ОБ АВТОРЕ

Журналист, блогер.

Окончила журфак БГУ в 2011 году.

Журналист. Работает в команде портала мнений KYKY.org, автор Mediakritika.by.

Работала обозревателем по культуре БелаПАН, главным редактором Holiday.by.

Ведет блог

Вы здесь

“Літрадыё”. Захаваць галасы сучасных пісьменнікаў

Интервью

У байнэце з 2008 году працуе рэсурс, на якім можна пачуць галасы сучасных беларускіх пісьменнікаў. Заснавальнік “Літаратурнага радыё” Павел Анціпаў проста хацеў пакінуць след у літаратуры.

Але ў хлопца атрымалася зрабіць праект, які сабраў больш за тысячу запісаў вершаў і прозы, агучаных самімі аўтарамі. Зараз “Літрадыё” робяць два чалавекі: рэдактар Уладзь Лянкевіч і дызайнер Мікалай Анціпаў.

Нядаўна адбыўся рэдызайн рэсурса, уся база аўдыёзапісаў была перанеcена на SoundCloud. Гэты крок зрабіў праект больш прывабным і запатрабаваным.

Mediakritika.by сустрэлася з заснавальнікам “Літрадыё” Паўлам Анціпавым і рэдактарам рэсурса Уладзем Лянкевічам і пагутарыла пра праект, аналагаў якога няма ў краіне.

 

Мы робім не інтэрнэт-радыё, а хутчэй архіў

Павел Анціпаў: Ідэя радыё прыйшла да мяне, калі я навучаўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. Там, як і шмат дзе, ёсць літаратурнае радыё. Але там крыху іншая ідэя: яно працуе як інтэрнэт-радыё, у эфіры круцяцца вершы і штовечар выходзяць розныя праграмы.

Я пачаў апрацаўваць файлы “Начной чытанкі” Радыё Свабоды. Зразумела, з іх дазволу (усміхаецца). Аўдыётрэкі выкладаў на сайце. Недзе праз год я зразумеў, што гэта будзе не эфір, а менавіта архіў.

Уладзь Лянкевіч: Гэта не радыё ў звыклым яго разуменні, але беларусам не прывыкаць, “Еўрарадыё” – гэта сайт, на якім людзі чытаюць навіны (усміхаецца). Цяпер мы думаем, ці будзем спрабаваць рабіць сапраўднае радыё. Ці з’явяцца ў нас такія магчымасці? І ці патрэбна гэта наогул? Трэба зразумець, ці варта траціціь энэргію і сілы на тое, каб зрабіць бесперарыўную трансляцыю. Ці будуць нас слухаць?.. Калі мы зразумеем, что нам гэта цікава, і ў нас з’явяцца магчымасці, будзем рабіць крыху іншы праект.

Павел слушна заўважыў: збольшага “Літрадыё” - гэта архіў. Вельмі істотна тое, што пісьменнікі самі чытаюць свае тэксты. Калі чытаеш нечый твор, чуеш толькі асабісты інтанацыі. Але цікава пачуць, як гэты тэкст чытае сам аўтар!

Для мяне было шмат нечаканых момантаў, калі я параўноўваў сваё чытанне твора з агучваннем яго аўтарам. Тое, што здавалася гучным, разлічаным на стадыёны, выяўляецца камерным і асабістым, а тое, што здавалася інтымным, раскрываецца з іншага боку…

Павел Анціпаў: Яшчэ адна важная прычына, чаму мы робім “Літрадыё”. У нас ёсць запіс голасу Рыгора Барадуліна і іншых паэтаў, якія пайшлі з жыцця. Мы плануем працягваць збор такіх запісаў і стварэнне новых трэкаў пісьменнікаў старэйшага пакалення, каб захаваць іх галасы для нашчадкаў.

Павел Анціпаў

 

Я хацеў зрабіць здымак нашага часу ў літаратуры

Павел Анціпаў: Калі я пачаў рабіць гэты праект, у мяне не было ніякай мэты. Проста хацелася пакінуць след у літаратуры. Потым я паставіў сабе за мэту зрабіць манументальны здымак таго часу, тых паэтаў і празаікаў, якія пісалі з 2008 па 2012 гады, калі я быў рэдактарам радыё. Добра, калі чалавек у 2050 годзе зойдзе на сайт і пачуе, якой была літаратура сорак год таму.

Я лічу праект досыць запатрабаваным. Гэта бачна па колькасці наведнікаў, якая ўвесь час расце, а таксама па лістах, якія нам дасылаюць. Час ад часу пішуць людзі, маўляў, я пішу вершы, і хачу паўдзельнічаць у вашым цікавым праекце. Людзі, у якіх пытаюцца, што з сучаснай беларускай літаратуры можна пачытаць, проста кідаўюць лінкі на радыё ці на старонкі аўтараў, каб іх можна было не толькі пачытаць, але і паслухаць.

Уладзь Лянкевіч: На сайце пераважае паэзія, але ёсць і запісы празаікаў. Часам адбываюцца цікавыя рэчы. Тэлефаную людзям, якія пішуць пераважна прозу. А яны кажуць: давайце я лепш вершы для “Літрадыё” пачытаю (смяецца).

Павел Анціпаў: Як мінімум дзесяць празаікаў у нас ёсць: Адам Глобус, Уладзімір Сцяпан, Альгерд Бахарэвіч, Наста Манцэвіч і іншыя.

 

Напачатку выбар аўтараў залежыў толькі ад майго густу

Павел Анціпаў: Калі я толькі пачынаў рабіць “Літрадыё”, вырашыў выбіраць творы для запісу наступным чынам. Проста запрашаў тых пісьменнікаў, чыя творчасць мне падабаецца, а яны самі ўжо вырашалі, якія творы агучваць.

Уладзь Лянкевіч: Але я так разумею, што напачатку “Літрадыё” было тваім асабістым ТОПам у нейкай ступені?..

Павел Анціпаў: Нават не ТОПам, але маім уяўленнем пра асабісты ТОП (смяецца). Я запісваў тых, чыя творчасць, на мой погляд, вартая ўвагі.

Уладзь Лянкевіч: Калі я пачаў займацца радыё, усё пачало мяняцца. Пагадзіцеся, што немагчыма любіць творчасць ста пяцідзесяці чалавек аднолькава. У нас можна знайсці рэчы, да якіх рэдактар ставіцца неадназначна. Бывае такое, што кнігу аўтара я на сваім стале не пакладу, але прызнаю, што гэта мусіць быць у эфіры. Нярэдка даводзіцца прымаць няпростае рашэнне: варта ці не размяшчаць таго ці іншага творцу. Але мы расцем, цяпер карціна ўжо значна менш падпарадкаваная адной густавай лініі.

Бывае, што аўтары самі прапаноўваць свае творы, але звычайна я сам звязваюся з пісьменнікамі. Усе збольшага пагаджаюцца, носам не круцяць.

Уладзь Лянкевіч

 

Мы не абмяжоўваемся Мінскам

Уладзь Лянкевіч: Мы зараз самі запісваем аўтараў, але тут таксама ўсё мянялася.

Павел Анціпаў: Так. Спачатку гэта быў мой асабісты дыктафон, потым нам пашанцавала і мы запісвалі пісьменнікаў у студыі “Еўрарадыё”.

Уладзь Лянкевіч: Гэта быў перыяд залатога гуку на “Літрадыё” (смяецца). Цяпер я шукаю свой шлях. Мы ўжо знайшлі абсталяванне для запісаў. Ёсць чалавек, які дапамагае нам запісваць і апрацоўваць голас.

Некалі ў нас было большасць творцаў з Мінска, але зараз гэта не так. Па нашай краіне насамрэч можна мабільна рухацца. Людзі, якія жывуць не ў Мінску, прыязджаюць сюды на нейкія мерапрыемствы, па сваіх справах. Мы дамаўляемся і выкарыстоўваем прыезд пісьменніка, каб яшчэ і для радыё запісацца. Мы не можам замовіць таксоўку з Брэста да Мінска, у нас пакуль няма такіх магчымасцяў (пасміхаецца), але сустрэцца з пісьменнікамі, якія жывуць не ў сталіцы, не праблема.

Дыстанцыйная праца з тымі, хто не жве ў Беларусі і не мае магчымасці прыехаць сюды, таксама вядзецца. Чаму не? У часы інтэрнэта гэта не праблема. Але мы хочам, каб наша якасная планка, усталяваная запісамі ў студыі “Еўрарадыё”, не зніжалася.

 

Ніякага абмежавання па мове няма

Уладзь Лянкевіч: Безумоўна, беларуская мова на “Літрадыё” – асноўная. Увесь сайт існуе толькі па-беларуску. Можна бясконца мусоліць пытанне: ці з’яўляецца рускамоўная літаратура беларускай, але ёсць рэальнасць. Ужо позна спрачацца! Рэчаіснасць ужо ўсё вырашыла. Шэраг беларускіх літаратараў, якія пішуць па-руску, упісаныя ў наш літаратурны кантэкст. І мы дзейнічаем, згодна з гэтым прынцыпам. Ніякага абмежавання па мове няма.

Мы кіруемся найперш прынцыпам цікавага аўтара. Насамрэч беларускамоўная літаратура – моцная. Паэзія – выдатная. Аўтараў сапраўды шмат, яны разнастайныя. Беларускамоўных творцаў будуць запісваць і чытаць, бо яны рэальная класныя. Беларуская мова дамінуе, але гэта натуральна.

 

Чаму лічаць, што беларусы - дурні, якія не цікавяцца літаратурай?

Уладзь Лянкевіч: Наша аўдыторыя – людзі, якіх цікавіць літаратура. Ёсць такое меркаванне, маўляў, літаратары толькі самі сябе і чытаюць, ды на вечарыны адно да аднога ходзяць. Але гэта не так! Чаму прынята лічыць, што беларусы нейкія дурні, якія не цікавяцца сучаснай літаратурай? Яны не ведаюць не таму, што ім не цікава, а таму, што ім не расказалі, у іх медыйным полі не пішуць пра гэта!

Сацыяльныя сеткі, у якіх мы зараз працуем, паказваюць, што людзі цікавяцца літаратурным працэсам. Я бачу, што збольшага гэта моладзевая аўдыторыя. Яны чытаюць, перапошчваюць лінкі з радыё на свае станкі ў фэйсбуку, дзеляцца імі з сябрамі… Да таго ж, на наш сайт проста прыемна зайсці, бо там усё вельмі прыгожа і лаканічна. Пагадзіцеся, што туды, дзе прыгожа, хочацца прыходзіць, нават неістотна, што там напісана ці намалявана (смяецца).

 

Мы не застойваемся на адным месцы

Уладзь Лянкевіч: Мы пачалі больш актыўна займацца зборам запісаў пісьменнікаў старэйшага пакалення, плануем зрабіць асоную старонку на сайце.

Зараз у нас ёсць думка больш прысутнічаць на рэальных мерапрыемствах, запісваць выступы літаратараў перад публікай і іх выкладаць. Гэта, я мяркую, будзе таксама вельмі цікава. Мы жывыя! Калі вы ў 2008 годзе паслухалі запіс нейкага аўтара, гэта не значыць, што сёння ягоная старонка выглядае гэтаксама. Выходзяць новыя творы, мы іх запісваем, каб не застойвацца на адным месцы. 

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: