На днях у СМІ разгарнулася жорсткая дыскусія наконт, так бы мовіць, статусу беларускіх пісьменнікаў, якія пішуць па-руску. Журналіст, літаратар, сябра СБП і ПЭН-цэнта Анатоль Санаценка разважае аб этычнай аснове гэтай дыскусіі, аб журналісцкім прафесіяналізме ды іншым.
Некалькі дзён глядзеў, глядзеў я на тую "антыПЭНаўскую" дыскусію, што як цяжкая артылерыя грукатала ў нашых СМІ, і ня вытрымаў. Як гаворыцца – не магу маўчаць.
Тым больш што тут – добрая нагода яшчэ раз пагаварыць аб прынцыпах нашай прафесіі.
Нагадаем "змест папярэдніх серый": журналісты электронных СМІ фактычна "абвінавацілі" кіраўніцтва ПЭН-цэнтра ў тым, што яно збіраецца "змагацца з “дыскрымінацыяй” расейскамоўных пісьменьнікаў", якой, так бы мовіць, няма.
Так атрымалася, што гэты “абстрэл” у тыя дні нейкім бокам закрануў і мяне. Хоць і не па прамой траекторыі. Справа ў тым, што дзевятага сакавіка, у самы разгар вышэйназванай “дыскусіі”, ў Бабруйску праходзіў літаратурны вечар Андрэя Хадановіча, паэта, старшыні ПЭН-цэнтра.
І тыя, хто гэтую гісторыю і раздзьмуў (то бок – з таго самага СМІ), хто непрафесійна і неэтычна выдраў з кантэксту прэс-рэлізу ПЭН-цэнтра слова "дыскрымінацыя" і пачаў бегаць з ім, як са сцягам, – здолелі за дваццаць хвілін двойчы перашкодзіць гэтай імпрэзе. Спачатку – па тэлефоне. Патэлефанаваўшы Хадановічу перад самым пачаткам імпрэзы, а потым – “прымчаўшыся” ужо асабіста на вечар, выйшаўшы на "сцэну" да паэта са словамі: "Нам трэба забраць вас для каментароў!"
Не паверыў бы, калі б сам ня быў арганізатарам гэтага вечара і не бачыў усё на ўласныя вочы. Гэта ўжо з "оперы" пад “назвай”: “Трымайце дах абедзвюма рукамі”...
Каб не было якіх-небудзь пытанняў, скажу адразу: у незалежнай журналістыцы я – з пачатку 90-х, рэдактарам працую 20 гадоў, і сёе-тое разумею. Напрыклад, тое, як і што трэба рабіць, каб заставацца ў межах і агульначалавечай, і прафесійнай этыкі, калі рыхтуеш матэрыял для СМІ. І вось я, "шматгадовы" рэдактар, кажу: тое, чаму я быў сведкам – спачатку на сайце “Радыё Свабода”, а потым і – асабіста, – гэта і непрафесійна, і неэтычна.
Цяпер – пра прэс-рэліз ПЭН-цэнтра. Зразумела, што гаворка ў ім ішла толькі пра роўныя магчымасці для беларускіх літаратараў. А не пра беларускую мову наогул.
Якія магчымасці? Удзельнічаць у конкурсах, публікавацца і г.д. Не важна: пішуць яны па-беларуску ці па-руску.
Калі вам вядома, у нас ва ўсіх быў даволі працяглы савецкі перыяд, а да таго – больш за сто гадоў "імперыі". І многіх "собіла" жыць у рускамоўным асяроддзі, між іншым.
“Выклікаю агонь" на сябе.
Я нарадзіўся ў апошні год 60-х, у цалкам рускамоўным Бабруйску (тры ваенных гарадка, шмат "перамешчаных" асобаў...), – у тым Бабруйску, што ў такой жа рускамоўнай Усходняй Беларусі... І ў мяне не было ні адзінага шанцу. І што? Загадаеце мне несці адказнасць за маё савецкае дзяцінства ў рускамоўным асяроддзі, за палітыку русіфікацыі, за ўчынкі "партыі і ўрада"? Можа, мне яшчэ ўзяць на сябе адказнасць за тры падзелы Рэчы Паспалітай? Разумею, што многім хацелася б кагосьці ў гэтым абвінаваціць. Але тут яны, як бачна, прамахнуцца на 200 гадоў...
Так, я вельмі доўга пісаў па-руску, цяпер, як і многія, – білінгв. Таму што – прыйшло разуменне сваёй гісторыі, пачуццё мовы, і г.д.
І – у якасці "рэабілітацыі" неафіта – мае словы аб гэтым:
Калі я размаўляю па-беларуску,
У мае жылы ўваходзіць сама Гісторыя,
Я раблюся шляхетным – у шляхетным адзенні, –
Як таму і трэба быць,
Як і наканавана лёсам...
Шэсцьсот гадоў або сямсот,
Усе Рады, гербы, сцягі і штандарты,
Усе надзеі і летуценні,
Уся старадаўняя Літва,
Што зараз завецца Беларуссю;
Сінія Воды, Грюнвальд, Ворша і Ула,
Гусоўскі, Скарына, Купала і Багдановіч, –
Усё гэта праходзіць перада мной і праз мяне,
І робіцца маёй беларускай душою…
Калі я размаўляю па-беларуску…
Але, зразумелая справа, мне не хочацца адмаўляцца ад свайго мінулага "жыцця ў літаратуры". Гэта ж усё – культура. Тут няма ніякага Сталіна-Пуціна, толькі культура.
Возьмем сучасны "матыў", – у параўнанні з Украінай, але – з "перакладаннем" на наш лад: калі гаворка ідзе пра тое, каб аддаць жыццё за Радзіму – калі ласка, ніхто не будзе пытацца, на якой мове размаўляеш (а шмат хто размаўляе там па-руску)... А вось у літаратуры павінна быць па-іншаму? Рускамоўныя літаратары – прэч? Прэч ад нашых конкурсаў, прэмій і да таго падобнае?..
Вернемся да пачатку размовы. Так, у “ПЭНаўскім” прэс-рэлізе можна было б замяніць слова "дыскрымінацыя" на... "роўныя ўмовы", скажам. Ці задаволіла б гэта словазлучэнне "крытыкаў"?
Не, вядома. Таму што – справа не ў гэтым слове ці словазлучэнне, а – у свядомасьці, у сьветапоглядзе...
Дарэчы, гэтая сітуацыя з прэс-рэлізам "ПЭН-цэнтра" – добрая праверка на дэмакратычнасць. У тым ліку – журналістаў. Тут адразу відаць – хто дэмакрат да мозгу касцей, а хто – “пакоцан” усё ж такі аўтарытарызмам. Вось, чытаю я гэты прэс-рэліз у якасці рэдактара: добра напісана, лагічна, адно ідзе за іншым і г. д.
Чытаю як праваабаронца (амаль з 15-гадовым стажам): ніякіх пытанняў, усё, як і павінна быць.
І – як праваабаронца – я добра разумею: калі пачынаецца такое вось дзяленне, – гэтым – дамо, бо “свае”, гэтым – не, бо ня “свае”, – тады пачынаецца ўсё. Усё тое, чаго мы б і хацелі пазбегнуць. Не трэба журналістам вырываць з сэнсавага або гістарычнага кантэксту словы. Атрымліваецца і непрафесійна, і нелагічна, і неэтычна. Адзін толькі шум і грукат, шум і грукат...