Вы здесь

Другасная незалежнасць

Гэтым разам маніторцы Mediakritika.by прааналізавалі, як тэлеканалы асвятлялі тэму святкавання Дня Незалежнасці. Пад увагу маніторцаў трапілі 38 сюжэтаў, якія выйшлі ў эфір з гэтай нагоды на тэлеканале “Беларусь 1”, 20 сюжэтаў – на ОНТ, і ўсяго толькі адзін – на “Белсаце”.

Маніторцы адзначаюць, што сутыкнуліся са складанасцямі датычна таго, якія сюжэты наўпрост трапялі ў тэму. Бо рэпрэзэнтацыя незалежнасці ў афіцыйным дыскурсе выявілася размытай і моцна знітаванай (з аднаго боку з тэмай вайны/перамогі, з іншага - мірнай працай на карысць краіны). З гэтай акалічнасці ў тэматычныя матэрыялы, акрамя відавочна датычных падзеі, трапілі як ваенна-патрыятычныя акцыі, так і рытуальныя ўшанаванні перадавікоў працы, прымеркаваныя да свята. У суме гэтыя падзеі і стваралі, так мовіць, кантэкст Дня Незалежнасці.

На тыдні з 29 чэрвеня па 5 ліпеня на ўсіх трох тэлеканалах былі зафіксаваныя тэматычныя матэрыялы з прыкметамі замоўленасці (або цэнзуры). На тэлеканале “Белсат” такіх сюжэтаў выяўлена 100% ад агульнай колькасці тэматычных (1 з 1), на ОНТ - 95% (18 з 19), на “Беларусь 1” - 87% (34 з 39).

Дзень Незалежнасьці ў сённяшняй беларускай версіі – свята штучнае і, як выявілася, слаба прапісанае. Асноўнай рысай канцэпта незалежнасці ў афіцыйным дыскурсе ёсць ягоная размытасць і несфармуляванасць. Дзеля выяўлення, чым ёсць незалежнасць згодна з афіцыйнай версіяй, прасочым, якім чынам яе тлумачаць аўтары сюжэтаў дзяржаўных тэлеканалаў:

 “Символичный день рождения страны” (“Беларусь 1”, 01.07.2015).

“День Независимости - праздник, объединяющий разные поколения” (“Беларусь 1”, 01.07.2015).

“День, когда ветераны надевают все свои ордена и медали и даже незнакомые люди со слезами на глазах отдают фронтовикам честь и поздравляют друг друга с праздником” (“Беларусь 1”, 03.07.2015).

“Вся страна празднует день независимости, которую завоевали на грани человеческих возможностей. И эту святую память необходимо передавать из поколения в поколение” (“Беларусь 1”, 03.07.2015).

“3 июля, как ни в один другой день, в Беларуси стираются границы времени, расстояния между поколениями и знаковыми местами. Вся страна, весь народ становится единым целым, сообществом людей, объединенных непрерывной историей. Историей, которая могла бы пойти совсем другим путем, если бы не подвиг, мужество и героизм предыдущих поколений. Свидетельства о них - в этом месте, ставшем священным для каждого белоруса. Но история не терпит сослагательных наклонений и дорогой победителей, выстраданной всем нашим народом, мы пришли к подлинной независимости, осознавая, что она далась нам дорогой ценой, чтобы мы стали и оставались хозяевами на своей земле. Для многих народов это мечта. Для белорусов она сбылась” (“Беларусь 1”, 05.07.2015).

Няўцямнасць рэпрэзентацыі гэтага феномену круціцца вакол пытання, якое агучыў у сваім адзіным тэматычным матэрыяле тэлеканал “Белсат”: “Дзень Незалежнасці ці чарговае 9 траўня?” (“Белсат”, 03.07.2015).

Пры аналізе сюжэтаў на тэму незалежнасці маніторцы Mediakritika.by вымушаныя былі што раз звяртацца да кейса 9 траўня, бо незалежнасць у афіцыйным дыскурсе, сапраўды, наўпрост знітаваная з ілюзіяй перамогі (ці дакладней - “Вялікай Перамогі”).

Сам канцэпт незалежнасці пры гэтым жорстка прывязаны да вызваленьня Мінска ад немцаў 3 ліпеня 1944 г., калі уласна перамога была яшчэ невідавочнай.  Меж тым перыяд з 1944/45 па 1991 год (часы БССР), а таксама выхад са складу СССР, абвяшчэнне незалежнасці 27 ліпеня 1991 года і існаванне краіны да 1996 года, калі па выніках рэферэндуму Дзень Незалежнасці і сталі адзначаць 3 ліпеня, фактычна не артыкулююцца.  Напрыклад так тлумачыць гледачам сутнасць незалежнасці вядоўца праграмы “Контуры”:

"Вы, наверняка, заметили, что в одних странах День Независимости становится действительно общенациональным праздником, а в других, сколько ни старайся – даже объявлением выходного дня, – не получается. Тому, конечно, можно найти множество объяснений. Но ответ проще, чем можно предположить. Цена. За эти основополагающие для нации понятия – свобода и независимость – не платят простыми декларациями. Нет, они, конечно, нужны, но уже позднее. Как элемент, позволяющий юридически зафиксировать нечто гораздо более важное. Декларация – это все равно, что чемпионский пояс для боксера или медаль для олимпийца. При желании ты можешь купить их в магазине, надеть и даже сфотографироваться. Но это не сделает тебя чемпионом. Так и со странами. Без победы не бывает независимости. И только те страны, которым дорого дались независимость и свобода, чтут этот день. 71 год назад, очистив Минск от немецких войск, мы победили в битве за свою свободу. Народ огромной страны, частью которой была Беларусь, заплатил за эту победу максимальную цену – жизнь. Поэтому для всех нас день 3 июля стал настоящим праздником, объединяющим нацию" (ОНТ, 05.07.2015).

“Большинство экспертов, которые подчас совершенно по-разному оценивают одни и те же общественные процессы, в данном случае сходятся во мнении: тест на самостоятельность Беларусь прошла едва ли не лучше, чем кто-либо из соседей по бывшему СССР. Практически не имея собственной сырьевой базы, стране удалось создать экономическую модель, которая обеспечивает востребованность всех слоев белорусского населения. Говоря проще, каждый, имея возможность делать то, что ему нравится, вносит свой вклад в общее благополучие. Это и есть гармоничное развитие страны, или иначе – стабильность” (ОНТ, 05.07.2015)

Вымалёўваецца простая формула: (Перамога х Ударная праца) + Мір = Незалежнасць. Героі мінулага (ветэраны) памножаныя на герояў нашага часу (перадавікоў вытворчасці). Ветэраны неймаверным чынам здабылі нам свабоду (яна ж перамога і незалежнасць) у 1944, таму што разбілі нямецкіх захопнікаў. Мы помнім, ганарымся і працуем пад мірным небам дзеля будучыні.

“Конечно же, ветераны” - галоўныя актары гэтага свята. Новай жа генерацыі застаецца роля ўдзячнага рэзанатара: шануем, ганарымся, памятаем і замацоўваем поспехі. Змястоўна і ідэйна 3 ліпеня - другаснае свята,  фактычна паслямоўе Дня Перамогі, робяць выснову маніторцы.

Пры гэтым адбываецца істотная дэвальвацыя прапагандысцкай моцы: замест запазычанага уладай класічнага савецкага міфа “(нашай) Вялікай Перамогі” тыражуецца значна слабейшы мэсідж “дзякуй ветэранам за свабоду і незалежнасць”. Замест моцнага дыскурса “народа-пераможцы” ў эфіры гучаць значна слабейшыя “усенародная ўдзячнасьць” і “мірная праца”. Замест ваеннага подзвіга ў цэнтры ўвагі апынулася пастаральная штодзённасць - хай сабе і з ахвярным ваенным мінулым.

У адрозненні ад тэмы перамогі, якая мае відавочны геапалітычны акцэнт на стасункі з суседзямі, свята незалежнасці на дзяржаўных тэлеканалах выглядала “нашым хатнім святам” - сваі сярод сваіх. Рэклямаваліся не падзеі ды дзеянні, а атмасфера ў грамадстве. Таму і сюжэты з большага былі не змястоўнымі, а атмасфернымі.  Калі 9 траўня і “Беларусь 1”, і ОНТ працавалі на прамоцыю моцнай улады, што сталася нашчадкам і абаронцам перамогі, то 3 ліпеня акцэнт быў зроблены на дэманстратыўна-дэкаратыўнае адзінства нацыі, апафеозам чаго сталася ўсенароднае выкананне гімна.

Дзень Незалежнасці дзяржаўныя тэлеканалы называлі не інакш, як “главный праздник страны”. Тым не менш, пра ягоны статус своеасаблівага паслямоўя да 9 траўня сведчаць і лічбы маніторынга: прысутнасць ў эфіры тэмы незалежнасці суразмерна з нетэматычнымі матэрыяламі падчас асвятлення тэмы перамогі: менш за палову эфірнага часу (для параўнання: перамога займала мінімум дзве траціны ад агульнай колькасці сюжэтаў ў адпаведны перыяд).

Пра другаснасць незалежнасці ў кантэксце 9 траўня сведчаць і візуальныя рашэнні: з 1 ліпеня на вядоўцах і журналістах дзяржаўных тэлеканалаў з’явіўся афіцыйны беларускі сімвал... перамогі - чырвона-зялёная стужка з кветкай яблыні. Таксама з такой стужкай з’яўляліся і некаторыя героі рэпартажаў - нават тых, што не мелі ніякага дачынення да тэмы незалежнасці (так, з яблыневым цветам у кадры фігуруе вядоўца расейскай праграмы “Поле чудес” Леанід Якубовіч у сюжэце пра свой візіт у беларускую вёску Якубавічы - ОНТ, 04.07.2015). Таксама “Панарама” (“Беларусь 1”) з 1 па 3 ліпеня выходзіла з адмысловым святочным чырвона-зялёным афармленнем – як лагатыпа канала, так і тэматычныхі заставак. Лагатып са сцягам і гербам з’явіўся 3 ліпеня і на ОНТ.

Сярод сюжэтаў на тэму незалежнасці былі  матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці: тэлеканал ОНТ паведамляў пра сваю ангажаванасць у арганізацыю гала-канцэрта на Дзень Незалежнасці (ОНТ, 30.06.2015, 04-05.06.2015). Адмысловы сюжэт быў прысвечаны ініцыятыве рэдакцыі “СБ. Беларусь сегодня” падараваць да свята падпіску вэтэранам і інвалідам (“Беларусь 1”, 01.07.2015). Таксама ў пазітыўным кантэксте (дапамагаюць аднаўляць помнікі вайны) на ОНТ узгадваецца шэраг камерцыйных кампаніяў (ОНТ, 02.07.2015). Аднак той самы бізнесовец Юры Чыж у аналагічных сюжэтах на ОНТ праходзіў як “генеральный директор компании “Трайпл”, а вось на “Беларусь 1” - проста як “гендиректор коммерческой компании”. На “Беларусь 1” і “Белсаце” тэматычных матэрыялаў з пракметамі карпаратыўнай замоўленасці не зафіксавана.

Замоўныя матэрыялы на тэму замежжа ў кантэксце незалежнасці мела свой нюанс. Замежныя сюжэты выкарыстоўваліся як фон для дэманстрацыі уласнай значнасці. “Беларусь 1” скарысталася ўкраінскім сюжэтам, зрабіўшы матэрыял як бежанцы з гэтай краіны “привыкая к спокойной жизни”, “учатся не бояться за свою жизнь и жизнь своих детей. И начинают строить планы на будущее” (“Беларусь 1”, 05.07.2015). ОНТ зрабіў матэрыял з грузінскімі сваякамі жаўнера, што лічыўся зніклым, але, як выявілася, загінуў падчас другой сусветнай пры вызваленні Пінска і зараз ягонае імя ёсць на мемарыялы, што зрабілі гарадскія ўлады (ОНТ, 05.07.2015). Таксама ОНТ праз украінскі сюжэт пра недахоп медычных сродкаў уцекачам з Данбаса вуснамі жыхаркі Ўкраіны нагадаў мясцовым гледачам пра выгоды жыцця ў Беларусі: 

“Ольга Доценко, гражданка Украины: “В стране нужно ценить мир. Очень нравится ваш президент, вот так, как он поставил в государстве – ни от кого не зависеть. И знаю, что у вас порядок на сегодняшний день, и клиники такие, а у нас вся медицинская система осталась, как при совдеповских временах” (ОНТ, 02.07.2015).

У тэматычных матэрыялах на ўсіх трох тэлеканалаў былі зафіксаваныя парушэнні прафесійных стандартаў балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад меркаванняў, даставернасці, дакладнасці і аператыўнасці ў падачы інфармацыі.

Абсалютным лідэрам парушэнняў у адсоткавым вымярэнні (100%) стаўся тэлеканал “Белсат”. Ягоны адзіны за перыяд маніторынгу тэматычны матэрыял пра свята быў зроблены з парушэннем усіх вышэй пералічаных стандартаў.

Сюжэт пад назвай “Дзень (не)залежнасці” выйшаў у эфір непасрэдна 3 ліпеня. Гэта быў не рэпартаж пра падзею, а хутчэй спроба праблематызацыі феномена афіцыйнага свята. Сюжэт стаўся міксам з элементаў рэпартажу (ускладанне Аляксандрам Лукашэнкам вянкоў да манумента перамогі), навінавых флэшбэкаў (віншаванні Пуціна, што здарыліся напярэдадні, выступ Лукашэнкі 1 ліпеня на сходзе з нагоды дня незалежнасці, з якога была “дарэчы” ўзята цытата - гэтыя падзеі не асвятляліся тэлеканалам раней), vox populi на тэму “а ці ёсць у Беларусі незалежнасць”. Эксперт апытваўся як непасрэдна з нагоды свята, так і пра нядаўна аб’яўленыя выбары. Гэтыя блокі аўтар сюжэта звязвае ўласнымі разважаннямі на тэму другога прышэсця ветэранаў на экраны, расейскіх крэдытаў, пятага тэрміна Лукашэнкі і (не)задаволенасці Масквы наяўным кіраўніком Беларусі.

Характэрныя цытаты:

"Пра якую незалежнасць гаворка вядома і без словаў. 3 ліпеня 1944 года савецкія войскі ўвайшлі ў Менск. І ўжо дзевятнадцаты год менавіта гэты дзень з ініцыятывы ўсё таго ж Лукашэнкі адзначаюць як дзень рэспублікі ва ўсёй Беларусі" (“Белсат”, 03.07.2015).

"Але адзначаць незалежнасць у той дзень, у які краіна яе атрымала, відаць, не ў трэндзе. Ды і ці мае Беларусь гэтую самую незалежнасць - таксама вялікае пытанне" (“Белсат”, 03.07.2015).

(у працяг меркавання жыхаркі Менску, што для сапраўднай незалежнасці ў Беларусі зашмат крэдытаў) “Больш за тое, ад паступлення чарговага крэдыту з Крамля будзе залежыць і тое, ці ўдасца Лукашэнку падтрымаць аслаблую беларускую эканоміку перад сёлетнімі прэзідэнцкімі выбарамі” (“Белсат”, 03.07.2015).

(у працяг меркавання эксперта) “[Гэтыя выбары могуць быць] апошнімі ў тым выпадку, калі Лукашэнка перастане задавальняць Крэмль або пакуль Масква не вырашыць пацягнуць Беларусь назад у імперыю. Пакуль жа ў Менску чакаюць святочнага салюта і прымаюць віншаванні. Адным з першых з днём незалежнасці Лукашэнку павіншаваў кіраўнік Расеі” (“Белсат”, 03.07.2015).

У выніку гледачы замест ўяўлення пра падзею дня (хто, дзе, калі, як святкавалі?) і/ці - у выпадку, калі гэта праблемны сюжэт - сацыяльна-палітычныя акалічнасці, шлейф з якіх мае за сабой афіцыйны дзень незалежнасці, гледачы атрымалі кавалкі для пазла, з якіх можа атрымацца адна карцінка - з негатыўным вобразам улады.

Іншымі словамі, “Белсат”, замяніўшы інфармацыйную нагоду для рэпартажа на рытарычную, у адным сюжэце паіранізаваў над штучнасцю афіцыйнага свята і ў чарговы раз выставіў уладзе эканамічныя і палітычныя рахункі.

Больш падрабязна вынікі зафіксаваныя ў табліцах

Поўны тэкст маніторынгу тут

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

Маніторынг закрануў 224 матэрыялы[1], якія выйшлі ў эфір выніковых вечаровых выпускаў навінаў з панядзелка па нядзелю[2] на дзяржаўных тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ і недзяржаўным тэлеканале «Белсат».

Маніторынг меў тэматычныя абмежаванні: быў сфакусаваны на матэрыялах, датычных тэмы святкавання афіцыйнага дня незалежнасці (3 ліпеня). Пад разгляд трапілі праграмы “Панарама” і “Галоўны эфір” (“Беларусь 1”), “Наши новости” і “Контуры” (ОНТ), “Аб’ектыў” (“Белсат”), што выйшлі ў эфір з 29 чэрвеня па 5 ліпеня 2015 года. Агульная колькасць сюжэтаў у праграмах вечаровых навінаў на “Беларусь 1” склала 104, на ОНТ – 69, на “Белсаце” – 51.

Усе сюжэты выніковых навінаў на тыдні маніторынгу былі прагледжаныя і класіфікаваныя. Класіфікацыя адбывалася па трох пунктах:

1) сюжэты, што наўпрост тычацца заяўленай тэмы маніторынгу;

2) сюжэты, што маюць тэму ў якасці дадатковага сюжэта ці ўтрымліваюць згадку пра яе;

3) сюжэты, якія не тычацца тэмы і не ўтрымліваюць тэматычных згадак.

Сюжэты, што наўпрост тычыліся заяўленай тэмы (п.1) і сталіся аб’ектамі маніторынгу, які складаецца з трох частак:

1) маніторынгу матэрыялаў, што маюць прыкметы замоўленасці, цэнзуры альбо прапаганды;

2) маніторынгу замоўчаных навінаў;

3) маніторынгу адпаведнасці стандартам інфармацыйнай журналістыкі.

Для маніторынгу няважна, якія абставіны (прычыны) прывялі да згаданых парушэнняў у выпусках тэлевізійных навінаў: ці гэта цэнзура з боку ўладаў, ці самацэнзура журналістаў, ці нізкі прафесійны ўзровень. Сутнасць праблемы палягае ў тым, што глядач атрымлівае перадузятую інфармацыю, то бок створаную на карысць аднаго з бакоў. Да таго ж яго пазбаўляюць адэкватнага разумення падзеяў і працэсаў, што адбываюцца ў краіне.

Матэрыялы, што ўтрымліваюць згадкі або маюць у сваёй структуры тэматычныя падсюжэты такога кшталту, не разглядаліся на прадмет замоўленасці і адпаведнасці стандартам інфармацыйнай журналістыкі. Але яны былі ўлічаныя пры вызначэнні адсотку тэматычных матэрыялаў, каб найбольш дакладна пазначыць прысутнасьць тэмы ў эфіры.

[1] Гэта агульная колькасць сюжэтаў, што выйшла ў эфір на тыдні маніторынгу. За адзінку бралася паведамленне, якое мела пэўна вызначаны пачатак і заканчэнне. Выключэнне складалі дайджэст міжнародных навінаў “За рубежом” і эканамічная праграма “В курсе” (телеканал “Беларусь 1), якія складаліся з некалькіх кароткіх паведамленняў  – яны лічыліся за адзін матэрыял.

[2] На тэлеканале “Белсат” у нядзелю праграмай не прадугледжаныя вечаровыя навіны, таму маніторынг закрануў выпускі “Аб’ектыва” з панядзелка па суботу.

 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: