ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Масква ўязджае ў Беларусь на танку праз гібрыдныя тэлеканалы

Пэўна, воўк у лесе здох: беларускі ідэолаг высокага рангу фактычна прызнаў небяспеку расійскай шавіністычнай прапаганды. Я маю на ўвазе адказ старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі на зварот Партыі БНФ.

Наўрад ці бээнэфаўцы чакалі, што на іх заклік улады спахопяцца ды спыняць увогуле “трансляцыю расійскіх навіновых і інфармацыйна-публіцыстычных праграм на каналах АНТ, РТР і НТБ да поўнага ўрэгулявання канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны”.

Але ж аўтары звароту хітра закруцілі: маўляў, расійская прапаганда супярэчыць заканадаўству Беларусі ды поглядам “кіраўніка Беларускай дзяржавы, які паслядоўна выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны”.

Так што хоцькі-няхоцькі Давыдзька даў адказ даволі нетыповы, нават вальнадумны для афіцыйнага ідэолага. Можна сказаць, адышоў ад канону (у нас жа з расійцамі адзіная інфармацыйная прастора ды і ўвогуле мір, дружба, жуйка!).

У прыватнасці, паведаміў кіраўнік БТ, “тэлеканал НТВ-Беларусь стараецца максімальна змягчыць прапагандысцкую рыторыку расійскага канала НТВ у частцы так званых спецыяльных выпускаў, журналісцкіх раследванняў, аналітычных праграм і сюжэтаў, якія могуць спрыяць распальванню міжнацыянальнай варожасці”.

Праўда, незразумела, чаму вылучаны толькі адзін з маскоўскіх каналаў, што ў нас рэтранслююцца ў гібрыднай — даруйце за слоўца — форме (супольна з тутэйшым кантэнтам). Можна падумаць, на іншых расійскіх каналах вялікадзяржаўнага прапагандосу меней.

У пастцы “братняй інтэграцыі”

Але галоўнае пытанне: наколькі эфектыўным можа быць такое “змякчэнне”?

Беларускія ўлады ўжо даўно фільтруюць расійскі складнік адпаведных тэлеканалаў, адзначыў у каментары для Mediakritika.by медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі.

Паводле яго слоў, у Мінску “трымаюць руку на рубільніку і заўсёды гатовы адключыць расійскі эфір, пусціць іншы кантэнт, калі нешта будзе не так”.

Хрэстаматыйны ўжо прыклад такога кшталту — адсячэнне беларускай аўдыторыі ад серыялу “Хросны бацька” з дыскрэдытацыяй Лукашэнкі падчас інфармацыйнай вайны між Мінскам ды Крамлём у 2010 годзе.

Але паказальна, што такія выкіндэсы рабіліся збольшага тады, калі маскоўская прапаганда прыцэльна біла менавіта па беларускім кіраўніку.

Між тым шавінізмам прасякнуты фактычна ўсе навіновыя выпускі ды грамадска-палітычныя праграмы расійскіх каналаў. І калі “фільтраваць базар” толькі ў выключных выпадках — гэта як мерцвяку прыпарка.

Калі ж ужываць такую вось дэ-факта цэнзуру шырока, то Масква стане на дыбкі. У гэтым сэнсе Мінск стаў закладнікам колішняй “братняй інтэграцыі”, калі добра пашчыравалі дзеля “адзінай інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы”.

Мала толькі “фільтраваць базар”

Яшчэ болей, адной фільтрацыі расійскага кантэнту мала ў прынцыпе. Бо трэба ж нешта — і пажадана змястоўнае, прывабнае, пераканаўчае — прапанаваць наўзамен. І тут перад беларускай ўладай паўстае веер вострых пытанняў.

На думку Быкоўскага, пакуль што “Давыдзька і іншыя прадстаўнікі ідэалагічнай машыны не думаюць пра змаганне з “рускім светам”, бо не маюць адпаведнай канцэпцыі.

Зрэшты, паводле звестак эксперта, такая канцэпцыя ў некаторых уладных кабінетах як мінімум абмяркоўваецца, робяцца адпаведныя аналітычныя распрацоўкі. Але невядома, хто і якія рашэнні будзе прымаць у выніку, падкрэслівае суразмоўца Mediakritika.by.

Зазначу, што ў беларускай аналітычнай супольнасці існуе сталае перакананне: для супрацьвагі агрэсіўнай прапагандзе “рускага свету” крытычна важна ствараць паўнавартасную альтэрнатыўную плынь уласнага, беларускага кантэнту.

Але Быкоўскі мае сумнеў, што ўлады пойдуць на пашырэнне абсягу для недзяржаўных СМІ нават з улікам усіх пагроз, што нясе сёння беларускай незалежнасці інфармацыйная экспансія Крамля.

Наадварот, цяпер мы бачым “закручванне гаек нават у інтэрнэт-сферы”, адзначае медыйны эксперт.

Ён звяртае ўвагу і на ментальны тормаз тутэйшага начальства: многія з кіроўнай наменклатуры атрымлівалі адукацыю, прасякнутую духам “рускага свету”.

“Крымнашыстаў” у нас паболела

Такім чынам, кіраўніцтва нашай дзяржавы хоць і адчула халадок між лапатак пасля Крыма, але відавочна пабойваецца сур’ёзна замахвацца на агрэсіўны расійскі тэлекантэнт, што шырокай плынню ідзе ў беларускія дамы.

Вунь і так ўжо асобныя расійскія аўтары ды рэсурсы спрабуюць шыць Лукашэнку любоў да тутэйшай “бандэраўшчыны”, патуранне “вышыванізацыі”. А закрані тыя тэлеканалы — налятуць як восы. Ды і да афіцыйных дэмаршаў можа дайсці: уціск інтарэсаў рускамоўных і г.д. Згадайце, з чаго пачыналіся наезды на Кіеў.

Так што блакаваць вяшчанне хаўрусніка (у якога яшчэ і грошы прасіць мусіш) Лукашэнка не адважыцца, што ж да “змякчэння”, пра якое кажа Давыдзька, дык яно дапаможа як хваробе кашаль.

Яшчэ болей фантастычным уяўляецца варыянт, пры якім цяперашні палітычны рэжым узяўся б за стварэнне магутнай сістэмы нацыянальных СМІ. Менавіта нацыянальных, а не дзяржаўных, бо апошнія відавочна абмежаваныя сістэмна, праз сваю казённую спецыфіку.

Дзяржаўныя СМІ могуць спраўна мачыць кагосьці/штосьці паводле адмашкі, могуць дружна замоўчваць нязручныя тэмы (гібрыдную дэвальвацыю, напрыклад). Але што да крэатыву, аператыўнасці, вастрыні аналізу, плюралізму ды іншых складнікаў сапраўднай журналістыкі, то тут падпарадкаваныя чыноўніцкаму апарату медыі ў прынцыпе няздатныя паказваць клас праз сваю рэптыльную, рэліктавую прыроду.

Напрыклад, уся доблесць дзяржаўных медый што да асвятлення украінскай тэматыкі звялася да таго, што яны не ўляглі ў мачылава “бандэраўцаў”, бо атрымалі адпаведны інструктаж. Які, у сваю чаргу, дыктаваўся тактыкай лавіравання афіцыйнага Мінска ва украінскім пытанні (зменіцца тактыка — будзе іншы інструктаж, паставяць іншую кружэлку).

Але ж і волі да супрацьстаяння ідэалагічнай экспансіі “рускага свету” дзяржаўныя медыі Беларусі не выявілі. Бо гэтай волі, адчуваецца, бракуе найвышэйшаму начальству. Даваць жа абсяг недзяржаўным медыям страшна, бо яны будуць так ці іначай падточваць і сам рэжым. Тут ён у сістэмнай пастцы.  

Тым часам сакавіцкае нацыянальнае апытанне НІСЭПД засведчыла, што 58,5% нашых суайчыннікаў расцэньваюць далучэнне Крыма да Расіі як “вяртанне рускіх зямель, аднаўленне гістарычнай справядлівасці” (пры тым што ў снежні такіх было меней — 56,8%). І толькі 22% беларусаў разглядаюць гэта як “імперыялістычны захоп, акупацыю” (у снежні было 31,6%).

Іначай кажучы, тых, хто мысліць у антыімперскай парадыгме, у нас паменела, а вось “крымнашыстаў” паболела. Перадумовы, каб пры нагодзе ўзяць Беларусь голымі рукамі, становяцца ўсё болей спрыяльнымі.

Вось вам і ўвесь плён вашага “змякчэння”, пан Давыдзька!

Оценить материал:
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: