ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Калі журналіст — герой, то звычайна гэта прыкмета брыдкага палітычнага рэжыму

В фокусе

“Плейшнера ап’яніла паветра свабоды”, — круцілася ў галаве, калі пад крык чаек я шпацыраваў па беразе залітага сонцам Осла-ф’ёрда, на якім і месціцца нарвежская сталіца.

Сапраўды, Нарвегія — не толькі адна з найбагацейшых краін свету, але і адна з самых свабодных, у тым ліку з моцнай традыцыяй вольнай прэсы. На жаль, шмат хто з беларусаў яшчэ не разумее карэляцыі між воляй ды заможнасцю.

 

Працаваць, калі свабоду топчуць

У Нарвежскім Нобелеўскім інстытуце 24 чэрвеня чарговы раз уручалі прэміі “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” імя Герда Буцэрыуса і “Свабодная прэса Расіі”. Гэта супольны праект нямецкага фонду “Цайт” ды нарвежскага “Фрыт орд” (“Свабода слова”). Цырымоніі па чарзе ладзяцца ў Гамбургу ды Осла.

  • Лаўрэаты прэміі “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” імя Герда Буцэрыуса і “Свабодная прэса Расіі” 2015 года ў Нарвежскім Нобелеўскім інстытуце

Штогод такім чынам уганароўваюцца журналісты ды медыі, якія імкнуцца працаваць сумленна, прынцыпова ў постсавецкіх краінах, дзе да германскага ці скандынаўскага ўзроўню свабоды слова — як пехатой да Месяца.

Беларусаў сярод сёлетніх лаўрэатаў не аказалася — былі адзначаны калегі з Украіны, Расіі, Грузіі.

У мінулыя ж гады прэмію імя Буцэрыуса з нашых атрымлівалі, у прыватнасці, Святлана Калінкіна, Марына Коктыш, Валер Карбалевіч, “Наша ніва”, “Народная воля”, “Новы час”, “Intex-press”. Сам я трапіў гэтым разам на імпрэзу ў Осла на правах леташняга лаўрэата.

Лепей бы не было нагоды даваць журналістам узнагароды толькі за тое, што яны сумленна выконваюць сваю працу — інфармуюць, каментуюць, тлумачаць, зазначыў на цырымоніі кіраўнік журы Тэа Сомер.

Але на ўсходзе Еўропы, падкрэсліў выступоўца, журналістам даводзіцца выконваць свой прафесійны абавязак ва ўмовах, калі ўлады топчуць свабоду выказвання. Прычым сітуацыя са свабодай слова ў шэрагу постсавецкіх краін толькі пагаршаецца. Асабліва гэта характэрна для Расіі, дзе “свабода выказвання ўсё часцей успрымаецца як антыдзяржаўная пазіцыя” і адпаведныя медыі здушваюцца, зазначыў старшыня журы.

 

Барбекю ў нарвежскай турме

Жыхарам Нарвегіі — краіны, што стабільна знаходзіцца наверсе сусветных рэйтынгаў свабоды слова — цяжка ўявіць нашы рэаліі. Тут з традыцыйнай павагай ставяцца да друкаваных выданняў, скрозь бачыш, як іх чытае рэспектабельная публіка ў кавярнях.

Так, салідная (і разам з тым дынамічная, кідкая, вострая) “Афтэнпостэн” нават сёння, у эпоху інтэрнэту, мае 220 тысяч асобнікаў друкаванай версіі. Зрэшты, наклад пакрысе зніжаецца, сказалі нам у рэдакцыі, дзе на сцяне — вялікае табло, на якім у рэальным часе адлюстроўваецца, у прыватнасці, колькі наведнікаў зайшло на сайт выдання за апошнюю хвіліну.

Падчас нашай гутаркі там лічба трымалася на ўзроўні дзвюх тысяч з гакам. Паводле журналісткі выдання Хеленэ Шэгестад, штодня сайт наведвае 860 тысяч чалавек. Для пяцімільённай Нарвегіі гэта каласальная лічба.

Рэдакцыя імкнецца манетызаваць кантэнт: толькі восем публікацый на тыдзень можна прачытаць на сайце бясплатна, хочаш болей — раскашэльвайся.

  • Табло ў рэдакцыі “Афтэнпостэн”

Што ж да нарвежскага камфорту для чалавека, то нагадаю: гэта краіна, дзе тэрарыст Андэрс Брэйвік, расстраляўшы 77 чалавек, сядзіць ва ўтульнай, кшталту нашага санаторыя, турме ды яшчэ скардзіцца на халодную каву, адсутнасць інтэрнэта (пры тым што дазволілі карыстацца ноўтбукам).

Для нашай групы журналістаў, дарэчы, зладзілі экскурсію ў турму Осла. Ля аднаго з карпусоў (самага старога, з цёмнай цэглы, спраектаванага на амерыканскі ўзор) у літаральным сэнсе запахла смажаным. Гэта група зняволеных згатавала барбекю і цяпер сціпла балюе на свежым паветры разам з ахоўнікамі, патлумачыў, паказваючы ў кут двара, адказны за бяспеку турмы афіцэр Арвэ Марцінсэн.

  • Арвэ Марцінсэн, супрацоўнік гарадской турмы Осла: “Зняволеныя павінны мець тыя ж грамадзянскія правы, што і людзі на волі”

З журналістамі ён трымаўся шчыра і, у прыватнасці, распавёў, што зняволеныя наракаюць на высокія цэны ў турэмнай краме ды малы выбар тэлеканалаў (іх тут ад дзесяці да сарака): “Хтосьці хоча глядзець арабскі канал, хтосьці — албанскі”.

Я забыў сказаць: тут у тыповай камеры — сучасны пляскаты тэлевізар ды невялічкая лядоўня. Каб не скісала малако, што выдаюць сярод іншага харчавання тутэйшаму кантынгенту.

 

Тэмы, шкодныя для журналісцкага здароўя

А вось у азербайджанскіх турмах, як і ў беларускіх, малако ды барбекю не прапануюць. Тут пахне смажаным зусім у іншым сэнсе.

Азербайджанскі журналіст і праваабаронца Ідрак Абасаў, які ўцёк ад пераследу і цяпер жыве ў Нарвегіі, прыйшоў на цырымонію ў Нобелеўскі інстытут у чорнай майцы з выявай сваёй суайчынніцы Хадзіджы Ісмаілавай. Лаўрэатка прэміі Буцэрыуса 2012 года, якая расследавала, у прыватнасці, фінансавыя справы сям’і Аліевых, цяпер у сябе на радзіме за кратамі.

На тле таго, што распавёў мне Абасаў пра тамтэйшыя расправы з журналістамі ды іншымі крытыкамі рэжыму (маўляў, як двойчы два могуць падкінуць наркотыкі, зброю, звінаваціць у шпіянажы на карысць Арменіі ці Ірана), беды беларускай недзяржаўнай медыясферы могуць падацца дробязямі жыцця.

У Азербайджане некалькі журналістаў і блогераў сядзяць у турме, увогуле ж палітзняволеных, як падлічылі праваабаронцы, блізу васьмі дзясяткаў. У краіне, куды нядаўна лётаў на Еўрапейскія гульні Аляксандр Лукашэнка, незалежныя медыі на сёння зачышчаны амаль што татальна. У прыватнасці, некалькі месяцаў таму разграмілі тамтэйшае бюро радыё “Свабода”.

Зрэшты, і ў Расіі сёння пісаць праўду (у прыватнасці пра вайну на Данбасе) становіцца шкоднай для журналісцкага здароўя справай.

Гэта зведалі на сваёй шкуры калегі з газеты “Псковская губернія”, рэдакцыя якой таксама атрымала сёлета супольную прэмію “Цайт” і “Фрыт орд”.

Выданне стала шырока вядомым па-за межамі рэгіёна пасля таго, як сябар рэдкалегіі, мясцовы дэпутат Леў Шлосберг разам з таварышамі зладзіў летась расследаванне гібелі пскоўскіх дэсантнікаў на Украіне. Неўзабаве пасля выкрывальніцкай публікацыі пра патаемнае пахаванне пад Псковам “груза 200” — кантрактнікаў 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі — Шлосберга жорстка збілі невядомыя.

Вялікай групай былі прадстаўлены на цырымоніі ў Нобелеўскім інстытуце украінскія журналісты. Адным з лаўрэатаў стаў рэдактар інтэрнэт-выдання “ОстроВ” Сяргей Гармаш. Ён распавёў мне, што летась мусіў з’ехаць з Данецка ў Кіеў пасля таго, як вокны яго дома абстралялі з “Калашнікава”.

Давялося з’ехаць з Крыма, пакінуўшы свой дом, і яшчэ адной сёлетняй лаўрэатцы прэміі Буцэрыуса — Валянціне Самар.

Ды і іншая лаўрэатка — Галіна Цімчанка, колішняя рэдактарка раскручанага рэсурсу Lenta.ru, мусіла летась, “пасля Крыма”, калі ў расійскай медыйнай прасторы дэ-факта ўсталявалася цэнзура, памяняць Маскву на Рыгу ды распачаць там новы праект Medusa.io.

Дарэчы, калі я быў нядаўна ў Казахстане, то дзеля спартовага інтарэсу пераканаўся, што сайт “Медузы” там заблакаваны. Паводле версіі рэдакцыі, казахстанскія ўлады не ўпадабалі публікацыю пра рэгіён, дзе рускамоўныя складаюць ладную долю насельніцтва, бо журналісцкае расследаванне ставіла пытанне, ці магчымая “Усць-Каменагорская народная рэспубліка”.

 

У постсавецкіх рэжымаў — падобныя рэфлексы

Як бачым, постсавецкія аўтарытарныя рэжымы маюць падобныя рэфлексы: уедлівая, прынцыповая журналістыка ім бы костка ў горле. Адзін у аднаго пераймаюць “перадавы досвед”. Так, змены ў беларускі закон аб СМІ, скіраваныя на блакаванне сайтаў, вельмі нагадваюць тое, што раней зрабілі казахстанскія улады (толькі яны адпаведным чынам “падкарэктавалі” закон аб сувязі).

Так, усё пазнаецца ў параўнанні. На тле азербайджанскай расправы з рэшткамі незалежнай прэсы будні беларускіх журналістаў выглядаюць не такімі ўжо суровымі. Тутэйшая дыктатура — балотная, тваністая, гібрыдная.

Але ў гэтым і палягае яе падступнасць. Тутэйшая вертыкаль ўважае за лепшае браць журналістаў на змор: прыхаванай дыскрымінацыяй (адмаўляюць у распаўсюдзе газет праз пошту і саюздрук), штрафамі (папулярны рэпрэсіўны трэнд — суды за працу без акрэдытацыі), накіданнем самацэнзуры.

Менавіта да самацэнзуры падштурхоўваюць цяпер улады вэб-журналістыку, падвесіўшы над ёй дамоклаў меч блакавання.

Разам з тым, Мінск распачаў чарговую перадвыбарчую гульню з Захадам, і гэтым разам у Лукашэнкі нумар можа атрымацца, бо Плошчу, магчыма, разганяць не давядзецца праз яе адсутнасць.

Аднак змякчэнне ў дачыненнях Мінска з Еўропай не абяцае беларусам цывілізаваных перспектыў а-ля Нарвегія, не абяцае ўвогуле ніякага прагрэсу, калі не ўпірацца рогам дзеля свабоды, у тым ліку і свабоды слова. Іначай нам свеціць хутчэй што азербайджанізацыя.

Фота: Пер Оскар Шэльнан (Fritt Ord), Аляксандр Класкоўскі.

Осла — Мінск

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: