ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Быдла на сайтах пара баніць

Рэдакцыя nn.by абвесціла 16 лютага, што надалей будзе аўтаматам вычышчаць у каментах знявагі нацыянальнага характару, а таксама заведамую хлусню, заклікі да перадзелу свету, мацюкі ды абразлівыя словы. Гэты сціплы тэкст ад душы мяне парадаваў.

І зусім не таму, што летась я жорстка раскрытыкаваў “Нашу ніву” за скандальны анекдот пра згвалтаваную беларусам расійскую порназорку.

Пытанне даўно пераспела. Прычым не толькі і мо’ нават не ў першую чаргу для nn.by, дзе і дасюль працавала ўсё ж прэмадэрацыя. Падобны крок — паставіць жорсткі заслон хамству ў плыні карыстальніцкага кантэнту — варта зрабіць усім рэсурсам, што прэтэндуюць звацца медыямі.

І на добры лад трэ’ было так зрабіць яшчэ да таго, як набылі моц папраўкі ў закон аб СМІ, што далі Мінінфарму карны меч супраць байнэту. Каб крок не выглядаў толькі як страхоўка ад блакавання сайтаў.

Яшчэ пазалетась я напісаў артыкул “Каменты ў вэб-медыях: вычышчайце гной, гаспадары!”. У прыватнасці, падкрэсліў, што “лаянка, абразы не маюць ніякага дачынення да свабоды выказвання. Чаму ў звычайным жыцці гэта цягне на 15 сутак (я выношу за дужкі анедатычныя прысуды такога кшталту апазіцыянерам), а на форуме ўважаецца за прыкмету дэмакратызму ды плюралізму? Хам — ён і ў інтэрнэце хам. І, як у рэальным жыцці, у сеціве такую публіку варта ставіць на месца. Не ўмееш сябе паводзіць як чалавек — за дзверы!”

Інтэрнэт расперазаў хамаў

Пара сказаць наўпрост, не баючыся выглядаць рэакцыянерам ці падпявалам уладаў: інтэрнэт (пры усіх яго фантастычных плюсах) расперазаў малакультурную публіку.

Некалі была асобна журналістыка і асобна — быдлячае хамства, густа замяшанае на мацюках. Яны ніяк не перасякаліся. Заўважце, што сам выраз “нецэнзурная лексіка” (а па-руску яшчэ і “непечатные слова”) гістарычна сведчыць, што мату (і шырэй — лаянцы, абразам) на старонкі прэсы у афлайнавую эпоху ходу не было.

Пры гэтым не варта думаць, што СМІ гулялі ў адну браму. Зваротная сувязь існавала, у прыватнасці пад рубрыкамі кшталту “З рэдакцыйнай пошты” ці “Слова чытача”.

І ў моцных выданняў гэта плынь рэзанансу была зусім не слабая. Калі я рэдагаваў, напрыклад, “Знамя юности” часоў перабудовы з накладам 800 тысяч асобнікаў, то кожную раніцу на наш паверх мяхамі прыносілі лісты. Натуральна, рэдакцыя “фільтравала базар”: на паласу давалі самае лепшае. Здымалі вяршкі.

Калі ж медыі выйшлі ў сеціва, то “смешались в кучу кони, люди”. Пад разумным артыкулам, над якім хтосьці сушыў мазгі, вылізваючы кожны сказ, адразу вырастае хвост каментаў, у якіх любы аднаклеткавы троль называе аўтара казлом (варыянты: агентам спецслужбаў, суб’ектам падазронага паходжання і г.д.).

Плюс сацыяльныя сеткі. Раней ты мусіў заслужыць, каб тваё слова тыражавалася. Сёння, завёўшы акаунт, паліваць брудам каго заўгодна можа і жук і жаба.

“Людзі звыкліся бачыць мат-перамат у “Ютубе”, “Укантакце”, “Аднакласніках” ды іншых “месцах масавага адпачынку”. І думаюць, што гэта нармальна. Але гэта не нармальна”, — такую прапісную ісціну мусіць цяпер даводзіць тая ж рэдакцыя “Нашай нівы”, абвяшчаючы новую палітыку што да каментаў.

І, дарэчы, пэўная частка форумных заўсёднікаў адразу заенчыла. Натуральна, згадалі Кастуся Каліноўскага з ягонымі “маскалямі”, этымалогію слова “жыд” і г.д.

Абурэнне высмактана з пальца, бо ніхто не збіраецца курожыць гістарычныя тэксты. А што да сённяшняга дня, то я салідарны з тымі, хто перакананы, што, напрыклад, без слова “жыд”, якое у значнай часткі публікі выклікае рэзка негатыўныя канатацыі, беларуская мова, далібог, не збяднее.

Іншая рэч, што адымі магчымасць лаяцца — і частка тых форумных заўсёднікаў не будзе ведаць, што напісаць. Бо мазгоў ды культуркі бракуе.

Ці ёсць што за душой, акрамя мовы нянавісці?

Увогуле ж настаў час рэабілітаваць простую ісціну: любая рэдакцыя абавязана адказваць за свой кантэнт, у тым ліку і карыстальніцкі. Дзеля гэтага трэба ладзіць пэўную рэдакцыйную палітыку.

І не варта думаць, што прычынай толькі бізун уладаў. Аўтарытэтныя СМІ апрыёры моцныя менавіта адказнай, кампетэнтнай рэжысурай змесціва, вылучэннем галоўнага, праверкай фактуры, аддзяленнем зярнят ад шалупіння.

Патрэбу ў такіх медыях асабліва адчулі разумныя чытачы на тле той інфармацыйнай вакханаліі, разгулу прапагандысцкай хлусні, фэйкаў, што суправаджаюць вайну супраць Украіны.

Нарэшце, ёсць такое слоўца — самарэгуляванне. Яно даўно знаёмае прэсе ў самых свабодных краінах. Там распрацаваны даволі строгія інструкцыі, як, у прыватнасці, мадэраваць карыстальніцкі кантэнт.

Мы ж толькі пачынаем даганяць, што гэта такое — самарэгуляцыя СМІ. Бо не прайшлі той шлях паўставання ды развіцця дэмакратыі, які навучае, што свабода махаць кулакамі рэзка канчаецца ля чужога носа. Гэта ж у фігуральным сэнсе цалкам тычыцца паводзін у сеціве.

У нас жа нейкія сайты на этапе развіцця інтэрактыву далі волю хамам ў пагоні за наведваннем: станеш чысціць каменты — інтарэс да форумаў згасне.

А ў некаторых, мусіць, такое своеасаблівае ўяўленне пра свабоду слова: хай у нас пішуць што хочуць у блогах ды каментах — даем ім тут гуляй-поле, вось якія мы прагрэсіўныя. Калі ж лаянка скіравана супраць ненавіснага рэжыму, то і ўвогуле, маўляў, амаль што святая справа. На вайне як на вайне.

Чытаючы каменты на асобных крутых антырэжымных сайтах, міжволі думаеш: калі вось гэта і ёсць духоўная альтэрнатыва цяперашняй уладзе, дык проста тушы святло. Чым вы лепшыя за тых, каго ненавідзіце? Такое ж хамло, такое ж быдла.

Зразумела, гэта толькі частка тых, хто ў апазіцыі да сённяшняй беларускай улады. Але частка не такая ўжо малая і вельмі актыўная менавіта ў віртуальным вымярэнні. Акурат гэтыя людзі і даюць адэптам рэжыму падставу рабіць высновы пра “свядомых”, “змагароў” як з’яву: маўляў, прымітыўная ваяўнічая кодла, што толькі “вострыць нажы”.

Нельга змагацца за лепшую будучыню, дэмакратыю і г.д. на мове нянавісці. Калі антаганісты рэжыму могуць генераваць толькі нянавісць, то мы рызыкуем памяняць некалі быка на індыка.

Разам з тым, не быць скотам кожны можа ўжо сёння, не адкладаючы метамарфозу да светлай дэмакратычнай будучыні. 

Чым СМІ адрозніваюцца ад унітаза

Дарэчы, цалкам разумею тых рэдактараў, што ўвогуле абыходзяцца без так званых форумаў. Бо сёння яны ператвараюцца ў кучы гною, дзе жамчужныя зярняты шукаць няма сэнсу.

Дарэчы, і што да трафіку, то вага каментаў перабольшаная, насамрэч гэта лічаныя працэнты.

Рэдактарка “Медузы” Галіна Цімчанка (не так даўно сустрэчу з ёй зладзіў ў Мінску “Прэс-клуб Беларусь”), ва ўсякім разе, мяркуе, што калі і культываваць форумы, то на асобнай пляцоўцы. Хай каментатары ламаюць дзіды між сабой. “На адной і той жа старонцы публікаваць прафесійны тэкст і меркаванні чытачоў катэгарычна няправільна”, бо “журналісцкая праца дарагога вартая”, кажа масцітая рэдактарка.

“Я ў гэтым сэнсе вялікі сноб”, — зазначае Цімчанка. Але не ўтойвае і чыста ўтылітарнага складніка: не варта праз каменты рызыкаваць працай дзясяткаў людзей, калі ёсць небяспека, што рэсурс могуць заблакаваць.

Што да асабістых акаунтаў у сацыяльных сетках, то, вядома ж, кожны сам сабе гаспадар. Але як па мне, дык смеху варта, калі нехта прэтэндуе на валадара думак, змагара за прагрэс, а сам разводзіць у сеціве быдлячае хамства.

Дарэчы, мяркую, што рана ці позна і айчынныя рэдакцыі сутыкнуцца з неабходнасцю так ці іначай рэгламентаваць паводзіны сваіх супрацоўнікаў у сацыяльных сетках. Каб некаторыя, коратка кажучы, не ганьбілі брэнд.

Увогуле ж любы нармальны, прыстойны сродак масавай інфармацыі — гэта рэдактура, селекцыя змесціва. У гэтым адрозненне СМІ ад унітаза.

Любая, нават самая ліберальная рэдакцыйная палітыка мае на ўвазе датрыманне хаця б мінімальных стандартаў агульначалавечай культуры. Пара перастаць гэтага саромецца.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: