Вы здесь

Мір, вайна і начныя ваўкі

Маніторцы Mediakritika.by падсумавалі вынікі чарговага аглядання вечаровых выпускаў навінаў на двух дзяржаўных і адным незалежным тэлеканале. Высновы традыцыйныя – стандарты навінаў у той ці іншай ступені парушаюць усе.  Між тым эфіру “Белсату” зніклі сюжэты аб Украіне, а дзяржаўныя тэлеканалы “забыліся” на Дзень народзінаў Леніна.

Агулам на тыдні з 20 па 25 красавіка на ўсіх трох тэлеканалах былі зафіксаваныя матэрыялы з прыкметамі замоўленасці (або цэнзуры). На тэлеканале ОНТ такога кшлату сюжэтаў выяўлена 59% ад агульнай колькасці, што выйшлі ў эфір, на  “Беларусь 1” - 58%, на “Белсаце” – 34%.

Новай тэмай для дзяржканалаў сталася “70-цігоддзе Вялікай Перамогі”. Пры гэтым каналы дэманструюць рознасць у падыходзе да яе асвятлення. На “Беларусь 1” увесь тыдзень, акрамя бягучых навінаў, датычных тэмы, у эфір тэлеканала выходзіла адмысловая рубрыка “Письма Победы”, што складалася з ваеннай хронікі і агучкі лістоў удзельнікаў з савецкага і нямецкага боку.

Праца ОНТ з гэтым сюжэтам абмяжоўвалася навінавымі нагодамі - у Мінск прыбыў аўтапрабег “Дарогамі славы” (20.04.2015), пачатак анлайн-конкуса “Парад перамогі” (20.04.2015), у магілёўскім тэхнікуме стварылі музей ВАВ (22.04.2015), агітцягнік БРСМ (24.04.2015) і г.д. Рытарычна сюжэты працавалі на прыватызацыю беларускай уладай савецкага патрыятызму і ўласна Перамогі як такой.

На “Белсаце” на выйшаў толькі адзін сюжэт на тэму “як пачуваюцца ветэраны” (23.04.2015) - бяз выразнай інфармацыйнай нагоды.

Асобны момант: асвятленне сітуацыі з мотапрабегам у імя Перамогі прадстаўнікоў мотаклуба “Начныя ваўкі”. “Белсат” зьвяртаўся да тэмы на тыдні двойчы - асвятліўшы і адмову Польшчы байкерам ва ўездзе на сваю тэрыторыю, і пазіцыю саміх удзельнікаў прабега, і незадаволенасць беларускіх актывістаў візітам матацыклістаў у Беларусь. Дзяжаўныя тэлеканалы тэмы “Начных ваўкоў” не кранулі ўвогуле, але 25 красавіка далі сюжэты пра “адкрыццё мотасезона ў Мінску” - у міжнародным складзе і са згадкамі 70-цігоддзя Перамогі ды супольным ўскладаннем кветак да помнікаў пераможцам.

Шо датычыць замоўных матэрыялаў на палітычныя тэмы, то на “Белсаце”, акрамя звыклай негатыўнай рэпрэзэнтацыі ўлады, выявілася дзве адмысловыя лініі:

- У ролі суб’екта дзеяння з’явілася апазіцыя: абмеркаванне беларускага пытаньня у ПАРЕ і сойме Польшчы (21 і 22.04.2015 адпаведна), арганізацыя “Чарнобыльскага шляха -2015” (“Белсат”, 20.04.2015). Апошні сюжэт можна класіфікаваць як пазітыўную рэпрэзентацыю апазіцыі, але гэтая пазітыўнасць мае спецыфічнасць - ахвярныя канатацыі. Пры гэтым, усе тры тэмы прайшлі ў негатыўным кантэксьце датычна пазіцыі і дзеянняў улады.

"Іншымі словамі, Аляксандр Лукашэнка не перастаў быць дыктатарам, проста перастаў быць апошнім з дыктатараў Еўропы" (“Белсат”, 21.04.2015)

- Ленін: “Белсат” зрабіў два сюжэты з гэтай нагоды - да 145-годдзя і з-за пераносу помніка ў школьны двор у Мінску (22 і 24.04.2015 адпаведна). Але з дадаткам абагульняючых сэнсавых блокаў напрыканцы - пра бальшавісцка-камуністычную сутнасць лукашэнкаўскай улады ў кантэксце дэкамунізацыі ва Ўкраіне.

"Паводле прагнозу палітыкаў, роля бальшавікоў і Леніна для Беларусі ў бліжэйшы час пераасэнсаваныя не будуць, бо шмат у якіх кірунках улады перанялі савецкія нашчадкі: правадыр вырашае усё, дзяржава вышэйшая за асобу, а чалавек - толькі вінцік" (“Белсат”, 22.04.2015);

У звязку з гэтым варта адзначыць, што тэма дня нараджэння Леніна на дзяржаўных тэлеканалах не атрымала нават узгадкі ў эфіры.

Асобнае месца ў структуры замоўных матэрыялаў займае падзея нумар адзін гэтага тыдня: візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію – такі сінтэз замоўленасці палітычнай (прамоцыя ўлады – у выпадку дзяржканалаў, інтэрпрэтацыя уўлады –  у выпадку “Белсата”) і на міжнародную тэму.

“В любой точке страны обязательно спросят, были ли вы в Батуми. Нет - значит не были в Грузии. Скажешь "белорус" - в ответ обязательно услышишь душевную историю, связанную с синеокой” (“Беларусь 1”, 24.04.2015).

“Этот визит Президента Беларуси является первым в новейшей истории двух государств, потому местные чиновники уже назвали его историческим” (ОНТ, 24.04.2015).

"Відавочна, што візіт у Грузію для Аляксандра Лукашэнкі носіць важнае значэнне - дзеля яго кіраўнік Беларусі нават адмяніў традыцыйнае пасланне да парламента і народа, перанесшы яго на невядомы тэрмін. Лукашэнка не быў у Грузіі нават у перыяд прэзыдэнцтва Саакашвілі, зь якім стасункі былі найбольш прыязныя" (“Белсат”, 22.04.2015)

Ёсць і новыя вымярэнні ў падачы іншых замоўных матэрыялаў на тэму замежжа.

Калі на “Белсаце” фактычна знікла ўкраінская тэматыка (ніводнага сюжэта за ўвесь тыдзень з самой Украіны: у эфір трапілі амерыканскія вучэнні ў Львове ў рубрыцы “без каментара” (“Белсат”, 21.04.2015) і кароткае паведамленне пра вызваленне ад пасады амбасадара Ўкраіны ў Беларусі (“Белсат”, 25.04.2015)). Каб з’явіцца ў эфіры дзяржаўных каналаў, дзе інфармацыя асвятлялася пераважна ў негатыўным ключы: амерыканскія вучэнні ў Львове (“Беларусь 1”, 22.04.2015), шахтары пратэстуюць (“Беларусь 1” і ОНТ, 22.04.2015), Еўропа не спяшаецца дапамагаць Украіне (“Беларусь 1”, 24.04.2015).

На “Белсаце” на месца Ўкраіны прышлі Расія (сюжэты пра апазіцыю (21.042015) і двойчы пра загад Кадырава страляць у сілавікоў зь іншых рэгіёнаў (23-24.04.2015)) і Казахстан - з адмовай ад адзінай валюты (22.04.2015, на наступны дзень сюжэт быў паўтораны - і вербальна, і візуальна - з дадаткам аналагічнага казахскаму меркавання Міхаіла Мясніковіча) і надыходзячымі выбарамі (24.04.2015).

Увогуле, тэма выбараў ў Казахстане была закранутая ў эфіры ўсіх трох тэлеканалаў - і на ўсіх трох у ракурсе стабільнасьці.

Калі на “Беларусь 1” з’явіўся ангажаваны, але эмацыйна досыць невыразны сюжэт (24.04.2015), то тэлеканал ОНТ вырашыў тэму ў фармаце жорсткай прамоцыі слушнага калектыўнага выбару стабільнасці і моцнай улады - з немагчымасцю, па прызнанні аўтараў сюжэту, знайсці галасы супраць. Абодва тэлеканалы дадалі ў сюжэт каментар з гэтае нагоды ад старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай - з аналагічнай агульнаму тону сюжэтаў інтанацыяй. “Белсат” падаў тэму як аналаг беларускай сітуацыі з прадказальным працэсам і вынікам.

“О готовности их всех без исключения к главному политическому событию года ЦИК Казахстана заявил еще накануне. А высокий уровень организации избирательной кампании в целом не уставали подчеркивать практически все иностранные наблюдатели, которых, по последним данным, более тысячи. Именно к агитационной кампании у критиков было больше всего вопросов, мол, времени не так уж и много, да и возможности якобы неравные” (“Беларусь 1”, 24.042015).

“Эти выборы досрочные. Должны были состояться в следующем году. Причины переноса называют разные. Основных две – в 2016 году должны пройти парламентские выборы, поэтому решили не смешивать две кампании, а кроме того эксперты предрекают очередной пик мирового кризиса, который лучше встречать со стабильной властью. Кто её может дать? На улицах называют лишь одну фамилию” (ОНТ, 24.04.2015).

"Ужо ў гэтую нядзелю Казахстан абірае прэзідэнта. Што праўда, не новага. У перамозе дзейнага і нязменнага кіраўніка краіны Нурсултана Назарбаева не сумняюцца ані ўлады, ані апазіцыя", "А таму і ад выбараў, якія пройдуць у Казахстане літаральна пасьлязаўтра, анічога ды анікога новага не чакае бадай ніхто", "Стабільнасць ды пагроза крызісу як прычына да гуртавання вакол моцнага прэзідэнта - рыторыка, на дзіва падобная да выказванняў беларускага калегі Назарбаева, таксама першага і пакуль адзінага кіраўніка нашае краіны, невыпадковая" (усе цытаты - “Белсат”, 24.04.2015).

Што тычыцца непалітычных сюжэтаў на замову, то гэта была іміджавая рэклама: чарговы пазітыўны сюжэт пра хатнюю дастаўку сеткавай крамы “Еўраопт” - цяпер на сяло і на “Беларусь 1” (“Беларусь 1”, 23.04.2015), сюжэт пра абнаўленне памятніка падпольшчыкам у Асташыцкім гарадку высілкамі прадстаўніцтва “Газпрому” (25.04.2015) і інш. Тэлеканал “Беларусь 1” працягнуў самапрамоцыю рэклямнымі сюжэтамі пра шоў “Я магу!” (“Беларусь 1”,23-24.04.2015)

Варта таксама адзначыць, што на працягу тыдня “Беларусь 1” рабіла з чэмпіяната па футзалу, што меў месца ў Мінску, “планетарный форум” (“Беларусь 1”, 25.04.2015) - гэта выявілася праз сюжэты са спаборцітваў па-за межамі спартовага блоку і наўпроставыя эфіры з гульняў пасярэдзіне праграмаў (а на “Беларусь 1”, 25.04.2014 - нават адразу пасля агляду візіта Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію).

Парушэнні прафесійных стандартаў балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад меркаванняў, верагоднасці, дакладнасці і аператыўнасці ў падачы інфармацыі былі характэрныя для ўсіх трох тэлеканалаў.

На кантрольным тыдні 20-25 красавіка найбольшыя хібы зафіксаваныя ў адпаведнасці матэрыялаў, што тэлеканалы выпускалі ў вечаровы эфір, стандартам даставернасці інфармацыі і стандарту баланса думак.

Стандарт даставернасці інфармацыі праігнараваны ў 80% матэрыялаў тэлеканала ОНТ. У эфір “Белсата” патрапіла 70% сюжэтаў з аналагічнай праблемай, на “Беларусь 1”- 69%.

Асноўнай праблемай сюжэтаў, дзе зафіксаванае парушэнне гэтага стандарта, як і раней, з’яўляецца адсутнасць канкрэтнага пазначэння крыніцаў інфармацыі. Замест персаніфікаваных крыніцаў - шматлікія “эксперты”, “адмыслоўцы”, “назіральнікі”. Аўтары сюжэтаў апелююць да агульнай веды і/ці карыстаюць ананімныя абароты, якія ў лепшым выпадку можа даць толькі прыкладнае ўяўленьне, адкуль узятая агучаная інфармацыя: “по данным итальянских СМИ”, “Евросоюз пообещал”, “ведь все знают”, “на днях стали известны вопиющие факты” і інш. Пры такім падыходзе ствараецца ілюзія інфармавання са спасылкай на крыніцы - пры фактычнай іх адсутнасьці.

Стандарт балансу думак не вытрымліваецца ў 80% сюжэтаў тэлеканала ОНТ. Брак разнабаковасці ў падачы інфармацыі выявіўся ў 77% матэрыялаў тэлеканала “Белсат” і 65% «Беларусь 1».

На дзяржканалах прамаўляе ўлада ў асобах чыноўнікаў, адсутнічаюць якія-кольвек эксперты, бракуе “народа” (той, што трапляе у кадр, звычайна не выказвае адрозных ад агучаных у сюжэце меркаванняў).

У гэтым плане паказальным ёсьць сюжэт з Казахстану, прымеркаваны да хуткіх выбараў у гэтай краіне і прапагандаваўшы слушнасць выбару на карысць стабільнасці. Vox populi складаўся з прыхільнікаў дзеючага прэзідэнта Назарбаева, што з боку журналістаў было пракаментавана наступным чынам: “Мы безуспешно не один час пытались найти альтернативные мнения. Но наши усилия разбились об аргументы местных жителей” (ОНТ, 25.04.2015).

На “Белсаце”, у сваю чаргу, назіраецца брак меркаванняў улады (дый увогуле яе рэпрэзентацыя нават на візуальным узроўні досыць спецыфічная – тэлеканал карыстаецца здымкамі Белта, ОНТ, “Беларусь 24”, а часам і відэашэрагам, крыніцу, а адпаведна кантэкст і час, якога цяжка ідэнтыфікаваць). Асноўныя прамоўцы на “Белсаце” – эксперты і “народ” (прычым, пераважна ў якасці экспертаў па самых розных тэмах).

Парушэнні стандарта паўнаты інфармацыі зафіксаваня ў 57% матэрыялах тэлеканалу ОНТ, 51% - тэлеканала “Белсат ” і 34% - “ Беларусь 1”.

Як адзначалася ў папярэдніх маніторынгах, у гэтай катэгорыі назіраюцца хібы з вычарпальнасцю інфармавання. Адказы на падставовыя пытанні – што? дзе? калі? як? – могуць не знайсці сабе месца ў сюжэце ў пэўным аб’ёме: можа быць пазначаны прамоўца, але цалкам нівэляваны кантэкст і месца, дзе была зроблена заява і да т.п. Таксама заўважаецца перанасычанасць інфармацыяй (два-тры сюжэты ў адным).

Парушэнні стандарту аддзялення фактаў ад думак фіксуюцца ў 55% матэрыялаў тэлеканала “Белсат”, 52% - ОНТ і 42% “Беларусь 1”.

“Журналіст=эксперт” – найбольш частая хіба ў гэтай катэгорыі. Аўтары сюжэтаў даюць ацэнкі, выказваюць меркаванні, робяць прагнозы, тлумачаць падзеі – без спасылак на якія-кольвек крыніцы.

Маніторынг зафіксаваў і парушэнні стандарту дакладнасці інфармацыі. У вечаровым эфіры ОНТ такіх матэрыялаў выявілася 41%, на тэлеканале “Белсат” – 34%, на тэлеканале “Беларусь 1”- 28%.

Асноўная праблема - недакладнасці, што паўстаюць як вынік выкарыстання неадэкватнай рыторыкі ці лагічных хібаў у будаванні выказвання.

“Но даже после уничтожения котла в Новогрудке выжившие сумели создать один из самых ожесточенных очагов фашистского сопротивления, собрав вокруг себя больше 3 тысяч партизан” (“Беларусь 1”, 20.04.2015).

“Владельцы культовых мотоциклов своим ревом ознаменовали старт движения для тех, кто не понаслышке знает, что такое братство легендарного Harley-а” (“Беларусь 1”, 25.04.2015)

Асобную групу складаюць таксама цверджанні з серыі “можа быць” - пэўная частка агучанай інфармацыі выглядае адно на пражэкты і імаверныя перспектывы, а не на рэальныя факты, што стварае ілюзію інфармацыйнай насычанасці пры фактычнай змястоўнай пустэчы.

“В Советском Союзе стакан березового сока стоил 8 копеек, цена в нашей стране сегодня не стала больше. В то время как на Западе за него готовы платить любые деньги. В списке заказчиков даже голливудские звезды. А пока большие поставки за океан только в планах, березовый сок активно отгружают в Россию, Туркменистан и Австрию” («Беларусь 1», 20.04.2015);

“Вероятно, уже завтра часть контактов превратят в контракты” (“Беларусь 1”, 21.04.2015);

“Наша электроэнергия сможет в будущем приносить доход в том числе и за счет других государств. Ведь в перспективе никто не исключает ее экспорт за рубеж” (“Беларусь 1”, 24.04.2015);

Цяжкасці з адпаведнасцю стандарту аператыўнай падачы інфармацыі зафіксаваныя ў 42% сюжэтаў тэлеканала “Беларусь 1”, “Белсат” на тыдні з 20 па 25 красавіка даў у эфір 38%, ОНТ – 9%.

Большасьць “пратэрмінаваных” матэрыялаў на тэлеканале “Беларусь 1” склалі замежныя навіны (па-за аглядам “За рубежом”, дзе, як і ў рубрыцы “В курсе”, стала выходзяць у эфір старыя навіны), а таксама прымеркаваныя да 9 траўня (рубрыка “Письма Победы” (20-25.05.2015), узгадкі ветэранаў пра баі за Навагарадак (20.04.2015) і інш.) і непрывязаныя да пэўнай падзеі (скрачэнне рынка кватэраў на содні (21.04.2015), хто не плаціць за камунальныя паслугі (23.05.2015) і інш.) сюжэты.

Падобныя хібы маюць і матэрыялы тэлеканала “Белсат”: асноўныя праблемы – навіны з Расеі, якія могуць падавацца як мікс з некалькіх тэмаў рознай ступені “свежасці”, а таксама рэпартажы на “вечныя” тэмы – жыццё ў зоне адсялення (21.05.2015), два годы, як у Жлобіне няма кінатэатру (21.05.2015), жыццё ветэранаў вайны сёння (23.05.2015) і інш. Як і раней, парушэнні гэтага стандарту выявіліся і ва ўсіх матэрыялах на тэму культуры, што выпусціў у эфір тэлеканал “Белсат”.

Нагадваем, для маніторынгу няважна, якія абставіны (прычыны) прывялі да згаданых парушэнняў у выпусках тэлевізійных навінаў: ці гэта цэнзура з боку ўладаў, ці самацэнзура журналістаў, ці нізкі прафесійны ўзровень. Сутнасць праблемы палягае ў тым, што глядач атрымлівае перадузятую інфармацыю, то бок створаную на карысць аднаго з бакоў. Да таго ж яго пазбаўляюць адэкватнага разумення падзеяў і працэсаў, што адбываюцца ў краіне.

Маніторынг закрануў 190 матэрыялаў[1], якія выйшлі ў эфір выніковых вечаровых выпускаў навінаў з панядзелка па суботу[2] на дзяржаўных тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ і недзяржаўным тэлеканале «Белсат».

Аб’ектамі маніторынгу сталіся выніковыя выпускі навінаў на трох згаданых беларускіх тэлеканалах. Штомесяц метадам выпадковай выбаркі прызначаецца адзін тыдзень, цягам якога будзе праводзіцца маніторынг. Прадстаўленыя вынікі тычацца вечаровых навінаў, што былі ў эфіры з 20 па 25 красавіка 2015 года. За гэты час на тэлеканале “Беларусь 1” у праграме “Панарама” выйшла 83 матэрыялы, на ОНТ у “Наших новостях” – 54, на “Белсаце” ў “Аб’ектыве” – 53.

 

Зводная табліца парушэнняў стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат»

  Парушэнне стандартаў «Беларусь 1» ОНТ «Белсат» Заўвагі
1. Матэрыялы з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры 58%48 (з 83) 59%32 (з 54) 34%18 (з 53) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
  1.1. Матэрыялы з прыкметамі палітычнай замоўленасці (альбо цэнзуры) 44 29 14 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.1. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу 0 0 13 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.2. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу 44 29  0 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.3. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю 0 0 0 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.1.4. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю 0 0 1 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.2. Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці ці рэкламы 4 3 1 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.3. Замоўныя матэрыялы на тэмы замежжа 11 10 6 Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
2. Матэрыялы з парушэннямі стандарту балансу думак 54%45 (з 83) 8043(з 54) 70%37 (з 53) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
3. Матэрыялы з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі 34%28 (з 83) 57%31 (з 54) 51%27 (з 53) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
4. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак 42%35 (з 83) 52%28 (з 54) 55%29 (з 53) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
5. Матэрыялы з парушэннямі стандарту верагоднасці інфармацыі 65%54 (з 83) 80%43 (з 54) 77%41 (з 53) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
6. Матэрыялы з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі 28%23 (з 83) 41%22 (з 54) 34%18 (з 53) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
7. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі 42%35 (з 83) 9%5 (з 54) 38%20(з 53) Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

Поўны тэкст маніторынгу вечаровых навінаў з 20 па 25 красавіка 2015 года

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

[1] За адзінку бралася паведамленне, якое мела пэўна вызначаны пачатак і заканчэнне. Выключэнне складалі дайджэст міжнародных навінаў, эканамічная праграма “В курсе” і суботні праект “Не итоги” (телеканал “Беларусь 1), якія складаліся з некалькіх кароткіх паведамленняў  – яны лічыліся за адзін матэрыял.

[2] З-за пераноса працоўных дзён, часавыя межы маніторынга былі пашыраныя на суботу.

 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: