ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

У байнэце зрабілі “калгас”

Элегантная падмена паняццяў: партал называецца “СМІ Беларусі”, але прэзентаваныя на ім толькі дзяржаўныя медыі. То бок тых, каго вялікі начальнік некалі назваў “нячэснымі”, чыноўнікі паставілі ў ігнор.

Праект, скіраваны на прасоўванне дзяржаўнай прэсы ў сеціве, быў прэзентаваны 5 мая ў Мінску на XIХ міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы “СМІ ў Беларусі”.

 

“Нячэсных” дзяржава не бачыць ва ўпор

Не тое каб недзяржаўныя медыі так ужо рваліся на той партал, але ж канстытуцыя гарантуе роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці ды забараняе манапалізацыю СМІ. Насамрэч дзяржава паслядоўна дае прывілеі “сваім” медыям і дыскрымінуе тыя, што ёй не падначаленыя.

І Мінінфарм, які, па ідэі, мусіць быць нейтральны, відавочна падгульвае аднаму з бакоў — здагадайцеся з трох разоў, якому. Чыноўнікі не ўтойваюць, што шчыруюць дзеля ўмацавання пазіцый дзяржаўных СМІ, якія ў дэмакратычным свеце сталі збольшага анахранізмам.

Увогуле гэта даўняя мара дзеячаў, адказных за дзяржаўную ідэалогію, — стварыць нейкі мегапартал, які б дазволіў перацягнуць на сябе коўдру ў байнэце, дзе ў топе папулярных грамадска-палітычных рэсурсаў стала дамінуюць менавіта “нячэсныя”.

Мне гэты праект нагадвае гігантаманію савецкіх кіраўнікоў, якія, у прыватнасці, марылі ўзняць сельскую гаспадарку за кошт цыклапічных жывёлагадоўчых комплексаў. Так, пэўны эфект тыя давалі, аднак жа абмежаваны, бо загваздка была ў неэфектыўнасці саўгасна-калгаснага ладу.

Так і тут: за кошт цэнтралізацыі (“адзіны пункт уваходу для спажыўцоў інфармацыі”, падкрэсліваюць стваральнікі), укаранення пошукавай аптымізацыі, мультымедыйнасці павышаюцца шанцы, што кантэнт таго ці іншага выдання, і найперш мясцовага, будзе запатрабаваны.

Зрэшты, партал не выглядае надта прасунутым паводле дызайну, навігацыі. Каб атрымаць поўны доступ да тэкстаў, трэба зарэгістравацца, змарнаваць час, што наўрад ці дадасць наведнікаў.

Але ж галоўнае пытанне — у якасці самога кантэнту. І тут хоць стой хоць падай. Вось вам россып загалоўкаў: “Дыялог з міністрам”, “Прафсаюз аб”ядноўвае і выхоўвае”, “Труд окрыляет”, “Насущные проблемы столичного региона”, “Стрельба пулевая” і да т.п.

Асобна вылучу загаловак “Пришел срок и в Ельском районе сеют горох” (менавіта так, без коскі).

 

Чыноўнікі паставяць птушачку

Большым крэатывам вызначаецца падача матэрыялаў нацыянальных СМІ — той жа “СБ. Беларусь сегодня”, пад эгідай якой і функцыянуе партал. Аднак жа яго фішка, паводле задумы, у тым, каб прасунуць раёнкі.

А іх стыль збольшага такі ж убогі, як за савецкім часам, калі тыя былі органамі камітэтаў КПБ. Зрэшты, органамі вертыкалі гэтыя медыі і засталіся. А стыль мо нават і дэградаваў.

“Экономия. И еще раз экономия” — гэты надзіва “свежы” загаловак рэчыцкага “Дняпроўца” навявае асацыяцыі яшчэ з брэжнеўскімі сентэнцыямі.

Дазволю сабе працытаваць пачатак тэксту:

“Итоги социально-экономического развития района за первый квартал текущего года стали основным вопросом, рассмотренным на очередном заседании Речицкого районного исполнительного комитета. Провел заседание глава района Виталий Панченко.

Докладчик по основному вопросу — первый заместитель председателя районного исполнительного комитета Сергей Ярец — в своем выступлении остановился на выполнении целевых и индикативных показателей прогноза. Среди прочего было озвучено, что..”.

І гэтак далей — банальная, сухая справаздача пра руціннае мерапрыемства мясцовай вертыкалі.

Матэрыял буда-кашалёўскай газеты “Авангард” пра суботнік таксама пачынаецца з рэверансу перад мясцовым начальствам:

“Представители районного исполнительного комитета трудились на территории Чеботовичского сельсовета. Там велись работы по спиливанию ветхих деревьев, вырубке дикорастущей поросли”.

Зрэшты, вось вам і “жывінка”:

“Там же, в Чеботовичах, «Авангард» встретил одного из самых маленьких участников субботника —Дениса Коваля, который оказывал посильную помощь своей бабушке Анне Федоровне: вместе с ней он сгребал сухую растительность на придомовом участке. На вопрос, почему же он это делает, ответил: «Чтобы было чисто». Хорошо бы, чтобы и взрослые понимали, что окружающая нас обстановка зависит от того, какие усилия мы приложим для ее благоустройства”.

А між тым на партале, па ідэі, збіраюцца найлепшыя публікацыі. Як падкрэсліў на яго прэзентацыі намеснік галоўнага рэдактара “СБ” Дзмітрый Партон, матэрыялы размяшчаюцца на канкурэнтнай падставе.

Калі гэта вяршкі, то што казаць пра рэшту?

І яшчэ: паводле стваральнікаў, рэсурс нацэлены на тое, каб прыцягваць замежнага спажыўца. Ну, калі юзер акажацца з Паўночнай Карэі, то, магчыма, будзе ўражаны разгулам галоснасці (во, нават пра падзенне экспарту пішуць!). Але ж у КНДР тых юзераў са жменю. А вось гнілыя заходнікі пэўна ж грэбліва адмахнуцца ад дубовага прапагандосу ды няўклюднага “ажыўляжу”.

Так што рэвалюцыі ў байнэце новы партал не зробіць. Чыноўнікі адрапартуюць, паставяць птушачку.

А партал будзе “сгребать сухую растительность” кшталту працытаваных вышэй узораў.

 

Канкурэнтаў стануць трушчыць?

Іншая рэч, што ў дачыненні да недзяржаўных вэб-рэсурсаў могуць быць ужытыя рэпрэсіўныя захады, каторыя адначасна спрацуюць і як прыёмы нядобрасумленнай канкурэнцыі.

Я маю на ўвазе снежаньскія папраўкі у закон аб СМІ, што далі Міністэрству інфармацыі паўнамоцтвы адной левай блакаваць неўпадабаныя сайты, нядаўнюю вербальную атаку самага вялікага начальніка на заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера. І, нарэшце, апошнія заявы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч.

Так, 4 мая яна пацвердзіла, што ўжо на падыходзе ўказ пра адказнасць уладальнікаў сайтаў за каментары. Са слоў міністра, пэўныя рэсурсы выклікаюць ў яе ведамства сур’ёзныя пытанні.

У звязку з гэтым напружвае тэза Ананіч, што інфармацыя мусіць не толькі быць дакладнай, але і “спрыяць развіццю грамадства і дзяржавы і ні ў якім разе не наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі”.

Заўважце: інфармацыя! А калі яна пра забойства, катастрофу, непрыстойныя паводзіны прадстаўніка ўлады? Гэта на карысць ці на шкоду? Хто будзе вызначаць? Ці карэктна вылучаць такія патэтычныя і разам з тым туманныя крытэры да інфы, якая проста адлюстроўвае факты?

Я ўжо не кажу пра аналітыку, публіцыстыку. Любую крытыку чыноўнікі могуць трактаваць як дэструктыўную (і схільныя трактаваць менавіта так). А вызначэнне “шкоды нацыянальным інтарэсам” зроблена цяпер іх прэрагатывай. Вось вам ёмкі дручок супраць занадта вострых вэб-СМІ перад выбарамі.

Падобным чынам выбівалі афлайнавую прэсу. Цяпер чарга анлайну?

Так што ўдакладню свой выраз. Дзяржава сапраўды не бачыць “нячэсных” ва ўпор, калі гаворка ідзе пра нейкія прэферэнцыі ці, вось як цяпер, пра агульны партал (што таксама ёсць прэферэнцыяй). Але пад раздачу тыя “нячэсныя” трапляюць адразу. 

Фота БЕЛТА

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: