ОБ АВТОРЕ

Журналіст-фрылансер.

У 2013 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ.

Працаваў і супрацоўнічаў з газетамі “Всё о футболе”, “Прессбол”, “Радыё Свабода” і іншымі выданнямі.

Цікавіцца спортам, палітыкай у спорце, падарожжамі, інтэлектуальнымі гульнямі.

Вы здесь

Ці сябруюць журналісты са спортам?

В фокусе

Журналісты любяць нешта напісаць пра спорт, нават тыя, хто не спецыялізуеца на гэтай тэме. А ці ёсць у беларускай журналістыцы асобы, якія яшчэ і займаюцца нейкімі відамі спорту? Вядома, ёсць. На фота некаторыя з іх нават выглядаюць, як прафесіяналы. Зараз пераканаецеся.

Калі размаўляеш пра беларускі спорт, на думку адразу прыходзіць Сяргей Шчурко – журналіст “Прессбола” і аўтар мноства іншых праектаў. Ён ладзіў у беларускай сталіцы “Мова Cup”, паўмарафоны і марафоны. Гэта чалавек, які не баіцца хадзіць па дзясятках кабінетаў і ўзгадняць новы праект. Сяргей займаецца спортам вельмі актыўна/

Сяргей Шчурко (справа)

- Са спортам я з дзяцінства. Пашанцавала ў тым, што вучыўся ў знакамітай сталічнай школе № 88, адуль выйшла многа майстроў. Сядзеў за адной партай з Андрэем Парашчанкам. Былі з ім капітанамі каманд, гулялі за школу, за Менск, за рэспубліку. Потым ён пайшоў сваім шляхам прафесіянала, стаў знакамітым гандбалістам, а я скончыў займацца гандболам на такім узроўні. Але сувязь з гэтым відам застаецца і цяпер. Аднойчы ў ветэранскім матчы мне супрацьстаяў “зубр” легендарнага СКА — Аляксандр Каршакевіч, які парваў мне майку. Хутка перасоўвацца па пляцоўцы ён не можа, а вось чапляецца выдатна, сапраўдны прафесіянал. Мне было вельмі прыемна гуляць з такім чалавекам у адным матчы. Маю ідэю правесці так званы чэмпіянат СССР сярод ветэранаў – з менскім СКА, маскоўскім ЦСКА, іншымі моцнымі савецкімі клубамі. Але гэта складана зладзіць, пакуль няма стабільнай ветэранскай каманды ў нашага СКА. Калі б яна была, гэта быў бы імпульс зладзіць такі памятны турнір.

Займаюся крос-фітам, усе памятаюць “Мова Cup”, якая праводзілася ў Менску. Удалося сабраць на такую спорт-сустрэчу не толькі саміх атлетаў узроўню Герасімені, Радзівонава, удалося запрасіць прадстаўнікоў бізнэса, журналістыкі. Шмат пытанняў выклікае арганізацыя марафона. Праца над будучай дыстанцыяй дазволіла зразумець, што наша сталіца можа пахвастацца марафонам па ўзгорках. Нам далёка да берлінскага марафона, які лічыцца найбольш хуткім. Нават людзі, якія б беглі толькі 10 км, адчулі б складанасць дыстанцыі. І гэта свой плюс. Акрамя ўсяго я займаюся баскетболам, футболам, без гэтага ніяк. Абавязкова — трэнажорная зала. Калі займаешся бегам і не наведваеш хаця б раз на тыдзень трэнажорную залу — не будзе вялікага эфекту. Неабходна ўсё ў комплексе.

Журналіст “Комсомольской правды” Андрэй Асмалоўскі ў свой час стаў аўтарам унікальнага для Беларусі праекту. У сваёй рубрыцы ён паспрабаваў заняцца шэрагам відаў спорту, што ўваходзяць у алімпійскую праграму. Тыя шматбаковыя трэніроўкі дапамаглі зразумець, што хлеб спартовага “профі” – несалодкі.

- Сэнс майго праекту быў у тым, каб адчуць спецыфіку алімпійскіх відаў спорту. Даволі хутка высветлілася, што ўсё не так лёгка, як здаецца па ТБ. Напрыклад, у адзін дзень я кідаў молат з Іванам Ціханам. І быў здзіўлены, наколькі ж гэта цяжкі тэхнічна спорт. Трэба і раскруціцца як след, трымаючы цяжкі снарад у руках, і ў сетку, якая абмяжоўвае сектар, не трапіць. Прафесіяналы кідаюць молат на 70-80 метраў, у мяне ж пасля ўсіх парадаў ад “профі” і ранейшых спробаў атрымалася кінуць толькі на 35.  Потым я спрабаваў пабіць гэты ўласны рэкорд, аднак ужо не атрымалася.

Яшчэ ўразіла дзюдо – схадзіў на некалькі ўрокаў. Я важу пад 90 кг, але гэта не перашкодзіла прафесіяналам, на татамі  мяне кідалі нібыта ляльку. А самому паўтарыць такія прыёмы не ўдалося. Трэніроўка жаночай зборнай Беларусі па баскетболе — таксама справа няпростая. Бо пасля размінкі, якая сама па сабе стамляе непадрыхтаванага чалавека, трэба кідаць мяч, рухацца па пляцоўцы. Фехтаванне – не меней складаны від спорту. Па “Трох мушкецёрах” здавалася, што гэта лёгка. А выявілася, што мушкецёр з мяне, напэўна, не атрымаўся б. Спорт вымагае маланкавай рэакцыі і зайздроснай фізічнай падрыхтоўкі. Яшчэ бокс. Памятаю, калі надзеў шлем, адчуў, колькі ў ім поту. І ў пальчатках таксама. Долі секунды, сантыметры, правільна пастаўленыя ногі — так розныя нюансы пераўтвараюцца ў медалі. Веславанне – я быў у шоку ад трэніровак. Раней хадзіў у байдарачныя паходы, таму меркаваў, што хаця б гэта від спорту для мяне будзе цалкам зразумелым. Але ж не! Мала хто ведае: да вёслаў даходзіш потым, спачатку трэба навучыцца хаця б нармальна сядзець у байдарцы – іначай проста падаеш у ваду. Конны спорт. Там мала ад цябе залежыць – неабходна мець кантакт з жывёлай. Так, як і з байдаркай, дарэчы. Умееш сядзець і адчуваць “транспарт” — справа пойдзе. Не ўмееш — толкам не зрушыш з месца. Стральба з малакалібернай вінтоўкі, пісталета – у мяне зрок не лепшы, але для мяне стала навіной, што ўсе профі страляюць у дзясятку, а ўжо яна дзеліцца на сектары, што і вызначае прызёраў. Плюс касцюм сіні такога пакрою, які трымае цела нібыта ў скафандры. Па тэлевізары гэтага ніколі не ўбачыш. У бадмінтоне рваны тэмп, ён забірае сілы, яго спартовы варыянт яўна не такі, які мы бачыш на палянцы ў парку.

Што да маіх рэгулярных заняткаў спортам, то раней я часта гуляў у футбол, цяпер радзей. Займаюся валейболам. Але без канкрэтнага графіку – калі ёсць час. Таксама займаюся плаваннем, хаджу ў басейн.

Віталь Цыганкоў з “Радыё Свабода” за сваё жыццё займаўся дзясяткам відаў. І нават тымі, якія не надта зразумелыя большасці беларусаў.

- Першы від спорту даволі банальны – футбол, займаўся ім гадоў з 7. Плаванне, самы масавы і просты від спорту ў савецкія часы — засвоіў усе стылі, ад кроля да батэрфляя. Пару тыдняў займаўся боксам, але неяк вельмі хутка не спадабалася. Некалькі гадоў да арміі і пасля яе займаўся каратэ – хацеў, каб узялі ў ВДВ. Думаў, што не страчу гэтыя два гады -- буду там скакаць з парашутам, удасканальвацца ў адзінаборствах. Але ў апошні момант мяне забралі ў іншыя войскі, а паветраны дэсант абышоўся без мяне.

У розныя гады займаўся, калі так можна сказаць, культурызмам. На 16 гадоў мне падарылі гіру — 16 кілаграмаў. Пачынаў падымаць яе, можа 10 разоў, і ў выніку дасягнуў 60 разоў. Стала нецікава, таму неўзабаве ў мяне з’явілася гіра 24 кг. Аднак неаднаразова былі забаўныя сітуацыі, каля я, хударлявы на від хлопчык, падымаў гіру больш за дужых і старэйшых. Атлетызмам я заўмаўся памяркоўна, без фанатызму, сабе ў задавальненне, не імкнучыся да рэкордаў – але тым не менш, калісьці выціснуў “жым лежачы” 120 кг.

Але гэта ўсё  “пабочныя” віды спорту, бо “галоўных” было тры. Футбол – любоў на ўсё жыццё. У дзяцінстве наведваў СДзЮШАР №5 – не быў зоркай, але пэўныя ўменне атрымаў. Гуляць у футбол лепш за іншых – гэта дапамагала і ў школе, і ў піянер-лагеры, і нават пазней. Цяпер гуляю то за БАЖ, то за “Радыё Свабода”. Магчыма, ужо не магу, як у юнацтве, на хуткасці абвесці пецярых, як раней  -- але магу апрацаваць і трымаць мяч, даць дакладную перадачу, забіць гол добрым ударам.

Баскетбол — другая, нечаканая любоў, якая з’явілася толькі пасля 30-ці гадоў. Той выпадак, калі фанат НБА стаў гульцом. Гуляў у Празе з такімі ж, як я, аматарамі, а калі вярнуўся ў Менск, трапіў у кампанію з колішнімі баскетбольнымі прафесіяналамі. Яны раздаюць парады падчас гульні: “Ідзі на заслон!”, “Гуляй  двойку”, “Пастаў спіну” – карацей, ганяюць мяне. Але лепей гуляць з тымі, хто на галаву мацнейшы. Гуляем звычайна да 21 ачка, аднойчы я набраў 15 – для самага непрафесійнага гульца ў камандзе гэта някепска.

А вось найвышэйшых поспехаў я дасягнуў у шахматах. Выканаў 1 разрад гадоў у 15-16. Шахматы – як ровар – уменне застаецца і варта табе толькі пачаць займацца імі зноў, як узгадаеш усё. У Празе з маім калегам Юрыем Дракахрустам часам збіраліся пасля працы вакол шахматнай дошкі. Цяпер я раз на тыдзень заходжу на шахматны сайт у інтэрнэце і гуляю. Ацэньваючы свае шахматныя здольнасці, магу сказаць, што майстрам мог бы стаць, а вось гросмайстрам наўрад ці.

Калі казаць пра віды спорту, якімі б я хацеў заняцца, то назаву бэйсбол. Часам з 16-гадовым сынам выходзім у парк і “гуляем у бэйсбол”. Падаем-адбіваем, бегаем па ўяўных базах – незвычайная карціна для Мінска. Цікаўлюся яшчэ амерыканскім футболам. Калі вы пытаецеся пра нерэалізаваную мару – то гэта квотэрбэк (разыгрываючы) ў амерыканскім футболе. Гэта лідэр, ад рашэнняў якога ўсё залежыць, і які рэальна “палова каманды”.

Журналіст тэлеканала СТВ Дзмітрый Кахно вылучае для сябе тры асноўных віды спорту, якімі займаецца са здаровым фанатызмам.

- У дзяцінстве я паспрабаваў велізарную колькасць відаў спорту. Тэніс, плаванне, стральба, футбол, валейбол, баскетбол. Усё ў пэўным сэнсе было на прафесійным ці амаль на прафесійным узроўні. Сёння я пакінуў сабе тры віды спорту. І ў кожным з іх жаданне толькі адно — стаць профі. Першы і самы галоўны ў маім жыцці — пляжны валейбол. Гэта запал. Ад яго я не пазбаўлюся ніколі. Аднойчы са сваімі партнёрамі ўвайшоў у 16 ??наймацнейшых каманд краіны! Другі спорт — рускі більярд. У любы час дня і ночы гатовы згуляць партыю. Штотыдзень гуляю турніры ў більярдавым клубе “Еўропа”. Кажуць більярд — гэта шахматы ў руху. У пэўным сэнсе я з гэтым сцвярджэннем згодны. І трэці спорт — той, дзеля якога я кожны дзень адкрываю сайт windguru.by - менавіта там знаходзіцца інфармацыя з метэастанцыі на Мінскім моры. Менавіта ён паказвае — будзе сёння вецер ці не. Трэці мой спорт — гэта віндсерфінг. Дзеля яго я гатовы мокнуць, мерзнуць і мяняць у секунду ўсе свае працоўныя планы дзеля кайфу ісці пад ветразем. Кайфу слізгацець па вадзе на вялікай хуткасці і ў поўны голас крычаць ад задавальнення! Няма нічога больш неверагоднага, чым адчуваць стыхію! Гэта сапраўдны канцэнтраваны кайф. Спорт мой асабісты псіхолаг, спорт мой любімы сродак ад дрэннага настрою.

Арцём Сізінцаў спецыяльна для Mediakritika.by

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: