ОБ АВТОРЕ

Журналист, обозреватель, специалист в области Public Relations.

Окончил биофак БГУ. Карьеру журналиста начал в 1995 году в журнале «Дело». Cотрудничал с «Белорусской деловой газетой» до ее закрытия, газетой «Московский комсомолец в Белоруссии», «Бизнес-леди», «Финансовый директор», «Детективной газетой», порталом BEL.BIZ, информационным агетством «Интерфакс».

Был собкором в Беларуси российского информагентства Stringer. Занимал должность заместителя директора радиостанции «Сталіца».

Работал PR-менеджером в «Международной финансовой корпорации» (IFC).

С весны 2010 года – собственный корреспондент в Беларуси российского федерального издания «Газета.Ru».

С января 2013 года – снова работает в БДГ (теперь под брендом «БДГ Деловая газета»).

Вы здесь

Гісторыя беларускага самвыдату: “Рэанімова”

А вось яшчэ адзін яскравы прыклад рэгіянальнага самвыдату. Газета «Рэанімова» пачала выдавацца з 1989 годзе ў Гародні як друкаваны ворган суполкі імя Максіма Багдановіча. Адным з яе рэдактараў была Данута Бічэль-Загнетава.

Гэта было культурна-асветніцкае выданне, у якім змяшчаліся матэрыялы на палітычныя, гістарычныя і нацыянальныя тэмы, а таксама літаратурныя творы.

Наколькі мне вядома, агулам на працягу 1989-1990 гадоў выйшла 10 нумароў “Рэанімовы”. У маю калекцыю патрапіў №5. Газета – класічны самвыдат, гэта проста ліст паперы фармату А3, складзены ўдвая, каб атрымалася чатыры паласы фармату А4. Папера тонкая і кепская, друк няякасны. Па шрыфце зразумела, што ўсе артыкулы набіраліся на друкавальнай машынцы, пасля макетаваліся (зусім без ілюстрацыяў), і выданне друкавалася на ратапрынце.

У нумары не пазначаны аніякія выходныя дадзеныя – ані дата выпуску, ані наклад, ані галоўны рэдактар. Пазначана толькі “Суполка імя Максіма Багдановіча” і “Асобнік рыхтавалі Данута Бічэль і Зміцер Кісель”. З іншых крыніцаў я даведаўся, што №5 выйшаў яшчэ ў 1989 годзе.

Аздабленне нумару: тытул напісаны адным радком вялікім шрыфтам чорнага колеру, падкрэслены шырокай чорнай лініяй. Пад тытулам – падзагаловак і нумар выдання. Справа ад тытулу – герб Гародні. Правапіс артыкулаў – тарашкевіца.

“Маторам” выдання была паэтка і грамадская дзяячка Данута Бічэль-Загнетава (03.12.1937, в. Біскупцы Лідзкага пав. Наваградзкага ваяводства (цяпер Лідзкі р-н Гарадзенскай вобл.). Яна скончыла педагагічную вучэльню ў Наваградку, у 1962-м скончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры гісторыка-філалагічнага факультэту Гарадзенскага педагагічнага інстытуту.

Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры гарадзенскай школы працоўнае моладзі. З 1982-га – старшы навуковы супрацоўнік Гарадзенскага абласнога гісторыка-археалагічнага музэю.

З 1982 збірала матэрыялы, якія тычацца жыцьця і творчасьці Максіма Багдановіча. Праз руплівасць Дануты у 1986 годзе была адкрытая музэйная экспазыцыя «Дом Максіма Багдановіча», дзе яна да 1998-га працавала дырэктаркай.

Вядомая ў Гародні й краіне грамадская дзяячка. Адна з арганізатараў і актыўных удзельнікаў суполкі Максіма Багдановіча, з верасня 1988-га – у БНФ. Брала ўдзел у мітынгах, якія праходзілі ў Гародні. Каардынавала дзейнасць рэгіянальных суполак у Гарадзенскай вобласці.

Уваходзіла ў групу падтрымкі кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Міхася Ткачова ў 1990 годзе. Перад выбарамі ў горадзе з’явіліся ўлёткі, на якіх быў змешчаны фотаздымак з часопісу «Политический собеседник» (да 1989 – «Коммунист Белоруссии») з надпісам «Яна сярод тых, чые рукі ў крыві нявіннага беларускага народа...». Як сьцвярджае Бічэль-Загнетава, гэтай акцыяй ёй «стваралі імідж дурной (псыхаватай) вясковай паэткі».

Але ж сама газета “Рэанімова” выдавалася агульнымі намаганнямі гарадзенскага гісторыка-культурнага клюбу “Паходня”, які паўстаў у сакавіку 1986-га і налічваў у сваіх шэрагах блізу 200 удзельнікаў. Арганізатарамі клюбу былі супрацоўнікі Інстытуту біяхіміі АН БССР і выкладчыкі беларускай літаратуры Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Кіраўнікі “Паходні”: гісторык Міхась Ткачоў – старшыня, і біяхімік Мікола Таранда – адказны сакратар. Сябрамі суполкі былі многія вядомыя навукоўцы, літаратары, мастакі: Данута Бічэль-Загнетава, Віктар Шалкевіч, Юры Гумянюк ды многія іншыя.

Дэкляраваная мэта дзейнасці клубу – звярнуць увагу грамадства на сапраўдны стан аховы помнікаў, культурнай і духоўнай спадчыны Горадні і вобласці. Сябры клубу праводзілі акцыі па ўпарадкаванні і захаванні гістарычных месцаў Гарадзеншчыны. Так, дзякуючы «паходненцам», быў уратаваны будынак Гістарычнага архіву, ачышчаная рака Гараднічанка, адноўлены гадзіннік на Фарным касцёле, вернутыя некаторым гарадзенскім вуліцам старыя назовы, упарадкаваныя могілкі да Дня памяці.

Адзін з накірункаў дзейнасці “Паходні” – правядзенне культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Сябры суполкі ладзілі тэматычныя вечары, лекцыі для жыхароў Гародні, сустрэчы з беларускімі дзеячамі: А.Пяткевічам, А.Трусавым, Ю.Хадыкам, А.Карпюком, братамі Грыцкевічамі, А.Мальдзісам; праводзілі фэсты беларускай рок-музыкі і самадзейнай песні, наладзілі святкаванне 300-годдзя аптэкі (гісторыка-архітэктурнага помніка); прадпрымалі краязнаўчыя вандроўкі па Гарадзеншчыне і па-за яе межамі: у Гудзевічы, Зэльву, Гальшанскі замак, па памятных месцах Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы.

Напрыканцы 1980-х клуб “Паходня” стаў адным з уплывовых сябраў Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак, многія «паходненцы» ўдзельнічалі ў стварэнні «Мартыралёгу Беларусі» і БНФ.

Пра выданне “Рэанімовы” мы паразмаўлялі з экспертам праекта “Гісторыя беларускага самвыдату”, намесніцай старшіні “Таварыства беларускай мовы” Алёнай Анісім:

- Якую ролю у тыя гады, з 1988 по 1991 годы, адыгрывала такая вось рэгіянальная самвыдатаўская прэса?

- Насамрэч, тады яна толькі зараджалася. Трэба сказаць, што ў Беларусі заўжды па ўсіх рэгіёнах ёсць нацыянальна арыентаваныя згуртаванні – аформленыя ці неаформленыя. У нас многія пісьменнікі якраз-такі жылі ў рэгіёнах, і Гарадзеншчына ў гэтым сэнсе – такі моцны пісьменніцкі асяродак. Мы можам прыгадаць многіх пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў Гарадзеншчыне і працавалі там. І іх дзейнасць уплывала на тое грамадства, сярод якога яны жылі. Можа, гэта тады не было так заўважна, уплыў такой самвыдатаўскай прэсы, але, тым не менш, гэта заўсёды жыло. Як жыла прага да беларускага слова. Гэтая прага тады, напрыканцы 80-х, была ненатоленная – таму і выдавалі такія газеты, лістоўкі, бюлетэні.

Націсніце на малюнак, каб прагледзець увесь нумар

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: