Вы здесь

Рамяство. Тэма смерці збярэ больш лайкаў

Ремесло

Размова з цяжкахворым чалавекам – складанае выпрабаванне, а для журналіста яшчэ і праверка на карэктнасць, гуманнасць, міласэрнасць.

Карэспандэнт “Нашай Нівы” Арцём Гарбацэвіч, аўтар сюжэту “Марыя і Саша: неімаверная гісторыя кахання хворай на рак 18-гадовай дзяўчыны”, расказвае, як зрабіць кранальны матэрыял і пры гэтым не закрануць пачуцці героя.

 

У кожнага – свая гісторыя

Адзін мой знаёмы расказаў гісторыю свайго аднакурсніка, які сустракаўся з Машай – гераіняй сюжэту, а потым кінуў яе, калі даведаўся пра хваробу. Я падумаў, што з гэтага можа атрымацца нядрэнны матэрыял. Звязаўся з дзяўчынай. Яна была не супраць сустрэчы, але ў той час знаходзілася ў Бараўлянах. Мы паехалі ў бальніцу, пагаварылі з маці дзяўчыны і пагадзіліся на тым, што прыедзем да іх у Ветку, калі Марыю чарговы раз адправяць дадому.

Пры сустрэчы мы прагаварылі гадзіны паўтары, праўда, з перапынкамі – хвароба не дазваляла. Мы гаварылі пра ўсё: ад дзяцінства да будучыні. Маша вельмі адкрытая дзяўчына. Яна сама ахвотна распавяла пра іх матэрыяльнае становішча, пра смерць бацькі. На мае пытанні рэагавала нармальна. Толькі пра некаторыя тэмы яна па-дзявочы саромелася гаварыць   пра мужчын, напрыклад, пра стасункі, але потым раскрылася і ўсё пайшло добра.

 

Абходным шляхам

Здымаць дзяўчыну было нескладана. Што да яе знешняга стану – то мы нічога не абыходзілі. Наадварот, гэта такі момант, які стварае большае ўражванне для гледача. Ды яна сама не была супраць. Адзінае – не дазволіла здымаць сябе лысай. Мы і не настойвалі. Гэта зразумела – дзяўчына заўжды павінна быць прыгожай.

Хацелася, канешне, яе хлопца больш паказаць, але ён такі, што шмат не паставіш – не шматслоўны просты хлопец, які працуе на будаўніцтве.

Быў там іншы, складаны момант. Марыя  сама не ведае, наколькі яна хворая. Калі мы прыязджалі ў Ветку, ёй толькі праз некалькі дзён спаўнялася 18 гадоў, таму дактары нічога ёй не казалі. Ведала пра цяжкую хваробу толькі маці.

Сама Маша спадзявалася, што ўсё будзе добра. Яна песціла сябе думкамі, што яшчэ акрыяе. Толькі часам прызнавалася, што ёй страшна. Таму трэба было абыйсці тэму смерці. Мы не павінны былі даць ёй зразумець, што яна амаль вырашана.

Калі разважаць па-журналісцкі, то калі б я мог напісаць у загалоўку пра смерць, то матэрыял, напэўны, сабраў бы больш праглядаў ці лайкаў.

 

Каб здзейснілася мара

Мы сочым за дзяўчынай і хочам зрабіць рэпартаж з яе вяселля, якое мусіла адбыцца яшчэ напрыканцы гэтага месяца. Мы сабралі грошы на паездку ў Тайланд. Яна казала, што марыць пра падарожжа ў гэту краіну. Хацелася дапамагчы, каб мара яе ажяццявілася.

На жаль, маці кажа, што Маша пакуль не ў стане кудысьці далека ляцець. Наколькі я ведаю ад родных дзяўчыны, вяселле адклалі, таму што Маша ў рэанімацыі.

 

Замест эпілогу

Мы хацелі паказаць – вось як яно бывае. Канешне, тут ёсць праблема радыяцыі ў нашай краіны, але кожны пасля прагляду, напэўна, падумае пра нешта сваё.

Гісторыя зроблена для такого, каб зрабіць жыццё гэтай дзяўчыны і яе бацькоў крыху лягчэйшым. Такіх гісторый, напэўна, тысячы, проста мы іх не ведаем. Таму я не скажу, што я быў асабліва ўражаны.

Але, канешне, шкада маладую дзяўчыну, якая, па сутнасці, нікуды не выязджала, нічога ў жыцці не бачыла… Жыццё, якое павінна квітнець, ўжо заходзіць. Усё гэта вельмі ўныла.

Ганна Шафялюк адмыслова для Mediakritika.by

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: