ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Ці доўга жыць майму сайту, зязюля? — Ку-ку!

Вось і стрэліла ружжо, падвешанае ў байнэце пры канцы года летась. Тады, нагадаю, у рэжыме абваранай кошкі былі прыняты змены ў закон аб СМІ, што дазволілі Міністэрству інфармацыі блакаваць сайты без суда і следства. Kyky.org стаў першай, але, на жаль, не апошняй ахвярай падступнай фармулёўкі наконт інфармацыі, здольнай “нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.

Мінінфарм абмежаваў доступ да рэсурсу рашэннем ад 15 чэрвеня. У прыватнасці, рэдакцыі закінулі скажэнне гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну.

Паводле неафіцыйных звестак, прэтэнзіі тычацца тэксту рэдактара Kyky.org Паўла Свярдлова “Парад перамогі над сабой”, а таксама трох аўтарскіх калонак бізнесоўца Аляксандра Кныровіча, адна з якіх таксама закранае тэму вайны, Дня Перамогі.

Раней інстанцыя, якую з’едліва называюць “міністэрствам праўды”, заблакавала 18 сайтаў за распаўсюд наркотыкаў, парнаграфію, табуяваную лексіку. Ніхто надта слёзы не ліў.

Цяпер жа востра запахла палітыкай. Хоць і за табуяваную лексіку, абразлівыя выразы сайту Kyky.org таксама выставілі прэтэнзіі.

 

Беларускія улады пераймаюць досвед Казахстана?

Калі я быў нядаўна ў Казахстане, то адразу адчуў, што там інтэрнэт значна болей абстрыжаны, чым пакуль што ў нас. Не пашэнціла аператыўна выйсці на пэўныя сайты, а ўжываць абыходныя манеўры не было калі (ды і пытанне, ці далі б вядомыя мне спосабы плён).

На гэта, дарэчы, і разлічваюць тыя, хто блакуе сайты. Увогуле забаніць на 100% нейкі рэсурс, калі ягоны сервер (ці хаця б люстэрка) па-за межамі краіны, немагчыма, бо ёсць ананімайзеры, проксі-серверы, Tor і г.д.

Але паколькі большасць карыстальнікаў — чайнікі, то на непрацяглы час глушэнне дае моцны эфект. У чым мы мелі магчымасць пераканацца падчас тэставага блакавання (за якое ніхто не ўзяў на сябе адказнасць) шэрагу папулярных грамадска-палітычных сайтаў летась у снежні, калі ў нас распачалася гібрыдная дэвальвацыя.

Тады медыйныя эксперты ўбачылі два матывы заткнуць рот недзяржаўным вэб-рэсурсам з яршыстым характарам: па-першае, каб не “ўздымалі паніку” ў звязку з валютнымі пертурбацыямі (аператыўная задача); па-другое, каб адпрацаваць тэхніку здушэння альтэрнатыўнай інфармацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года ды іншых палітычных кампаній (стратэгічная задача).

З гэтага гледзішча атака на Kyky.org — толькі кветачкі. Ягадкі, відавочна, саспеюць увосень. Беларусь упэўнена ідзе шляхам Казахстана, дзе пасля прыняцця летась драконаўскіх паправак у закон аб сувязі сталі ў масавым парадку афіцыйна блакаваць неўпадабаныя рэсурсы, у тым ліку і проксі-серверы, і нават, эпізадычна, сацыяльныя сеткі.

Зрэшты, і расійскія ўлады даюць усё новыя ўзоры цемрашальскай цэнзуры ў інтэрнэце. Перадавы досвед еўразійскай інтэграцыі, халера яго бяры!

 

Гільятына супраць перхаці запрацавала

Чаму абралі менавіта гэты сайт? Мяркую, таму, што рэсурс усё ж не мэйнстрымны (хоць і дастаткова раскручаны дзякуючы таленавітай, крэатыўнай камандзе). Палітыку сайт кранае, але стрыжнем кантэнту не робіць. Стаўленне да “Куку” нават сярод ліберальнай фронды неадназначнае: кагосьці, напрыклад, раздражняе эпатаж, жангляванне вульгарызмамі.

Калі б улады адразу заглушылі нейкі буйны грамадска-палітычны сайт, то хваля абурэння і ў краіне, і на Захадзе магла б аказацца занадта моцнай. А між тым тутэйшае начальства мае надзею па выніках чарговай электаральнай кампаніі збольшага замірыцца з Еўропай ды Амерыкай. Таму — такі вось пробны шар.

Я б не здзівіўся, каб нейкая публікацыя “Куку” справакавала абмеркаванне ў камісіі па этыцы БАЖ. На нядаўнім з’ездзе БАЖ, дарэчы, прапаноўвалася запісаць у Кодэксе журналісцкай этыкі, што “выкарыстанне абсцэннай лексікі ў палеміцы ці журналісцкіх каментарах недапушчальнае”. Мадэраванне карыстальніцкага кантэнту (найперш каментаў пад публікацыямі) на шэрагу сайтаў таксама мусіць быць, на мой погляд, болей строгім, у прыватнасці што да мовы нянавісці.

На жаль, змены ў этычны кодэкс дэлегаты з’езду БАЖ адкінулі: многім прасцей жыць як набяжыць. Частцы калег увогуле здаецца, што ўсе гэтыя размовы пра цэхавую этыку — схаластычнае маралізатарства, эстэцкае чыстаплюйства. Адпаведна глядзяць і на камісію па этыцы.

Між тым у дэмакратыях медыйнае самарэгуляванне акурат болей жорсткае, чым у нас. Самае ж сумнае палягае ў тым, што ў нашым выпадку “нармалізаваць” Сеціва бярэцца дзяржава, для якой найлепшы сродак ад перхаці — гільятына.

 

Байнэт штурхаюць да самацэнзуры

Блакаванне “Куку”, пры ўсёй фрывольнасці, правакацыйнасці асобных яго тэкстаў, выглядае абсалютна несувымернай рэакцыяй дзяржавы, праявай абскурантызму і дэмагогіі.

У прыватнасці, чыноўнікі хочуць усталяваць сваю манаполію на праўду пра мінулую вайну. Прычым маю вялікае падазрэнне, што эталонам для іх ёсць тая прыхарошаная, парадная трактоўка Вялікай Айчыннай, якая была часткай савецкай міфалогіі, а цяпер культывуецца беларускімі ўладамі.

Фактычна мы назіраем у выпадку “Куку” класічнае здушэнне свабоды выказвання пад маркай клопату, каб не пацярпеў патрыятызм.

Пацвярджаюцца прагнозы, што гумавую фармулёўку пра “шкоду нацыянальным інтарэсам” чыноўнікі стануць трактаваць, як ім захочацца. Заўтра шкоднымі для патрыятызму могуць назваць публікацыі пра падзенне эканомікі, дарагоўлю, недэмакратычныя выбары — усё, што не пад нос вялікім начальнікам.

Казус “Куку” — гэта сігнал усім рэдактарам, каб мацней уключылі самацэнзуру. Маё меркаванне: занадта перастрахоўвацца не мае сэнсу. Калі захочуць прысцябацца (здаецца, гэта не табуяваная лексіка?), то знойдуць за што. Рабі што належыць, і хай будзе што будзе.

Шчыраванне рэпрэсіўных органаў можа нашкодзіць байнэту, але па вялікім рахунку бітвы супраць свабоды слова ніхто нідзе не выйграваў. Матэрыялы “Куку” зараз будуць шукаць, напрыклад, у сацыяльных сетках і тыя, хто раней пра гэты рэсурс нават не чуў.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: