ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Ctrl+С працуе, этыка адпачывае

Прыкра, што на ІХ з’едзе БАЖ 24 красавіка не пашэнціла зрабіць апгрэйд Кодэкса журналісцкай этыкі (які не адлюстроўвае, у прыватнасці, спецыфікі інтэрнэт-эпохі, лічбавай журналістыкі). Праект паправак забракавалі, вырашылі дапрацаваць, але баюся, што цяпер, як з’езд адшумеў, ніхто надта не кінецца займацца гэтай няўдзячнай справай.

Увогуле ўражанне такое, што многім той кодэкс толькі муляе, а камісія БАЖ па этыцы — як тая надакучлівая муха. Можна адмахнуцца, але раздражняе.

А дзе вы раней былі?

Хаця заклік падаваць прапановы што да змен у кодэкс быў вывешаны на сайце БАЖ яшчэ ў кастрычніку летась, абмеркавання не атрымалася, ніхто ніводнай прапановы не ўнёс, кажа старшыня камісіі Анатоль Гуляеў.

Зазначу, што, магчыма, варта было лепей падштурхоўваць тое абмеркаванне. У прыватнасці, калі б на сайце быў вывешаны не толькі абстрактны заклік, але адразу і сам праект (які быў гатовы тыдні за два да з’езда), то з’явілася б болей канкрэтная глеба для дыскусіі.

Аднак жа, ва ўсякім разе, кіроўныя органы БАЖ праект абмяркоўвалі, і прынцыпова. Нарэшце, як пацвердзіў мне прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі, дэлегатам за тыдзень да з’езда была накіравана рассылка з праектамі яго рашэнняў. Між тым прапановы наконт змены фармулёвак хіба што спантанна пачалі ўзнікаць ужо ў зале ды кулуарах мерапрыемства. Гэта называецца: прачнуліся!

На калене, з голаса правіць важны дакумент сапраўды цяжка ды рызыкоўна. Карацей, вырашылі проста адкінуць.

Але ж, на мой погляд, праблема не толькі ў тым, што фармулёўкі падаліся недасканалымі.

Так, яны не ідэальныя, аднак жа вельмі актуальныя. Даўно наспелыя па сутнасці. Мяркую, хоць нейкія пункты рэальна было ўзгадніць, скарэктаваць на самім з’ездзе. А так з вадой вылілі і дзіця.

Рызыкну выказаць думку, што загваздка не столькі ў цэйтноце, колькі ў іншым: большасць нашага прафесійнага цэха ў прынцыпе не хоча дадатковых чырвоных сцяжкоў. Мала таго, што дзяржава імі абкладае, дык тут яшчэ і свае назаляюць, прыдзіраюцца да прыкрых ляпаў і дробных хітрыкаў — а хто з нас не грэшны?

Каб не ставіць пасткі на сябе

Мне дык асабліва шкада той папраўкі (яна ў праекце пад нумарам тры), што тычыцца карэктнасці перадрукаў, бо менавіта тут дасюль багата сваволі. І менавіта ад пірацкіх перадрукаў цярпіць, у прыватнасці, БелаПАН, дзе я працую.

У праекце ж прапаноўвалася зафіксаваць норму, каб давалі спасылку на першакрыніцу (у Сеціве — гіперлінк менавіта на адпаведную старонку, а не на галоўную старонку рэсурсу), не адсякалі прозвішча аўтара, не скажалі загаловак і тэкст рэдагаваннем на свой густ.

З чым тут можна спрачацца? Ну хіба што забарона на перайначванне загалоўкаў магла падацца занадта катэгарычнай. Дык яе, у рэшце рэшт, можна было прыбраць. Але на з’ездзе вырашылі, што найлепшы сродак ад перхаці — гільятына.

Увогуле, здаецца, большасці было найкамфортней, калі камісія па этыцы фактычна бяздзейнічала. Калі ж апошнія пару гадоў яна заўважна ажывілася, паказала зубы, то адразу трапіла пад раздачу з усіх бакоў.

Маўляў, хто яны такія, каб мы слухаліся? Яшчэ закід: дык там жа не ўсе нават “чыстыя” журналісты. Пры тым што ў заходніх дэмакратыях рады ў пытаннях СМІ (а наша камісія — пэўны правобраз такой нацыянальнай рады) маюць у сваім складзе і проста грамадскіх аўтарытэтаў.

Чаму ж у нашым цэху “маралісты” не ў пашане?

Бачу татальную бяду ў тым, што катастрафічна мала, асабліва сярод сеціўных СМІ, вытворцаў якаснага кантэнту. Яшчэ горай, мала ўвогуле вытворцаў уласнага кантэнту (ва ўсякім разе, у болей-меней прыкметным аб’ёме). На шмат якіх рэсурсах пануе копіпаст ды нізкапробны рэрайтынг.

І што да змен у кодэкс, то не адзін рэдактар пэўна ж думае: мы столькі ўсяго перадрукоўваем (і трошкі гэтыя перадрукі маскуем, каб выглядала на сваё) — дык на чорта нам тыя пасткі?

Са сваім кантэнтам рабіце што хочаце, паважайце чужы

Я не з месяца зваліўся, выдатна ведаю, што недзяржаўная журналістыка бедная як царкоўная мыш: малыя штаты, ганарары і г.д. Эксклюзівам нумар ці сайт не напоўніш, без займанага кантэнту не абысціся.

Але калі мы такія з сябе дэмакраты, рыначнікі ды еўрапейцы, то варта ўсведамляць простую ісціну — гэта чужы інтэлектуальны прадукт, чужая ўласнасць. І абыходжання вымагае адпаведнага. Іначай вы мала адрозніваецеся ад самалійскіх піратаў, у якіх таксама жыццё не мёд.

Вось кажуць: гэтыя навацыі загоняць у  такія рамкі, што мы працаваць не здолеем. Але ж выбачайце! Давайце правядзем рысу. З уласным кантэнтам можаце вырабляць што хочаце. Крэмзайце сваіх аўтараў, перайначвайце загалоўкі, дадавайце крэатыву, перчыку і г.д. І чым болей пашчыруеце, тым лепей, бо зашмат халтуры ідзе.

Гаворка ж толькі пра стаўленне да чужога. Вось тут свабоду рук не грэх трохі і абцяць.

Дарэчы, і рэрайтынг можа быць розны. У нас заменай загалоўка ды перастаноўкай пары слоў справа фактычна і абмяжоўваецца. А між тым і на глебе займанай інфармацыі можна сумленна, кваліфікавана ствараць сваю дададзеную вартасць, як гэта робіць, напрыклад, Meduza Галіны Цімчанкі.

Кепскае ўсё адно назавуць кепскім

Дарэчы, смешна думаць, што без гэтых правак у кодэксе медыям можна сваволіць як хочаш. Камісія будзе працаваць, атрымліваць звароты, і кепскае ўсё адно назавуць кепскім.

Проста ў яе вердыктах і надалей будзе панаваць трохі дзіўнаватая аргументацыя з адсылкай да этычных кодэксаў журналістаў іншых краін.

Я сам крытыкаваў асобныя рашэнні камісіі, у тым ліку за грувасткую, занадта пакручастую і не заўжды моцную матывацыю. Але ж варта прызнаць, што гэта адбываецца і праз недасканаласць уласна бажаўскага кодэкса. У прыватнасці — праз відавочную адсталасць ад рэалій лічбавай, сеціўнай журналістыкі.

Не хачу выглядаць такім ужо букваедам. Разумею, што самі па сабе змены ў кодэкс этыкі БАЖ не ўздымуць якасць журналістыкі. Тут патрэбнае паляпшэнне базавых умоў як у палітыцы (болей дэмакратыі, плюралізму, павагі да свабоды выказвання на дзяржаўным узроўні), так і ў эканоміцы (болей рынку, канкурэнцыі). Умацаванне духу прававой дзяржавы, нарэшце.

Але ж і прыкрывацца прынцыпам “вайна ўсё спіша” нашай прафесійнай супольнасці не выпадае.

Было б добра не запіхваць забракаваны праект у доўгую скрыню, як тое можа адбыцца на пасляз’ездаўскім расслабоне. У БАЖа ёсць магчымасць праз праблему ўдасканалення этычнага кодэкса разгарнуць новы віток дыскусіі пра якасную журналістыку ўвогуле.

І, дарэчы, я не знайшоў у статуце БАЖ пункта, што змены ў этычны кодэкс прымаюцца толькі на з’ездзе. Новы кіраўнік арганізацыі юрыст Андрэй Бастунец у каментары для Mediakritika.by пацвердзіў, што сапраўды такое рашэнне можа прыняць, напрыклад, і Рада.

Дык мо давайце каваць жалеза зараз — разгортваць дыскусію ды апгрэйдзіць кодэкс? Бо іначай усё адсунецца яшчэ на тры гады. І, між іншым, на наступным з’ездзе можа атрымацца дэжавю з пахаваннем праекта зменаў пад маркай “не будзем рэдагаваць на каленцы”.

Вядома ж, зручней жыць як набяжыць.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: