ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Чыноўнікі абкладаюць байнэт чырвонымі сцяжкамі

В фокусе

Апошнім часам беларускія ўлады пякуць як бліны нарматыўна-прававыя акты, што так ці іначай тычацца і вэб-рэсурсаў.

У прыватнасці, гаворка ідзе пра нашумелыя снежаньскія папраўкі ў закон аб СМІ, антынаркатычны дэкрэт № 6, а таксама праект зменаў у шэраг законаў дзеля абароны дзяцей ад інфармацыі, што нясе шкоду іх здароўю і развіццю.

У Гека Фіна шанцаў няма

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі паспеў ужо пакпіць у фэйсбуку з праекта, што тычыцца абароны дзяцей.

Маўляў, у такім разе дакладна патрапіць пад забарону славутая кніга Твэна, бо, у прыватнасці, Том Соер з Гекам Фінам спрабавалі піць ды курыць (інфармацыя, што “выклікае ў дзяцей жаданне ужыць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі, піва, наркатычныя сродкі…”), а бацька Гека дык і ўвогуле не прасыхаў, валацужнічаў, мясіў хлопца (інфармацыя, што “дыскрэдытуе інстытут сям’і”).

Натуральна, тут можа не пашчасціць многім вядомым кнігам, фільмам, казкам, але ж гэта не медыйныя жанры. Разам з тым, і СМІ згодна з законапраектам будуць вымушаны маркіраваць сваю прадукцыю знакам узроставай катэгорыі.

Галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава не бачыць ніякай трагедыі у тым, што давядзецца ставіць на галоўнай старонцы сайта пазнаку кшталту “18+”, як гэта робіцца ў Расіі (там падобны закон дзейнічае ўжо некалькі гадоў).

Разам з тым, Золатава адзначае: “Мяне як рэдактара вельмі непакоіць пытанне, якім можа быць парадак распаўсюду інфармацыі, “абмежаванай для распаўсюду сярод дзяцей пэўных узроставых катэгорый”, каторы, паводле праекта, вызначыць урад”.

Паўлюк Быкоўскі, са свайго боку, у каментары для Mediakritika.by адзначыў: падобны расійскі закон утрымлівае шмат выключэнняў, беларускі ж, калі будзе прыняты ў цяперашнім выглядзе, можа ўжывацца “болей аднастайна і жорстка”.

У прыватнасці, калі чыноўнікам вельмі захочацца, то доступ да вэб-рэсурсаў з маркіроўкай “18+” могуць абмежаваць у навучальных установах (уключна з ВНУ), мяркуе аналітык.

Тут дарэчы нагадаць, што ўжо цяпер у спісе абмежаванага доступу знаходзяцца такія рэсурсы, як “Хартыя”, “Белорусский партизан”, сайт закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Меркаваны новы закон тэарэтычна дасць магчымасць пад маркай абароны дзіцячай ды юнацкай псіхікі абмежаваць доступ значнай аўдыторыі да незалежных грамадска-палітычных сайтаў.

На іх жа прысутнічаюць рубрыкі кшталту “Здарэнні”, крымінальная хроніка. Ды і амаль што ў любым сюжэце пра сённяшнія падзеі на Данбасе (як і ў Іраку, Сірыі, іншых гарачых пунктах) ідзе гаворка пра гвалт, гібель людзей, іншыя жахі.

Наркату прапагандуеце?

Але калі згаданы праект невядома калі будзе прыняты, то дэкрэт № 6 ужо дзейнічае з 1 студзеня.

Юрыст БАЖ Вольга Сяховіч, якая падрыхтавала аналіз дакумента з гледзішча яго магчымага ўплыву на медыйную сферу, звяртае ўвагу на шэраг падводных камянёў.

Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра абавязак уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў адсочваць іх кантэнт; магчымасць абмежавання доступу да рэсурсаў з ініцыятывы МУС; адміністрацыйную адказнасць уладальнікаў рэсурсаў; кантроль за наведнікамі.

Уявім сабе, што нейкі троль “падкіне наркотыкі” на форум крытычнага ў дачыненні да ўлад сайта — і яго, доўга не думаючы, заблакуюць. Даводзь потым, што ты не вярблюд!

На думку Быкоўскага, пры вялікім жаданні элементы прапаганды (ці выкладання тэхналогіі вырабу) наркотыкаў можна ўгледзець, напрыклад, у журналісцкім раследаванні на адпаведную тэму, нейкай споведзі наркамана з апісаннем таго, як ён кайфаваў…

Вы скажаце: ну нашто згушчаць фарбы, даводзіць да карыкатуры? Але сумны досвед айчыннай медыясферы паказвае, што сіндром выканаўцы ў беларускіх умовах здольны пераплюнуць любыя фантасмагорыі.

Згадаем, як патрапіў у жорны заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму (пры тым што барацьба з ім — святая рэч!) альбом “Прэс-фота Беларусі — 2011”. У творах майстроў фотажурналістыкі (то бок зафіксаваных аб’ектывам момантах рэальнасці) пільныя ідэолагі ўгледзелі “наўмысна скажоныя, не адпаведныя рэчаіснасці выдумкі аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, якія прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь”.

Дарэчы, менавіта з гэтага інцыдэнту пачалася чорная паласа для выдаўца Ігара Логвінава: яго пазбавілі ліцэнзіі, а сёння славутую фірму, якая столькі зрабіла на культурніцкай ніве, проста дабіваюць.

Люфт трактоўкі дае волю чыноўнікам

Нарматыўныя акты, якія закранаюць інтэрнэт, прымаюцца вельмі хутка і без грамадскага абмеркавання”. На гэта ў каментары для Mediakritika.by звярнуў увагу намеснік старшыні БАЖ юрыст Андрэй Бастунец.

Ён зазначае: так, клопат пра маральнае здароўе дзяцей, барацьба супраць наркотыкаў — безумоўна важныя і надзённыя задачы. Але пад гэтай маркай улады і проста павялічваюць кантроль над інтэрнэтам”.

Эксперт іранічна згадвае Астапа Бэндэра, які, цвердзячы пра клопат выключна аб дзецях, вырашаў зусім іншыя задачы.

Для айчыннай законатворчасці характэрна і такая асаблівасць, якую можна назваць люфтам трактоўкі. Гаворка ідзе пра вельмі агульныя фармулёўкі, кшталту “інфармацыі, распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.

Распаўсюд такога кшталту інфармацыі забараняецца паводле абноўленага закона аб СМІ. Прычым ацэнка “шкоднасці” аддаецца на водкуп чыноўнікам.

“Цьмяныя фармулёўкі даюць магчымасць трактаваць палажэнні шырока”, — адзначае Бастунец.

Айчынныя ж улады, як паказвае практыка, схільныя ў такіх выпадках да максімальна жорсткіх трактовак з рэпрэсіўным ухілам.

Яшчэ адна небяспека палягае у тым, што датычныя СМІ змены ў заканадаўства прадугледжваюць прыняцце пазней падзаконных актаў. Так, згодна з законапраектам, парадак распаўсюду інфармацыі, абмежаванай для дзяцей, мусіць асобна вызначыць Саўмін. І гэта той выпадак, калі д’ябал можа хавацца ў дэталях.

Быў бы вэб-рэсурс, а артыкул знойдзецца

Што рабіць журналісцкай супольнасці ва ўмовах, калі ўлады, адкідаючы заклікі да грамадскага абмеркавання, пішуць законы, якія ўсё шчыльней абкладаюць прэсу чырвонымі сцяжкамі?

Па-першае, трэба “вывучаць матчастку”, раіць Бастунец. Падабаецца закон ці не, яго варта праштудаваць, і ўжо гэта змяншае рызыку трапіць у пастку.

Па-другое, нагадвае намеснік старшыні БАЖ, “зброя журналістаў — галоснасць”.

“Ва ўлады няма схільнасці адмяняць прынятыя законы, але галоснасць можа ўтрымаць чыноўнікаў хаця б ад асаблівай брутальнасці ў прымяненні”, — кажа Бастунец.

Ад сябе дадам: у нас закон — рэч дзясятая, пануе палітычная мэтазгоднасць у тым сэнсе, як яе разумеюць кіроўныя вярхі. Таму прыціснуць могуць як па новым законе, так і па любым старым. Быў бы чалавек (рэдакцыя), а артыкул знойдзецца.

Пры пільнай жа патрэбе і ўвогуле на закон не глядзяць. Вы думаеце, хто-небудзь адкажа за “таямнічае” блакаванне папулярных грамадска-палітычных рэсурсаў падчас снежаньскай “гібрыднай дэвальвацыі”? Прычым імаверна, што гэта была толькі сціплая рэпэтыцыя вэб-апакаліпсісу, які можа чакаць байнэт падчас чарговых прэзідэнцкіх выбараў.

З іншага боку, незалежную журналістыку ў нас хіба што дустам не спрабавалі, а яна выжывае.

З гэтага гледзішча да заканадаўчага імпэту чыноўнікаў (ледзь ці не кожнае ведамства імкнецца прапісаць у нарматыўна-прававых актах страхоўку свайго камфорту ад надакучлівых журналістаў) варта ставіцца па-філасофску. Рабі што належыць, і хай будзе што будзе.

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: