ОБ АВТОРЕ

Журналіст, медыяэксперт.

Лаўрэат прэміі «Dot-Журналистика» ў намінацыі «За пределами Рунета» ў 2012, 2013, 2014 гадах

Выпускнік Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэта.

Працаваў рэпарцёрам у газетах «Чырвоная змена» і «Свабода», рэдактарам на радыёстанцыі «Крынiца» Беларускага радыё.

Супрацоўнічаў з радыёстанцыямі «Юность/Молодежный канал» (Масква), «Радыё Рацыя» (Беласток), Deutsche Welle (Бон), газетамі «Экспресс-хроника» (Масква), «Бизнес&Балтия» (Рыга), «Лабрит» (Рыга), «Караван» (Алматы), «Общая газета» (Масква).

З 1995 па 2015 г. - супрацоўнік недзяржаўнага аналітычнага тыднёвіка «Белорусы и рынок», быў загадчыкам аддзела грамадска-палітычнай інфармацыі.

Вы здесь

Палітыка праз прызму праблем сваіх чытачоў

Ужо дзесяцігоддзі ў Беларусі разважаюць пра стомленасць чытачоў ад палітыкі. Рынкаарыентаваныя рэдакцыі ў выніку шукаюць іншыя тэмы і фарматы. Астатнія цягнуць старую лямку і асвятляюць палітычны тэатр у незалежнасці ад якасцяў п'есы і прысутнасці гледачоў у зале.

Які з гэтых падыходаў больш рацыянальны? Бадай што ніводны. У абодвух выпадках чытача заахвочваюць думаць "ад мяне асабіста нічога не залежыць". Толькі першыя прапануюць яму дыету без палітыкі, без асвятлення грамадска-палітычных падзей, якія ўплываюць на яго жыццё. Іх калегі-апаненты наадварот перакормліваюць "палітыкай", пад якой разумеюць асвятленне руцінных працэдурных пытанняў паміж героямі або статыстамі на палітычнай сцэне.

 

Галодная дыета

Спажыўнага ў гэткіх дыетах мала і ў выніку зніжаецца інтарэс да грамадска-палітычных, а таксама і эканамічных навінаў. Інфатэйтмент мае перавагу ў барацьбе за чытацкую аўдыторыю ў параўнанні з драўлянай казёншчынай, але гэта хутчэй сервіроўка стравы, якая саму страву не заменіць.

Пераўтварэнне СМІ ў крыніцу "белага шуму" дае цэлы ланцуг наступстваў:

?     у чытачоў знікае жаданне чытаць газету, слухаць радыё, глядзець тэлевізар;

?     падае наклад выданняў, змяншаецца аўдыторыя СМІ;

?     падае прабытак ад продажу выданняў;

?     слабне жаданне бізнесу змяшчаць рэкламу.

Канечне, крызіс традыцыйных СМІ мае прычынамі таксама і канкурэнцыю з новымі інтэрнэт-медыямі, змены ў прынцыпах спажывання інфармацыі. Аднак цалкам верагодна, што кліенты проста адмаўляюцца плаціць грошы за прадукцыю, карысці ад якой не бачаць.

Больш за тое, і ў Байнеце людзі часцей карыстаюцца сервісамі, чым шукаюць навіны, а на беларускіх тэлебачанні і радыё – масавая аўдыторыя абірае прагноз надвор'я і забаўляльны кантэнт, а не інфармацыйныя блокі, якія там называюць навінамі.

Але навін там або няма зусім, або яны губляюцца сярод бясконцых справаздач з паседжанняў "тэатру аднаго акцёра". Між іншым людзям трэба ведаць пра тое, што адбываецца ў краіне, як на лёс канкрэтнага чалавека паўплывае тое ці іншае рашэнне ўрадоўцаў, або падзея.

 

Лавіць рыбу там, дзе яна ёсць

Свае наступствы мае працяглая традыцыя патэрналізму, якая схіляе "падданых" да бяздумнай лаяльнасці да кіраўніцтва дзяржавы і падрывае магчымасці іх супрацоўніцтва паміж сабой, пабудовы грамадзянскай супольнасці, пазбаўляе гучнасці голас грамадскай думкі.

Але іншых людзей, грамадства і дзяржавы ў нас няма. Трэба працаваць з наяўным матэрыялам і лавіць рыбу там, дзе яна ёсць, а не там, дзе б яна магла быць у тэорыі.

У нашых чытачоў ёсць свае інтарэсы і яны нам мусяць зрабіцца больш блізкімі, чым інтарэсы гульцоў на палітычнай сцэне, пра якіх мы звычайна пішам.

 

Бліжэй да чытача, далей ад палітыка

Гэта не толькі беларуская праблема. Аглядальнік The Washington Post Дэйвід Бродэр (David Broder) у 1991 годзе звінаваціў калег па журналісцкім цэху ў тым, што яны знаходзяцца вельмі блізка да палітычнага працэсу і вельмі далёка ад выбарнікаў: "Мы павінны імкнуцца дыстанцыянавацца ад людзей, пра якіх мы пішам, – палітыкаў і тых, хто іх кансультуе, – і наблізіцца да людзей, для якіх мы пішам, – выбарнікаў і патэнцыйных выбарнікаў".

Сп. Бродэр прапануе журналістам:

?     хопіць надаваць столькі ўвагі палітычнаму тэатру;

?     час выйсці з "экскурсійнага аўтобуса" на вуліцу і даведацца, што хочуць ведаць выбарнікі;

?     час разглядаць выбарчую кампанію як першы крок у больш шырокім працэсе кіравання дзяржавай.

Але, падобна, кіраваць дзяржавай у поўным сэнсе гэтага слова сёння ў Беларусі не хочуць ні ўлады, ні апазіцыя, ні грамадзяне – яны хочуць распараджацца, але не хочуць несці адказнасць за свае дзеянні. У адпаведнай літаратуры гэта называецца "сіндромам пасажыра".

 

Сувязь паміж даходамі і грамадзянскай актыўнасцю

Менавіта СМІ мусяць заклікаць палітыкаў і грамадзян да адказнасці, выступаць пляцоўкай, дзе гучыць голас грамадства, спрыяць росту грамадзянскай актыўнасці. Калі яны гэтага не робяць, то губляюць сэнс свайго існавання. Пойнтэраўскі інстытут даследавання СМІ (Pointer Institute for Media Studies) заўважыў і здолеў даказаць наяўнасць сувязі паміж тым, як зніжаецца колькасць чытачоў газет і падае грамадзянская актыўнасць. Адпаведна журналісты крэўна зацікаўлены ў абуджэнні грамадзянскай актыўнасці, без якой не будзе павелічэння памераў аўдыторыі выдання і росту даходаў рэдакцыі.

Разам з тым бясконцы стогн пра зладзействы "крывавага рэжыму" не будзіць, а хутчэй выступае ў якасці прафілактыкі абуджэння грамадзянскай актыўнасці. "Вось такжа, верагодна, мышы ў сябе ў падполлі нярвова разважаюць пра тупую недалёкасць мясцовага ката, які толькі што зжор мадам Мышыльду XXII", – казаў адзін з герояў братоў Стругацкіх.

Людзі – не мышы, кіраўніцтва краіны – не кот, а СМІ – не рупар для палітыкаў пры ўладзе або ў апазіцыі.

 

Рэактыўны падыход

Мы пішам для сваіх чытачоў, якім сёння не вельмі лёгка паверыць, што ад іх маленькага ўнёска ў грамадскае жыццё нешта залежыць у цэлай краіне. Мы не мусім падмяняць палітыкаў і клікаць сваіх чытачоў на барыкаду ў абарону той або іншай ідэі – наша роля даць магчымасць усім бакам выказацца ў канфліктнай сітуацыі. У кожнага свая праўда, мы ж можам толькі агучыць факты, якія здолеем знайсці і спраўдзіць, а таксама паспрабаваць іх падаць у кантэксце.

Калі мы так зробім, то гэта можа быць якасны рэактыўны падыход.

Гэта сама па сабе лепей, чым зрабіцца саўдзельнікам маніпуляцыі грамадскай думкай. Але можна абраць і актыўны падыход. Памятаеце, што чыноўнікам, бізнесу і грамадскім дзеячам мы задаем пытанні ад імя сваёй аўдыторыі? Гэта бадай адзіная законная прычына, чаму журналіст адрывае занятых людзей ад іх працы, а часам урываецца і ў прыватнае жыццё.

 

Актыўны падыход

Але адкуль мы можам ведаць, што хочуць спытаць нашы чытачы? У 2013 годзе бадай упершыню перад штогадовай вялікай прэс-канферэнцыяй прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі партал TUT.BY звярнуўся  да вядомых людзей напісаць свае пытанні да кіраўніка дзяржавы. Папулярны партал справакаваў лавіну пытанняў, на частку з якіх прэзідэнт і адказаў.

Гэта адзін з прыкладаў актыўнага падыходу, хаця журналіст і тут пытаўся ў аднаго прадстаўніка эліты, што той бы хацеў запытацца ў іншага прадстаўніка эліты. Праўда летась гэты прыём не спрацаваў.

Можна пайсці далей і да запланаванай на 29 студзеня 2015 году прэс-канферэнцыі прэзідэнта Беларусі сабраць пытанні ў выбарнікаў, а не прадстаўнікоў эліт, вызначыць найбольш балючыя праблемы, якія рэальна хвалююць чытачоў, паставіць гэтыя пытанні рубам і прымусіць палітыка на іх адказваць.

Канечне, гэта патрабуе руціннай калектыўнай працы. На гэтае здатнае выданне, якое ўжо мае вагу, чые рэдакцыя і выдавец маюць мужнасць адстойваць прынцыповыя пазіцыі, але не маюць палітычных амбіцый.

Значна прасцей імітаваць збор пытанняў – клікнуць кліч, а потым выбраць тое, што мне падабаецца, а не з'яўляецца жыццёва-важным для майго чытача. Або можна даць магчымасць палітыку абіраць пытанні, на якія зручна адказваць каб падняць свой электаральны рэйтынг. Гэта была б прафанацыя.

Жыццёва-важныя пытанні нашага чытача мусяць з нашай дапамогай зрабіцца галоўным пунктам парадку дня на палітычнай сцэне, і не важна – ці кіраўнік дзяржавы праводзіць прэс-канферэнцыю, ці адбываюцца прэзідэнцкія выбары. Хутчэй за ўсё гэтыя пытанні застануцца жыццёва-важнымі і пасля выбараў.

Пры такім раскладзе журналіст не падмяняе палітыка, да чаго шмат хто з журналістаў схільны, а ставіць палітыка пад кантроль выбарніка. Памятаеце, у Кастуся Каліноўскага – не народ зроблены для ўраду, а ўрад для народу? Падобна, што падаючы палітыку праз прызму праблем сваіх чытачоў, можна наблізіцца да рэалізацыі гэтага прынцыпу.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: