанні няма адказу ў значнай частцы сюжэтаў), а таксама перанасычанасць інфармацыяй (два-тры сюжэты ў адным).

Акрамя гэтага, назіраюцца істотныя хібы з адпаведнасцю стандарту аддзялення фактаў ад думак. Так, гэтыя недахопы фіксуюцца ў 71% матэрыялаў тэлеканала “Белсат”, 67% - ОНТ і 48% “Беларусь 1”.

Асноўны сэнсавы вектар захоўваецца і тут : праз дзяржканалы транслуюецца імперсаніфікаваны голас улады, “Белсат” магістральна гуляе ў “свайго хлопца з гета”.

Найбольш характэрныя прыклады: "Проблема и этическая, и экономическая одновременно. От того, как к своим обязанностям относятся на рабочих местах, зависит если не все, то очень многое, особенно на производстве. Разумеется, изменения в законодательстве назрели. Во многих сферах необходимо буквально наводить порядок, но для этого нужны и грамотные управленцы, и четкие механизмы их работы. Новый декрет все вопросы снимает" (“Беларусь 1”, 15.12.2014); "Его главная цель буквально не прописана, но очевидна - повысить конкурентоспособность белорусской экономики" (“Беларусь 1”, 15.12.2014); “Нестабильная ситуация в Украине, наращивание военного потенциала НАТО вдоль наших границ, а также не совсем понятное поведение восточного партнера Беларуси - России. Все это стало поводом для реагирования” (“Беларусь 1”, 16.12.2014); "Белорусы на эти грабли уже наступали несколько лет назад. Сейчас в нашей стране валюта есть, но возникла другая проблема: граждане вывозят её в Россию. Не понимая, что более дешёвый ширпотреб или техника – это выгода сиюминутная, а мыслить надо на перспективу" (ОНТ, 18.12.2014); "Што нам выгадна набываць у Расеі? Цяпер - усе! Заходнія санкцыі і ўсё меншы кошт нафты зрабілі беларусам сапраўдны святочны падарунак у выглядзе аслаблення расейскай валюты. Жыхары памежнай зоны – дый не толькі – масава накіроўваюцца ў Расею на шопінг" (“Белсат”, 15.12.2014), "Праблема беларускай адукацыі ў тым, што яна гэтак і не вызначылася з галоўнаю мэтаю - для чаго яна ў Беларусі існуе", "Сістэма адукацыі ў Беларусі вельмі закрытая, уплываць на яе вельмі складана. Таму сёння неабходна развіваць сістэму грамадзянскай адукацыі. Універсітэт мусіць стаць тым месцам, дзе рыхтуеца нацыянальная эліта. Але як гэта можа адбыцца, калі з нацыянальнай элітай і з нацыянальнымі каштоўнасцямі гэтая дзяржаўная сістэма ўвесь час змагаецца?" (“Белсат”, 16.12.2014); “Але гандаль ня ў стане прымусіць пакупнікоў набываць тавары не самай лепшай якасці, якія выпускаюць айчынныя прадпрыемствы" (“Белсат”, 16.12.2014); "Інтэграцыя інтэграцыяй, а даверу да расейскага рубля няма" (“Белсат”, 18.12.2014).

З фармальных адметнасцяў парушэння стандарта аддзялення фактаў ад думак, што мелі месца на гэтым тыдні: завочная палеміка аўтаркі сюжэту з адной з яго гераіняў, якая пазначыла ў тэрмінах “пытання жыцця і смерці” гуманітарную дапамогу жыхарам Данбаса. “А працяг ваеннага канфлікту - гэта пытаньне жыцця і смерці агулам для дзяржавы. Вялікая колькасць дыверсантаў, падзенне эканомікі, міжнародны ціск на краіну с патрабаваннем рэформаў!” - рэзюмавала аўтарка сюжэту (“Белсат”, 16.12.2014).

Маніторынг зафіксаваў таксама і парушэнні стандарту дакладнасці інфармацыі. У вечаровым эфіры “Белсата” такіх матэрыялаў выявілася 48%, на ОНТ – 46%, на тэлеканале “Беларусь 1”- 33%.

Тут можна вылучыць два трэнды:

1. Дыскурсыўны - калі парушэнні стандарта дакладнасці абумоўленыя спэцыфікай і/ці логікай пабудовы фразы. На дзяржканалах досыць частая прычына - безапеляцыйны і/або кампліментарны характар рыторыкі, што вядзе да неабгрунтаваных цверджанняў: “Скотти Боумэн, самый титулованный тренер Лиги, человека неумелого рядом с собой держать бы не стал" (“Беларусь 1”, 15.12.2014), "Бесспорным является и выполнение всех обязательств белорусской стороны в отношении таможенного контроля на товары ЕС, которые попали под российское эмбарго" (“Беларусь 1”, 16.12.2014), "У руководителей в руках появятся новые инструменты влияния на подчиненных. А вот спрос за работу будет абсолютным" (“Беларусь 1”, 17.12.2014), "Этот белорусско-китайский совместный проект по масштабу и стоимости уступает разве что строительству белорусской АЭС" (ОНТ, 15.12.2014), "За белорусским ноу-хау уже сейчас выстраиваются в очередь и зарубежные покупатели – первые партии отправятся в Россию и Казахстан" (ОНТ, 20.12.2014). “Белсат” на гэтам тле вылучаецца хутчэй лагічнымі хібамі: “Зачыненых крамаў шмат, але ўсіх іх аб'ядноўвае адно - расейскі ўладальнік" (“Белсат”, 16.12.2014); “Вялікі брусэльскі саміт скончыўся датэрмінова. Ужо заўтра ў іх пачынаецца вялікі калядны тыдзень. І гэта падштурхнула лідараў Еўразвязу ўкласціся ў адзін дзень" (“Белсат”, 19.12.2014); "Крымінальная справа, якую завялі на Уладзіміра Мальцава ў сакавіку гэтага года - дальнія адгалоскі разносу, які ўчыніў Аляксандр Лукашэнка, наведаўшы “Барысаўдрэў” 7 лістапада 2013 г." (Белсат 20.12.2014).

2. Уласна недакладная інфармацыя. Напрыклад, выпуск 17 снежня “Белсат” пачаў з цверджання: “Беларускія банкі спынілі набыцце расійскіх рублёў”. Інфармацыйны пошук выявіў адсутнасць аналагічнай інфармацыі ў стужках агенцыяў БелаПАН і БелТА, іншыя крыніцы пісалі пра адзінкавы выпадак, калі  банк афіцыйна на непрацяглы тэрмін (некалькі гадзінаў) адмовіўся ад аперацый з расійскім рублём.  Або: “На ўсход Украіны пачынаюць вяртацца сацыёлагі, але вынікі іх даследванняў несуцешныя для ўладаў: большасць жыхароў Данбасу хочуць застацца пад юрысдыкцыяй украінскай дзяржавы. Аднак вінавацяць менавіта новаабраныя ўлады Украіны ў сітуацыі на Данбасе" (“Белсат”, 19.12.2014); ““Сапраўднай ахвярай “чорнага аўторку” стаў анэксаваны Расеяй Крым, зь якой пачаліся ўсе эканамічныя і палітычныя праблемы Крамля. Цягам мінулай ночы кошты ў крамах тут выраслі ў некалькі разоў. Курсы валютаў мяняюцца ледзь ня кожныя 10 хвілінаў, а некаторыя анекдоты сталі рэчаіснасцю, калі грамадзяне Расеі, набываючы валюту у абменніку, ня грэбуюць нават украінскай грыўняй" (Белсат 17.12.2014).

Цяжкасці з адпаведнасцю стандарту аператыўнай падачы інфармацыі зафіксаваныя ў 30% сюжэтаў тэлеканала “Беларусь 1”, “Белсат” на тыдні з 15 па 20 снежня даў у эфір 29% “пратэрмінаваных” навінаў, ОНТ – 25%.

Як і раней, парушэнні гэтага стандарту выявіліся ў культурніцкай хроніцы на “Белсаце”, якая традыцыйна спазняецца мінімум на дзень, а таксама ў блоках “За рубежом” (агляд замежных падзеяў) і “В курсе” (агляд эканамічных навінаў) тэлеканала “Беларусь 1”.

На тыдні маніторынгу ў эфір усіх трох тэлеканалаў патрапілі рэпартажы, інфармацыйная нагода якіх, мяркуючы па навінам на інтэрнэт-рэсурсах, даўно прайшла. Так, тэлеканал “Беларусь 1” паведаміў пра юнага ляўрэата-піяніста, што выграў міжнародны конкурс (пра падзею tut.by распавядаў на 10 дзён раней за тэлеэфір), ОНТ зрабіў рэпартаж пра звольненнага дырэктара берасцейскага тэатра лялек і пратэсты калектыва з гэтай нагоды (звальненне адбылося 1 снежня, эфір быў 18-га), белсатаўскі рэпартаж пра браканьераў, што забівалі ласёў у чарнобыльскай зоне, выйшаў у эфір праз тыдзень пасля з’яўленне навіны пра арышт 11 чалавек.

Спецыфічным чынам дзяржканалы асвятлялі падпісанне 15 снежня Лукашэнкам дэкрэта №5, што накіраваны на падвышэнне адказнасці кіраўнікоў і працаўнікоў прадпрыемстваў. Калі на “Белсаце” ўвогуле не закранулі гэтую тэму, і ОНТ, і “Беларусь 1” на працягу тыдня яшчэ тройчы вярталіся да яе, фактычна працуючы са штучнымі рэакцыямі на падзею - эксперты (аграрыі, дзяржкантоль і г.д.) абмяркоўваюць дэкрэт №5 (аналагічная сітуацыя ў фармаце падачы навіны, дарэчы, назіралася і ў агенцыі БелТА).

 

Зводная табліца парушэнняў стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат»

  Парушэнне стандартаў «Беларусь 1» ОНТ «Белсат» Заўвагі
1. Матэрыялы з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры 60%52 (з 87) 75%43 (з 57) 43%24 (з 56) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
  1.1. Матэрыялы з прыкметамі палітычнай замоўленасці (альбо цэнзуры) 51 37 12 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.1. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу 0 0 12 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.2. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу 51 37  0 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.3. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю 0 0 0 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.4. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю 0 0 0 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.2. Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці ці рэкламы 5* 5* 5* Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.3. Замоўныя матэрыялы на тэмы замежжа 1* 4* 7 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
2. Матэрыялы з парушэннямі стандарту балансу думак 67%58 (з 87) 81%45 (з 57) 77%43 (з 56) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
3. Матэрыялы з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі 64%56 (з 87) 74%42 (з 57) 50%28 (з 56) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
4. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак 48%42 (з 87) 67%38 (з 57) 71%40 (з 56) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
5. Матэрыялы з парушэннямі стандарту верагоднасці інфармацыі 80%70 (з 87) 72%41 (з 57) 75%42 (з 56) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
6. Матэрыялы з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі 33%29 (з 87) 46%26 (з 57) 48%27 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
7. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі 30%26 (з 87) 25%14 (з 57) 29%16 (з 56) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

 

Ключавыя грамадска-палітычныя тэмы, пададзеныя каналамі ў матэрыялах з прыкметамі замоўленасці (цэнзуры)

15 снежня, панядзелак

Ключавая падзея дня на тэлеканалах “Беларусь 1” і ОНТ – кадравыя рашэнні Аляксандра Лукашэнкі. У сюжэтах фіксуюцца парушэнні стандартаў паўнаты інфармацыі, яе даставернасці і дакладнасці, а таксама аддзялення фактаў ад думак. Сюжэты, зробленыя ў фармаце справаздачы, пададзеныя без каментароў экспертаў, пабудаваныя на сінхронах кіраўніка дзяржавы і часткі новых прызначэнцаў. Ім была адведзеная значная частка эфірнага часу - на “Беларусь 1” сюжэт цягнуўся 12 хв.24 с., на ОНТ - 11 хв. 32 с.

Адна з галоўных тэмаў вечаровых навінаў на “Белсаце” – 80-цігоддзе Станіслава Шушкевіча. Матэрыял, улічваючы супярэчлівае стаўленне да асобы юбіляра, мог бы стаць праблемным, але замест кампліментарнага, бо апынуўся “віншаваннем” – так было заяўлена ў падводцы і наўпрост спраўдзілася ў фінале сюжэту. Акрамя праблемаў з аддзяленнем фактаў ад думак, у ім ёсьць хібы з стандартаў аддзялення фактадаставернасці і дакладнасці, балансам думак.

16 снежня, аўторак

Першым сюжэтам на дзяржаўных каналах стаўся расповед пра нараду па бяспецы, якую правёў Аляксандр Лукашэнка. І “Беларусь 1”, і ОНТ зрабілі з гэтай нагоды сюжэты ў фармаце справаздачы, пабудаванай пераважна на сінхронах кіраўніка дзяржавы. У матэрыялах назіраецца брак адпаведнасці стандартам балансу думак (высноваў, ацэнак), аддзялення фактаў ад думак, а таксама паўнаты, даставернасці і дакладнасці.

Тэлеканал “Белсат” у сваім вечаровым эфіры закрануў тэму беларускай адукацыю з нагоды правядзення круглага стала “Грамадства, адукацыя, каштоўнасці”. Сюжэт утрымлівае парушэнні стандартаў балансу думак, паўнаты інфармацыі, даставернасці, дакладнасці. Аўтар матэрыялу выказвае робіць высновы, дае ацэнкі, выказвае меркаванні.

17 снежня, серада

Падзея дня на дзяржаўных каналах – Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды. Сюжэты зробленыя у традыцыйным фармаце кампліментарнай справаздачы, пабудаваныя на сінхронах кіраўніка дзяржавы і ляўрэатаў. Сюжэт парушае стандарты даставернасці і дакладнасці. У сюжэце ёсьць хібы з адпаведнасцю стандарту аддзялення фактаў ад думак, а таксама балансам думак -  сытуацыю ў пазітыўным ключы каментавалі толькі ўдзельнікі, не было экспертнай ацэнкі.

“Белсат” пачаў вечаровыя навіны з сюжэта без выразнай інфармацыйнай нагоды - пра верагоднасць эканамічнага крызіса ў Беларусі з нагоды абвала расейскага рубля. У матэрыяле парушаюцца стандарты балансу думак, паўнаты, даставернасці і дакладнасці інфармацыі. Таксама аўтар сюжэту робіць суб’ектыўныя высновы і дае ацэнкі.

18 снежня, чацьвер

На усіх трох тэлеканалах у гэты дзень – рэакцыя на нараду па эканамічных пытаннях, якую правёў Аляксандр Лукашэнка. Што прадказальна – з дыяметральна супрацьлеглым сэнсавым вектарам (пазітыўная справаздача ад дзяржаўных каналаў; крытычна-саркастычная інтэрпрэтацыя ад “Белсата”) і працягласцю эфірнага часу, выдаткаванага на асвятленне тэмы (“Беларусь 1” – 8 хв. 41 с., ОНТ – 8 хв. 04 с., “Белсат” – 0 хв. 52 с.).. Але з аднолькавымі хібамі: у сюжэтах парушаюцца стандарты паўнаты, даставернасці і дакладнасці, няма балансу думак, аўтары і вядоўцы даюць ацэнкі, выказваюць суб’ектыўныя меркаванні, парушаючы стандар аддзялення фактаў ад думак.

19 снежня, пятніца

Асноўная тэма дзяржаўных каналаў у гэты дзень - візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў. “Беларусь 1” і ОНТ адрэагавалі на падзею адразу 2 сюжэтамі – першы пра перадачу камітэту ўласнага сцяга, другі - каментар Лукашэнкі з нагоды бягучай сітуацыі. Сюжэты пабудаваныя пераважна на сінхронах кіраўніка дзяржавы. Аўтары матэрыялаў парушалі прынцып аддзялення фактаў ад думак, стандарты даставернасці і дакладнасці, баланса думак. На асвятленне гэтага візіта тэлеканал “Беларусь 1” выдаткаваў агулам 29 хв. 25 с. эфірнага часу (12 хв. 46 с. на асвятленне падзеі, 16 хв. 39 с. - на тое, што канал назваў “президента попросили прокомментировать наиболее значимые для белорусов вопросы”), ОНТ – 16 хв. 34 с. (5 хв. 28с. і 11 хв. 06 с. адпаведна).

На телеканале “Белсат” першым стаўся матэрыял пра увядзенне 30% збора на пакупку валюты у Беларусі. У ім зафіксаваныя парушэнні стандартаў балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад думак, даставернасці і дакладнасці інфармацыі.

20 снежня, субота

Гандаль у кантэксце “ажыятажу на валютным рынку” – адныя з ключавых тэмаў на ўсіх трох каналах, якія чакана былі асветленыя ў розных ідэалагічных парадыгмах.

У эфіры “Беларусь 1” быў расповед пра закрыцце крамаў, якія падчас не прытрымліваліся ў сваёй працы правілаў гандлю. У ім зафіксаваныя парушэнні стандартаў баланса думак, паўнаты, даставернасці і дакладнасці. І вядоўца, і аўтар сюжэта даюць ацэнкі, выказваюць суб’ектыўныя меркаванні, робяць неабгрунтаваныя высновы, парушаючы стандарт аддзялення фактаў ад думак. З аналагічнымі хібамі ў адпаведнасці стандартам асвятліў тэму і канал ОНТ.

Адметна, што на дзяржаўных каналах прамаўляюць толькі дзяржаўныя дзеячы. Ні прадстаўнікі крамаў, якія трапілі пад закрыцце ці працавалі з перабоямі, ні спажыўцы слова так і не атрымалі. У адрозьненні ад “Белсата”, карэспандэнты якога наведалі крамы побытавай тэхнікі і сабралі меркаванне народа. Але хібы ў сюжэце агулам тыя ж самыя: парушаюцца стандарты балансу думак і аддзялення фактаў ад думак, паўнаты, даставернасці і дакладнасці.

 

Замоўчаная тэлеканаламі грамадска важная інфармацыя

Выбар замоўчаных тэмаў рабіўся на падставе аналізу стужкі навінаў двух галоўных інфармацыйных агенцтваў Беларусі: БелаПАН і БелТА.

Каналы

15-20 снежня 2014 г.

колькасць замоўчаных тэмаў

«Белсат»

25

«Беларусь 1»

23

ОНТ

21

 

15 снежня, панядзелак

Станіслаў Шушкевіч адзначае 80-годдзе – не было на ОНТ і “Беларусь 1”.

"Беларусьфільм" пачаў працаваць без страт, заяўляе дырэктар кінастудыі – не было на ніводным з тэлеканалаў

Грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі заклікаюць кіраўніцтва ЕГУ абраць рэктарам беларускага грамадзяніна – не было на ніводным з тэлеканалаў

Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб узмацненні  патрабаванняў да кіроўных кадраў  і працаўнікоў арганізацыяў – не было на “Белсаце”.

Максімальнае пакаранне за наркагандаль у Беларусі можа скласці 25 гадоў пазбаўлення волі – не было на ніводным з тэлеканалаў

16 снежня, аўторак

Еўракамісія выдаткоўва больш за 63 тыс. еўра Беларускаму Чырвонаму Крыжу для падтрымкі украінцаў – не было на ніводным з тэлеканалаў

Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб выдзяленні са спецфонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі 278,85 млн. рублёў – не было на ніводным з тэлеканалаў

Лукашэнка падпісаў рашэнне і дырэктыву на абарону дзяржавы – не было на “Белсаце”.

Візіт Рамана Проды ў Беларусь – не было на “Белсаце”.

Новая праграма Белдзяржцырка заснаваная на самабытнай культуры Беларусі – не было на ніводным з тэлеканалаў.

17 снежня, серада

Расія паставіць у Беларусь дадатковую авіятэхніку для нясення сумеснага баявога дзяжурства – не было на ніводным з тэлеканалаў.

Удзельнікам масавых мерпрыемстваў у Беларусі забароняць хаваць твары – не было на ОНТ і “Белсаце”. На “Беларусь 1” інфармацыя прайшла ў агульным сюжэце пра працу дэпутатаў (дарэчы, у такім жа выглядзе на ОНТ і “Беларусь 1” была пададзеная інфармацыя пра зьмены ў закон аб СМІ).

ГУУС Мінгарвыканкама адмовіў Алене Танкачовай у задавальненні скаргі на рашэнне аб высылцы з краіны – не было на ніводным з тэлеканалаў.

Падатковыя органы маюць намер спагнаць з кнігарні "ЛогвінаЎ" каля мільярда рублёў штрафу – не было на ніводным з тэлеканалаў (як сюжэта – “Белсат” даў навіну бягучым радком)

18 снежня, чацвер

Эдуард Лобаў выйшаў на волю – не было на “Беларусь 1” і ОНТ.

Чатырох звольненых з завода бабруйскіх актывістаў Свабоднага прафсаюза аштрафавалі на мільён рублёў кожнага - не было на “Беларусь 1” і ОНТ.

Купчына абмеркавала з прадстаўніком АБСЕ развіцце супрацоўніцтва па гендэрнай тэматыцы – не было на ніводным з тэлеканалаў

Ва Украіне аднавілі трансляцыю тэлеканала "Беларусь 24" – не было на ніводным з тэлеканалаў.

Каля 45% бюджэта Мінска у 2015 годзе накіруюць на сацыяльную сферу – не было на ніводным з тэлеканалаў

19 снежня, пятніца

Лукашэнка і Парашэнка сустрэнуцца 21 снежня – не было на “Белсаце” і ОНТ.

ЕС і Савет Еўропы падпісалі пагадненне аб сумеснай рэалізацыі праграм у краінах Усходняга партнёрства – не было на ніводным з тэлеканалаў

Былая прыёмная маці Ірына Моцная прыгаворана да чатырох гадоў зняволення – не было на ніводным з тэлеканалаў.

У Мінску з бел-чырвона-белым сцягам затрыманая рэжысер Вольга Нікалайчык – не было на ніводным з тэлеканалаў.

Velcom і МТС прыпынілі продаж абсталявання ў растэрміноўку – не было на ніводным з тэлеканалаў.

20 снежня, субота

Аляксандр Радзькоў прызначаны памочнікам прэзідэнта – не было на “Белсаце”.

Міністр інфармацыі Беларусі правяла сустрэчу з кіраўнікамі недзяржаўных СМІ – не было на ніводным з тэлеканалаў

У Магілёве прайшла прэзентацыя Антыкарупцыйнай платформы апазіцыі – не было на ніводным з тэлеканалаў.

Кыргызстан адклаў далучэнне да ЕАЭС – не было на ніводным з тэлеканалаў.

Асобна варта адзначыць, як асвятлялася тэма ўводу 30% валютнага збору. Інфармацыю ў той ці іншай форме далі ўсе тэлеканалы, але калі на “Белсаце” і ОНТ тэма асьвятлялася ў фармаце асобных сюжэтаў і 19, і 20 снежня, то тэлеканал “Беларусь 1” агучыў гэтае рашэнне як адну з стабілізацыйных мераў, не вылучаючы ў асобнае паведамленне.

 

Маніторынг закрануў 200 матэрыялаў[1], якія выйшлі ў эфір выніковых вечаровых выпускаў навінаў з панядзелка па суботу[2] на дзяржаўных тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ і недзяржаўным тэлеканале «Белсат».

Аб’ектамі маніторынгу сталіся выніковыя выпускі навінаў на трох згаданых беларускіх тэлеканалах. Штомесяц метадам выпадковай выбаркі прызначаецца адзін тыдзень, цягам якога будзе праводзіцца маніторынг. Прадстаўленыя вынікі тычацца вечаровых навінаў, што былі ў эфіры з 15 па 20 снежня 2014 года. За гэты час на тэлеканале “Беларусь 1” у праграме “Панарама” выйшлі 87 матэрыялаў, на ОНТ у “Наших новостях” – 57, на “Белсаце” ў “Аб’ектыве” – 56.

Маніторынг складаецца з трох частак: 1) маніторынгу матэрыялаў, што маюць прыкметы замоўленасці, цэнзуры альбо прапаганды; 2) маніторынгу замоўчаных тэмаў у выпусках навінаў; 3) маніторынгу адпаведнасці стандартам інфармацыйнай журналістыкі.

Для маніторынгу няважна, якія абставіны (прычыны) прывялі да згаданых парушэнняў у выпусках тэлевізійных навінаў: ці гэта цэнзура з боку ўладаў, ці самацэнзура журналістаў, ці нізкі прафесійны ўзровень. Сутнасць праблемы палягае ў тым, што глядач атрымлівае перадузятую інфармацыю, то бок створаную на карысць аднаго з бакоў. Да таго ж яго пазбаўляюць адэкватнага разумення падзеяў і працэсаў, што адбываюцца ў краіне.

 

[1] За адзінку бралася паведамленне, якое мела пэўна вызначаны пачатак і заканчэнне. Выключэнне складалі дайджэст міжнародных навінаў, эканамічная праграма “В курсе” і суботні праект “Не итоги” (телеканал “Беларусь 1), якія складаліся з некалькіх кароткіх паведамленняў  – яны лічыліся за адзін матэрыял.

[2] Працоўны тыдзень цягнуўся з 15 па 20 снежня - згодна з пераносам працоўных дзён на навагоднія святы. Таму часавыя межы маніторынга былі пашыраныя на суботу.

 

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: