ОБ АВТОРЕ

Журналист, обозреватель, специалист в области Public Relations.

Окончил биофак БГУ. Карьеру журналиста начал в 1995 году в журнале «Дело». Cотрудничал с «Белорусской деловой газетой» до ее закрытия, газетой «Московский комсомолец в Белоруссии», «Бизнес-леди», «Финансовый директор», «Детективной газетой», порталом BEL.BIZ, информационным агетством «Интерфакс».

Был собкором в Беларуси российского информагентства Stringer. Занимал должность заместителя директора радиостанции «Сталіца».

Работал PR-менеджером в «Международной финансовой корпорации» (IFC).

С весны 2010 года – собственный корреспондент в Беларуси российского федерального издания «Газета.Ru».

С января 2013 года – снова работает в БДГ (теперь под брендом «БДГ Деловая газета»).

Вы здесь

Юры Дракахруст: “Павінна быць дыстанцыя паміж аглядальнікам і палітычнай сцэнай”

Интервью

У самым разгары чарговая кампанія па выбарах прэзідэнта – і гэта, як і належыць, зрабілась найбольш актыўна асвятляемай палітычнай падзеяй года. Прэзідэнцкая кампанія – гэта заўсёды спякотны час для палітычных журналістаў і аглядальнікаў. Спякотны ды небяспечны, калі ўспомніць, якімі драматычнымі падзеямі суправаджаліся ўсе выбары прэзідэнта ў гісторыі Беларусі.

Пра тое, якія існуюць правілы асвятлення выбараў, і якія ёсць асаблівасці асвятлення менавіта гэтай выбарчай кампаніі, Mediakritika.by цікавіцца  ў тых, хто апускаецца ў гэтыя пытанні глыбей за іншых – у беларускіх палітычных журналістаў і аглядальнікаў. Сёння пра свае прафесійныя падыходы нам распавядае палітычны аглядальнік “Радыё Свабода" Юры Дракахруст.

- З пункту гледжання працы палітычнага журналіста, палітычнага аглядальніка, цяперашнія палітычныя выбары – чым яны адрозніваюцца ад выбараў 2010 году?

- Я бы сказаў так: яны адрозніваюцца і ад выбараў 2010 году, і ад выбараў 2006 году тым, што сярод кандыдатаў няма палітыка, які б заклікаў на плошчу. Плошча, зразумела, можа здарыцца, але такога канцэпту – што “ўсё вырашыць Плошча” – яго няма. Акрамя таго, адрозненне, я б сказаў – істотнае адрозненне, палягае ў тым, што ад дэмакратычных сілаў будзе толькі адзін кандыдат. Гэта значыць, што паўтараецца сітуацыя 2001 году. (Так, нехта можа сказаць, што гэта не ад дэмакратычных сілаў, і што спадарыня Караткевіч – увогуле не дэмакратка, але тым не менш.)

Механізм тут, зразумела, зусім іншы – тады гэта было нейкае пагадненне, зараз – проста так збегліся абставіны. Але для галасавання, на выбарчым участку, гэта, насамрэч, мае другаснае значэнне. Бо ў звычайнага выбаршчыка, які прыйшоў галасаваць, такая логіка – во, гэта Лукашэнка. Ён нешта не тое робіць. А хто супраць яго? Вось, яна адна. За яе і прагаласую – солі на хвост насыплю. І гэта асаблівасць цяперашняй кампаніі, бо і ў 2006-м, і ў 2010 годзе, як мы ведаем, было інакш.

- Ці сфармулявалі вы самі для сябе нейкія правілы, якіх варта прытрымлівацца пры асвятленні гэтых выбараў?

- Я для сябе ў сэнсе асвятлення палітычных падзеяў, і ў тым ліку выбараў, прытрымліваюся правіла, якое ў свой час сфармуляваў Талейран для маладых дыпламатаў: “Поменьше усердия”. Мне здаецца, што павінна быць пэўная дыстанцыя паміж палітычным аглядальнікам і тымі персанажамі, якія, быць можа, нават выклікаюць у яго сімпатыю. Я не кажу пра універсальнасць свайго падыходу. У рэшце рэшт, ведаеце, якраз выбары – гэта такі пік палітычнай актыўнасці, і СМІ – пляцоўка для праяўлення гэтай актыўнасці.

Я дапускаю, што нехта з калегаў можа выступаць у такім публіцыстычным пляне. І гэта не нейкая асаблівасць Беларусі. Умоўна кажучы, у Штатах уключыце FOX News, – вы там шмат убачыце матэрыялаў за дэмакратаў? Я думаю, што ніводнага. У мяне таксама могуць быць нейкія меркаванні, я магу некаму аддаваць перавагу, але я лічу, што ўсё ж дыстанцыя паміж аглядальнікам і палітычнай сцэнай павінна быць.

- Пасля ўсіх тых падзей, што суправаджалі палітычную кампанію 2010 года, якія высновы, урокі вы зрабілі для сябе?

- Самы відавочны ўрок, на мой погляд, тое, што формула “Талакой і бацьку лягчэй біць” – яна не працуе. Калі шмат кандыдатаў, то галасы тых, хто супраць існуючай улады, проста расцярушваюцца паміж імі. Так і адбылося ў 2010 годзе.

Што тычыцца яшчэ якіх вынікаў, то стала зразумелым: Плошча – гэта двусечная зброя. Гэта ўжо выхад за легальнае поле. Тут можа пашанцаваць, як мы гэта бачылі ва Ўкраіне, ці не пашанцаваць – бо гэта такая, па сутнасці, такая міні-грамадзянская вайна. Яе можна выйграць, можна прайграць, але ў грамадзянскіх войнах часта не бяруць палонных.

Ва ўсім свеце, ва ўсёй гісторыі, рэвалюцыі часам здараюцца. Але рэвалюцыя – гэта справа сур’ёзная.

- Як вам асабіста падаецца, у гэтым годзе мас-медыям цяжэй ці лягчэй камуніцыраваць з прадстаўнікамі ўлады?

- Па тым, што я ведаю, магчыма нават і лягчэй. Незалежных журналістаў запрашаюць у нейкія перадачы на БТ, да прэзідэнта. Але ж над беларускімі СМІ вісіць і дамоклаў меч новых законаў, калі інтернет-медыя прыраўнялі да звычайных медыя. У гэтым сэнсе, я думаю, сітуацыя горш, і мы яшчэ паглядзім, як яно будзе далей. Хаця ў рэчышчы нядаўняга вызвалення палітвязняў я не выключаю, што гэты “асфальтавы каток” калі і будзе каціцца далей, то, прынамсі, не надта хутка. Лукашэнка выпусціў палітвязняў таму, што хоча нейкай здзелкі з Захадам. І псаваць магчымасць такой здзелкі нейкімі скандаламі, закрыццём СМІ, ён не стане. Гэта было б не вельмі разумна з яго боку. Тут мае мейсца халодны разлік. Таму, пэўна, на гэтых выбарах нейкая вольніца для СМІ цалкам магчымая.

- Ці ёсць нешта такое, чаго катэгарычна не варта рабіць палітычнаму журналісту падчас гэтых выбараў?

- У прынцыпе, усё можно рабіць. Проста трэба памятаць, што за ўсё давядзецца адказваць. Калі, скажам, палітычны журналіст хоча гуляць у нейкай камандзе, калі хоча ўсімі метадамі ўдзельнічаць у кампаніі на тым ці іншым баку, – так яго і будуць ацэньваць. Магчыма, ён атрымае нейкія дывідэнды, грошы. Калі ён будзе стаяць над схваткай – і тут у яго могуць быць нейкія свае мінусы. Гэта як у Пісанні сказана: “Ты цёплы, не гарачы і не халодны”, і нецікава цябе чытаць. Таму тут як у вершы Юрыя Левітанскага – кожны выбірае для сябе.

Але гэта мая асабістая пазіцыя, і я не хацеў бы камусці даваць парады, кагосці вучыць. Галоўнае – заставацца прыстойным чалавекам, нават калі ты займаешся журналістыкай.

- А якія рэкамендацыі вы б зараз далі калегам, іншым палітычным журналістам?

- Я думаю, што мае калегі – дастатковыя прафесіяналы, каб ім даваць парады. Я думаю, яны без гэтага абыйдуцца. Адзінае, я магу сказать пра тое, што варта звярнуць увагу на чыннік, які на выбарах часта не заўважаецца. Мы ўсе – я, вы, – у асноўным варымся ў палітычным сэнсе ў адным коле. Гэтае кола складаецца не толькі з апазіцыі, нейкіх палітычных актывістаў, але і з чыноўнікаў, нейкіх людзей улады... Гэта ўсё людзі з нейкай палітычнай кампетэнтнасцю. І гэта ўсе людзі з вышэйшай адукацыяй.

У гэтым сэнсе выбары (хай нехта скажа – не выбары, “дурыбары”) – нечаканае рандэву гэтага кола, у якое мы ўваходзім, з народам. А народ – ён зусім не такі. Я упэўнены, што амаль усе, з кім вы камунікуеце, маюць вышэйшую адукацыю. У Беларусі ж, між тым, такіх усяго 18%. І выбары, паўтаруся, – гэта рандэву з народам. Часта гэта людзі, далёкія ад палітыкі, але гэта не значыць, што яны не маюць нейкіх палітычных уяўленняў. І ад іх залежыць, куды пойдзе Беларусь. Таму цікава паглядзець, як выходзяць на паверхню гэтыя масавыя ўяўленні, якія мы звычайна не заўважаем. А як там Ярмошына падлічыць – ну, ведаеце, гэта ўжо другасна.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: