Вы здесь

Правілы журналістаў: Купіце круты тэлефон і забудзьце пра грошы

Карэспандэнт “Еўрарадыё” Алесь Пілецкі  распавядае пра свае прафесійные прынцыпы.

 

Не верце

Баяцца і прасіць журналісту можна, а вось верыць не раю. Да ўсяго трэба ставіцца крытычна ад пачатку. Мне пашанцавала ў гэтым плане – у самым пачатку кар’еры адзін харошы чалавек моцна падмануў, і я потым ужо на слова не верыў.

Было гэта так. Прыйшоў у рэдакцыю вядомы чалавек, расказаў, што ён кніжку разумную напісаў, а яго за гэта з працы звальняюць. Бо кніжка хоць і разумная, але не зусім ідэалагічна правільная. А працуе гэты чалавек у прэстыжным універсітэце. Такі скандал. Ва ўніверсітэце ад каментароў адмовіліся, праўда. Я напісаў матэрыяльчык, яго амаль павесілі на сайт, але раптам даведаўся, што гэты вядомы чалавек звольніўся з працы сам, а гісторыю прыдумаў у межах рэкламнай кампаніі сваёй кніжкі. Такая вось байка.

І яшчэ можна шмат-шмат такіх гісторый расказаць. Хлусяць усе. А калі не хлусяць, то дадумваюць, прыдумляюць сваё штосці. Нехта свядома, нехта дзеля жарту, нехта шчыра перакананы, што расказвае табе праўду.

Таму не верце нікому, пішыце тое, што самі лічыце праўдзівым. А кніжку таго чалавека я, дарэчы, прачытаў потым. Фіговая была кніжка.

 

Купіце круты тэлефон

А яшчэ ноўтбук, фатаапарат, камеру… Так, гэта не для пантоў трэба, а па неабходнасці. Тэлефон – асноўны інструмент працы цяпер. Там і фотаапарат, і камера, і дыктафон, і інтэрнэт, і магчымасць запісаць размову. Усё, што хочаце.

Я вельмі люблю фатаграфаваць, маю дарагую камеру, некалькі аб’ектываў. Шмат часу губляю на вывучэнне тэхнікі фатаграфавання, апрацоўкі здымкаў. Але самае папулярнае сваё фота, якое разышлося па шалёнай колькасці беларускіх і замежных сайтаў, зрабіў на тэлефон. Ішоў на працу і раптам убачыў, як Лукашэнка на “Майбаху” па праспекце едзе. Толькі паспеў адзін размазаны кадр на мабілку пстрыкнуць. А каб не меў тэлефона, які дазваляе фатаграфаваць не ўключаючы саму мабілу, то не паспеў бы і гэтага.

Тэхніка – вельмі важная рэч для журналіста. У яе варта ўкладваць грошы, траціць час на вывучэнне і ўсё такое іншае. Ведаю, што ў некаторых СМІ дагэтуль працуюць рэдактары і журналісты, якія нават праграмай Word з цяжкасцю карыстаюцца. Не будзьце такімі.

 

Памятайце, што сацсеткі – вельмі карысная рэч

Завядзіце акаунты паўсюль, дзе толькі можна. Ад LinkedIn да “Аднакласнікаў”. Пісаць туды ва ўсе адразу пастаянна не абавязкова, але акаунты завядзіце. З сацсетак прыходзіць шалёная колькасць тэмаў і навін. У харошым СМІ ў прынцыпе павінен быць адмысловы чалавек, які толькі і робіць, што цэлымі днямі чытае сацсеткі. Такая праца мары, не? Аднойчы праз “вКонтактік” я знайшоў сведкаў абстрэлу тэрыторыі Украіны з Расіі “градамі”. Сур’ёзна, за 15 хвілін. І тэлефоны там былі пазначаныя мабільныя. Звоніш такі чалавеку, а ён у шоку: “Откуда у вас мой номер?!”. “Оттуда!”, з сацсетак.

Увогуле журналіст мусіць мець мноства знаёмстваў. І анлайн, і ў фізічным жыцці. Кожны журналіст – публічная асоба. Ні ў каго не павінна быць цяжкасцяў яго знайсці, напісаць мэйл, паведамленне, пазваніць у любы час дня і ночы. Прынамсі, я так думаю.

 

Забудзьце пра грошы

Адзінкі з нас становяцца багатымі і вядомымі. Прычым гэта не залежыць ад краіны. Журналістам нідзе не плацяць столькі, каб можна было адчуваць сябе як, напрыклад, праграміст ці нават будаўнік. Сацыяльны статус журналістаў моцна завышаны. Гэта нібы прэстыжная праца, але насамрэч ты часта жывеш чужым жыццём, забываючыся на сваё. І няма часу нават на самых блізкіх людзей.

Таму займацца журналістыкай варта толькі калі яна насамрэч падабаецца і дае моцнае задавальненне. Іншых выгодаў наша прафесія не прыносіць.

 

Ганна Шафялюк адмыслова для Mediakritika.by

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: