Вы здесь

Ананіч запрасілі ў Брусэль, каб пазнаёміць са статусам фрылансераў у Еўропе

В фокусе

Беларускія журналісты спадзяюцца, што візіт паўплывае на жаданне Міністра інфармацыі надаць фрылансерам належны статус.

Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, запрашэнне на візіт Ліліі Ананіч у Брусэль міністру даслалі з офісу Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ).

Прэзідэнт ЕФЖ Могенс Бліхер Б'еррэгард заклікаў беларускія ўлады распачаць дыялог пра ўвядзенне статусу журналіста-фрылансера ў беларускае заканадаўства.

З пытаннем, ці такая азнаямляльная вандроўка сапраўды можа быць на карысць беларускім фрылансерам і ці ўвогуле зараз такое запрашэнне дарэчы, улічваючы той факт, што згодна зменам у законе “Аб СМІ” сёння ў Беларусі любы блогер – медыя, Mediakritika.by звярнулася да актывісткі кампаніі БАЖ “За фрыланс” Таццяны Бублікавай.

“Адсутнасць ў журналістаў-фрылансераў належнага статусу ў нацыянальным заканадаўстве — гэта не пытанне заканадаўства, а пытанне жадання ўладаў. Нават пры дадзеных прававых умовах можна было б змяніць правапрымяняльную практыку і фактычна легалізаваць фрылансераў. І, на нашую думку, паўплываць на жаданне ўладаў магчыма, распачаўшы дыялог, удзелу ў якім адказныя асобы пазбягаюць напрацягу многіх гадоў. Спадзяемся, што запрашэнне спадарыні Ліліі Ананіч на размову ў Брусель з боку такіх аўтарытэтных журналісцкіх інстытуцый будзе пачутае і прынятае. Гэта можа стаць пачаткам дыялогу, без якога змены ў статусе журналістаў-фрылансераў немагчымыя.

Мы ў кампаніі “За фрыланс!” шчыра вітаем ініцыятыву і падтрымку замежных калег, бо, падаецца, на дадзены момант унутры краіны рэсурсы для ўплыву на сітуацыю вычарпаныя”.

Таццяна Бублікава заўважае, што Лілія Ананіч магла б стаць першым міністрам інфармацыі ў гісторыі, які вярнуў бы беларускую нацыянальную журналістыку ў кантэкст натуральнага еўрапейскага развіцця.

Ці прыняла Лілія Ананіч запрашэнне, не паведамляецца.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: