ОБ АВТОРЕ

Журналіст.

Навучалася ў ЕГУ па спецыяльнасці "Масавыя камунікацыі і журналістыка".

Працяглы час супрацоўнічала з рознымі беларускімі няўрадавымі арганізацыямі і ініцыятывамі, пісала пра грамадскую актыўнасць і грамадзянскую супольнасць, працавала прэс-сакратаром Асамблеі НДА.

Сябра БАЖ.

Вы здесь

Конкурс “Вольнае слова” – нагода падвесці асабістыя вынікі

В фокусе

Старшыня журы конкурса “Вольнае слова” Юрась Карманаў заклікае беларускіх журналістаў падвесці свае асабістыя працоўныя вынікі за год і даслаць працы на конкурс. Дэдлайн – 20 сакавіка.

Беларуская асацыяцыя журналістаў праводзіць конкурс журналісцкіх матэрыялаў “Вольнае слова” ужо ў восьмы раз. Юрась Карманаў адзначае шырокі спектр тэмаў конкурсных працаў, якія ўдзельнікі дасылаюць штогод. Старшыня журы спадзяецца на працяг гэтай традыцыі і сёлета. Пра трэндавыя  тэмы “Вольнага слова”-2014 спадар Карманаў не бярэцца казаць, але заўважае, што ўкраінскія падзеі не абмінулі беларускія СМІ – шмат журналістаў з Беларусі працавалі непасрэдна ў гарачых кропках. У залежнасці ад намінацыі ўкраінская тэматыка будзе прысутнічаць у конкурсных працах сёлета, перакананы Юрась Карманаў.

Конкурс “Вольнае слова”, на думку Карманава, умоўна дзеліць журналістыку на тры вялікія часткі – кроў, душа і мазгі.

Інфармацыйны жанр – гэта, безумоўна, кроў журналістыкі, аналітычны – мазгі, а мастацка-публіцыстычны жанр – душа журналістыкі.  Акрамя таго, ёсць яшчэ дзве намінацыі – “Дэбют”, у якой вызначаецца патэнцыял журналіста, і “Журналісцкае расследаванне”. Мы адмыслова вылучылі расследаванне ў асобную намінацыю, каб заахвоціць беларускіх журналістаў займацца гэтым вельмі складаным, але запатрабаваным у грамадстве жанрам. Як паказвае практыка, менш за ўсё тэкстаў падаецца менавіта ў гэтую намінацыю. Журналісты не хочуць займацца гэтым сінтэзаваным жанрам, – падкрэслівае Юрась Карманаў.

Паводле яго словаў, конкурс закліканы адстойваць прафесійныя стандарты журналістыкі. У апошні год можна назіраць дэвальвацыю прафесіі журналіста. На вачах журналістыка ператвараецца ў прапаганду. Асабліва гэта добра бачна на фоне суседніх краін. «Стандарты прафесіі існуюць і запатрабаваныя, яны кажуць самі за сябе. Мы хочам паказаць, што гэтыя стандарты ёсць і ў беларускай журналістыцы, нам ёсць чым ганарыцца, у нас ёсць журналісты, якія даюць панарамную сістэму ведаў, падаюць усебаковую і аб’ектыўную інфармацыю. Перш за ўсё, маю на ўвазе падзеі ва Украіне. Вельмі важна, што і беларускія журналісты працавалі апошні год ва Украіне і імкнуліся даносіць да беларускіх чытачоў, слухачоў і гледачоў сапраўдную карціну таго, што там адбываецца».

Юрась Карманаў таксама адзначае наяўнасць праблемы з незалежнымі сродкамі інфармацыі ў Беларусі – іх становіцца ўсё менш і менш. Адпаведна кола журналістаў незалежных СМІ таксама не пашыраецца.  Паводле Карманава, гэта глабальная праблема не толькі для журы “Вольнага слова”, але і для ўсёй беларускай журналістыкі.  Не паўстаюць новыя выданні, адпаведна не гучаць новыя імёны, а калі і з’яўляюцца новыя таленты – то яны часцяком незаўважныя.

«Конкурс “Вольнае слова” акурат і праводзіцца, каб не толькі ўдасканальваць прафесійнае майстэрства журналістаў, але і адкрываць новыя імёны і заахвочваць таленавітых журналістаў адстойваць прынцыпы прафесійнай журналістыкі і свабоды слова».

Як і ва ўсіх конкурсах, паміж сябрамі журы “Вольнага слова” часам узнікаюць спрэчкі. Юрась Карманаў кажа, што гэтыя спрэчкі вельмі лёгка вырашаюцца – простай матэматыкай. «Бываюць сітуацыі, калі два тэксты набіраюць роўную колькасць балаў, тады мы прысуджаем, напрыклад, другое месца абедзвюм працам. Увогуле спрэчак быць не можа, бо сябра журы зрабіў сваю працу – ацаніў тэкст па 10-бальнай шкале, а потым простая матэматыка ўсё ставіць на свае месцы».

На пытанне ў чым палягае паспяховасць таго ці іншага тэкста, дасланага на конкурс, старшыня журы гаворыць, што ўсё залежыць аж жанру. Але прытрымліванне структуры і стылю ацэньваецца ў першую чаргу.

– Ад навіны мы чакаем цікавосткі, ад аналітыкі – грунтоўнай аналітычнай працы, а ў мастацкай публіцыстыцы душа мае разгарнуцца і згарнуцца ў момант чытання тэкста. У намінацыі “Дэбют” для нас важна зразумець патэнцыял аўтара. А журналісцкае расследаванне ацэньваецца перадусім на прадмет карысці для грамадства ад матэрыяла.

Разам з тым, Юрась Карманаў адзначае тэндэнцыю ў беларускай журналістцы, калі структура і форма вытрыманы, а сам тэкст напісаны прымітыўнай мовай. Такія тэксты журы атрымлівае рэгулярна. «Можна ведаць цудоўна структуру, але кепска пісаць. На жаль, такія тэксты мы атрымліваем – добрая структура і фактура, але кепска напісана. Мы заўважаем, што журналісты пачалі губляць уменне пісаць. Яны добра структуруюць тэкст, разумеюць факты, што трэба падаць у навіне, вытрымліваюць стыль жанра. Але праблема ў прымітыўнай мове. І гэта агульная хвароба пакалення, якое арыентавана на інтэрнэт і сацыяльныя сеткі: коскі не трэба, вялікія літары не трэба, а трэба хутка перадаць кавалак думкі. Потым усё гэта экстрапалюецца і на журналістыку».

Нягледзячы на шэраг “хваробаў і праблемаў”, Юрась Карманаў канстатуе рост узроўня конкурсных тэкстаў. Штогод журы становіцца больш складана абіраць пераможцаў.  Цешыць Карманава і тое, што свае працы дасылаюць журналісты не толькі недзяржаўных медыя, але і дзяржаўных, і нават перамагаюць.

Падаваць працы на конкурс могуць самі журналісты, а таксама рэдакцыі. Часцяком калегі вагаюцца (праз сціпласць альбо праз няўпэўненасць у сабе) ці дасылаць свае тэксты для ацэнкі журы.  Старшыня журы “Вольнага слова” Юрась Карманаў заклікае калегаў па журналісцкім цэхе скарыстаць конкурс менавіта для ацэнкі сваіх асабістых дасягненняў за 2014 год і адкінуць сціпласць у бок. Спадар Карманаў робіць акцэнт на тым, што конкурс “Вольнае слова” ацэньвае не журналіста, а журналісцкі тэкст.

– Журналісцкія матэрыялы вельмі часта жывуць адзін дзень. Гэта асаблівасці нашай прафесіі.  Перакананы, у кожнага беларускага журналіста за год назбіраецца колькі тэкстаў, якімі ён можа ганарыцца.  “Вольнае слова” дае магчымасць прадэманстраваць, што за год вы напісалі добрыя тэксты. Бо, навошта тады займацца журналістыкай?

Апошні тэрмін падачы матэрыялаў на конкурс “Вольнае слова” сканчваецца 20 сакавіка. Удзельнічаць у конкурсе маюць права толькі сябры ГА «БАЖ».  Ад аднаго аўтара на конкурс прымаюцца не больш за 3 матэрыялы, якія пабачылі свет у 2014 годзе. Падрабязней пра патрабаванні да працаў і ўмовы ўдзелу можна знайсці на сайце БАЖ.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: