Вы здесь

На сцэне ўлады і Дзяржкантроль

Маніторцы Mediakritika.by падсумавалі вынікі чарговага даследвання вечаровых навінаў, якія трапілі ў эфір у сакавіку бягучага года. Агульная выснова – галоўным актарам навінаў застаецца глава дзяржавы, але на агледзеным тыдні шмат навінаў было прысвечана і дзейнасці Камітэта Дзяржкантролю.

Пры гэтым, у эфіры тэлеканала ОНТ было зафіксавана 65% матэрыялаў з прыкметамі замоўленасці (або цэнзуры). На “Беларусь 1” адпаведна – 61%, на “Белсаце”- 40% (адсотак вылічваецца ад агульнай колькасці матэрыялаў, што трапілі ў эфір за ўвесь тыдзень).

Сюжэты з прыкметамі палітычнай замоўленасці, што выйшлі ў эфір дзяржаўных тэлеканалам на тыдні маніторынга, можна акрэсліць адным словам: патэрналізм.

У дадзеным выпадку гаворка ідзе як “паркетныя” матэрыялы з непасрэдным удзелам Аляксандра Лукашэнкі, так і сюжэты на сацыяльныя тэмы, асноўны мэсыдж якіх - “народ нічога ня можа без чыноўнікаў” (або – варыяцыя – скарга вышэйшаму начальству як сродак развязання праблем з ніжэйшым начальствам).

Пры гэтым, улада рэпрэзентуецца на кантрасце з праблемнымі суседзямі. Сюжэт з закрыццём украінскага “Дельтабанку” стаў нагодай падкрэсліць перавагі беларускай мадэлі: “Белорусским вкладчикам государство гарантирует 100-процентный возврат всех депозитов. Ничего не изменится и для получателей кредитов. В Украине же перспективы пока выглядят намного хуже” (ОНТ, 20.03.2015).

На сустрэчы з прадпрымальнікамі Аляксандр Лукашэнка выступаў адначасова як “бацька-дабрадзей” і інстанцыяй, што пракантралюе пераход прадпрымальнікаў да “цывілізаваных” формаў вядзення бізнесу: “Сегодня государство в очередной раз пошло на уступки, но со следующего года все точно должны заработать по-новому и больше отступлений не будет”, “Прямое общение с властью периодически прерывается аплодисментами. Лучшей оценки взвешенным решениям даже представить невозможно” (“Беларусь 1”, 17.03.2015).

Шмат увагі на агледзеным тыдні журналісты надалі сустрэчы Лукашэнкі ў Астане з Нурсултанам Назарбаевым і Уладзімірам Пуціным . Пры гэтым адобва дзяржаўныя тэлеканалы сінхронна звярнуліся да тэмы прэзідэнцкіх выбараў, адправіўшы гледачам аднолькавы мэсыдж:

Для официальной Астаны, как и для Минска, этот год политически непростой: на 26 апреля здесь назначены президентские выборы. […] Впрочем, и Нурсултан Назарбаев, и Александр Лукашенко – аксакалы среди политиков СНГ. Такие консолидирующие фигуры в непростое экономическое и геополитическое время. В регионе это хорошо понимают” (“Беларусь 1”, 19.03.2015)

В этом году и в Беларуси и в Казахстане президентские выборы. […] Впрочем, Беларусь и Казахстан объединяет один бесспорный факт: и у Лукашенко и у Назарбаева пока нет видимых конкурентов, которые хотя бы отдаленно приблизились к этим политическим тяжеловесам по рейтингу” (ОНТ, 19.03.2015).

Тэлеканал “Белсат” чакана асвятляў сустрэчы ў Астане з нагоды новага міждзяржаўнага хаўруса іншым чынам: удзельнікі былі названыя “несвятой троіцай”, а Лукашэнка з Назабаевым – “марыянеткамі Крамля” (усё – “Белсат”, 20.03.2015). Антырасейскасць, праўкраінскасць і праеўрапейскасць застаюцца асноўнымі ракурсамі ў якіх вырашаюцца сюжэты “Белсата”, што тычацца знешняй палітыкі ці справаў замежжа.

Сюжэты з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці былі зафіксаваныя на гэтым тыдні толькі на дзяржканалах: для “Беларусь 1” была характэрная самарэклама (праект “Я могу”, “Славянскі базар”), ОНТ даваў сюжэты з элементамі прыхаванай рэкламы (курсы для пенсіянераў ад МТС, інтэграваны ў сюжэт пра парашут да Вінчы расповед пра мікрараён “Новая Баравая”, што будуецца ў Мінску – абодва сюжэты ад 18.03.2015).

На тыдні маніторынгу на трох тэлеканалах зафіксаваныя парушэнні ўсіх прафесійных стандартаў: балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад меркаванняў, даставернасці, дакладнасці і аператыўнасці ў падачы інфармацыі.

Стандарт даставернасці інфармацыі за вызначаны часавы прамежак парушаўся найбольш: ў 81% матэрыялаў тэлеканала “Белсат”, 76% “Беларусь 1” і 72% ОНТ вызначаныя згаданыя хібы.

Адсутнасць пазначэння канкрэтных крыніцаў інфармацыі і іх дэперсаніфікацыя застаюцца асноўнымі парушэннямі стандарта даставернасці інфармацыі на ўсіх трох тэлеканалах. Такая падача інфармацыі не дае магчымасці спраўдзіць ці аспрэчыць агучаныя факты. Глядачы замест інфармацыі атрымліваюць эмацыйна-мастацкую версію падзеяў.

Улада, як і раней, застаецца, галоўным прамоўцам на дзяржаўных тэлеканалах. “Народ” прысутнічае ў досыць абмежаваным амплуа:

-           лаяльныя (рэзананс ад сустрэчы Лукашэнкі з прадпрымальнікамі (“Беларусь 1”, ОНТ, 18.03.2015), казахстанцы пра Беларусь (“Беларусь 1”, 19.03.2015);

-           пакутліва-праблемныя (украінскія кліенты “Дэльтабанка” (ОНТ, 20.03.2015), людзі, што маюць праблемы з засяленнем у новую кватэру (“Беларусь 1”, 18 і 20.03.2015);

-           дзівакі ды “незвычайныя” (удзельнікі шоў “Я могу” на “Беларусь 1”, 18 і 20.03.2015)

Эксперты на дзяржаўных каналах фактычна адсутнічаюць як з’ява. Менавіта ў такім статусе на “Беларусь 1” і ОНТ за ўвесь тыдзень з’явіліся аднойчы: у сюжэтах пасля сустрэчы Лукашэнкі з прадпрымальнікамі (“Беларусь 1” і ОНТ, 18.03.2015). Пры гэтым, усе яны рэпрэзэнтавалі (пра)дзяржаўныя структуры.

На “Белсаце” назіраецца іншая карціна: шмат экспертаў і шмат “народа”. З экспертами захоўваецца тая ж праблема: вузкае кола прамаўляючых (адзін і той жа эксперт можа зьявіцца двойчы за тыдзень). Пры гэтым спецыфіка рэпрэзэнтацыі народа на “Белсате” у ягонай неперсафікаванасці і другаснасьці што да падзеяў – індывідум не робіцца героем рэпартажу, адзінае каментатарам ці “народным экспертам” (vox populi можа быць праведзены з любой нагоды).

Таксама для “Белсата” характэрная мінімальная прысутнасць прамаўляючых прадстаўнікоў улады (усіх узроўняў). Праблему доступу да чыноўнікаў тэлеканал намагаецца вырашыць здымкамі агенцыі “Белта” (у выпадку з афіцыйнай хронікай), схаванай камерай (каментар прадстаўніцы Цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання быў маркіраваны на такі спосаб – “Белсат”, 19.03.2015) або трансляцыяй адмовы прэс-сакратара беларускага МЗС размаўляць з тэлеканалам (“Белсат”, 17.03.2015).

Стандарт аддзялення фактаў ад думак праігнараваны ў 67% матэрыялаў тэлеканалаў ОНТ і “Белсат”. На “Беларусь 1” іх было зафіксавана 49%.

Як адзначалася ў папярэдніх маніторынгах, праблемы з адпаведнасцю гэтаму стандарту маюць матэрыялы на ўсіх трох тэлеканалах. Журналісты часта даюць ацэнкі, тлумачаць падзеі і робяць высновы, падмяняючы сабой экспертаў. Трансляцыя меркавання як універсаліі, без спасылак на крыніцы пазбаўляе сюжэт варыятыўнасці інтэрпрэтацыяў і працуе ў фармаце праграмавання свядомасьці глядача. 

Зводная табліца парушэнняў стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат»

 

  Парушэнне стандартаў «Беларусь 1» ОНТ «Белсат» Заўвагі
1. Матэрыялы з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры 61%45 (з 74) 65%30 (з 46) 40%23 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
  1.1. Матэрыялы з прыкметамі палітычнай замоўленасці (альбо цэнзуры) 37 27 13 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.1. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу 0 0 13 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.2. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу 37 27  0 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.3. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю 0 0 0 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.4. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю 0 0 0 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.2. Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці ці рэкламы 6* 3* 0* Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.3. Замоўныя матэрыялы на тэмы замежжа 11 9* 12 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
2. Матэрыялы з парушэннямі стандарту балансу думак 5843 (з 74) 7635(з 46) 72%42 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
3. Матэрыялы з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі 46%33 (з 74) 63%29 (з 46) 53%31 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
4. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак 49%36 (з 74) 67%31 (з 46) 67%39 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
5. Матэрыялы з парушэннямі стандарту верагоднасці інфармацыі 76%56 (з 74) 72%33 (з 46) 81%47 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
6. Матэрыялы з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі 32%24 (з 74) 50%23 (з 46) 35%20 (з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
7. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі 32%24 (з 74) 17%8 (з 46) 43%25(з 58) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

Поўны тэкст маніторынгу вечаровых навінаў з 16 па 20 сакавіка 2015 года

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

Аб’ектамі маніторынгу сталіся 182 сюжэта[1], якія выйшлі ў эфір выніковых вечаровых выпускаў навінаў з панядзелка па пятніцу на дзяржаўных тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ, а таксама недзяржаўным тэлеканале «Белсат».

Штомесяц метадам выпадковай выбаркі прызначаецца адзін тыдзень, цягам якога будзе праводзіцца маніторынг. Прадстаўленыя вынікі тычацца вечаровых навінаў, што былі ў эфіры з 16 па 20 сакавіка 2015 года. За гэты час у праграме “Панарама” (“Беларусь 1”) выйшла 77 матэрыялаў, у “Наших новостях” (ОНТ) – 47, у “Аб’ектыве” (“Белсат”) – 58.

[1] За адзінку бралася паведамленне, якое мела пэўна вызначаны пачатак і заканчэнне. Выключэнне складалі дайджэст міжнародных навінаў “За рубежом” і эканамічная праграма “В курсе” (тэлеканал “Беларусь 1), якія складаліся з некалькіх кароткіх паведамленняў  – яны лічыліся за адзін матэрыял. 

 

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: