Вы здесь

Валярына Кустава: Будучыня ў беларускай культуры ёсць - і гэта для мяне факт

Интервью

«Чаго яшчэ болей трэба:

Дзеўка. Паэт. Неба.

Дзеўка-паэт. Неба.

Дзеўка-паэт-неба.

Чаго яшчэ болей трэба?

Дзеўка Неба – паэт».В.Кустава

 

Валярына Кустава - не просто паэт, літаратар, аўтар тэлевiзiйных праектаў, эсэіст. Гэта - «Дзеўка-Неба», дзеўка-паэт, якая не пiша – адчувае, перажывае и перадае на паперу гэтыя адчуваннi. Калі яна чытае свае вершы, яна як быццам ловіць нітачку, звязаную з Космасам - так шчыра і натхнёна яна перадае кожнае слова, кожную думку, кожную рыфму.

Валярына - ці не праўда ў яе вельмі паэтычнае імя? А з'явілася яно, калі дзяўчыне споўнілася 16 гадоў,  i прыдумаў яго мовазнаўца Геннадзь Тумаш, як адно непаўторнае вытворнае ад імя Валерыя. І сапраўды непаўторнае, таму што няма такой іншай Валярыны... Аднак пісаць вершы паэтка пачала задоўга да 16 гадоў, як звычайна кажуць, пачала раней, чым хадзіць. Мала хто можа пахваліцца тым, што стаў публікавацца ў ... 6 гадоў. А ў 12 была выдадзена першая кніга Валярыны. За плячыма гэтай дзеўкі-паэта шмат вершаў, кніг, тэлевізійных праектаў і культурнай дзейнасці, таму не дзіўна, што са сваімі пытаннямі аб культурнай журналістыцы я звярнулася менавіта да яе.

Некаторыя лічаць, што ў сучасным свеце культурная журналістыка памерла. А што Вы пра гэта думаеце, Валярына?

Так, як правіла, лічаць тыя, хто не цікавіцца самой культурай, а таксама працэсамі і дыскусіямі, што ў ёй адбываюцца.. Я займаюся культурніцкай аўтарскай журналістыкай (і атрымліваю даволі шмат водгукаў). Чытаю аўтараў, якія ўжо ёсць гуру ў названай галіне, што маюць папярэднікаў і наступцаў. Значыць, яна жывая. Вось так!

Якой  павінна быць беларуская журналістыка сёння? Як трэба яе падаваць, каб яна дайшла да свайго чытача ці гледача?

Мне здаецца, што цяпер чакаюць і здольныя ўслухацца перадусім у вельмі асабістыя тэксты, але з тэндэнцыйнымі высновамі. Усё нібыта аб’ектыўнае ў аўтарскіх арытыкулах і праграмах – найчасцей толькі ўяўнасць. Таму лепей адстойваць пазіцыю, якая сапраўды ў табе саспела. Я, калі хочаце, за суб’ектыўную аргументаваную аб’ектыўнасць. Таксама варта быць непрадказальным, яркім у падыходах і з’явах, ды запамінальным у сваіх вобразах і стылі, а таксама, безумоўна, ведаць пра што гаворыш.

Вельмі часта людзі блытаюць палітыку і культуру. А як на самой справе? У сучаснай Беларусі гэтыя паняцці перасякаюцца ці не звязаныя?

Тое, што яны перасякаюцца, можа не заўважыць толькі сляпы. Проста ў сучаснай Беларусі, на жаль, культура стаіць вельмі шчыльна ля палітыкі – як тая маладая дзяўчына, а палітыка хамавата ўвесь час спрабуе яе прыабняць сваёй шырокай даланёй. Пры чым – з усіх бакоў. Я перакананая, што акурат большасць творцаў хочуць адасобіцца ад палітыкі. Не заўжды выпадае. Часта папросту немагчыма адасобіцца – бо табе баліць тое, што адбываецца навокал, бо сваё, бо поруч. І гэта натуральна. А часам – бо творцу ставяць у безвыходнае становішча: выбірай – з намі ці супраць нас. А творца нікому нічога не вінны, апроч якасных тэкстаў, натхняльных карцін, узрушальных спектакляў і фільмаў – якія зробяць не менш, чым любая палітыка.

Як думаеце, чаму ў Беларусі вельмі мала гучных імёнаў?

Чаму мала? Мне здаецца – шмат. І ў культуры, і ў спорце, і ў навуцы. Іншая справа – Беларусь, на жаль, бывае завузкай для рэалізацыі – і некаторыя з’язджаюць. Беларусь краіна, што не даруе памылак перадусім сваім. Тут цяжка пачынаць спачатку. А любы, хто потым зробіць вялікую крутую справу, цяпер, ідучы да яе, можа зрабіць некалькі памылак. Што натуральна, увогуле. Можна прыгадаць таго ж легендарнага Барыса Кіта. Пра яго не ведаюць толькі лянотныя беларусы, якія напраўду папросту не цікавіліся гучнымі імёнамі. Цяпер на слыху – Сяргей Міхалок, Святлана Алексіевіч. Стаўленне да іх можа быць розным. Але яны – беларусы, пра якіх гавораць. Дар’я Домрачава, Вікторыя Азаранка, Аляксандр Глеб, Руслан Салей… Рэпер Сярога, паэт-палітык Уладзімір Някляеў.

Алесь Разанаў вядомы па-за межамі Беларусі паэт, пра Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна чула Еўропа. “Песняры” з Уладзімірам Мулявінам гучалі на ўвесь свет. З сучаснікаў – мега-мозг і стваральнік Tut.by Юры Зісер.  Гэта так, першых каго ўспомніла.

Лічыце, трэба беларускай культуры для далейшага яе развіцця - вяртанне да традыцыйных каштоўнасцяў або магчымасць прытрымлівацца павевам сучаснасці?

Нацыянальныя каштоўнасці, пададзеныя ярка, цікава, сучасна – гэта нас выратуе.

Размаўляючы з паэткай і журналісткай, немагчыма не закрануць яе асабістую творчасць. 

Чытала вашы вершы, а раскажыце, ці у вас ёсць любімы лірычны герой?

Мае лірычныя гераіні розныя. Некаторыя мудрэйшыя за мяне, больш разважлівыя, задуменныя і назіральныя, яны любяць далёкія самотныя падарожжы ў горы, глядзець на неба гадзінамі, размаўляць з Богам. Іншыя – капрызлівыя, вясёлыя, жарсныя, абажаюць сядзеяць на каленках у хлапцоў з келіхам шарданэ і цалаваць іх вуснамі з чырвонай памадай. Некаторыя – рамантычныя і ўзнёслыя, заганяюцца над сутнасцю кахання і быцця, носяць балеткі і шырокія спадніцы. А адна лірычная гераіня – маленькая дзяўчынка, якая ходзіць ў джудовых жоўтых кароткіх шорціках, жуе жэлацінавых мішак  і ціскаецца са шчанюкамі, і вельмі шчаслівая ад таго, што яна ёсць. Мае гераіні – часам і не ведаю, чаго ад іх чакаць, што яны яшчэ могуць выкінуць…

А што чытаеце вы? Ёсць любімы паэт і празаік?

Увесь час мае ўлюбёныя аўтары мяняюцца. На сёння любімы паэт – Ларыса Геніюш, а любімы празаік – Міхась Стральцоў. Муж мне чытае яго, калі гатую. А я спяваю яму вершы Геніюш звычайна, калі кудысьці разам спазняемся. Вельмі натхняльна – і бадзёрыць.

Вы пішаце вершы. З дзяцінства. А прозу любіце меньш?

Не, ні ў якім разе. Я б не параўновала гэтыя жанры. Вершы пішуць начамі, прозу – раніцай. Гэта вельмі рознае…

Для вас прымальна ненарматыўная лексіка ў лiтаратурных творах?

Я не ўжываю. Ёсць аўтары жыцця, у якіх гэта арганічна хіба бывае, калі прынагодна. А літаратуру і мастацтва я б – як на свой густ - не засмечвала б другасным і побытавым.

Якой Вам бачыцца будучыня беларускай мовы і беларускай культуры?

Я замілаваная ўжо самім пытаннем. Будучыня ёсць у іх – і гэта для мяне факт. Даводзіць магу доўга.

Наталія Адарчанка, фота Ягор Бабій

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: