ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Медыяфрэнія выносіць мозг расіянам і беларусам

В фокусе

Медыяфрэнія — гэтае хвосткае слоўца стала модным на міжнароднай канферэнцыі “Якасць журналістыкі ў лічбавую эпоху”, што прайшла 18–21 мая ў Алматы.

Расійскі журналіст Ігар Якавенка назваў медыяфрэніяй тое, што робяць з мазгамі ягоных (і не толькі ягоных) суайчыннікаў пракрамлёўскія СМІ ды канкрэтныя асобна ўзятыя салаўі інфармацыйнай вайны — найперш у кантэксце Украіны.

Як высветліла дыскусія, каласальныя дэфармацыі характэрныя і для медыйнай сферы іншых постсавецкіх краін — Арменіі, Беларусі, Казахстана, Таджыкістана. Іх прадстаўнікі сабраліся ў казахстанскай сталіцы на канферэнцыю, арганізаваную шведскім інстытутам павышэння кваліфікацыі журналістаў FOJO у супрацы з Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

 

Каму патрэбна тая якасная прэса?

The Wall Street Journal мае наклад 2,1 млн — іначай кажучы, адзін асобнік прыпадае на 153 жыхары краіны. Адзін асобнік Le Mond прыпадае на 178 французаў. А вось у Расіі асобнік газеты “Ведомости” прыпадае на 2383 чалавекі.

Такім чынам, паводле падлікаў Якавенкі, у ягонай краіне насычанасць якаснай прэсай ў 15,5 раза ніжэйшая, чым у ЗША, у 13,4 раза — чым у Францыі, у 4,4 раза — чым у Германіі.

Цікава было б зрабіць такія падлікі для Беларусі. Толькі вось якое выданне вы рызыкнеце назваць якасным? Я не бяруся.

Чаму ж якасная прэса не запатрабаваная ў Расіі? Паводле Якавенкі, прычыны тры: няма эканамічнага рынку (ці, ва ўсякім разе, ён не развіты), няма палітычнага рынку, няма грамадзянскай супольнасці.

Вам не здаецца, што адначасна гэта сказана і пра Беларусь?

Можа, на тле крызісу друкаваных СМІ ў нас паказвае клас якасці вэб-журналістыка? Я б сказаў, што наадварот: інтэрнэт, калі браць увогуле, знізіў прафесійную планку. Вытворцаў не тое што якаснага, а проста ўласнага кантэнту кот наплакаў.

Астатнія жывуць збольшага копіпэйстам, прымітыўным рэрайтынгам (які ўяўляе сабой замаскаваны копіпэйст), наганяюць наведванне за кошт безгустоўных, крыклівых загалоўкаў, часта зусім не адпаведных зместу. Усё дзеля трафіку, дзеля лішняга пстрыку мышкай.

 

Спакуса стаць палымяным трыбунам

Кладучы руку на сэрца, выклікае пытанні і наша, умоўна кажучы, ідэйная журналістыка. Тое ж назіраецца і ў Расіі. Якавенка згадвае казус Меражкоўскага: знакаміты паэт-эмігрант так ненавідзеў Сталіна, бальшавізм, што выступіў на нямецкім радыё з панегірыкам Гітлеру.

Я таксама казаў у Алматы пра пасткі барыкаднай журналістыкі, калі логіка змагання (супраць тутэйшага “злачыннага рэжыму”, праклятага расійскага імперыялізму і г.д. — патрэбнае ўпісаць) штурхае да малявання маніхейскай карціны, далёкай ад дыялектыкі рэальнага жыцця.

Тая ж тэма гучала ў выступе вядомага многім па “Эху Москвы” Мацвея Ганапольскага (зрэшты, нават не ведаю, расійскім ці украінскім журналістам яго сёння называць, бо ўжо год Ганапольскі вядзе эфіры на кіеўскім радыё “Вести”).

З ягоных слоў, сапраўдных журналістаў (а наша місія — цікава распавядаць пра тое, што насамрэч робіцца навокал) становіцца ўсё меней і меней: “Людзі пераходзяць у іншы жанр”.

Часта да гэтага ўскосна штурхае ўлада, называючы апазіцыйнымі ўсе СМІ, што прэзентуюць альтэрнатыўныя пункты погляду. У выніку журналісты фактычна ператвараюцца ў грамадскіх дзеячаў.

Аднак гэта ўжо іншы занятак. На думку Ганапольскага, журналісту важна стрымліваць сябе, не весціся на спакусу стаць модным аўтарытэтам (часта такія аўтарытэты надзімаюцца штучна), а заставацца “ў параметрах прафесіі”.

На журналісцкіх тусоўках ёсць завядзёнка татальна бэсціць уладу. Але “ўлада заўжды кепская, гэта не прадмет абмеркавання”, кажа калега. “Мы скардзімся на ўладу, і гэта часта спавівае нам вочы”, — падкрэслівае Ганапольскі.

Паводле яго слоў, журналіст — заўжды раздражняльнік грамадства. І нам у сваім прафесійным коле варта дыскутаваць, “як быць правільным раздражняльнікам грамадства”.

 

У Казахстане заблакавалі “Медузу”

Дарэчы, што да скаргаў на ўладу: усё пазнаецца ў параўнанні. За дні, праведзеныя ў Алматы, у мяне склалася ўражанне, што казахстанская дзяржаўная прэса выглядае яшчэ болей казённай, чым беларуская.

Ды і недзяржаўныя медыі бадай што болей заціснутыя. Прычым шмат якія з іх толькі фармальна незалежныя: проста трохі замаскавана, хто замаўляе музыку.

Крытыкаваць Нурсултана Назарбаева фактычна забаронена. Табуяванай ёсць тэма межнацыянальных дачыненняў; нельга вольна разважаць пра спецыфіку тых тэрыторый, дзе шмат рускамоўных.

У прыватнасці, за публікацыю на гэту тэму ў Казахстане заблакавалі “Медузу” (і ўвогуле інтэрнэт там фільтруецца даволі жорстка, закон дазваляе без суда блакаваць нават сацыяльныя сеткі). Параўнайце: беларускія недзяржаўныя медыі ўжо зашмальцавалі тэмы гіпатэтычнага нашэсця зялёных чалавекаў Пуціна, “Віцебскай народнай рэспублікі” і да т.п.

Зрэшты, трохі болей шырокія межы рэзервацыі для нашых “нячэсных” — гэта не нагода пляскаць у ладкі беларускаму рэжыму. Тым болей што, мяркуючы па тым, як Мінінфарм абкладае чырвонымі сцяжкамі байнэт, неўзабаве тутэйшыя ўлады цалкам могуць пераняць досвед аўтарытарных усходніх калегаў па Еўразійскім звязе.

Мы ж, як ні банальна, можам супрацьпаставіць гэтаму наступу аўтарытарных рэжымаў толькі сваю салідарнасць, галоснасць, прафесіяналізм ды сумленне. Рабі што належыць, і хай будзе як будзе.

 

Медыйныя донкіхоты супраць асфальтавага катка

Зрэшты, у таго ж Якавенкі прагучалі канкрэтныя прапановы: стварыць міжнародны грамадскі трыбунал паводле фактаў распальвання нянавісці ды арганізацыі вайны з дапамогай СМІ; блакаваць каналы нянавісці і вайны (як гэта робяць на Украіне); сфармаваць для постсавецкіх краін, дзе разумеюць рускую мову ды шмат глядзяць маскоўскія каналы, інфармацыйную альтэрнатыву крамлёўскай медыяфрэніі (над такім праектам цяпер працуе Еўразвяз).

Між тым асабіста я не бачу цудадзейных рэцэптаў выжывання незалежных СМІ на постсавецкім абсягу (швед Дэвід Ісаксан, што распавядаў на канферэнцыі пра свой досвед, з постсавецкага гледзішча нагадваў іншапланетніка).

Яшчэ цяжэй казаць пра перспектыву менавіта якасных медый ва ўмовах, калі рэй вядзе ўжо нават не прапаганда, а заахвочаная вярхамі медыяфрэнія, якая паводле сваёй разбуральнасці куды страшнейшая.

Зрэшты, гэты асфальтавы каток хоць і магутны, але няўклюдны.

З іншага боку, нават тыя два з лішнім дзясяткі медыйных донкіхотаў, што сабраліся днямі ў Алматы, каб весці гаворку пра стандарты прафесійнай якасці, этыкі, — гэта ўжо сіла. І мы ж такія не адны.

На здымку: Ігар Якавенка выступае на канферэнцыі ў Алматы.

Фота аўтара

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: