ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Не затыкайце мне рот. Заткніце ёй! Пяшчотна…

Шмат каму “даставіла”, як на саміце нармандскай чацвёркі 12 лютага ахоўнік у мінскім Палацы Незалежнасці літаральна закрыў рот журналістцы тэлеканала “Россия 24”.

Так ёй і трэба, тыя “прапагандоны” іншага абыходжання і не заслугоўваюць, можна было і болей сурова — вось як выглядае даволі значная плынь ацэнак гэтага інцыдэнту ў беларускім сегменце сацыяльных сетак.

Гаўканне ў літаральным сэнсе

Увогуле цягам гэтага саміта, што ператварыўся ў пакутлівы марафон і для прэсы, адбылося некалькі інцыдэнтаў з удзелам расійскіх журналістаў.

Хітом у сацыяльных сетках стаў сюжэт, калі журналіст LifeNews у літаральным сэнсе гаўкнуў на украінскую калегу (хоць дзеля паўнаты карціны варта зазначыць, што ў гэтай выхадкі была свая перадгісторыя). Натуральна, кпінаў гэты персанаж атрымаў болей, чым у сабакі блох. Зрэшты, на самім мерапрыемстве ахова абмежавалася толькі папярэджаннем на ягоны адрас.

А вось Паўла Зарубіна з тэлеканала “Россия” ахоўнікі выдалілі з залы, дзе увечары 11 лютага Аляксандр Лукашэнка сустракаў Пятра Парашэнку. Выдалілі пасля таго, як журналіст некалькі разоў выгукнуў у бок украінскага прэзідэнта: “Чаму вашыя войскі бамбяць мірныя гарады?”.

Гэты дэмарш прадстаўніка расійскай прэсы шмат каму падаўся правакацыйнай загатоўкай. Ды і момант быў падкрэслена пратакольны. “Прэсу загадзя папярэдзілі: ніякіх пытанняў”, — распавёў Mediakritika.by карэспандэнт RFI Генадзь Шарыпкін, які працаваў на мерапрыемстве.

Два згаданыя інцыдэнты, трэба думаць, толькі паспрыялі апрыёрна негатыўнаму стаўленню да расійскай прэсы з боку тых, хто, умоўна кажучы, за Украіну.

Ад сябе зазначу: шмат якія расійскія СМІ, і асабліва тэлеканалы, цягам украінскага крызісу сапраўды добра пастараліся выклікаць да сябе агіду адыёзнай прапагандай, а то і проста цынічнай хлуснёй.

Адпаведна, калі на другі дзень “Мінска-2” адзін з ахоўнікаў у літаральным сэнсе заткнуў рот супрацоўніцы тэлеканала “Россия 24” Вользе Скабеевай, якая памкнулася задаць пытанне Парашэнку на выхадзе з палаца, у фэйсбуку знайшлося багата публікі, што адрэагавала са злараднасцю ды захапленнем.

Хто-ніхто з каментатараў падкрэсліваў: журналістка, маўляў, парушыла пратакол. Калега Андрэй Аляксандраў іранічна адзначыў з гэтай нагоды ў фэйсбуку, што, “аказваецца, у нас поўны фэйсбук знаўцаў дыпламатычнага пратакола! Проста можна ўкамплектаваць паўтара МЗСы і амаль што цэлае міністэрства інфармацыі”.

Бадай, не менш знайшлося і знаўцаў інструкцый спецслужбаў, паводле якіх нібыта бездакорна дзейнічаў той мажны дзяцюк, прыціснуўшы карэспандэнтку тварам да свайго пінжака.

А каторы з каментатараў дык збіўся і на сексісцкія жартачкі: хай бы радавалася, дурніца, што такі хлопец да грудзей прытуліў!

Яшчэ ўзніклі дэбаты, чый гэта быў ахоўнік — тутэйшы ці Парашэнкаў. Расійскія СМІ у рэпартажах ўпэўнена зазначылі: сек’юрыці украінскі. Але шэраг мясцовых калег паводле пэўных прыкмет мяркуе, што ў гэтым эпізодзе “працаваў” нехта з тутэйшых службоўцаў.

Зрэшты, гэта, на мой погляд, другасны нюанс. Хачу засяродзіцца на пазіцыі тых (прычым не толькі палітызаваных фб-тусоўшчыкаў, але і часткі калег), хто мяркуе прыблізна так: увогуле такое абыходжанне з прэсай не камільфо, вядома, аднак жа тут брутальнасць ахоўніка нават “даставіла”. Бо няма чаго цацкацца з “прапагандонамі”.

То бок спрацоўвае, як на самалёце-знішчальніку, сістэма апазнавання “свой — чужы”. Мы, вядома, на баку святла, яны — на баку абсалютнага зла. І на вайне як на вайне — усе сродкі добрыя.

Эксперт: гэта перашкода прафесійнай дзейнасці

Між тым як бясспрэчную перашкоду выкананню прафесійных абавязкаў трактуе гэты інцыдэнт ягоны відавочца Генадзь Шарыпкін.

На яго погляд, тую сітуацыю нельга разглядаць як пратакольную: там быў момант, калі проста “смешались в кучу кони, люди”. Цалкам працоўная сітуацыя для журналістаў.

У звязку з гэтым карэспандэнт RFI згадаў пра свае ўражанні ад леташняга віленскага саміта “Усходняга партнёрства”: там журналісты падобным чынам насядалі на высокіх асоб, і хаця ахоўнікі іншым разам стрымлівалі “доступ да цела”, такой жорсткасці ў дачыненні да прэсы не было.

Ды і заходнія фільмы, і тэлерэпартажы “адтуль” сведчаць, што любых публічных асоб у дэмакратычных краінах журналісты прэсінгуюць па поўнай праграме. Гэта іх хлеб, іх рамяство. На трэнінгах журналістаў акурат і вучаць мець трошкі здаровага прафесійнага нахабства — “злаўчыцца стаць між героем ды дзвярыма”.

Між іншым, менавіта таму ахове Лукашэнкі было надта ж дыскамфортна, калі той выбраўся з візітам у Вільню ў верасні 2009 года: праклятыя журналюгі не рэагавалі на загады кшталту “са спіны не здымаць”, лезлі пішчом.

Жорсткія ж дзеянні супраць прадстаўнікоў прэсы могуць справакаваць на гнілым Захадзе не толькі скандал з негатыўнымі піяраўскімі наступствамі для пэўных палітыкаў, але і судовы разбор.

Дык чаму ж мы, такія ўсе з сябе еўрапейцы, ухваляем гвалт над акрэдытаваным прадстаўніком СМІ на афіцыйным мерапрыемстве ў нас?

Зраблю рэмарку: інфармацыйная бяспека дзяржавы, яе дзеянні ва ўмовах інфармацыйнай агрэсіі — гэта іншае пытанне. Я сам неаднойчы пісаў, што варта неяк абмяжоўваць тэрмаядзерную прысутнасць расійскіх тэлеканалаў ў медыйнай прасторы Беларусі, ствараць ім супрацьвагу. Але гаворка ж не пра тое, што належыць фізічна затыкаць рот журналістам суседняй краіны!

“Натуральна, гэта перашкода ажыццяўленню прафесійнай дзейнасці”, — так у каментары для Mediakritika.by ацаніў дзеянні супраць журналісткі “России 24” беларускі медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі.

“Разам з тым, — дадаў суразмоўца, — гэта толькі адзін з шэрагу выпадкаў, калі служба бяспекі нешта падобнае робіць на постсавецкай прасторы. Ведаю выпадкі, калі так рабілі ў дачыненні да журналістаў без акрэдытацыі або асобаў, якіх ахоўнікі не ідэнтыфікавалі як журналістаў. Менш скандальна, але больш распаўсюджана, калі ахова сваім целам закрывае чыноўніка ад камеры і мікрафона, робіць калідор і праводзіць публічную асобу праз натоўп”.

Дарэчы, той ахоўнік, што заткнуў рот прадстаўніцы “России 24”, відавочна ж дзейнічаў так не праз тое, што ў яго зуб на расійскую прапаганду. Ён затыкаў рот прэсе ўвогуле. Проста за тое, што яе прадстаўніца спрабавала задаць пытанне. І на яе месцы мог апынуцца любы з калегаў.

СМІ як інструмент: калі чужы — кепска, калі свой — добра?

Увогуле ж украінскі сюжэт абвастрыў дыскусію пра місію СМІ. Што і казаць, непрыемна бачыць, калі твае палітычныя антыподы выкарыстоўваюць медыі як інструмент, зброю.

Але ці даўно тыя ж прадстаўнікі палітызаванай часткі нашай грамады бэсцілі айчынных журналістаў за тое, што, маўляў, мала жорсткіх пытанняў падкінулі Лукашэнку на вялікай прэс-канферэнцыі 29 студзеня. Лейтматыў крытыкі быў такі: вось ужо каб я там апынуўся, то падсыпаў бы яму перцу з імберцам!

Некаторыя апазіцыйныя палітыкі нават добра папіярыліся апрыёры, скарыстаўшы як нагоду тое мерапрыемства. Напрыклад, Анатоль Лябедзька напісаў тэкст “Некалькі пытанняў, якія не зададуць Лукашэнку на прэс-канферэнцыі”. Падтэкст жа такі: яны, журналюгі, пэўна ж пабаяцца, а вось я не збаяўся б, урэзаў усю праўду-матку.

Тэкст уяўляе сабой разгорнутую філіпіку: “вы гвалтам зацягнулі краіну у Еўразійскі эканамічны звяз”, “калі вы нарэшце перастанеце з усяе моцы трымацца за ўладу?” і да т.п.

Няўжо аўтар усур’ёз верыць, што камусьці далі б вось так хвілін дзесяць вербальна хвастаць кіраўніка дзяржавы на той імпрэзе?

Ды і не ў тым пытанне, наколькі хутка заткнулі б такому байцу рот. Проста не трэба блытаць прэс-канферэнцыю з палітычнымі дэбатамі, а місію журналіста — з місіяй апазіцыйнага дзеяча, прафесійнага антаганіста рэжыму.

Так, пытанні журналіста могуць быць вострымі (і кепска, калі яны бяззубыя), але разам з тым яны мусяць фармулявацца карэктна, паводле прафесійных правіл. І журналіст зусім не абавязаны агучваць агіткі вашай партыі. Так што піярцеся, калі ласка, пан палітык, не за кошт працаўнікоў СМІ!

Карацей, пабачце, сябры, які цікавы парадокс: з аднаго боку, пасіянарам недаспадобы, калі медыі выкарыстоўваюцца як зброя ідэйнымі ворагамі (гэта ж СМІ, дзе аб’ектыўнасць і ўсё такое), але разам з тым так і свярбіць самім ужыць медыі як аналагічную зброю. Тут ужо ўключаецца іншая логіка: на вайне як на вайне. І журналістаў акурат падштурхоўваюць ваяваць, толькі на сваім баку. Быць, так бы мовіць, добрымі прапагандонамі.

Іначай кажучы, мы бачым ў ладнай часткі антаганістаў пуцінскага ці лукашэнкаўскага рэжыму той самы інструментальны падыход да СМІ.

Я маю на ўвазе і частку прадстаўнікоў прэсы, што прывыкла ганарліва называць сябе незалежнай. Перш чым з выкрывальным пафасам кідаць, што вось тыя — прапагандысты, трубадуры інфармацыйнай вайны і да т.п., каму-кольвек не грэх паглядзецца ў люстэрка.

Кладучы руку на сэрца, грубай прапаганды (толькі процілеглага кірунку) у некаторых медыях, што пазіцыянуюць сябе як самыя-самыя незалежныя, аж цераз край.

Проста хто-кольвек цешыць сябе думкай, што ў нас вось прапаганда правільная, а ў тых — няправільная. Мы на баку святла, а вось тыя служаць д’яблу. Таму мне рот не затыкайце, а вось таму (той) — калі ласка, яшчэ і ў ладкі папляскаю.

Але ж чыноўнікі, службоўцы, што прэсуюць так званыя апазіцыйныя СМІ, таксама перакананыя, што робяць святую справу, змагаюцца з дэструктыўнай дзейнасцю, экстрэмізмам і г.д. 

Яшчэ болей, і фанатыкі, каторыя адразаюць галовы закладнікам, спальваюць іх жыўцом, перакананыя, што робяць святую справу. І тыя, хто расстраляў карыкатурыстаў Charlie Hebdo, уважалі гэта за святую місію помсты.

Карацей, святасць барацьбы — ну такая адносная рэч, што лепей ніколі не прымерваць на сябе німб.

А вось свабода слова — наадварот. Яе мала не бывае.

Уяўляю, як бы задзяўблі Вальтэра!

Мегатоны нецярпімасці, агрэсіі, нянавісці — вось што ўражвае мяне ў такога кшталту дыскусіях, дакладней халіварах.

І вось іншым разам думаю: а чым вы лепшыя за тых, каго ненавідзіце? Можа, уся розніца ў тым, што яны ўскочылі ў сістэму, а вам не пашэнціла?

І ўявім сабе: іншая каманда бярэ ўладу ды з асалодай назірае, як набраныя ёй пасля люстрацыі ахоўнікі вінцяць неўпадабаных журналюгаў. А прызначаны пасля люстрацыі міністр інфармацыі глушыць сайты, што крытыкуюць новы ўрад.

Лукашэнка, дарэчы, любіць падкрэсліваць, што ён таксама прыйшоў з апазіцыі. І ў 1994-м адразу пасля свайго трыумфу ён урачыста абяцаў медыям свабоду.

Я перакананы: нейкі грамадскі прагрэс магчымы толькі тады, калі змагары за лепшую будучыню (Беларусі, Украіны, Расіі, усяго чалавецтва — патрэбнае падкрэсліць) будуць болей маральныя, высакародныя, чым іх апаненты.

Іначай грамадства будзе хадзіць па зачараваным коле, як гэта мы і бачым амаль што ва ўсіх краінах постсавецкага абсягу. Бо мала зладзіць пратэсты, скінуць таго ці іншага недэмакратычнага правадыра — трэба яшчэ і выціснуць саўка з сябе самога.

А пакуль што я ўяўляю, як задзяўблі б у сацсетках небараку Вальтэра з ягоным старамодным: мне ненавісныя вашы погляды, але я памру, каб вы маглі іх выказваць!

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: