ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Гільятына супраць перхаці. Рэгуляванне інтэрнэту па-беларуску

Цікава, хто гэтыя людзі, што нібыта пляскаюць у ладкі захадам беларускай улады ў галіне рэгулявання Сеціва? Асабіста мне ўяўляюцца панылыя, наскрозь афлайнавыя персанажы абскурантыстскага кшталту, перакананыя, што ад гэтых інтэрнэтаў адна шкода ды распуста.

Паводле свежых заяў міністаркі інфармацыі Ліліі Ананіч, “людзі адчулі карысць ад дзяржаўнага рэгулявання інтэрнэт-прасторы”, “грамадзяне ўскладаюць на яго пэўныя надзеі”.

У міністэрства, сведчыць яго кіраўніца, паступіла ўжо нямала паведамленняў наконт працы інтэрнэт-рэсурсаў. Мяркуючы па кантэксце, пільныя суайчыннікі сігналізуюць пра “непарадак” на тых ці іншых сайтах.

У сваю чаргу, вэб-публіку, бадай, найболей напружыла тая навіна ад міністаркі, што падрыхтаваны змены ва ўказ № 60 “Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт”. А менавіта: мяркуецца закрыць для ўладальнікаў сайтаў пралазы што да адказнасці за “каментатараў” на адпаведных рэсурсах.

“Каментатараў” БелТа грэбліва ўзяло ў двукоссі.

Увогуле сімптаматычны ўжо сам падзел, што падспудна вынікае з чыноўніцкіх развагаў: ёсць “людзі” (мусіць, тыя, хто глядзіць БТ ды чытае “СБ”) і ёсць нейкія нядобранадзейныя сеціўныя элементы, каторых варта браць на цугундар.

Крайнімі зробяць гаспадароў вэб-пляцовак

Абмалюю сутнасць юрыдычнай калізіі. Паводле 60-га указа, падпісанага ў 2010 годзе, “адказнасць за змест інфармацыі, што размяшчаецца (перадаецца) у нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт, нясуць асобы, што размясцілі (перадалі) гэту інфармацыю”.

Прасцей кажучы, за камент, калі ў ім утрымліваецца, напрыклад, абраза, паклёп, мусіць адказваць аўтар. Гэта лагічны, распаўсюджаны ў свеце падыход. І ў айчыннай практыцы былі ўжо прэцэдэнты, калі за такія рэчы суды давалі адчувальныя штрафы. Прычым міліцыя элементарна вылічвала шкоднікаў і тады, калі яны хаваліся пад нікамі, прыкрываліся ананімнасцю. Справа тэхнікі!

Але ж гэтай справай трэба займацца, прыкладаць намаганні. Куды прасцей павесіць усю адказнасць за кантэнт, у тым ліку карыстальніцкі, на ўладальніка рэсурсу.

Да гэтага цяпер і ідзе. Засталося, відаць, толькі зняць фармальную супярэчнасць паміж 60-м указам ды абноўленым у снежні законам аб сродках масавай інфармацыі, які дэ-факта паставіў сайты на адну роўніцу са СМІ.

Найболей жа непакоіць тое, што ў спецыфічных беларускіх умовах прэтэнзіі да “кепскіх” каментароў могуць стаць зброяй для змагання супраць палітычна вострых сайтаў.

Калі забаніць сайт за палітычны артыкул, то гэта будзе выглядаць зусім ужо адыёзна. Зручней заблакаваць за каменты, здольныя, маўляў, нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам. Прыкрыцца нібыта высакароднай матывацыяй.

Нагадаю, што забарона на распаўсюд інфармацыі, здольнай “нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам”, — гэта акурат адна з фішак новай рэдакцыі закона аб СМІ. Прычым вызначаць гэту шкоду — прэрагатыва чыноўнікаў.

Увогуле ж у выніку заканадаўчых навацый вэб-рэсурсы апынуліся нават болей безабароннымі перад чыноўніцкім свавольствам, чым друкаваныя медыі. Бо апошнім трэба напачатку вынесці два папярэджанні, а потым ініцыяваць закрыццё праз суд. А вось неўпадабаны сайт Мінінфарм мае права заблакаваць адразу. І нікому не паскардзішся.

Таму цалкам імаверна, што кіраўнікі грамадска-палітычных вэб-СМІ пачнуць або выносіць форумы на іншыя пляцоўкі, як гэта ўжо зрабіў TUT.BY, або ўвогуле адмаўляцца ад гэтай раскошы.

Мадэруй не мадэруй…

Пры гэтым, кладучы руку на сэрца, у мяне асабіста стаўленне да каментаў даволі чыстаплюйскае. Даўно прайшла эйфарыя таго рамантычнага перыяду, калі мы, неафіты Сеціва, празмерна захапляліся новымі магчымасцямі зваротнай сувязі: во, якая магутная плынь інтэрактыву, ідэй для аўтара і г.д.

Высветлілася, што маса разбірае тэксты збольшага на ўзроўні “аўтар — казёл”. Сапраўды каштоўныя водгукі — як жамчужнае зярнятка ў кучы гною. Сеціўны інтэрактыў толькі адлюстраваў вялікія культурныя хібы нашага грамадства, у прыватнасці — нізкую культуру дыскусіі, неталератнасць.

Зрэшты, гэтыя праблемы ў той ці іншай ступені — глабальныя. Ва ўсім свеце думаюць, як супрацьстаяць, у прыватнасці, так званай мове нянавісці ў Сеціве. Дыскутуюцца прынцыпы мадэрацыі, выпрацоўваюцца правілы.

І я разумею, напрыклад, “снобскую”, як яна сама кажа, пазіцыю рэдактаркі “Медузы” Галіны Цімчанкі. Калега вельмі стрымана ставіцца да форумаў і, ва ўсякім разе, мяркуе, што, зыходзячы з каштоўнасці журналісцкай працы, “на адной і той жа старонцы публікаваць прафесійны тэкст і меркаванні чытачоў катэгарычна няправільна”.

Выдатна разумею і Аляксандра Старыкевіча, які ад самага старту “Салідарнасці” ў Сеціве прынцыпова адмовіўся ад каментаў. Дае, так бы мовіць, чысты прадукт. І галава ад троляў у яго не баліць.

Але разам з тым я перакананы, што ў вэб-рэсурсаў мусіць быць выбар: практыкаваць абмеркаванні непасрэдна пад сваімі матэрыяламі, рабіць для іх асобныя пляцоўкі ці адмаўляцца цалкам. Хай гэта вызначаецца выключна прынцыпамі рэдакцыйнай палітыкі, канцэпцыі выдання.

Увогуле Сусветнае павуцінне ад пачатку развіваецца пераважна ў рэчышчы самарэгулявання. Гэта фішка, дух, філасофія інтэрнэту. У нас жа, абкладаючы байнэт чырвонымі сцяжкамі, уладальнікаў рэсурсаў, як бачым, проста падводзяць або да звышжорсткай мадэрацыі, або ад поўнай адмовы ад форумаў.

Ну каму хочацца сядзець на парахавой бочцы, трапляць на штрафы ці ўвогуле быць заблакаваным за допіс нейкага неадэквата (варыянт: правакатара)?

Бо як ты ні мадэруй, чыноўнікі ўсё адно могуць знайсці крамолу ды забаніць сайт, паколькі іх крытэры ды карныя паўнамоцтвы што да карыстальніцкага кантэнту абсалютызуюцца.

Самацэнзура ўзмоцніцца

Чую голас пільнага грамадзяніна: а, дык вы хочаце ўседазволенасці?

“Гаворка не пра адсутнасць адказнасці, а пра тое, хто яе мусіць несці. Калі нехта напісаў брыдоту на плоце, то лагічна, што адказвае менавіта аўтар надпісу, а не гаспадар плоту”, — зазначыў у каментары для Mediakritika.by намеснік кіраўніка БАЖ юрыст Андрэй Бастунец.

На яго думку, практычная небяспека меркаваных змен ва ўказ № 60 палягае ў тым, што чыноўнікі могуць заблакаваць любы рэсурс без суда і следства толькі за тое, напрыклад, што нехта на форуме выказаўся занадта рэзка ці непаліткарэктна.

На добры лад, мяркуе эксперт, мусіць быць нарматыўна прапісаны механізм, калі грамадзянін, які лічыць сябе абражаным і г.д., звяртаецца ў рэдакцыю вэб-СМІ з прапановай зняць той ці іншы каментар, а калі не пашэнціць паразумецца — то ў суд. Рэсурсы ж павінны адказваць толькі ў выпадку, калі яны не выдалілі кантэнт, прызнаны незаконным. Прычым “адказнасць мусіць ісці праз суд, а не паводле рашэння Міністэрства інфармацыі”, мяркуе эксперт.

Тыя ж падыходы да праблемы, што мы назіраем цяпер, на думку Бастунца, падштурхоўваюць вэб-медыі да дадатковай самацэнзуры.

Сайты забаняць “на просьбы працоўных”?

Адметна, што ў нас не толькі фактычна адкідаюць судовы парадак, прэзумпцыю невінаватасці што да рэгламентацыі Сеціва, але і дэ-факта заахвочваюць грамадзян наўпрост “сігналізаваць” чыноўнікам.

Публіку абскурантысцкага кшталту гэта можа справакаваць на банальныя палітычныя даносы, заклікі да цэнзуры, блакавання ў прынцыпе крытычнай ў дачыненні да ўладаў плыні кантэнту. Пры жаданні ўсё гэта лёгка падвесці пад “шкоду нацыянальным інтарэсам”.

У гэтым сэнсе айчынная правапрымяняльная практыка не дае падстаў для аптымізму. Мы ж добра памятаем, як падганялі пад экстрэмізм інтэлектуальны часопіс Arche і нават альбом “Прэс-фота Беларусь 2011”. І як выкарыстоўваўся для барацьбы з іншадумствам крымінальны артыкул пра “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”.

Паводле цывілізаванага міжнароднага падыходу паняцце кіравання інтэрнэтам, як адзначае Бастунец, улучае “ўзгодненую дзейнасць трох суб’ектаў — дзяржавы, бізнесу і грамадзянскай супольнасці”. Загана айчыннай палітыкі ў гэтай сферы — у тым, што “кіраванне інтэрнэтам разглядаецца як выключна дзяржаўнае кіраванне, што супярэчыць сэнсу інтэрнэту”, падкрэслівае эксперт.

Я б дадаў без эківокаў, што і дзяржава ў нас спецыфічная.

Ва ўсім свеце ўлады, сілавікі спрабуюць так ці іначай кантраляваць Сеціва. Прычым “органы” пад маркай змагання з тэрарызмам і г.д. выяўляюць характэрныя інстынкты Вялікага Брата.

Але ў дэмакратыях вольная вэб-грамада мае магчымасць абараняць свае правы, стрымліваць імпэт чыноўнікаў ды спецслужбаў. У нас жа яны атрымліваюць карт-бланш на рэгламентацыю Сеціва згодна са сваім прафесійна дэфармаваным мысленнем, калі найлепшым сродкам ад перхаці можа падацца гільятына.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: