Ад самага пачатку гэтай серыі “Гісторыя беларускага самвыдату” я разлічваў прэзентаваць у ёй самвыдатаўскія выданні перыяду 1987-1992 гадоў. Тыя, што знаходзіліся ў маёй уласнай калекцыі.
Але праз пэўны час чытачы Mediakritika.by пачалі прапаноўваць мне непадцэнзурныя выданні з уласных калекцый. І хуткім часам стала зразумела, што ў Беларусі была яшчэ адна буйная хваля стварэння самвыдату. Яна прыйшлася на 1996-1997 гады, калі ўлада і апазіцыя зацята змагаліся адно з адным. І тая хваля самвыдату таксама заслугоўвае свайго апісання.
Сёння я разгледжу вельмі цікавы асобнік – гэта газета “Баста!”. Яе галоўная адметнасць – тое, што яна цалкам зроблена на расейскай мове. Для беларускага самвыдату гэта вялікая рэдкасць. Рэдкасць таксама тое, што гэтае непадцэнзурнае выданне зроблена вельмі якасна – у сэнсе вёрсткі ды ў сэнсе якасці журналістскіх тэкстаў. Крыху дзіўным таксам выглядае досыць вялікі аб’ём – 12 старонак у нумарах 14 і 15. Да мяне патрапілі толькі гэтыя два нумары, таму меркаваць пра іншыя я не магу.
Дэвіз выдання – “Справедливость – выше любых законов!”. Пад назвай газеты пазначана: “Независимая газета рабочих Беларуси. Издается на средства трудящихся”. Дата выхаду нумару 14 пазначаны як “весна 1997”, №15 – як “весна-лето 1997”. У выходных дадзеных №14 пазначана толькі “Редактор Анатолий Матвеенко. Тел/факс: (0172) 37-03-65”, а ў нумары 15 – толькі “Редактор номера Артур Лисаковский”. На першай старонцы кожнага нумару ўнізе пазначана: “СМОТ – Свободное Межпрофессиональное Объединение Трудящихся (1978 г.)”.
Увесь змест газетных тэкстаў – пра барацьбу працоўных за свае правы. Выданне добра ілюстраванае. Фармат – А4, папера – кепскаватая газетная у №14 і тоўстая вельмі якасная белая ў №15. Ані наклад выдання, ані колькасць выйшаўшых нумароў – невядомыя.
Але ж вось што яшчэ вельмі цікава і незвычайна для такога кшталту самвыдатаўскага выдання. У сакавіку 2012 года выданне “Баста!” адрадзілася як міжнародны інтэрнэт-праект. Адшукаць яго можна па адрасе http://basta-news.net. Але цяпер там большасць артыкулаў тычыцца працоўнага руху ва Ўкраіне.
Некаторыя падрабязнасці пра выданне “Баста!” нам распавёў палітолаг Сяргей Марцалеў. Вось што ён, у прыватнасці, сказаў: “Гэтую газету выдаваў вельмі вядомы ў той час у лявацкіх колах чалавек – Анатоль Матвіенка. Я стаўлюся да яго з вялікай павагай. Хаця тады, па мерках 90-х, можна было б сказаць, што гэта (прынамсі, па выглядзе) – тыповы бандыт. Але пры тым гэта быў вельмі ідэйны чалавек, былы баец ВДВ, і ён у той час моцна дапамагаў нам – “Чырвонаму жонду”, – бо ў нас сродкаў фінансавання не было ўвогуле. Ён быў чалавек не бедны, дапамагаў паперай, паліграфіяй... У газеце “Баста!” ён адлюстроўваў свае погляды, ідэі, якіх ён сам прытрымліваўся”.
Націсніце, каб пабачыць нумар цалкам