ОБ АВТОРЕ

Журналіст.

Навучалася ў ЕГУ па спецыяльнасці "Масавыя камунікацыі і журналістыка".

Працяглы час супрацоўнічала з рознымі беларускімі няўрадавымі арганізацыямі і ініцыятывамі, пісала пра грамадскую актыўнасць і грамадзянскую супольнасць, працавала прэс-сакратаром Асамблеі НДА.

Сябра БАЖ.

Вы здесь

Чаму «Бацькаўшчына» пакрыўдзілася на «Радыё Свабода»

В фокусе

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» распаўсюдзіла адкрыты зварот у падтрымку гонару і годнасці сябра арганізацыі Хведара Нюнькі. 

Аўтары звароту звяртаюць увагу на тое, што «апошнім часам адбываецца публічнае цкаванне паважанага чалавека – старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведара Нюнькі» і заклікае спыніць гэтую кампанію цкавання.

«Звяртаемся да ўсіх сродкаў масавай інфармацыі, найперш – беларускай службы «Радыё Свабода», не дапускаць аднабаковага, прадузятага асвятлення «віленскага канфлікту», тым самым скажаючы інфармацыю і спрыяючы ганьбаванню імя Хведара Нюнькі», - гаворыцца ў звароце.

Для тых, хто не адсочвае жыццё беларускай дыяспары ў Літве, распавядзем пра сутнасць канфлікту ў Таварыстве беларускай культуры.  Напрыканцы снежня мінулага года на старонках шэрагу беларускіх сайтаў з’явіліся публікацыі пра канфлікт паміж часткай сябраў ТБК у Літве і тагачасным старшынём таварыства Хведарам Нюнькам — сябры Таварыства хочуць праз суд вярнуць дамкі ў элітнай частцы Вільні, якія ў 2004 годзе Нюнька абмяняў на кватэру ў спальным раёне Вільні. Паводле некаторых сябраў арганізацыі, абмен і пераезд былі спрэчнымі — у выніку была пададзена заява ў літоўскую пракуратуру. 29 верасня на пазачарговым пасяджэнні Рады арганізацыі было прынята рашэнне аб прыпыненні паўнамоцтваў Хведара Нюнькі, супраць якога заведзена крымінальная справа і вядзецца праверка. Часова выконваючым абавязкі старшыні ТБК прызначаны Васіль Акуневіч.

Ці сапраўды ў матэрыяле Змітра Бартосіка «Віленскі скандал» беларускай службы «Радыё Свабода» прысутнічалі аднабаковае асвятленне канфлікту ў Таварыстве беларускай культуры і ганьбаванне імя спадара Нюнькі?

Артыкул пачынаецца з пытанняў, на якія аўтар плануе адказаць сваім матэрыялам: «Нязьменны старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька — ужо не старшыня? На яго заведзеная крымінальная справа за разбазарваньне сродкаў? Знакамітыя дамкі на вуліцы Жыгімонта выстаўленыя на продаж за мільёны літаў? Што адбываецца ў беларускай Вільні?»

Па сутнасці мы не знаходзім адказаў на пастаўленыя пытанні, а сама перадгісторыя канфлікта фактычна не выкладзена ў артыкуле. Матэрыял складецца з гісторый альбо пакрыўджаных спадаром Нюнькам людзей, альбо тых, хто знаходзяцца з ім у канфлікце. Гэтаксама ў публікацыі бракуе фактаў і доказаў. Калі не ведаць дэталяў канфлікту (бо далёка не кожны чытач і слухач бываў у Беларускім доме ў Вільне і ведае пра дзейнасць дыяспары), цяжка зразумець, пра што героі так падрабязна распавядаюць. З выказванняў незразумела, ці сапраўды беларускія дамкі варта было рэмантаваць альбо неабходна было прадаваць і набываць іншую маёмасць, чым кіраваўся Хведар Нюнька і ці прымаў рашэнне пра пераезд арганізацыі аднаасобна.

Як адзначыў медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, «журналіст не разабраўся, што ж насамрэч адбылося. Падобныя расказы пакрыўджаных альбо ўцягнутых у канфлікт людзей заўсёды выклікаюць абурэнне супрацьлеглага боку».

— Мне падаецца, што і Хведар Нюнька, і Згуртаванне «Бацькаўшчына», могуць мець рацыю, калі кажуць, што былі пакрыўджаны гэтай публікацыяй. Але чалавеку, які не ведае пра канфлікт, было абсалютна незразумела, пра што вядзецца гаворка, бо ў артыкуле адсутнічалі аргументы. Я не кажу, што гэты матэрыял абсалютна не адпавядае журналісцкім стандартам, але гэта не даследаванне і не журналісцкае раследаванне. Артыкул Змітра Бартосіка штосьці кшталту нарыса, дзе розныя людзі выказваюцца і распавядаюць розныя гісторыі. Калі казаць пра журналісцкія стандарты, то ў матэрыяле адсутнічаюць доказы і падцверджанні фактаў, а ёсць словы супраць словаў. Трэба разабрацца і асобна раскласці: што ёсць фактам, а што - меркаваннем пра факт. У дадзеным выпадку ў матэрыяле вельмі мала фактаў, а вось меркаванняў пра факты шмат,  — распавёў Паўлюк Быкоўскі.

Што тычыцца прэтэнзій да аднабаковасці матэрыяла, то фармальна ў ім прысутнічаюць розныя меркаванні з розных бакоў, але яны не ўраўнаважаныя. Так, па колькасці і афарбаванасці адмоўных выказванняў пра Нюньку значна болей за выказванні ў абарону. Паводле медыяэксперта, «падобная сітуацыя выклікае пэўныя пярэчанні».

Таксама варта адзначыць, што пагутарыць са спадаром Нюнькам Зміцеру Бартосіку не ўдалося. Ён падкрэсліў гэта ў артыкуле: «Сам Хведар Нюнька, як я яго ні ўгаворваў, сустракацца для інтэрвію адмовіўся. Сказаўшы, што ён адмятае ўсе абвінавачваньні на свой адрас».

На думку кіраўніка беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандра Лукашука, у такіх сітуацыях, калі адзін бок ухіляецца ад тлумачэнняў,  звычайна чытачы не могуць пачуць усю магчымую аргументацыю. Задача журналіста – паспрабаваць з дапамогай іншых крыніцаў, суразмоўцаў знайсці яе, і паведаміць чытачам. 

У публікацыі Змітра Бартосіка прысутнічаюць супрацьлеглыя меркаванні, усе ахвотныя  мелі магчымасць выказацца ў каментарах на сайце, у тым ліку з крытычнымі заўвагамі ў адрас аўтара і рэдакцыі. Чытачы паінфармаваны, што спадар Нюнька адмовіўся ад размовы. У гэтым сэнсе я не пагаджуся, што асвятленне аднабаковае. Чытачы маюць уяўленне пра спектр поглядаў на гэтую сітуацыю, хаця і не пра ўсе магчымыя аргументы. Я не думаю, што ў дадзеным выпадку інфармацыя скажоная – яна, хутчэй, нераўнамерная з-за адмовы аднаго з бакоў. Аўтару можна было б папрацаваць з незалежнымі рыэлтарамі, асобамі, якія зусім збоку. Іх ацэнкі, аднак,  не знялі  б праблему, бо патрэбны дакументы і канкрэтыка, каб вырашыць, хто мае больш рацыі, якія былі не толькі наступствы, але і ўмовы, матывы паводзінаў бакоў. Калі адзін з бакоў мае дакументы, але адмаўляецца гутарыць на гэтую тэму са СМІ, такая задача па сілах суду, які прыцягвае экспертаў і праводзіць сваё расследаванне, і ўдзельнікі даюць адказы пад прысягай. Падстаў не давяраць суду ў Літве няма, і пра яго канчатковае рашэнне мы абавязкова паведамім нашай аўдыторыі, — распавёў Аляксандр Лукашук.

Паўлюк Быкоўскі таксама лічыць, што аўтару трэба было крыху больш папрацаваць над матэрыялам: «Трэба было шукаць іншых людзей з арганізацыі. Упэўнены, у Таварыстве беларускай культуры апроч Хведара Нюнькі ёсць іншыя асобы, якія могуць пракаментаваць канфлікт. У матэрыяле ж героямі сталі пераважна тыя, хто раней быў сябрам арганізацыі альбо карысталіся памяшканнямі дамкоў. З пункту гледжання журналісцкіх стандартаў аўтару трэба было крыху больш папрацаваць і разабрацца - што ў рэшце рэшт адбылося».

На пытанне адносна абгрунтаванасці прэтэнзій Згуртавання «Бацькаўшчына» да «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук зазначыў, што матэрыял Змітра Бартосіка перадусім не пра асобу, а пра канкрэтную падзею, якая стала навіной. Паводле яго словаў, звычайна рэдакцыя не займаецца фінансавымі і маёмаснымі праблемамі дыяспары. «Але тут крыху іншы выпадак – у нас шмат слухачоў у Вільні. Аўтар  публікацыі, Зміцер Бартосік,  шмат гадоў працаваў у рэдакцыі «Нашай Нівы» ў віленскі перыяд, ведае людзей і праблемы, і палічыў, што тэма вартая журналісцкай увагі», - дадаў Аляксандр Лукашук.

Хведар Нюнька – вядомы дзеяч дыяспары, заслужаная асоба, рупіўся шмат гадоў пра адраджэнне беларускай памяці ў Вільні, мае пэўны аўтарытэт. Выдатна,  што паняцце салідарнасці не пусты гук для яго сяброў і паплечнікаў. Ну, а праяўляюць яны яе хто як умее, у меру свайго разумення, што такое незалежныя СМІ і якая іх задача і роля. Скажу толькі, што сярод дыяспары існуюць розныя думкі наконт віленскай сітуацыі.  Аўтар публікацыі не ставіў пад сумнеў патрыятычны аспект дзейнасці Нюнькі. Матэрыял  не пра асобу, а пра канкрэтную праблему, якая стала навіной: суд у Вільні прыпыніў здзелку з нерухомасцю – беларускімі дамкамі.  Гэта была незвычайная падзея, яна выклікала шмат камэнтароў.

Прадстаўнікі Згуртавання беларусаў свету  «Бацькаўшчына» не захацелі дадаткова каментаваць прэтэнзіі да асвятлення сітуацыі вакол Хведара Нюнькі і ТБК у Вільні, спаслаўшыся на тое, што ў адкрытым звароце пазіцыя аб’яднання цалкам і падрабязна выкладзена.

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: