ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Абвесцім Лукашэнку інфармацыйны байкот? Ну-ну

Вырашыў вярнуцца да тэмы вялікай прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, што адбылася 29 студзеня, бо занадта ўжо шмат кпінаў атрымалі яе ўдзельнікі. Прычым не толькі ад бясстрашных “няўлоўных Джо” з сацыяльных сетак, але і ад некаторых калег.

Я і сам па гарачых слядах напісаў дастаткова крытычны тэкст на Mediakritika.by. У прыватнасці, мяркую, што Лукашэнкава запрашэнне да дыялогу было пасткай і што лепей заўжды працаваць класічна, так, як вучаць на трэнінгах — задаваць дакладна сфармуляваныя, завостраныя пытанні.

Прэс-канферэнцыя — гэта не мітынг пратэсту

Хтосьці на той прэс-канферэнцыі, падступна скіраванай у рэчышча нібыта дыялогу, разгубіўся, а хтосьці і бліснуў. Многія запомнілі годны і мужны выступ карэспандэнткі Бі-Бі-сі Тацяны Мельнічук. Кагосьці Лукашэнка збіваў, троліў, але, напрыклад, журналіст “Еўрарадыё” Зміцер Лукашук у слоўным пінг-понгу, бадай, сам паказаў клас тонкага тролінгу.

Карацей, такія падзеі даюць добрую спажыву для прафесійнага разбору палётаў.

Але калі журналістаў пачынаюць ганіць за тое, што яны ўвогуле ходзяць на гэтыя мерапрыемствы (ды яшчэ напярэдадні публічна збіраюць пытанні) і такім чынам, маўляў, піяраць дыктатара, — тут я катэгарычна не згодны.

Варта паспрачацца і з іншым максімалісцкім падыходам: калі ўжо і ісці, то з наборам гнеўных выкрывальных тырад, ад якіх кіраўнік рэжыму мусіць задыміцца, бы падбіты танк пад Дэбальцавам.

За гэтым максімалізмам мне бачыцца элементарнае неразуменне журналісцкай місіі.

Прэс-канферэнцыя — гэта зусім не мітынг пратэсту. Фактычна прэс-канферэнцыя — гэта такое калектыўнае інтэрв’ю. А ў інтэрв’ю — свае правілы. Журналіст мусіць закідаць кручкі-пытанні так, каб выцягнуць з суразмоўцы найболей цікавай, свежай інфы, падштурхнуць яго да нечаканых прызнанняў.

Вядома ж, у выпадку Лукашэнкі гэта ў прынцыпе няпроста, бо за дваццаць з гакам гадоў ён выпрацаваў шаблонную рыторыку па ўсіх тэмах. Але і яго можна, як паказвае досвед, раскруціць на нестандарт, нават на спантанную выдачу нейкіх патаемных рэчаў.

Той жа досвед сведчыць, што на пытанне-выпад гэты чалавек імкнецца адказаць контрвыпадам, пераходам на асобы, а то і пагрозамі.

І тут праблема не толькі ў самазахаванні (хоць, натуральна, журналіст не камікадзе). Адзначу, што і ў чыста прафесійным плане лабавая атака інтэрв’юера на суразмоўцу, асабліва з агрэсіўным характарам — не самы эфектыўны падыход, бо ў якасці рэакцыі ты атрымаеш усё што заўгодна, але не адказы па сутнасці.

Карацей, ёсць законы жанру, прафесійныя правілы, методыкі, этыкет.

Вось глядзіце, Еўразвяз не прызнае беларускія выбары адпаведнымі дэмакратычным стандартам, кіроўную вярхоўку дзяржавы не пускаюць у Еўропу, аднак жа калі ў кастрычніку летась Серджыё Кантоне браў у Лукашэнкі інтэрв’ю для “Еўраньюс”, то называў яго не дыктатарам, а выключна панам прэзідэнтам.

І пры тым што вёў гутарку чэпка — пытанні фармуляваліся карэктна, без ярлыкоў і накідання поглядаў самога журналіста. Хаця Кантоне пры любых фармулёўках рызыкаваў непараўнальна меней, чым яго тутэйшыя калегі. Так што стрыманасць дыктавалася менавіта прафесійным падыходам.

Чыё слова абвальвае аблігацыі?

Калі казаць пра рэзананс у фэйсбуку, то адзін з закідаў на адрас журналістаў: ну колькі можна пісаць пра гэтага Лукашэнку? Некаторыя максімалісты прапануюць увогуле зладзіць кіраўніку рэжыму інфармацыйны байкот у недзяржаўных медыях (тым болей, маўляў, недарэчна прасіць яго аб інтэрв’ю, як гэта зрабілі прадстаўнікі “Радыё Свабода” і “Еўрарадыё”).

Ну, па-першае, у лепшых незалежных СМІ — багаты россып рубрык, і я б не сказаў, што яны зацыкліваюцца на асобе афіцыйнага лідара. Як ні смешна, але гэта болей характэрна менавіта для ультрарэвалюцыйных рэсурсаў, што робяць з яго баксёрскую грушу, прафануюць пытанне перамен у Беларусі, зводзячы да аднаго лозунга: далоў!

Між іншым, тыя, хто з пазіцый максімалізму кідае (у прыватнасці з бяспечнага замежжа) камяні ў калег, іх жа шалёна капіпасцяць, бо свайго кантэнту фактычна не прадукуюць. Калі вы такія бескампрамісныя, такія чыстаплюі, то чаму налягаеце на інфармацыйны ды аналітычны прадукт ад “баязлівых згоднікаў”?

Па-другое, уявім сабе, што незалежныя СМІ вырашылі не пісаць пра Лукашэнку. І чым тады запаўняць палітычныя рубрыкі? Самапіярам апазіцыйных лідараў? Летуценнямі пра тое, як звалім рэжым байкотам (варыянт: патаемным вынасам бюлетэняў)?

Добра, давайце. Але ж мы адразу спатыкнемся на тым, што нават гэты самапіяр і гэтыя летуценні маюць ўлюбёнай мішэнню ўсё таго ж дзеяча!

Так, палітычнае жыццё ў нас дэфармаванае, прымітыўнае. Але прэса працуе тут і цяпер. Яна адлюстроўвае рэаліі Беларусі паводле прынцыпу “як ёсць”. Яна мусіць па магчымасці вырывацца з гета, працаваць на шырокую аўдыторыю, а не замыкацца ў шкарлупіне дысідэнцкай самаізаляцыі.

Дарэчы, варта прызнаць: колішняя фраза Лукашэнкі, што ў Беларусі адзін палітык, на жаль, дастаткова адэкватна адлюстроўвае становішча спраў (чаму так склалася — іншае пытанне).

І калі хтосьці кажа, што словы гэтага чалавека даўно нічога не значаць, то згадаем адзін з казусаў той самай прэс-канферэнцыі: адно недакладнае слова кіраўніка дзяржавы (сказаў “рэструктурызацыя”, а не “рэфінансаванне” ў дачыненні да замежнага доўгу) абваліла беларускія еўрабонды.

Дадам, што апазіцыянерам практычна ўсе незалежныя СМІ і так спраўна (магчыма, нават непрапарцыйна вазе гэтых персон) даюць трыбуну, пры тым што тэзы статусных барацьбітоў з рэжымам іншым разам не меней банальныя, зашмальцаваныя, чым у яго кіраўніка.

Хто-кольвек з палітыкаў, дарэчы, і на факце прэс-канфэрэнцыі папіярыўся ў тым духу, што вось каб я там быў, я б яму ўжо ўрэзаў!

Смех і слёзы спектакля пра добрага цара

Так, відавочна, што агульны ўзровень страху ў нашым грамадстве высокі і прэсу ён не абмінае. Не надта хочацца задаць пытаннечка, пасля якога тваю рэдакцыю знішчаць, калегі апынуцца без працы. Таму, дарэчы, тут праблема не толькі ў асабістай мужнасці. У гэтым сэнсе на плячах тутэйшых журналістаў заўжды ляжыць цяжкі маральна-псіхалагічны груз.

Вядома, кепска, калі страх або натуральная сервільнасць прымушаюць задаваць пытанні бяззубыя, яшчэ горай — калі кампліментарныя.

Але, з іншага боку, не варта блытаць прэс-канферэнцыю з палітычнымі дэбатамі ці антыўрадавым мітынгам. А журналістам, якія робяць сваю працу, то бок здабываюць інфу, — накідаць функцыі нейкіх спікераў палітычнай апазіцыі (дарэчы, і погляды гэтых двух катэгорый, журналістаў і апазіцыянераў, атаясамліваць не варта).

Між тым у сеціве даюць дыхту і галоўнаму рэдактару “Народнай волі” Іосіфу Сярэдзічу, які ў выступе на прэс-канферэнцыі хоць і адчыхвосціў Мінінфарм за рэпрэсаліі, але разам з тым, маўляў, напрасіўся на прыём да прэзідэнта і ўвогуле надта ж запэўніваў у канструктывізме прэсы.

Я не адзін год працаваў з Сярэдзічам, добра ведаю яго плюсы і мінусы, не збіраюся ідэалізаваць. Але хай тыя, хто кідае ў яго віртуальныя камяні, узважаць: ці зрабілі яны хоць сотую долю таго, што зрабіў гэты фантастычна маторны чалавек дзеля паўставання незалежнай прэсы і дзеля нацыянальнай справы ўвогуле.

А што да хітраватай паляшуцкай дыпламатыі галоўнага рэдактара “Народнай волі” (у якой два свежыя папярэджанні, пасля чаго могуць закрыць), то ў канкрэтнай сітуацыі, як зазначыла у фэйсбуку галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, “Сярэдзіч ратаваў газету — справу свайго жыцця”. А шэф-рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Дынько падкрэсліў, што Сярэдзіч “гаварыў у імя нацыянальнага інтарэсу прынамсі”, бо “галоўнае, каб медыі былі”.

Дынько добра ведае, што такое ісці па канаце, робячы незалежную газету ў Беларусі. У няўлоўных Джо гэтага досведу няма.

Дадам: наўрад ці заснавальнік і кіраўнік “Народнай волі” біўся за яе, каб потым ператварыць у клон “СБ”.

Хаця разам з тым хачу прывесці яшчэ адну рэмарку Андрэя Дынька з фэйсбука: Лукашэнка на прэс-канферэнцыі надта ж падштурхоўваў, каб яго менавіта прасілі.

“Мяне ва ўчарашняй прэс-канферэнцыі засмуціла, што нас прывучылі, спакусілі прасіць высачайшай ласкі. А вы прасіце, прасіце, падказваў ён. Правільней было б усё ж у яго пытацца, а не прасіць яго”, — зазначыў калега.

Я згодны: журналістам, рэдактарам варта адчуваць тую мяжу, за якой пачынаецца выкананне ролі ў чужым спектаклі. Спектаклі пра добрага цара, катораму трэба толькі як след пакланіцца.

На здымку: Іосіф Сярэдзіч на прэс-канферэнцыі 29 студзеня.

Фота з Facebook Змітра Лукашука

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: