Вы здесь

Рамяство: “Я не збіраўся нікога лячыць”

Ремесло

Журналіст KYKY.ORG Мікалай Янкойць робіць анатаміраванне сваёй калонкі “Семь острых заболеваний белорусского общества”. І выдае ўласны “рэцэпт” удалага тэксту…

 

Час абдумаць

Ідэя тэксту выйшла ледзь не з рэдакцыйнага жарту. Людзі, з якімі мы кантактуем, пастаянна “падкідвалі” нейкія зачэпкі да тэмы сваімі паводзінамі. Абмеркаванні гэтых момантаў на планёрках прыводзілі да пэўных вынікаў. Атрымліваецца, што збор сімптомаў, апісаных ў тэксце, – праца калектыўная. А я ўжо часткова дадаваў нейкія моманты.

Прайшоў месяц ад зараджэння ідэі тэксту да канчатковага рэзультату. Асноўны час заняў працэс сістэматызацыі і абагульнення, а сам тэкст я напісаў хутка. У працэнтных суадносінах – гэта прыкладна 90 на 10. У інтэрв’ю ці рэпартажы гэта працуе зусім па-іншаму, а вось калі пішаш калонку, абдумванне – галоўнае.

 

Інструмент дзёрзкасці

Наогул я чалавек мяккі, але паколькі гэта калонка, у ёй проста неабходна быць дзёрзкім, інакш чытаць твой тэкст ніхто не будзе.

Таму некаторыя мае высновы выклікалі абмеркаванне. Напрыклад, калі я сказаў, што можна і патрэбна супрацоўнічаць з любой уладай, то не знайшоў неабходным патмумачыць, што пад “любой уладай” я маю на ўвазе ўладу “адэкватную”. Гэты момант потым шмат абмяркоўвалі.

Ад каментатараў я атрымаў за няведанне лацінскай мовы. З майго боку скарыстанне лацінскай мовы было проста жартам, я сапраўды ніколі не вучыў яе. Каб зрабіць “дыягназы” больш акрэсленымі і “навуковымі”, я проста скарыстаўся Google Translate.

 

Асцярожна з палкай на два канцы

Спіс хваробаў выглядае так, быццам я спрабую кагосьці лячыць. Але гэта не так. Я лічу, што ў такіх момантах трэба быць максімальна асцярожным і не даваць асабістых ацэначных меркаванняў. Але ў калонцы без асабістых меркаванняў ніяк, так што гэта палка на два канцы. Трэба быць і дзёрзкім, і пры гэтым максімальна стрыманым.

 

Тое, што цябе кранае

Усё гэта толькі назіранні з рэфлексіяй. І назіранні не толькі таго, што мяне акружае, але і таго, што ўнутры. Усе гэтыя хваробы нейкім чынам датычацца ці кранаюць мяне.

Каб напісаць такі тэкст, у першую чаргу трэба быць уважлівым, спрабаваць глядзець на ўсе падзеі пад рознымі вугламі, і глядзець не толькі на тое, што табе падабаецца. Я зусім не хачу сказаць, што беларусы дрэнныя. Наадварот, усё добра, толькі ёсць куды рухацца. Не варта быць песімістам, трэба бачыць, што адбываецца з абодвух бакоў. Гэта наогул вельмі важна ў журналістыцы – не быць аднабокім. Уся гэта гісторыя з цяперашняй навалай прапаганды такая сумная, што хочацца максімальна далёка ад яе адысці і не кранаць нават шасцімятровай палкай.

 

Дзе цікавасць, там і рэзананс

Такі тэкст можа атрымацца ў журналіста, калі яму самому цікавая пэўная тэма. Беларусы мне, канешне, цікавыя, і я шчыра хачу, каб краіне стала лепш. Думаю, толькі таму калонка атрымалася рэзананснай.

Маё асабістае меркаванне – самая галоўная праблема сённяшніх беларусаў звязаная з адукацыяй, яе фармальнасцю, нежаданнем працягваць вучыцца у дарослым узросце. Нашай адукацыі даўно неабходныя змены, рэформы. Але з гэтай праблемай можна змагацца і ўнутры сябе, трэба толькі ўсвядоміць, што абавязкова трэба расці і пастаянна развівацца далей.

Шчыра кажучы, мне б хацелася, каб спіс “хваробаў” стаў карацейшым. Але назіранні я планую працягваць.

 

Пішы і не бойся

У незалежных медыя журналісту часта прыходзіцца думаць пра тое, каб тэкст атрымаў больш праглядаў. Я не ведаў, прачытаюць маю калонку 500 ці 5000 чалавек, але мне хацелася, каб яе ўбачыла больш людзей. І ў першую чаргу не тыя, хто рэгулярна наведвае наш рэсурс (думаю, яны якраз ведаюць пра праблемы, якія я хацеў узняць), а тыя людзі, якія да нас не траплялі, можа, ніколі. Хацеў, каб яны ўбачылі і задумаліся.

І яшчэ: не трэба баяцца – ні каментароў, ні негатыўных водгукаў. Калі пішаш на важную тэму, заўсёды знойдзецца хтосьці нязгодны з табой. Не страшна, сваю справу ты зрабіў: данёс новую думку, закінуў зерне сумневаў.

Ганна Шафялюк адмыслова для Mediakritika.by

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: