Вы здесь

Правілы журналістаў: Згубіць у часе, але ўбачыць іншы бок

Карэспандэнт тэлеканалу “Белсат” Вольга Чайчыц распавядае пра свае прафесійныя прынцыпы.

 

Развівайся

Журналіст мусіць увесь час развівацца. Калі робіш сюжэт, часцей за ўсё часу хапае толькі на тое, каб крыху пагугліць, і ўжо трэба ехаць да экспертаў, герояў. Але не трэба спадзявацца, што эксперты адкажуць на ўсе пытанні, і ўсё растлумачаць (ды і адказы ў кожнага могуць быць розныя, і часта супрацьлеглыя). Таму мой варыянт – імкнуцца максімальна шырока і глыбока разбірацца ў сітуацыі, вывучаць, што адбываецца, якія з’явы, працэсы ў грамадстве, палітыцы, эканоміцы.

Таму я ўвесь час дзесьці атрымліваю адукацыю, каб мець нейкія сістэмныя веды. Зараз гэта розныя лекцыі, курсы, школы. Вучылася я на філолага, культуролага, філосафа, гісторыка, палітолага. Зараз вывучаю сістэмы дзяржкіравання ў школе маладых менеджэраў публічнага адміністравання SYMPA. Акрамя гэтага шмат чытаю, пажадана аналітыкі.

Калі больш шырока глядзіш, прасцей разбірацца ў нейкіх дробных рэчах. А вось журналістскай адукацыі ў мяне няма. Толькі досвед, самаадукацыя, трэнінгі. Стараюся іх наведваць, чытаць, глядзець, як працуюць, што пішуць, якія стандарты выкарыстоўваюць іншыя журналісты.

Увесь час разумела, што неабходна аналізаваць працы заходніх журналістаў, толькі слабая ангельская мова доўгі час перашкаджала. Але гэтую праблему ўжо развязала.

 

Працуй у полі

Сённяшнія журналісты збольшага могуць набраць усе сінхроны праз інтернет ды тэлефон, не выходзячы з дому ці офісу. А я працую ў полі. Неабходнасць перадаць карцінку прымушае прысутнічаць у тым месцы, у той сітуацыі, пра якія ідзе гаворка, сустракацца з людзьмі, пра якіх я распавядаю. Канешне, я губляю ў часе. Але гэта значна павышае якасць матэрыялаў. Бо глыбей магу разабрацца ў сітуацыі. Убачыць нейкі іншы бок. Апытаць большую колькасць людзей, а часам убачыць і новую тэму.

 

Памятай пра каштоўнасці

Для мяне важна, каб мае матэрыялы не проста неслі інфармацыю пра тое, што здарылася. У мяне ёсць набор нейкіх каштоўнасцяў, інфармацыю пра якія мне хочацца распаўсюджваць праз сюжэты. Я вельмі рада, што каштоўнасці тэлеканалу і мае асабістыя супадаюць: я кажу пра мову, незалежнасць, дэмакратыю, правы чалавека, культуру, гісторыю, нацыянальныя каштоўнасці і г.д.

Таму тэмы заўсёды нейкім чынам з гэтым усім звязаныя, і я адчуваю задавальненне, бо бачу карысць у тым, што раблю.

Ганна Шафялюк адмыслова для Mediakritika.by

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: